Канун

старонка-неадназначнасьць у Вікімэдыі

Канун, канон.

  • традыцыйная абрадавая страва, зь якой пачыналі памінкі. У разбаўленую мёдам ваду (сыту) крышылі спэцыяльна сьпечаны прэсны корж, гарачыкі, булку ці абаранкі (паводле народных вераваньняў, мёд ужывалі для таго, каб памерламу было «соладка на тым сьвеце»). На Ігуменшчыне і іншых месцах у канун дадавалі цёрты мак. Першую лыжку кануна адлівалі для нябожчыка. Удзельнікі жалобнага стала чэрпалі 1 або 3 лыжкі кануна, з агульнай міскі, якую потым перадавалі па чарзе адзін аднаму, пасьля чаго міску прыбіралі, тушылі памінальную сьвечку і працягвалі памінкі.
  • Пітны мёд, піва, брага, звараныя да сьвята або памінак.
  • Сьвята цэхавых рамесьнікаў у 1518 стагодзьдзях у гонар сьвятога — патрона цэха. Наз. таксама братчына, склад, годзеньне, купаўшчына. Вытокі сьвята — у першабытным кульце продкаў. Першыя зьвесткі пра канун адносяцца да 1530 году, калі віленскія кушняры «зволили восстановити себе братство и за свои власныи поклад меда куповали и сычивали на врочистыя свята ко дню Св. Духа, Николе и ко Божему Нароженью… братством своим подле давнего звычаю… пнвали». Канун фіксуецца амаль ва ўсіх гарадах Беларусі. У адрозьненьне ад Заходняй Эўропы ў Беларусі агульнапрызнанай сыстэмы «спэцыялізацыі» сьвятых не існавала, таму за патрона цэха найчасьцей бралі сьвятога, у гонар якога фундавалі царкву ці касьцёл. Але прасочваецца пэўная тэндэнцыя патранажу сьвятых над рамесьнікамі; сьвяты Кузьма часьцей выступаў апекуном кавалёў, сьвяты Павал — сталяроў, сьвяты Васіль — кухараў, сьвяты Ян Златавуст — бортнікаў, сьвяты Язэп — бондараў, сьвятая Параскева — «жаночых» рамёстваў. Кануны ладзіліся і на вялікія царкоўныя сьвяты: Вялікдзень, Сёмуху, Каляды. Арганізатарамі кануна маглі выступаць канфэсійныя брацтвы і іншыя карпарацыі гараджан. Канун уключаў выраб («сычэньне») мёду і гарэлкі, збор страў, выраб сьвечак. Напярэдадні кануна цэхавыя «малодшыя браты» абыходзілі дамы рамесьнікаў, абвяшчалі пра сьвята і зьбіралі грошы на банкет, наймалі кухараў, музыкаў, служак; выраблялі грамніцы — вялікія каляровыя сьвечкі (да 10 аршынаў, у кожным горадзе адмысловага колеру). У канцы дня ў цэхавым будынку адбывалася вячэра. Раніцай цэх у поўным складзе з харугвамі, значкамі і грамніцамі ішоў у сваю царкву (касьцёл) на богаслужэньне перад абразом патрона. Шэсьце адбывалася на міжканфэсійнай падставе. Напрыклад, менскія краўцы ладзілі богаслужэньне ў францысканскім касьцёле і ўніяцкай царкве Сьвятога Духа, полацкія ганчары — у касьцёле і ўніяцкай царкве. Унутры храма рамесьнікі выстройваліся ў заведзеным парадку: наперадзе 2 цэхмістры «рускай» і «рымскай» веры (зрэдку і «нямецкай»), потым «старшыя» майстры (так званыя «сталовыя» — рада пры цэхмістрах), майстры і падмайстры. Пасьля набажэнства ў цэхавым будынку адбываўся банкет. У сьвяты кут банкетнай залы выносілася цэхавая скрыня з прывілеямі, якую адчынялі 2 ключнікі (шафары), і прывілеі зачытваліся. Потым ішло частаваньне, у час якога вырашаліся цэхавыя справы. Атрыманы пасьля сычэньня мёду воск ішоў на выраб сьвечак для царквы, рэшткі прадаваліся, а прыбытак ахвяраваўся храмам на «потребы и оправы и на слугй церковная», а таксама на «милосердныя учинки до шпиталя и на ялмужну убогим людям», Канун працягваўся ад 2 дзён да 2 тыдняў. Дзяржаўная ўлада рэглямэнтавала правядзеньне кануна. Прывілей 1608 году Жыгімонта III Вазы патрабаваў ад рамесьнікаў, «абы вели поштиво, не мовили миж собою збытных слов, не лягали на стол, не розливали братнего меду». Права цэхаў вырабляць на канун моцныя напоі выклікала процідзеяньне прафэсійных гандляроў гарэлкай, таму ў цэхавых прывілеях адзначалася: «в чом им арендары корчом перешкожати не мают». Сьвяткаваньне кануна адыгрывала важную ролю ў карпаратыўнай пабудове фэадальнага грамадзтва.