Джэйн Остын

ангельская раманістка

Джэйн О́стын (па-ангельску: Jane Austen; 16 сьнежня 1775 — 16 ліпеня 1817) — брытанская раманістка, вядомая перша за ўсё шасьцю сваімі раманамі, якія характарызуюць брытанскую шляхту канца XVIII стагодзьдзя. У сюжэтах Остын часта дасьледвала залежнасьць жанчынаў ад шлюбу ў пошуках спрыяльнага сацыяльнага становішча і эканамічнай бясьпекі. Ейныя творы крытыкуюць сэнтымэнтальныя раманы другой паловы XVIII стагодзьдзя і зьяўляюцца часткай пераходу да літаратурнага рэалізму XIX стагодзьдзя[12]. Пісьменьніца ўдала выкарыстоўвае сатыру разам з рэалізмам, гумарам і камэнтарамі на сацыяльную тэму, што сталася чыньнікам ухваленьня з боку крытыкаў, літаратурных навукоўцаў і чытачоў[13].

Джэйн Остын
Jane Austen
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 16 сьнежня 1775(1775-12-16)[1][2][3][…]
Памерла 18 ліпеня 1817(1817-07-18)[6][3][7] (41 год)
Пахаваная
Бацькі Джордж Остын[d][2][9]
Касандра Остын[d][9]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьніца, навэлістка, навэлістка
Гады творчасьці з 1787
Кірунак рэалізм
Жанр любоўны раман[d] і гатычная літаратура[d]
Мова ангельская мова[10][11]
Дэбют «Розум і пачуцьці», 1811
Подпіс Выява аўтографу

Ейная пасьмяротная рэпутацыя значна павялічылася ў 1833 годзе, калі ейныя раманы былі перавыдадзены ў сэрыі «Стандартныя раманы» Рычардам Бэнтлі, ілюстраваныя Фэрдынандам Пікерынгам і прададзеныя ў камплекце[13]. Яны паступова набылі шырэйшае прызнаньне і вялікую чытацкую папулярнасьць. У 1869 годзе, празь пяцьдзесят два гады пасьля сьмерці літаратаркі, публікацыя ейнага пляменьніка «Успаміны пра Джэйн Остын» пераканаўчай вэрсіі ейнае біяграфіі праліла сьвятло на жыцьцё і кар’еры пісьменьніцы.

Біяграфічныя зьвесткі

рэдагаваць
 
Жытло Остынаў у Стывэнтане.

Бацька пісьменьніцы Джордж Остын навучаўся ў Сэнт-Джонз каледжы ў Оксфардзе, дзе, верагодна, і пазнаёміўся з Касандрай Лі, зь якой ён пабраўся шлюбам 26 красавіка 1764 году. Удваёх яны належалі да клясы джэнтры — нетытулаванай дробнапамеснай шляхты. Джордж атрымаў прапанову ад мужа сваёй стрыечнай сястры, Томаса Найта, ачоліць парафію ў Стывэнтане. Маладыя пасяліліся ў Дыне, пакуль у доме ў Стывэнтане, дзе яны плянавалі жыць, праводзіўся рамонт. Кожны год Касандра нараджала дзяцей, то бок першым быў Джэймз, другім Джордж, а трэцім Эдўард. У 1768 годзе сям’я нарэшце пасялілася ў Стывэнтане. Гэнры стаўся першым дзіцем, якое нарадзілася там у 1771 годзе[14][15]. Прыблізна ў гэты час Касандра ўжо не магла ігнараваць прыкметы таго, што маленькі Джордж быў інвалідам па разьвіцьці. У яго былі спохваты, і ён не размаўляў, таму маці вырашыла адправіць яго на выхаваньне[16]. У 1773 годзе нарадзілася Касандра, за ёй — Фрэнк у 1774 годзе і Джэйн — у 1775 годзе[17][15]. Большую частку жыцьця бацька Джэйн Джордж узначальваў англіканскую парафію ў Стывэнтане і ў суседнім Дыне[18]. Сярод братоў самым блізкім Джэйн быў Гэнры (пэўны час ён працаваў банкірам, а калі банк збанкрутаваў, зрабіўся англіканскім сьвятаром), які быў таксама літаратурным агентам сястры. Джордж быў псыхічна нездаровы і нават не гаварыў, Чарлз і Фрэнк служылі ў флёце і абодва зрабіліся адміраламі, Эдўарда ўсынавілі багатыя родзічы Остынаў Найты, ён атрымаў у спадчыну іхную маёмасьць і імя ў 1812 годзе.

Паводле словаў Гонана, атмасфэра ў доме Остынаў была адкрытай і інтэлектуальнай, дзе разглядаліся і абмяркоўваліся ідэі тых, з кім Остын маглі не пагаджацца ў палітычным ці сацыяльным пляне[19]. Сям’я спадзявалася на заступніцтва сваіх сваякоў і прымала наведваньні шматлікіх чальцоў сям’і[20]. Лета 1770 году Касандра Остын правяла ў Лёндане разам зь сястрой Джорджа Філадэлфіяй і ейнай дачкой Элізай у суправаджэньні іншай ягонай сястры, місіс Ўолтэр і ейнай дачкі Філі[21][22]. Філадэлфія і Эліза Гэнкак былі, паводле Лё Фае, яскравымі камэтамі, якія мільгаюць у спакойнай сонечнай сыстэме духоўнага жыцьця ў сельскай мясцовасьці Гэмпшыр, а іхныя расповяды пра замежныя падарожжы і моднае жыцьцё ў Лёндане, а таксама іхныя раптоўныя наведваньні Остынаў у Стывэнтане ў тыя часы, усё гэта дапамагло пашырыць Джэйнавы кругавід і паўплываць на ейнае далейшае жыцьцё і творчасьць[23].

З 1773 па 1796 гады Джордж Остын меў невялічкі дадатковы прыбытак зь земляробства і навучаньня адначасова трох ці чатырох хлопчыкаў, якія жылі ў ягоным доме[24][25][26]. У гэты пэрыяд жыцьця Остын рэгулярна наведвала царкву, бавіла час зь сябрамі і суседзямі, а вечарамі ўслых чытала раманы, часьцяком складзенымі самастойна. Сацыяльныя зносіны з суседзямі часта азначалі танцы, такім чынам малая Джэйн рэгулярна праводзіла час у актавых залях ратушы[27]. Пазьней ейны брат Гэнры ўспамінаў, што Джэйн захаплялася танцамі і пераўзыходзіла іншых у гэтае справе[28].

Адукацыя

рэдагаваць
 
Сылюэт Касандры, сястры Джэйн Остын і ейнае найлепшае сяброўцы.

У 1783 годзе Остын і ейная сястра Касандра былі накіраваныя ў Оксфард дзеля навучаньня ў місіс Эн Коўлі, якая забрала іх з сабой праз год у Саўтгэмптан. Увосень абедзьвюх дзяўчатаў адправілі дадому, калі яны захварэлі на тыф, а Джэйн ледзь не памерла[29][30]. З тых часоў Остын атрымлівала адукацыю, наведваючы школу-інтэрнат у Рэдынгу разам са сваёй сястрой у пачатку 1785 году. Гэтую жаночую школу абацтва Рэдынг, у якой навучаліся сёстры, ачольвала місіс Ля Турнэль, якая мела коркавую нагу і захаплялася тэатрам[31]. Школьная праграма, верагодна, уключала францускую мову, артаграфію, рукадзельле, танцы і музыку, і, магчыма, драматургію. Сёстры вярнуліся дадому да сьнежня 1786 году, бо школьная аплата для дзьвюх дачок сталася для Остынаў занадта вялікай[32][33]. Пасьля 1786 году Джэйн ніколі больш не жыла па-за межамі свайго найбліжэйшага сямейнага асяродку[32].

Хатняя адукацыя Джэйн уключала чытаньне, якое кіравалася бацькам і братамі Джэймзам і Гэнры[34]. Ірэн Колінз лічыць, што дзяўчынка карысталася тымі ж школьнымі кнігамі, што і ейныя браты, навучаньнем якіх займаўся бацька[35]. Остын, мабыць, мела неабмежаваны доступ як да бібліятэкі свайго бацькі, гэтак і да бібліятэкі сябра сям’і Ўорэна Гастынгса. Разам гэтыя калекцыі складалі вялікую і разнастайную бібліятэку. Ейны бацька таксама талерантна ставіўся да аўтэнтычных пісьмовых экспэрымэнтаў Джэйн і забясьпечваў абедзьвюм сёстрам дарагую паперу і іншыя матэрыялы дзеля напісаньня і маляваньня[36][37].

Прыватныя тэатры былі важнай часткай адукацыі Остын. Ад самага раньняга дзяцінства сям’я і сябры ставілі сэрыю п’есаў у сьвіране, у тым ліку «Суперніцы» Рычарда Шэрыдана 1775 году і «Бон Тон» Дэйвіда Гарыка. Старэйшы брат Джэймз напісаў пралёгі і эпілёгі да пастановаў, і яна, верагодна, далучылася да гэтых мерапрыемстваў, спачатку як глядач, а потым як удзельніца[38][39]. Большасьць п’есаў, якія ставіліся сям’ёй былі камэдыямі, што дазваляе меркаваць, як узрошчваўся сатырычны складнік Джэйнавага стылю[40]. У 12 гадоў яна паспрабавала ўласныя сілы ў драматычным пісьме, а ў падлеткавым узросьце яна напісала тры кароткія п’есы.

Пачатак пісьменьніцтва

рэдагаваць
 
Партрэт маладой Джэйн Остын, дакладная дата, аднак, ёсьць невядомай і зьяўляецца тэмай спрэчак.

З адзінаццаці гадоў, а магчыма і раней, Остын пісала вершы і апавяданьні дзеля ўласнай забавы і для сваёй сям’і[41][20][42]. У гэтых працах падрабязнасьці штодзённага жыцьця ўяўна перабольшаныя, сюжэт агулам ёсьць парадзіраваным, а гісторыі поўныя анархічных жаночых фантазіяў[43]. Утрымліваючы працы, напісаныя паміж 1787 і 1793 гадамі, Остын скампілявала копіі дваццаці дзевяці сваіх раньніх твораў у тры пераплеценыя сшыткі, якія атрымалі назву «Ювэнілія»[44]. Тры сшыткі яна назвала «першы том», «другі том» і «трэці том». Гэтае самавыданьне ўтрымлівала 90 тысяч словаў, напісаных ёю ў тыя гады. Паводле словаў навукоўца Рычарда Джэнкінза, «Ювэнілія» ёсьць бурлівай і анархічнай. якая вельмі падобная на працы празаіка XVIII стагодзьдзя Лоўрэнса Стэрна.

Сярод іншых твораў Джэйн вылучаецца сатырычны раман у лістах пад назвай «Каханьне і сяброўства», напісаны ва ўзросьце чатырнаццаці гадоў у 1790 годзе[45], у якім яна зьдзекавалася з папулярных на той час сэнтымэнтальных раманаў[46]. У наступным годзе яна напісала «Гісторыю Ангельшчыны» — рукапіс на трыццаці чатырох старонках у суправаджэньні трынаццаці акварэльных мініяцюраў ейнае сястры Касандры. У гэтыс творы Остын зпарадыравала папулярныя гістарычныя творы, асабліва «Гісторыю Ангельшчыны» Олівэра Голдсьміта[47]. Гонан мяркуе, што неўзабаве пасьля напісаньня «Каханьне і сяброўства» Остын вырашыла пісаць дзеля грошаў, зрабіўшы гэты занятак асноўным у сваім жыцьці, то бок стаць прафэсійнай пісьменьніцай. Калі ёй было каля васемнаццаці гадоў, Остын пачала пісаць больш дасканалыя і складаныя творы[48].

У жніўні 1792 году ва ўзросьце семнаццаці гадоў, Остын пачала пісаць раман «Катарына альбо Баўэр», што прадвяшчала ейныя сьпелыя працы. Праца, аднак, засталася незавершанай, але гісторыя легла ў аснову раману «Лэдзі Сьюзэн»[45]. Годам пазьней пісьменьніца пачала, але адмовілася ад напісаньня кароткай п’есы, пазьней названай «Сэр Чарлз Грандысан альбо шчасьлівы чалавек: камэдыя ў шасьці актах», да якой яна вярнулася і скончыла каля 1800 году. Гэта была кароткая пародыя на розныя скарачэньні школьных падручнікаў любімага Остын сучаснага раману «Гісторыя сэра Чарлза Грандысана» (1753) Сэм’юэла Рычардсана.

Калі Остын упершыню стала цёткай ва ўзросьце васемнаццаці гадоў, яна адправіла нованароджанай пляменьніцы Фані-Кэтрын Остын-Найт пяць кароткіх кавалкаў «Ювэніліі», якія цяпер вядомыя пад агульнай назвай «Шматкі», дзе яна выказала парады адносна паводзінаў маладых жанчынаў. Дзеля пляменьніцы Джэйн-Ганны-Элізабэт Остын, якая таксама нарадзілася ў 1793 годзе, Джэйн дадала яшчэ два разнастайныя кавалачкі, дзе літаратарка дадала важныя ўказаньні, якія тычацца паводзінаў у жыцьці[49]. Ёсьць рукапісныя сьведчаньні таго, што Остын працягвала працаваць над гэтымі фрагмэнтамі яшчэ ў 1811 годзе, калі ёй было 36 гадоў, і што ейная пляменьніца Ганна і пляменьнік Джэймз Эдўард унесьлі дадатковыя дапаўненьні яшчэ ў 1814 годзе.

У пэрыяд з 1793 па 1795 гады Остын скончыла кароткі эпісталярны раман «Лэдзі Сьюзэн», які звычайна апісваецца як ейная самая амбітная і складаная раньняя праца. Раман ня ёсьць вельмі падобным ані на адзін зь іншых твораў Остын. Біёграф Клэр Тамалін апісвае гераіню раману як сэксуальнага драпежніка, якая выкарыстоўвае свой розум і прывабнасьць дзеля маніпуляцыяў, здрад і злоўжываньняў з каханымі, сябрамі і чальцамі сям’і. Мяруецца, што прататыпам галоўнай гераіні магла стаць Эліза дэ Фёід, якая натхніла Остына гісторыямі свайго гламурнага жыцьця і розных прыгод. Францускі муж Элізы быў гільятынаваны ў 1794 годзе, і пасьля яна пабралася шлюбам з братам Джэйн Гэнры Остынам у 1797 годзе[20].

Сталае жыцьцё

рэдагаваць

Пасталеўшы, Джэйн Остын засталася жыць у бацькоўскім доме, практыкавалася ў гульні на фартэпіяна, дапамагала маці і сястры кіраваць гаспадаркай, наведвала родных і сяброў, хадзіла ў царкву, займалася шытвом і чытала ўслых перад сном раманы (часам свае ўласныя) сваім хатнім. Пасьля сьмерці бацькі ў 1805 годзе Джэйн, Касандра і іх маці засталіся ў цяжкім матэрыяльным становішчы, і браты дамовіліся кожны год выплачваць пэўную суму на падтрымку сям’і. Наступныя чатыры гады жанчынам даводзіцца часта пераяжджаць, падоўгу жыць у родных, пакуль у 1806 годзе яны не пасяліліся ў Саўтгэмптане разам з Фрэнкам і ягонай жонкай. А ў 1809 годзе Эдвард забясьпечыў маці і сёстрам сталае жытло — вялікі дом у Чотэне. Падчас жыцьця ў Чотэне пісьменьніца выдала чатыры раманы, якія былі добра прынятыя чытачамі.

У пачатку 1816 году здароўе Джэйн Остын пагоршылася. Зь сярэдзіны красавіка 1817 яна ўжо не ўставала з ложку, у траўні брат Гэнры адвёз яе з Касандрай у Ўінчэстэр на лекаваньне, дзе Джэйн Остын і памерла ва ўзросьце 41 году.

Жанр і стыль

рэдагаваць
 
Адна зь першых дзьвюх апублікаваных ілюстрацыяў да раману «Пыха і перадузятасьць», выданьне Рычарда Бэнтлі.

У рэалістычных сацыяльна-бытавых раманах «Розум і пачуцьці» (т. 1—3, 1811), «Пыха і перадузятасьць» (т. 1—3, 1813), «Мэнсьфілд-парк» (1814), «Эма» (т. 1—3, 1816), «Запэўненьне» і «Нартэнгерскае абацтва» (абодва выд. 1818), «Лэдзі Сьюзэн» (выд. 1871), «Каханьне і сяброўства» (выд. 1922), «Ўотсаны» (выд. 1958) і іншых у іранічнай манеры адлюстравала жыцьцё, норавы і псыхалёгію ангельскага правінцыяльнага грамадзтва, са спачуваньнем — становішча небагатай жанчыны; з пункту погляду ідэалаў Асьветніцтва розум лічыць адзіным арыенцірам у рэальным жыцьці[50]. Творы Остын крытыкуюць сантымэнтальныя раманы другой паловы XVIII стагодзьдзя і зьяўляюцца часткай пераходу да літаратурнага рэалізму XIX стагодзьдзя[51][52]. Пасьля раньніх ангельскіх празаікаў, як то Сэм’юэл Рычардсан, Гэнры Філдынг і Тобіяс Смолет, рушыла школа сантымэнталістаў і рамантыкаў, такіх як Ўолтэр Скот, Горас Ўолпал, Клара Рыў, Эн Рэдкліф і Олівэр Голдсьміт, стыль і жанр якіх Остын адхіліла, вярнуўшы раман да традыцыяў Рычардсана і Філдынга, да рэалістычнага вывучэньня нораваў[53]. У сярэдзіне XX стагодзьдзя літаратуразнаўцы Фрэнк Рэйманд Лівіс і Ен Ўат паставілі яе да традыцыі Рычардсана і Філдынга, удваёх лічачы, што яна выкарыстала іхную традыцыю іроніі, рэалізму і сатыры, пераўзышоўшы іх саміх[54].

Ўолтэр Скот адзначаў, што Остын супраціўляецца няўдалай сэнсацыйнасьці большасьці сучаснай на той момант мастацкай літаратуры і эфэмэрных твораў[55]. Падобна Ўільям Ўордсўарту, які выкрывіў сучасны шалёны раман у прадмове да сваіх «Лірычных баладаў» (1800), Остын таксама дыстанцуецца ад эскапісцкіх раманаў, а дысцыпліна і наватарства, якія яна дэманструе, падобныя на яго[55]. Яна пазьбягала папулярнай гатычнай фантастыкі, гісторыяў жахаў, у якіх гераіня звычайна апыналася ў глухім месцы, у замку ці ў абацтве, то бок 32 раманы іншых аўтараў паміж 1784 і 1818 гадамі утрымліваюць у назве слова абацтва. Тым ня менш, у творы «Нартэнгерскае абацтва» яна намякае на гэты вобраз, а ейная гераіня Кэтрын чакае пераезду ў аддалены рэгіён. Замест поўнага адхіленьня альбо пародыі Остын пераўтварыла жанр, супрацьпастаўляючы аб’ектыўную рэчаіснасьць з апісаньнямі элегантных пакояў і сучасных карыснасьцяў і выгодаў супраць жаданьняў гераіні[56]. Аднак, яна не чарніла гатычную фантастыку, а замест гэтага пераўтварыла абставiны і сытуацыі гэткім чынам, што гераіня ўсё яшчэ знаходзіцца ў зьняволеньні, аднак ейнае зьняволеньне мае звычайныя і рэальныя нормы, якія рэгулююцца строгімі правіламі этыкету[57]. У «Розуме і пачуцьцях» Остын малюе герояў, якія зьяўляюцца больш складанымі, чымсьці яны звычайна бываюць у сантымэнтальных раманах. Не зважаючы на тое, што рамам ўяўна ёсьць пародыяй на папулярную сантымэнтальную літаратуру таго часу, гераіня твору Марыяна ў сваёй сантымэнтальнасьці адказвае цынічнаму сьвету цалкам апраўданым крыкам жаночай роспачы[58].

«Памэла ці ўзнагароджаная цнота» Рычардсана, прататып клясычнага сантымэнтальнага раману, ёсьць дыдактычнай гісторыяй каханьня са шчасьлівым канцом, напісаная ў той час, калі жанчыны толькі атрымалі права абіраць мужа, і пры гэтым былі абмежаваныя сацыяльнымі звычаямі[59]. Остын паспрабавала паўтарыць эпісталярны стыль Рычардсана, але гнуткасьць апавяданьня больш спрыяла рэалістычнасьці, той рэалістычнасьці, у якой кожная размова і жэст маюць асаблівую значнасьць. У сваім стылі апавяданьня Остын выкарыстоўвала залежную мову, такім чынам, яна сталася першай ангельскай літаратаркай, якая вельмі шырока выкарыстоўвала такі спосаб, дзякуючы чаму яна атрымала магчымасьць прадставіць думкі пэрсанажу непасрэдна чытачу, і пры гэтым захаваць кантроль над апавяданьнем. Такі стыль дазволіў аўтарцы вар’іраваць дыскурс паміж голасам і каштоўнасьцямі апавядальніка і думкамі пэрсанажаў[60].

У парадку публікацыі:

  1. ^ Бельский А. А. Остин // Jane Austen (рас.)Москва: Советская энциклопедия, 1962. — Т. 5.
  2. ^ а б Oxford Dictionary of National Biography (анг.) / C. MatthewOxford: OUP, 2004.
  3. ^ а б BeWeB
  4. ^ а б Аустен, Джен (рас.) // Энциклопедический словарь / под ред. И. Е. АндреевскийСент-Питерсберг: Брокгауз — Ефрон, 1890. — Т. II. — С. 471.
  5. ^ а б Остин Джейн // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
  6. ^ а б Бельский А. А. Остин // Краткая литературная энциклопедия (рас.)Москва: Советская энциклопедия, 1962. — Т. 5.
  7. ^ A Historical Dictionary of British Women (анг.) — 2 — Routledge, 2003. — P. 24. — ISBN 978-1-85743-228-2
  8. ^ Jane Austen: A great English novelist - Winchester Cathedral
  9. ^ а б Kindred Britain
  10. ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  11. ^ Austen, Jane, 1775-1817 // CONOR.SI
  12. ^ Grundy, Isobel (2014). «Jane Austen and literary traditions». The Cambridge Companion to Jane Austen. Eds. Edward Copeland and Juliet McMaster. Cambridge: Cambridge University Press. — С. 195—197. — ISBN 978-0-521-74650-2.
  13. ^ а б Looser, Devoney (2017). «The Making of Jane Austen». Baltimore, MD: Johns Hopkins University Press. — С. 2. — ISBN 978-1-4214-2282-4.
  14. ^ Le Faye 2004. С. 25.
  15. ^ а б Nokes 1998. С. 37.
  16. ^ Le Faye 2004. С. 22.
  17. ^ Le Faye 2004. С. 24—27.
  18. ^ Todd 2015. С. 2.
  19. ^ Honan 1987. С. 211—212.
  20. ^ а б в Todd 2015. С. 4.
  21. ^ Nokes 1998. С. 39.
  22. ^ Le Faye 2004. С. 22—23.
  23. ^ Le Faye 2004. С. 29.
  24. ^ Honan 1987. С. 14.
  25. ^ Honan 1987. С. 17—18.
  26. ^ Collins 1994. С. 54.
  27. ^ Honan 1987. С. 119.
  28. ^ Honan 1987. С. 84.
  29. ^ Le Faye 2004. С. 47—49.
  30. ^ Collins 1994. С. 35.
  31. ^ Todd 2015. С. 3.
  32. ^ а б Le Faye 2004. С. 52.
  33. ^ Collins 1994. С. 133—134.
  34. ^ Honan 1987. С. 31—34.
  35. ^ Collins 1994. С. 42.
  36. ^ Honan 1987. С. 66—68.
  37. ^ Collins 1994. С. 43.
  38. ^ Honan 1987. С. 47—52.
  39. ^ Honan 1987. С. 423—424.
  40. ^ Honan 1987. С. 53—54.
  41. ^ Le Faye 2004. С. 66.
  42. ^ Honan 1987. С. 61—62.
  43. ^ Todd 2015. С. 4—5.
  44. ^ «Jane Austen’s juvenilia». British Library.
  45. ^ а б Todd 2015. С. 5.
  46. ^ Honan 1987. С. 73—74.
  47. ^ Honan 1987. С. 75.
  48. ^ Honan 1987. С. 93.
  49. ^ Austen-Leigh, William; Austen-Leigh, Richard Arthur; Le Faye, Dierdre (1993). «Jane Austen: A Family History». London: The British Library. — С. 76—77. — ISBN 978-0-7123-0312-5.
  50. ^ Т. Камароўская (2000)
  51. ^ Copeland 2010. С. 195—197.
  52. ^ Grey 1986. С. 93—94.
  53. ^ Copeland 2010. С. 196.
  54. ^ Todd 2015. С. 21.
  55. ^ а б Copeland 2010. С. 21.
  56. ^ Copeland 2010. С. 24—25.
  57. ^ Copeland 2010. С. 29.
  58. ^ Copeland 2010. С. 32.
  59. ^ Grey 1986. С. 165.
  60. ^ Grey 1986. С. 171—175.

Літаратура

рэдагаваць
  • Камароўская Т. Осцін // БЭ ў 18 т. Т. 11. Мн., 2000.
  • Остэн, Дж. Пыха і перадузятасць: раман / Джэйн Остэн; пер. з англ. Г. В. Янкуты. — Мінск : А. М. Янушкевіч, 2019. — 396 с.: іл. ISBN 978-985-7165-98-8.
  • Collins, Irene Jane Austen and the Clergy. — London: The Hambledon Press, 1994. — ISBN 1-85285-114-7
  • Copeland, Edward The Cambridge Companion to Jane Austen. — Cambridge: Cambridge University Press, 2010. — ISBN 978-0-521-74650-2
  • Honan, Park Jane Austen: A Life. — New York: St. Martin's Press, 1987. — ISBN 0-312-01451-1
  • Grey, David The Jane Austen Companion. — New York: Macmillan Publishing Company, 1986. — ISBN 0-02-545540-0
  • Le Faye, Deirdre Jane Austen: A Family Record. — 2. — Cambridge: Cambridge University Press, 2004. — ISBN 0-521-53417-8
  • Nokes, David Jane Austen: A Life. — Berkeley: University of California Press, 1998. — ISBN 0-520-21606-7
  • Todd, Janet The Cambridge Introduction to Jane Austen. — Cambridge: Cambridge University Press, 2015. — ISBN 978-1-107-49470-1

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць