Гран-пры Гішпаніі
Гран-пры Гішпа́ніі (па-гішпанску: Gran Premio de España, па-каталянску: Gran Premi d’Espanya) — гонка Формулы-1 на трасе Барсэлёна-Каталюнья ў Гішпаніі. Адна з найстарэйшых гонак у аўтамабільным спорце, якая ладзіцца з 1913 року. У 1927 стала адным з этапаў Сусьветнага чэмпіянату вытворцаў, з 1935 — чэмпіянату Эўропы, з 1951 — Формулы-1.
Барсэлёна-Каталюнья | |
Гісторыя | |
---|---|
Праведзеныя гонкі | 64 |
Першая гонка | 1913 |
Лідэр (гоначнік) | Міхаэль Шумахер Льюіс Гэмілтан (6) |
Лідэр (канструктар) | Фэрары (12) |
Траса | |
Працягласьць кола | 4,657 км |
Працягласьць гонкі | 307,236 км |
Колькасьць колаў | 66 |
Сэзон 2023 году | |
Поўл-пазыцыя |
|
Подыюм |
|
Найхутчэйшае кола |
|
Вонкавыя спасылкі | |
circuitcat.com/en/ (анг.) (гішп.) (кат.) (фр.) | |
Мінуўшчына
рэдагавацьУпершыню гонка, якую можна лічыць першым Гран-пры Гішпаніі, адбылася ў 1913 року. Адбылася яны не паводле цяперашняй колцавай схемы, а проста на 300-кілямэтровым адцінку дарогі між Гўадарамай і Вальядалідам. Першым пераможцам стаў Карляс дэ Саляманка(d) на Ролс-Ройсе. Празь цікавасьць да аўтагонак вырашылі збудаваць сталую трасу каля Сыджэсу, першае Гран-пры на якой адбылося ў 1923 року. Аднак пасьля гэтага зь фінансавых праблемаў давялося шукаць іншую трасу.
У 1926 року Гран-пры Гішпаніі перамясьцілася на кола ў Лясартэ пад Більбао. Гонка 1927 року увайшла ў каляндар Сусьветнага чэмпіянату вытворцаў Міжнароднай асацыяцыі прызнаных аўтамабільных клюбаў, аднак усяго на адзін сэзон. Гонкі 1928—1929 рокаў прайшлі паводле правілаў для спартовых аўтамабіляў, а наступныя тры гады давялося прапусьціць празь фінансавыя ды палітычныя праблемы. Адроджанае ў 1933 Гран-пры праз тры гады зноўку зьнікла, гэтым разам праз Грамадзянскую вайну.
Толькі ў 1951 року, ужо з утварэньнем формульных гонак, правядзеньне Гран-пры Гішпаніі ўзнавілася на вулічнай трасе ў Барсэлёне. Першым пераможцам таго году стаў аргентынец Хуан Мануэль Фанхіё на Альфа Рамэо. Ізноўку правядзеньне гонкі ў два наступныя гады спынілася празь фінансавыя праблемы. У 1954 року брытанец Майк Готарн на Фэрары спыніў дамінацыю Мэрсэдэсаў, а ўжо праз год гонка зноўку была скасаваная пасьля страшэннай катастрофы на 24 гадзінах Ле-Ману, пасьля якой былі скасаваныя ня толькі гішпанская, але і мноства іншых гонак. Болей на вуліцы Пэдральбэс побач з ходнікамі гонкі ніколі ня ладзілі.
У 1960-х Гішпанія збудавала новую гоначную трасу на поўнач ад Мадрыду — Хараму, а таксама пасіліла меры бясьпекі на вулічнай трасе Мантжуік у Барсэлёне. Першая гонка на Хараме адбылася ў 1967 року, а з 1968 яна ўвайшла ў каляндар Формулы-1. Было вырашана, што Харама будзе прымаць Гран-пры ў цотныя гады, а хутчэйшая траса Мантжуік — у няцотныя. У 1975 на апошняй здарылася трагедыя. Яшчэ падчас трэніравальных заездаў высьветлілася, што агароджы ўздоўж вуліцаў слаба замацаваныя, і кіроўцы адмовіліся ўдзельнічаць у гонцы. Арганізатары, аднак, прыгразілі, што не аддадуць баліды, калі гонка не адбудзецца. Каманды і кіроўцы былі вымушаныя саступіць, аднак Эмэрсан Фітыпальдзі ўсё адно скончыў удзел, праехаўшы адно кола. А на 26-м коле аўтамабіль Рольфа Штомэльна вылецеў з трасы праз агароджу, забіўшы пяцёх гледачоў. Гонка была спыненая на 30-м коле, за яе былі налічаныя толькі палову ад звычайных пунктаў.
З наступнага году Гран-пры Гішпаніі на стала замацавалася ў Хараме. У 1980 року літаральна наконадні гоначнага ўік-энду прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі спартовых аўтамабіляў зьнянацку выключыў Гран-пры Гішпаніі з заліку чэмпіянату; тады ўсе заводзкія каманды (Альфа-Рамэо, Рэно, Фэрары) адмовіліся ўдзельнічаць у гонцы. Дзякуючы гэтаму штрайку пераможцам стаў Алан Джонс зь «Ўільямсу».
У 1982 року арганізатары аддалі перавагу правядзеньню гольфавага спаборніцтва, таму на чатыры гады правядзеньне Гран-пры зноўку спынілася. У 1985 року мэр Хэрэсу з мэтай разьвіцьця турызму заклаў у сваім мястэчку новую гоначную трасу, якая была гатовая ўжо да наступнага году. Першае Гран-пры ў Хэрэсе адзначылася зацятай барацьбой Айртана Сэны з Найджэлам Мэнсэлам, дзе пераможцу Сэну аддзялілі ад другога месца толькі 0,014 сэкунды. Мэнсэл узяў рэванш праз год. Апошні раз гонка ў Хэрэсе адбылася ў 1990 року (хоць пазьней ён двойчы прымаў эўрапейскія Гран-пры). Падчас трэнавальнага заезду у аварыю трапіў гоначнік Лотасу Мартын Донэлі, які пасьля гэтага скончыў выступы ў Формуле.
З 1991 року Гран-пры Гішпаніі пераехала на новую трасу ў Мамэлё каля Барсэлёны, дзе і ладзіцца дагэтуль бесьперапынна. Нават у пандэмійны 2020 рок гонка ня была скасаваная, толькі перанесеная на пазьнейшы тэрмін.
Толькі два гішпанцы выйгравалі Гран-пры Гішпаніі: Карляс дэ Саляманка ў 1913 ды Фэрнанда Алёнса ў 2006 і 2013 роках. Яшчэ двойчы перамагалі гішпанамоўныя гоначнікі: Хуан Мануэль Фанхіё (1951) ды Пастар Мальданада (2012).
Пераможцы
рэдагавацьРужовае тло азначае, што гонка не ўваходзіць у каляндар Чэмпіянату сьвету Формулы-1.
Жоўтае тло азначае, што гонка ўваходзіла ў даваенны чэмпіянат Эўропы.
Зялёнае тло азначае, што гонка ўваходзіла ў даваенны Сусьветны чэмпіянат вытворцаў.
* Гонка спартовых аўтамабіляў
† Афіцыйна названая Гран-пры КАКГ
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Cómo se desarrolló el GP de España 1929 (гішп.) Mundo Deportivo Архіўная копія ад 25 December 2021 г.
- ^ Rigal, sobre Alfa Romeo, fue el ganador de la carrera (гішп.) Mundo Deportivo Архіўная копія ад 25 December 2021 г.
- ^ Spanish GP. ChicaneF1. Архіўная копія ад 9 December 2021 г.
- ^ Grand Prix winners 1894–2019 Forix. Autosport. Архіўная копія ад 17 August 2017 г.
- ^ Higham, Peter The Guinness Guide to International Motor Racing. — London, England: Motorbooks International, 1995. — P. 435. — ISBN 978-0-7603-0152-4
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Афіцыйны сайт (гішп.) (анг.) (фр.) (кат.)
- Статыстыка Гран-пры Гішпаніі
- Статыстыка Гран-пры Гішпаніі