Дзьмітры Мендзялееў
Дзьмітры Іванавіч Мендзялееў (па-расейску: Дмитрий Иванович Менделеев; 8 лютага [ст. ст. 27 студзеня] 1834, Табольск, Расейская імпэрыя — 2 лютага [ст. ст. 20 студзеня] 1907, Санкт-Пецярбург, Расейская імпэрыя) — расейскі навуковец, найбольш вядомы як хімік і стваральнік пэрыядычнай сыстэмы элемэнтаў. Мендзялееў не атрымаў Нобэлеўскую прэмію, аднак неаднаразова намінаваўся на яе. У гонар Мендзялеева названы 101-ы хімічны элемэнт мендзялеў.
Мендзялееў нарадзіўся каля Табольску, скончыў табольскую гімназію і фізыка-матэматычны факультэт Пэдагагічнага інстытуту ў Санкт-Пецярбурзе. У лютым 1869 Мендзялееў распрацаваў асноўныя палажэньні пэрыядычнай сыстэмы элемэнтаў. Гэта значна падштурхнула разьвіцьцё хіміі ў другой палове XIX стагодзьдзя. Мендзялееў працаваў над шматлікімі праблемамі хіміі, фізыкі, геалёгіі, сельскай гаспадаркі, арганізацыі прамысловасьці і г. д.
Навуковы ўнёсак
рэдагавацьУ 1854—1856 гадох Мендзялееў дасьледаваў зьявы ізамарфізму, якія раскрываюць адносіны паміж формай крышталяў і хімічным складам злучэньняў, а таксама залежнасьць уласьцівасьцяў элемэнтаў ад велічыні іхных атамных масаў. У 1860 годзе ён адкрыў тэмпэратуру абсалютнага кіпеньня вадкасьцяў, або крытычную тэмпэратуру. У 1859 годзе навуковец сканструяваў пікномэтар, то бок прыбор для вызначэньня шчыльнасьці вадкасьці. У 1865—1887 гадох Мендзялееў стварыў гідратную тэорыю рашчынаў, пашырыў ідэі пра існаваньне злучэньняў пераменнага складу. Дасьледуючы газы, ён выявіў у 1874 годзе агульнае раўнаньне стану ідэальнага газу, якое ўключае ў сябе залежнасьць стану газу ад тэмпэратуры, выяўленую ў 1834 годзе францускім фызікам Бэнуа Кляпэйронам.
У 1877 годзе Мендзялееў высунуў гіпотэзу паходжаньня нафты з карбідаў цяжкіх мэталаў, якая, праўда, сёньня большасьцю навукоўцаў не прымаецца, а таксама прапанаваў прынцып дробавай перагонкі пры перапрацоўцы нафты. У 1880 годзе ён высунуў ідэю падземнай газафікацыі вугалю. Таксама Мендзялееў займаўся пытаньнямі хімізацыі сельскай гаспадаркі, прапагандаваў выкарыстаньне мінэральных угнаеньняў, арашэньня засушлівых зямель. Сумесна зь Іванам Чальцовым прымаў у 1890—1892 гадох удзел у распрацоўцы бяздымнага пораху. Таксама зьяўляецца аўтарам шэрагу працаў па мэтралёгіі, то бок ён стварыў дакладную тэорыю вагаў, распрацаваў найлепшыя канструкцыі каромысла і прапанаваў дакладныя прыёмы ўзважваньня.
У свой час інтарэсы Мендзялеева былі блізкія да мінэралёгіі. ягоная калекцыя мінэралаў беражліва захоўваецца і цяпер у Музэі катэдры мінэралёгіі Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэта. Студэнцкая праца Дзьмітрыя Мендзялеева была прысьвечана ізамарфізму ў мінэралах.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г д е ё ж з і https://www.biography.com/people/dmitri-mendeleyev-9405465
- ^ а б в г Чугаев Л. Менделеев, Дмитрий Иванович (рас.) // Новый энциклопедический словарь — СПб: 1915. — Т. 26. Мацеевский — Молочная кислота. — С. 263—269.
- ^ Чельцов И., В. К. Менделеев, Дмитрий Иванович (рас.) // Энциклопедический словарь — СПб: Брокгауз — Ефрон, 1896. — Т. XIX. — С. 82—85.
- ^ а б Погодин С. А. Менделеев Дмитрий Иванович // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1974. — Т. 16 : Мёзия — Моршанск. — С. 67—69.
- ^ а б в Mendeléeff, Dmitri Ivanovich (анг.) // Encyclopædia Britannica: a dictionary of arts, sciences, literature and general information / H. Chisholm — 11 — New York, Cambridge, England: University Press, 1911.
- ^ Менделеев, Дмитрий Иванович (рас.) // Маммилярия — Мера стоимости — 1938. — Т. 38.
- ^ NNDB (анг.) — 2002.
- ^ www.accademiadellescienze.it (італ.)
- ^ Русакова Е. А. Д.И. Менделеев и почвоведение, D.I. Mendeleev and soil science (рас.) // Историко-биологические исследования — 2020. — Т. 12, вып. 2. — С. 156—166. — ISSN 2076-8176; 2500-1221 — doi:10.24411/2076-8176-2020-12014
- ^ МЕНДЕЛЕЕВ // Большая российская энциклопедия. Электронная версия (рас.) — Большая российская энциклопедия, 2016.