Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня

Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня — парлямэнт Беларусі, абраны ў 1995 годзе. Лічыцца апошнім дэмакратычна абраным беларускім парлямэнтам[1]. Пачаў працаваць 9 студзеня 1996 году. Мусіў фактычна спыніць сваю працу 27 лістапада 1996 году праз незаконныя дзеяньні Аляксандра Лукашэнкі[2][3].

Выбары ў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня прайшлі 14 траўня 1995 году адначасова з імітацыяй рэфэрэндуму ў Беларусі 1995 году. Другі тур выбараў адбыўся 28 траўня 1995 году. Выбары праводзіліся ў адпаведнасьці з новым законам, прынятым у лістападзе 1994 году[4]. Закон надаваў палітычным партыям, калі яны мелі першасныя арганізацыі ў адпаведных акругах, права вылучаць кандыдатаў.

З прычыны нізкай яўкі выбарцаў за два туры атрымалася абраць 119 дэпутатаў, калі для фармаваньня Вярхоўнага Савету патрабавалася ня менш за 174 дэпутаты (ня менш за дзьве траціны ад поўнага складу ў 260 чалавек)[4]. Разам з тым, праз брак кворуму не атрымалася працягнуць дзейнасьць папярэдняга складу дэпутацкага корпусу. Назіральнікі канстатавалі ў гэты пэрыяд абвастрэньне змаганьня паміж прэзыдэнцкай і заканадаўчай галінамі ўлады[4]. Судзьдзя Канстытуцыйнага суду Рэспублікі Беларусь Міхаіл Пастухоў адзначае, што выбары былі фактычна сарваныя выканаўчай уладай, і тлумачыць такую пазыцыю тым, што Аляксандар Лукашэнка не хацеў абраньня моцнага органа прадстаўнічай улады, які мог бы кантраляваць законнасьць ягоных дзеяньняў і пастановаў і пры наяўнасьці падставаў пачаць працэдуру імпічмэнту[5]. Па выбарах выканаўчая ўлада адкрыта перашкаджала працы Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, які паводле закону захоўваў свае паўнамоцтвы: Вярхоўны Савет пазбавілі службовых аўтамабіляў, дэпутам, якія працавалі на прафэсійнай аснове, перасталі выплочваць заробак і пазбавілі матэрыяльна-тэхнічных умоваў дзейнасьці[5].

11 кастрычніка 1995 году Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь вынес пастанову, у якой ён прызнаў, што ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь Вярхоўны Савет 12 скліканьня захоўвае свае паўнамоцтвы ў поўным аб’ёме да першага паседжаньня Вярхоўнага савету 13 скліканьня, выбранага ў правамоцным складзе[5]. У знак пратэсту з пастановай суду адзін з судзьдзяў Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч напісаў асобае меркаваньне.

У выніку пастановы Канстытуцыйнага суду было неабходна правесьці паўторныя парлямэнцкія выбары ў акругах, дзе яны не адбыліся[5].

Паўторныя выбары дэпутатаў Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня прайшлі 29 лістапада 1995 году, другі тур адбыўся 10 сьнежня. У выніку паўторных выбараў колькасьць выбраных дэпутатаў дасягнула 198 чалавек, чаго было дастаткова для правамоцнасьці новага складу Вярхоўнага Савету[4].

Дэпутацкі склад

рэдагаваць

У новы склад Вярхоўнага Савету былі выбраныя толькі 18 асобаў зь ліку дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 скліканьня. 170 дэпутатаў (85,9%) сталі парлямэнтарамі ўпершыню. У сфэры прамысловасьці, транспарту і будаўніцтва працавалі каля 20% выбраных дэпутатаў; 22,2% дэпутатаў працавалі ў сельскай гаспадарцы; былі выбраныя 21 кіраўнік прадпрыемстваў і фірмаў, 27 старшыняў калгасаў, 10 дырэктараў саўгасаў, 11 мэдычных работнікаў. Прадстаўнікі сацыяльнай сфэры (настаўнікі, лекары, працаўнікі ўстановаў культуры) былі прадстаўленыя ў парлямэнце дастаткова шырока. Сярод дэпутатаў былі 9 жанчынаў (4,5%); колькасьць асобаў, маладзейшых за 30 гадоў, складала 3 чалавекі. Абсалютная большасьць дэпутатаў мела вышэйшую адукацыю, тры чалавекі — сярэдне-спэцыяльную. 25 дэпутатаў (12,6%) мелі навуковыя ступені і званьні. 105 дэпутатаў зьяўляліся сябрамі 16 палітычных партыяў, 93 былі беспартыйнымі[4].

Разам з тым у парлямэнт новага складу не атрымалася патрапіць ніводнаму прадстаўніку Беларускага Народнага Фронту, які меў моцную апазыцыйную фракцыю ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня[4].

Пасьля выбараў у парлямэнце быў сфармаваны шэраг дэпутацкіх фракцыяў: аграрнікаў, Партыі камуністаў Беларускай, «Грамадзянскае дзеяньне», сацыял-дэмакратаў[4].

Старшыня

рэдагаваць

З 10 студзеня 1996 году да 27 лістапада 1996 году абавязкі Старшыні Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня выконваў старшыня Аграрнай партыі Сямён Шарэцкі, які адразу заявіў, што выступае за рынкавыя рэформы, захаваньне сувэрэнітэту і недатыкальнасьць дэмакратычнай Канстытуцыі, а беларускае грамадзтва мусіць кансалідавацца вакол нацыянальнай ідэі. Пры выбары Старшыні Вярхоўнага Савету акрэсьліліся разыходжаньні паміж Вярхоўным Саветам і прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, які прапаноўваў прызначыць Старшынём Вярхоўнага Савету былога прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча, хоць вага апазыцыі ў складзе Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня была меншай, чым у папярэднім складзе[6].

Дзейнасьць

рэдагаваць

Паседжаньне першай сэсіі Вярхоўнага Савету 13 скліканьня адбылося 9 студзеня 1996 году. Была выказаная прапанова правесьці ў сакавіку 1996 году паўторныя выбары ў 62 акругах, па якіх дэпутаты не былі выбраныя, але яна не была падтрыманая дэпутатамі[4].

Паколькі пад уплывам «прэзыдэнцкай вэртыкалі» ў складзе Вярхоўнага Савету 13 скліканьня аказалася шмат прадстаўнікоў структураў кіраваньня, кіраўнікоў калгасаў і саўгасаў і мала прафэсійных палітыкаў і юрыстаў, новы парлямэнт стаў праводзіць палітыку падтрыманьня рашэньняў Аляксандра Лукашэнкі[5]. Без тлумачэньня прычынаў з Канстытуцыйнага суду былі адкліканыя ўсе прапановы, якія паступілі ад папярэдняга старшыні Вярхоўнага Савету Мечыслава Грыба наконт канстытуцыйнасьці ўказаў прэзыдэнта[5].

Аднак дэмакратычна настроеныя дэпутаты аб’ядналіся ў адзіную фракцыю і пачалі аказваць заўважны ўплыў на рашэньні парлямэнту. Яны патрабавалі справаздачы прэзыдэнта і ўраду пра выкарыстаньне бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў, узьнімалі пытаньні да міністраў, выступалі за строгае выкананьне Канстытуцыі і законаў[5].

Улетку 1996 году Аляксандар Лукашэнка выступіў з ініцыятывай правядзеньня рэспубліканскага рэфэрэндуму і прыняцьця новай рэдакцыі Канстытуцыі, дзе ўсе ўладныя паўнамоцтвы пераходзілі да прэзыдэнта. Пад ціскам выканаўчай улады Вярхоўны Савет 6 верасьня 1996 году прызначыў рэспубліканскі рэфэрэндум па чатырох пытаньнях, аднак гэтае рашэньне парлямэнту па прапанове сьпікера Сямёна Шарэцкага было разгледжанае Канстытуцыйным судом на прадмет адпаведнасьці Канстытуцыі. У выніку суд 4 лістапада 1996 году вынес рашэньне, што на абавязковы рэфэрэндум ня можа выносіцца пытаньне пра ўнясеньне зьменаў і дапаўненьняў у Канстытуцыю[5].

У выніку рашэньня Канстытуцыйнага суду Вярхоўны Савет зьмяніў сваю пастанову і прызнаў, што на абавязковы рэфэрэндум выносяцца толькі пытаньні пра перанос Дня незалежнасьці Рэспублікі Беларусь і пра выбарнасьць кіраўнікоў мясцовых органаў улады[5]. Не згаджаючыся з рашэньнем Канстытуцыйнага суду і Вярхоўнага Савету, Аляксандар Лукашэнка выдаў два ўказы, дзе насуперак Канстытуцыі і Закону «Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме) у Рэспубліцы Беларусь» вызначыў парадак уступленьня ў сілу рашэньняў рэспубліканскіх рэфэрэндумаў аб зьменах і дапаўненьнях Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама пра несапраўднасьць рашэньня Канстытуцыйнага суду[5].

73 дэпутаты Вярхоўнага Савету зьвярнуліся 19 лістапада 1996 году ў Канстытуцыйны суд з прапановай пра адхіленьне Аляксандра Лукашэнкі ад пасады ў сувязі з шматлікімі выпадкамі парушэньня ім Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь[5], якіх налічвалася 18 актаў[7]. 19 лістапада 1996 году Канстытуцыйны суд распачаў справу «Аб парушэньні Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь»[7], якую ён павінен быў разглядаць 22 лістапада. 21 лістапада ў Менск прыехалі прэм’ер-міністар Расеі Віктар Чарнамырдзін і яго намесьнік Валеры Сяроў, старшыня Дзяржаўнай думы Расеі Генадзь Селязьнёў і старшыня Савету Фэдэрацыі Расеі Ягор Строеў[8]. У ноч з 21 на 22 лістапада яны правялі перамовы з кіраўніцтвам Беларусі, у выніку чаго было падпісанае «Пагадненьне аб грамадзка-палітычнай сытуацыі і канстытуцыйнай рэформе ў Рэспубліцы Беларусь». Пагадненьне падпісалі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка, які абавязаўся скасаваць свае ўказы пра абавязковы рэфэрэндум у пытаньнях зьмены і дапаўненьняў Канстытуцыі; Старшыня Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі, які мусіў забясьпечыць адкліканьне з Канстытуцыйнага суду звароту дэпутатаў; а таксама Старшыня Канстытуцыйнага суду Валер Ціхіня, які абавязваўся спыніць справу аб парушэньні прэзыдэнтам Лукашэнкам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь[7]. Умяшаньне Расеі ва ўнутраныя справы Беларусі не дазволіла дэпутатам ВС арганізаваць імпічмэнт Лукашэнку.

Падпісаньне пагадненьня не дазволіла Канстытуцыйнаму суду пачаць 22 лістапада 1996 году разгляд справы, выніковае паседжаньне суду было прызначанае на 26 лістапада 1996 году. Разам з тым раніцай 26 лістапада былі абвешчаныя вынікі рэспубліканскага рэфэрэндума, які пазбаўляў Вярхоўны Савет сваіх паўнамоцтваў, а Канстытуцыйны суд у новых умовах спыніў справу аб парушэньні Канстытуцыі Аляксандрам Лукашэнкам[7] пасьля прыняцьця пастановы Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пра адкліканьне звароту дэпутатаў Вярхоўнага Савету з Канстытуцыйнага суду[6].

Разгон Вярхоўнага Савету

рэдагаваць

26 лістапада 1996 году пасьля абвяшчэньня вынікаў рэспубліканскага рэфэрэндума група дэпутатаў Вярхоўнага Савету, ляяльных да палітыкі кіраўніка дзяржавы, пад кіраўніцтвам намесьніка Старшыні Вярхоўнага Савету Ю. Малумава прыняла закон «Аб спыненьні паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь трынаццатага скліканьня». Судзьдзя Канстытуцыйнага суду Рэспублікі Беларусь адзначае, што для прыняцьця рашэньня пра датэрміновае спыненьне паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету патрабуецца прынамсі дзьве траціны галасоў ад ліку выбраных дэпутатаў, то бок ня менш за 134 галасы «за»[5]. Нягледзячы на гэта, 27 лістапада была сфармаваная Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, пасьля чаго Аляксандар Лукашэнка падпісаў Закон «Аб спыненьні паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13 скліканьня»[2].

Ляяльныя да прэзыдэнта дэпутаты Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня былі запрошаныя ў Адміністрацыю Прэзыдэнта, дзе 62 з 84 дэпутатаў у дзень абвяшчэньня вынікаў рэфэрэндуму напісалі заяву з просьбай аб залічэньні ў Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу[6].

Дзейнасьць пасьля спыненьня паўнамоцтваў

рэдагаваць

50 дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня праігнаравалі прапанову напісаць заяву аб уключэньні іх у склад Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу, каля 70 дэпутатаў працягвалі паседжаньне Вярхоўнага Савету адначасова са стварэньнем новага парлямэнту. Ад імя прэзыдыюма Вярхоўнага Савету дэпутатамі была прынятая заява аб непрызнаньні вынікаў рэфэрэндуму 1996 году. На наступны дзень, 28 лістапада, калі дэпутатамі былі прызначаныя эканамічныя слуханьні з удзелам найбуйнейшых партыяў, будынак Вярхоўнага Савету быў зачынены «на рамонт», і сход дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня канчаткова згубіў прыкметы парлямэнцкай сэсіі[6].

Вярхоўны Савет страціў магчымасьць выконваць заканадаўчыя і прадстаўнічыя функцыі, але быў прызнаны міжнароднай супольнасьцю[6]. Зь лютага 1997 году дэпутаты Вярхоўнага Савету працягвалі сваю дзейнасьць у якасьці палітычных эспэртаў і пачалі пераважна называць свае паседжаньні «дэпутацкімі сходамі» замест былой назвы — «дэпутацкія сэсіі». У гэты час максымальная колькасьць дэпутатаў Вярхоўнага Савету не перавышала 50 чалавек[6].

Разам з тым, Вярхоўным Саветам была створаная Камісія па прававой ацэнцы дзеяньняў прэзыдэнта, старшынём якой быў абраны Віктар Ганчар. 14 кастрычніка 1997 году дэпутатамі была падтрыманая справаздача камісіі і падпісаная заява аб немагчымасьці выкананьня Аляксандрам Лукашэнкам прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. Пастанова была прызначаная стаць першым крокам ва ўзнаўленьні працэдуры імпічмэнту прэзыдэнта, таму наданьне дэпутацкім сходам статусу паўнамоцтваў паседжаньняў Вярхоўнага Савету мела прынцыповае значэньне. Група дэпутатаў на чале зь Віктарам Ганчаром распрацавала пакет матэрыялаў для падрыхтоўкі і правядзеньня паўнамоцных паседжаньняў Вярхоўнага Савету, сярод дэпутатаў пачаўся другі збор подпісаў за імпічмэнт, але пастанова аб пазбаўленьні дэпутацкіх мандатаў чальцоў Палаты прадстаўнікоў была заблякаваная камуністамі, аграрамі і часткай сацыял-дэмакратаў, у выніку чаго Вярхоўны Савет ня змог прызнаць за сабой права зьбіраць парлямэнцкія сэсіі[6].

У 1999 годзе Вярхоўны Савет прызначыў выбары прэзідэнта Беларусі, паколькі паўнамоцтвы Лукашэнкі скончыліся ў гэтым годзе па Канстытуцыі 1994 году[9].

У склад зацьверджанай Вярхоўным Саветам Цэнтральнай выбарчай камісіі на чале зь Віктарам Ганчаром увайшлі прадстаўнікі БНФ, АГП, Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, Беларускай асацыяцыі журналістаў, а таксама прафэсійных хаўрусаў. Цэнтрвыбаркам быў вымушаны працаваць у паўпадпольлі, ня маючы сталага памяшкання. Афіцыйныя структуры не рызыкавалі мець адносіны з ЦВК, так як гэта магло пагражаць як найменш звальненьнем працы, а ў горшым выпадку і прыцягненьнем да крымінальнай адказнасьці[10]. Галасаваньне прыйшлося праводзіць па кватэрах.

19 траўня 1999 году вынікі выбараў былі падведзеныя, але не апублікаваныя з-за цяжкасьцяў з арганізацыяй выбараў.

21 ліпеня 1999 году дэпутаты Вярхоўнага Савету Беларусі XIII склікання, прыхільнікі Канстытуцыі рэдакцыі 1994 году, прызначылі Шарэцкага выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. З канца ліпеня 1999 году Сямён Шарэцкі жыў у Вільні, лічыўся легітымным кіраўніком Беларусі; яму была дадзеная дзяржаўная ахова. Цяпер палітык жыве ў ЗША.[11][12].

Як адзначае судзьдзя Канстытуцыйнага суду Рэспублікі Беларусь Міхаіл Пастухоў, у Беларусі існуюць два парлямэнты: Вярхоўны Савет, які быў незаконна распушчаны выканаўчай уладай, ня дзейнічае і мае пратэрмінаваны мандат, але легітымны; і Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, які быў утвораны на незаконных падставах, не прызнаецца міжнароднай супольнасьцю, безуладны, але фактычна дзейны[5].

Рэакцыя міжнароднай супольнасьці

рэдагаваць

Палата Прадстаўнікоў, створаная па выніках правядзеньня рэфэрэндуму 1996 году не была прызнаная міжнароднай супольнасьцю ў якасьці беларускага парлямэнту. Да 2000 году — тэрміну, калі скончыліся паўнамоцтвы Вярхоўнага савету 13-га скліканьня, менавіта ён быў прадстаўлены ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ[1].

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ а б 10 гадоў таму адбылося першае паседжаньне Вярхоўнага Савету 13 скліканьня // Радыё Свабода, 9 студзеня 2006 г.
  2. ^ а б ЗАКОН РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ 27 ноября 1996 г. № 821-XIII «О прекращении полномочий Верховного Совета Республики Беларусь тринадцатого созыва»(недаступная спасылка) (рас.)
  3. ^ Прекращены полномочия Верховного Совета 13-го созыва // Naviny.by. Белорусские новости, 29 лістапада 1996 г. (рас.)
  4. ^ а б в г д е ё ж КАМПАНИЯ ПРОШЛА ПОД ЗНАКОМ КОНФРОНТАЦИИ ВЕТВЕЙ ВЛАСТИ // Naviny.by. Белорусские новости, 14 траўня 1995 г.
  5. ^ а б в г д е ё ж з і к л м М. И. Пастухов. Какой парламент в Беларуси «правильный»? // Журнал «ПРАВО И ПОЛИТИКА». №5, 2001 [1]
  6. ^ а б в г д е ё Ірына ЕКАДУМАВА, Палітычная сыстэма Беларусі з 1996 па 2000 год. Працэс раздваеньня органаў улады ў выніку канстытуцыйнага крызісу лістапада 1996
  7. ^ а б в г Аляксандар ВАШКЕВІЧ, Міхаіл ПАСТУХОЎ, Палітычная сыстэма Беларусі з 1996 па 2000 год. Канстытуцыйны суд і канстытуцыйны крызіс 1996 г.
  8. ^ «Ноч здрадніцтва» 14 гадоў таму // Радыё Свабода, 22 лістапада 2010 г.
  9. ^ Прэзыдэнцкія выбары 1999 // Радыё «Свабода»
  10. ^ Андрэй Ляховіч. Разьдзел 2. Палітычная сыстэма Беларусі з 1996 па 2000 год — Альтэрнатыўныя прэзыдэнцкія выбары траўня 1999 году: ініцыятары, ход правядзеньня, палітычныя наступствы
  11. ^ Политики 1994-го. Где они сегодня? // TUT.by
  12. ^ Семен ШАРЕЦКИЙ: «Я не горю желанием вернуться…» // ЭМИГРАНТЫ, Народная воля

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць