Дар’я Домрачава
|
Да́р’я Ўладзі́мераўна До́мрачава (нарадзілася 3 жніўня 1986 году, Менск, БССР) — беларуская біятляністка. Чатырохразовая чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў — трохразовая чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў 2014 году і чэмпіёнка 2018 году ў эстафэце, срэбная прызэрка Алімпійскіх гульняў 2018 году ў масавым старце, бронзавая прызэрка Алімпійскіх гульняў 2010 году ў індывідуальнай гонцы, двухразовая чэмпіёнка сьвету. Зьяўляецца першай трохразовай алімпійскай чэмпіёнкай у біятлёне, якая атрымала свае перамогі толькі ў асабістых гонках. У дзень заваёвы трэцяга залатога мэдаля ёй было нададзенае званьне Герой Беларусі[7]. Пераможца Кубка сьвету ў сэзоне 2014—2015 гадоў.
Лыжнымі гонкамі пачала займацца ў 1992 годзе, у біятлён перайшла ў 1999 годзе. У беларускай нацыянальнай зборнай з 2005 году.
Біяграфія
рэдагавацьДар’я Домрачава нарадзілася 3 жніўня 1986 году ў Менску ў сям’і архітэктараў.[8] Праз 4 гады з бацькамі пераехала ў Сыбір, у горад Нягань Цюменскай вобласьці ў Расеі. Дар’я займалася танцамі і баскетболам, а ў 1992 годзе, як і яе старэйшыя браты, пачала займацца лыжнымі гонкамі. Амаль увесь час праводзіўшы на трэніроўках, зборах і спаборніцтвах, у школе Дар’я навучалася на «добра» і «выдатна». Летнія вакацыі Дар’я праводзіла ў Менску.
З 1999 году Дар’я пачала займацца біятлёнам. Скончыла гімназію ў эканоміка-прававой клясе, паступіла на другі курс Цюменскага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці «спартовы мэнэджмэнт».[8]
7 ліпеня 2016 году ўзяла шлюб з Уле Эйнарам Б’ёрндаленам, нарвэскім біятляністам. 1 кастрычніка 2016 году ў пары нарадзілася дачка.[9]
Біятлённая кар’ера
рэдагавацьДар’я атрымала прапанову ад старэйшага трэнера жаночай зборнай выступаць за Беларусь. Яна пагадзілася й пачала трэніравацца са зборнай Беларусі. Каля 6 месяцаў прыйшлося дамагацца права выступаць за Беларусь, а не Расею, вырашальным фактарам стала беларускае пасьведчаньне пра нараджэньне. На той момант Домрачава ўжо была шматразовай чэмпіёнкай Расеі сярод юніёраў і прызэрам спаборніцтваў эўрапейскага ўзроўню.
Першым буйным міжнародным стартам за зборную Беларусі стаў чэмпіянат сьвету сярод юніёраў 2005 году, дзе ў першай гонцы (індывідуальнай) стала 40-й. На адным з рубяжоў адваліўся дыёптэр, у выніку чаго на трэцяй стральбе было дапушчана пяць промахаў зь пяці магчымых. Наступныя дзьве гонкі — спрынт і перасьлед Домрачава выйграла. Праз год з аналягічнага першынства Дар’я павезла толькі бронзу за гонку перасьледу.
У Кубку сьвету дэбютавала 1 сьнежня 2006 году (сэзон 2006/07) у рамках 1-га этапу ў швэдзкім Эстэрсундзе ў спрынтэрскай гонцы, паказаўшы 16-ы вынік (стаўшы другой зь пяці беларускіх спартовак). На юніёрскім першынстве сьвету 2007 году ёй двойчы атрымалася прыйсьці да фінішу другой: у спрынце й перасьледзе.
У сэзоне 2008/09 пачала рэгулярна трапляць у дзесяць найлепшых па выніках гонкі. На этапе ў Абэргофе ў гонцы з масавага старту з Дар’яй адбыўся кур’ёз. Узначальваючы гонку й прыйдучы на другі агнявы рубеж першай, замест стральбы лежачы яна адстралялася стоячы, да таго ж ні разу не патрапіўшы. Ёй прыйшлося сысьці з дыстанцыі. Нягледзячы на такое здарэньне, ужо ў рамках 5-га этапу Кубка сьвету ўпершыню трапіла на подыюм у асабістай гонцы — Дар’я заняла 3-е месца. Пасьля гэтага посьпеху рушылі ўсьлед яшчэ два подыюмы. На чэмпіянаце сьвету 2009 году паставіла рэкорд па колькасьці адыграных месцаў у гонцы перасьледу сярод жанчынаў — 48 пазыцыяў.
Год праз таксама ў мас-старце ў Абэргофе Домрачава была лідэрам гонкі перад трэцяй стральбой з досыць вялікай перавагай. Але тры стрэлы былі адпраўленыя па чужой мішэні. Своечасова зразумеўшы памылку, Дар’я працягнула стральбу па сваёй мішэні, але атрыманыя 4 штрафныя кругі не дазволілі змагацца за перамогу ў гонцы.
На этапе ў Кантыёлахці Кубка сьвету 2009—2010 Домрачава выйграла спрынт, а затым і гонку перасьледу. На хвалі гэтага посьпеху на наступным этапе (Голмэнколен) Дар’я заняла 2-е месца, саступіўшы толькі немцы Сымоне Гаўсвальд.
У сэзоне 2010/11 гадоў выйграла два мэдалі на чэмпіянаце сьвету ў Ханты-Мансійску — «срэбра» ў мас-старце й «бронзу» ў эстафэце. У агульным заліку Кубка сьвету 2010—2011 гадоў Домрачава заняла 6 месца.
У Кубку сьвету 2011/12 гадоў яна ўпершыню на роўных канкуравала зь лідэрам сусьветнага жаночага біятлёна немкай Магдаленай Нойнэр. Нямецкая біятляністка абвясьціла сэзон 2011—2012 гадоў заключным у сваёй кар’еры й імкнулася да перамогаў ва ўсіх дысцыплінах, але інтрыга ў барацьбе за Вялікі Крыштальны глёбус захоўвалася да канца сэзону. Перавага Нойнэр у хуткасьці была амаль ідэнтычнай з хуткасьцю Домрачавай. У стральбе Дар’я таксама стала больш стабільнай. Васямнаццаць разоў Дар’я Домрачава паднімалася на пастамэнт пашаны ў розных гонках сэзону. Упершыню ў сваёй кар’еры стала чэмпіёнкай сьвету, заваяваўшы «золата» ў гонцы перасьледу на чэмпіянаце сьвету ў Рупольдынгу. Па выніках сэзону Домрачава заняла другое месца ў агульным заліку Кубку сьвету з адставаньнем ад Нойнэр у 28 пунктаў, выйграла два малыя крыштальныя глёбусы — у перасьледзе й мас-старце, была другой у заліку спрынту й трэцяй у індывідуальных гонках.
Напярэдадні кубкавага сэзону 2012/13 гадоў Домрачава лічылася фаварыткай і галоўнай прэтэндэнткай на заваёву Вялікага Крыштальнага глёбуса. Аднак, вынікі біятляністкі апынуліся неадназначнымі. Пышныя старты спалучаліся з адкрытымі праваламі. Галоўным чыньнікам няўдачаў Дар’і стала нестабільная стральба, хоць у хуткасным кампанэнце яна па-ранейшаму заставалася адной зь лепшых. На чэмпіянаце сьвету ў чэскім Нова-Места Дар’я выйграла другое золата ў кар’еры — гэтым разам перамога прыйшла ў мас-старце. Усяго ў сэзоне 2012/13 гадоў Домрачава выйграла тры гонкі Кубку сьвету й дзевяць разоў паднімалася на подыюм. У агульным заліку спартоўка паўтарыла леташні вынік, скончыўшы сэзон другой.
11 лютага 2014 году ў гонцы перасьледу на Алімпійскіх гульнях 2014 году ў Сочы стала алімпійскай чэмпіёнкай[10]. 14 лютага стала чэмпіёнкай Алімпійскіх гульняў у індывідуальнай гонцы. 17 лютага заняла першае месца ў гонцы з масавым стартам, зрабіўшыся трохразовай алімпійскай чэмпіёнкай. Домрачава стала першай біятляністкай, якая стала тройчы чэмпіёнкай на адной Алімпіядзе. У той жа дзень Аляксандар Лукашэнка надаў ёй званьне Герой Беларусі[7].
Агульны залік Кубку сьвету
рэдагаваць- Сэзон 2006—2007, 22 месца
- Сэзон 2007—2008, 26 месца
- Сэзон 2008—2009, 7 месца
- Сэзон 2009—2010, 6 месца
- Сэзон 2010—2011, 6 месца
- Сэзон 2011—2012, 2 месца
- Сэзон 2012—2013, 2 месца
- Сэзон 2013—2014, 3 месца[11]
- Сэзон 2014—2015, 1 месца
- Сэзон 2016—2017, 24 месца
Крыніцы
рэдагаваць- ^ http://www.foxsports.com/olympics/story/darya-domracheva-wins-olympic-gold-for-belarus-in-10k-pursuit-021114
- ^ http://www.nytimes.com/2015/01/08/sports/czech-women-outperform-french-in-world-cup-biathlon-relay.html
- ^ http://www.foxsports.com/olympics/story/czech-republic-wins-womens-world-cup-biathlon-relay-010715
- ^ а б в http://www.fanmail.biz/115104.html
- ^ а б в Darja Domratschewa // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ а б http://timesofindia.indiatimes.com/sports/tournaments/2014-sochi-winter-olympics-/Sochi-Olympics-Authoritarian-Belarus-celebrates-best-ever-Games/movie-review/30629809.cms
- ^ а б Аляксандр Лукашэнка прысвоіў Дар'і Домрачавай званне Героя Беларусі // 17.02.2014
- ^ а б Биография (рас.)
- ^ Дар'я Домрачава нарадзіла дачку ў звычайным мінскім раддоме(недаступная спасылка)
- ^ Дар’я Домрачава — алімпійская чэмпіёнка!. Наша Ніва (11.02.2014). Праверана 11 лютага 2014 г.
- ^ IBU official result page (анг.)
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Афіцыйны сайт Дар’і Домрачавай (рас.) (анг.)
- Профіль на сайце Міжнароднага зьвязу біятляністаў (анг.)