Гімн Беларускай ССР

(Перанакіравана з «Гімн БССР»)

Гімн Белару́скай ССР — рэспубліканскі сымбаль Беларускай ССР, створаны ў 1955 годзе. Музыка Несьцера Сакалоўскага, словы Міхася Клімковіча. Праіснаваў да выхаду Беларусі з складу СССР, пазьней выкарыстоўваўся толькі ў інструмэнтальным выкананьні (бяз словаў).

Гімны Беларусі
Багародзіца (XIV—XVIII стагодзьдзі)
Пагоня Гімн БНР (1919)
Гімн БССР (1955—1991)
Пагоня Гімн Беларусі (1991—2002)
Мы, беларусы (з 2002 году)
Іншыя гімны:
Магутны Божа (духоўны гімн, 1943)
Беларуская Марсэльеза (рэвалюцыйная песьня, 1906)

З 2002 году рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае мадыфікацыю гімну БССР, якая складае адно цэлае з чырвона-зялёным сьцягам і афіцыйным гербам[1].

Гісторыя

рэдагаваць

Да Другой сусьветнай вайны БССР ня мела ўласнага гімну, афіцыйным гімнам усяго СССР быў Інтэрнацыянал, перакладзены на расейскую мову. У 1943 годзе ва ўмовах ваенных дзеяньняў дзеля умацаваньня міжнароднай супрацы Сталін надумаў адмовіцца ад Інтэрнацыяналу, які асацыяваўся з плянамі сусьветнай рэвалюцыі. Вынікам чаго стала зацьверджаньне 15 сакавіка 1944 году новага гімну СССР.

Патрэба ў асобным гімне БССР зьявілася ў зьвязку з утварэньнем ААН, дзе апроч СССР, прадстаўніцтва таксама атрымалі БССР і УССР. У красавіку 1944 году ў Маскве пачалася праца над стварэньнем гімнаў савецкіх рэспублік, у тым ліку БССР. 9 красавіка 1945 году ў Менску прайшоў конкурс, у якім удзельнічала 11 паэтаў і 14 кампазытараў[2].

Савецкія партыйныя функцыянэры ў сваіх заўвагах паказвалі на тое, што ў пададзеных на конкурс тэкстах беларускія паэты слаба выявілі ролю Расеі, «Вялікай Русі, якая ўсіх аб’яднала, стала кіроўным цэнтрам» (рас. Великой Руси, которая всех объединила, стала организующим центром). Таксама выказваліся крытычныя заўвагі датычна таго, што не падкрэсьлівалася належным чынам роля партыі і Сталіна асабіста. Тым часам адзін з чыноўнікаў заявіў, што большасьць пададзеных на конкурс музычных твораў носяць «відавочна царкоўны характар»[3].

31 студзеня 1946 году паводле вынікаў трэцяга туру рэспубліканскае журы пастанавіла прызнаць пераможцам конкурсу песьню «Шуміць наша слава» кампазытара Анатоля Багатырова і паэтаў Кандрата Крапівы і Петруся Броўкі, якую накіравалі на зацьверджаньне ў Маскву. Але зацьверджаньне гукавой сымболікі саюзных рэспублік, у тым ліку і БССР, тады скасавалі ў Крамлі: Сталін палічыў недарэчным ствараць гімны саюзных рэспублік, тым самым ўскосна павышаючы ўзровень іх «сувэрэнітэту»[3].

Тым часам першая вэрсія песьні «Мы — беларусы», напісаная ў 1944 годзе адмыслова дзеля ўдзелу ў абвешчаным конкурсе[3], не прайшла ў трэці тур, імаверна, зь дзьвюх прычынаў: аўтар тэксту Міхась Клімковіч афіцыйна ня ўдзельнічаў у працы над стварэньнем рэспубліканскага гімну, бо знаходзіўся на акупаванай Трэцім Райхам тэрыторыі, а аўтар музыкі Несьцер Сакалоўскі ня меў вышэйшай музычнай адукацыі. У 1949 годзе кампазытар стварыў другі варыянт музыкі песьні[4].

Да пытаньня гімну БССР вярнуліся толькі за Хрушчовым. Ува ўсіх саюзных рэспубліках паўторна зладзілі новыя музычна-паэтычныя конкурсы[3]. У Беларусі на гэты раз перамог твор Міхася Клімковіча і Несьцера Сакалоўскага. 24 верасьня 1955 году Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета БССР[5] зацьвердзіў яго ў якасьці гімну. Несьцер Сакалоўскі памёр у 1950 годзе, а Міхась Клімковіч — у 1954 годзе, ніводны зь іх не атрымаў ніякіх ганаровых званьняў або ўзнагародаў[3].

У 1956 годзе адмысловая камісія перарабіла тэкст, прыбраўшы зь яго згадкі пра Сталіна: «Нас аб’яднала Леніна імя, / Сталін павёў нас к шчасцю ў паход...»[3].

Мы беларусы, з братняю Русьсю
Разам шукалі к шчасьцю дарог.
Ў бітвах за волю, ў бітвах за долю
Зь ёй здабылі мы сьцяг перамог!
Прыпеў:
Нас аб’яднала Леніна імя,
Партыя к шчасьцю вядзе нас ў паход.
Партыі слава! Слава Радзіме!
Слава табе, беларускі народ!
Сілы гартуе люд Беларусі
Ў братнім саюзе, ў мужнай сям’і
Вечна мы будзем, вольныя людзі,
Жыць на шчасьлівай, вольнай зямлі!
Прыпеў:
Нас аб’яднала Леніна імя,
Партыя к шчасьцю вядзе нас ў паход.
Партыі слава! Слава Радзіме!
Слава табе, наш свабодны народ!
Дружба народаў — сіла народаў,
К шчасьцю працоўных сонечны шлях
Горда ж узьвіся ў сьветлыя высі,
Сьцяг камунізма — радасці сьцяг!
Прыпеў:
Нас аб’яднала Леніна імя,
Партыя к шчасьцю вядзе нас ў паход.
Партыі слава! Слава Радзіме!
Слава табе, наш савецкі народ!

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

Музыка на youtube.com