Вэдыйская мова
Вэды́йская мова — адна са старажытных моваў індаарыйскае групы індаіранскае галіны індаэўрапейскае сям’і моваў, размоўная мова-продак санскрыту й адзін з раньніх нашчадкаў праіндаіранскае мовы — мовы, што вылучылася з праіндаэўрапейскае мовы й дала пачатак індаіранскім мовам. Вэдыйская мова — найстаражытнейшая з усіх пісьмова засьведчаных моваў індаарыйскае групы моваў.
Вэдыйская мова | |
Ужываецца ў | сучасных Індыі, Пакістане, Банглядэш |
---|---|
Рэгіён | Індыйскі субкантынэнт |
Клясыфікацыя | Індаэўрапейская сям'я
|
Афіцыйны статус | |
Афіцыйная мова ў | — |
Дапаможная мова ў | — |
Коды мовы | |
ISO 639-1 | — |
ISO 639-2(Б) | — |
ISO 639-2(Т) | vsn |
ISO 639-3 | vsn |
У гістарычным дачыненьні вэдыйская мова вядомая як мова Вэдаў — сьвятых тэкстаў, сабраных у пэрыяд між пачаткам-сярэдзінай ІІ тыс. і сярэдзінай І тыс. да н.э. Вусна захоўвалася ў якасьці Шраўты — збору гімнаў і мантраў у складзе Вэдаў, што апярэдзіў узьнікненьне пісьмовасьці ў Індыі на некалькі стагодзьдзяў. Праз адсутнасьць эпіграфічных зьвестак і бесьперапыннае пісьмовае традыцыі вэдыйскую мову можна разглядаць як рэканструяваную мову. Асабліва найстарэйшы этап разьвіцьця мовы, мова Рыгвэды, захаваўся толькі ў выглядзе адрэдагаваных празь некалькі стагодзьдзяў тэкстаў, што пераводзіць пытаньне аднаўленьня яе першапачатковае формы ў дысцыпліну лінгвістычнае рэканструкцыі[1].
Прыкладна з IV ст. да н.э., у клясычны пэрыяд жалезнага веку на Старажытнай Індыі, вэдыйская мова саступіла месца клясычнаму санскрыту, упарадкаванаму тагачасным індыйскім лінгвістам Паніні.
Вэдыйская мова асабліва блізкая авэстыйскай мове, якая, між іншым, належыць да іншай групы індаіранскай галіны — іранскай.
Гісторыя
рэдагавацьДагістарычнае разьвіцьцё
рэдагавацьНезважаючы на тое, што мова параўнальна блізкая рэканструяванай праіндаіранскай мове, яна ўжо ўтрымлівала рысы, паводле якіх мова можа характарызавацца як індыйская (індаарыйская).
Сярод фаналягічных інавацыяў у параўнаньні з праіндаіранскай адзначаецца страта зычных /z/ ды /ž/, а таксама ўвядзеньне сэрыяў рэтрафлексных зычных (напрыклад, пр.-інд.-іран. *nižda- «гняздо» > вэд. nīḍa- «месца адпачынку, сядзеньня»; гл. таксама падаўжэньне *i > ī). У лексыцы — вялікая колькасьць запазычваньняў з моваў народаў, што пражывалі на Індыйскім субкантынэнце да ўварваньня арыяў, якія трактуюцца як дравідыйскія або мундзкія. Гэты субстрат таксама датычыць фанэтычных, марфалягічных і сынтаксічных інавацыяў.
Аддзяленьне індаарыйцаў з агульнай праіндаіранскай супольнасьці, грунтуючыся на лінгвістычных дадзеных, датуецца прынамсі не пазьней 1800 г. да н.э.[2] Зборы найстаражытнейшых гімнаў Рыгвэды, у сваю чаргу, датуюцца прыкладна сярэдзінай гэтага ж тысячагодзьдзя[3]. Іншыя дасьледчыкі зьвязваюць падзел індаарыйцаў і іранцаў з эпохай Бактрыйска-Маргіянскага археалягічнага комплексу Бронзавага веку, які існаваў на поўдні Сярэдняй Азіі з ХХІІІ па XVIII стагодзьдзі да н.э.[4][5] Існуе гіпотэза, паводле якой індаарыйцы прысутнічалі ў позьняй Гарапе не раней як ад 1900 г. да н.э., пасьля чаго адбылося іх уварваньне ў Панджаб як адпаведнае свацкай культуры 1700 гг. да н.э. Гэтая гіпотэза падразумявае, што мова Рыгвэды стала прамым продкам таксама дардзкіх моваў (часам уключаюцца ў склад індаарыйскіх)[6]. Такім чынам, можа меркавацца, што гімны Рыгвэды складзеныя на літургічнай мове, заснаванай на маўленьні, што было распаўсюджаным у Гандгары (адна з старажытных дзяржаваў на мяжы сучасных Аўганістану й Пакістану) у часы позьняй свацкай культуры — напрыканцы пэрыяду бронзавага веку ў Індыі.
Гэтая літургічная мова цягам некалькіх стагодзьдзяў паступова адышла ад гутарковага маўленьня і стала вядомая як штучная мова, супрацьпастаўленая гутарковым пракрытам — дыялектам, якія пазьней прыйшлі на зьмену вэдыйскай мове і ў пісьмовасьці. Тым ня менш некаторыя асобныя рысы вэдыйскае мовы збліжаюць яе з пракрытамі.
Пэрыядызацыя
рэдагавацьАгулам, у вэдыйскай мове могуць вылучацца пяць асноўных пластаў храналягічнага разьвіцьця[7]:
- Мова Рыгвэды. Рыгвэда ўтрымлівае вялікую колькасьць агульных індаіранскіх элемэнтаў, якія адсутнічаюць у іншых вэдыйскіх тэкстах, у ёй шмат асаблівасьцяў агульнаіндаэўрапейскага паэтычнага маўленьня. Напісаньне Рыгвэды, хутчэй за ўсё, ішло на працягу некалькіх стагодзьдзяў, завяршыўшыся, апроч апошніх частак, каля ХІІ ст. да н.э.
- Мова мантраў. У гэты пэрыяд былі складзеныя вершаваныя й празаічныя тэксты Атгарвавэды (Пайпалада й Шаўнакія), Кгілані, Самавэды-Самгіты і Яджурвэды. У асноўным гэтыя тэксты паходзяць ад тэкстаў Рыгвэды, але разам з гэтым яны зазналі зьмены ў лінгвістычных і інтэрпрэтацыйных адносінах (напрыклад, асноўныя лексычныя зьмены — viśva > sarva «усё», kṛno- > kuru- цяп. час «рабіць»). У мове мантраў — больш самастойны статус у дзеяслоўных прэвэрбаў, што фігуравалі як зьвязаныя прыстаўкі ў санскрыце (гл. далей). Гэты пэрыяд у разьвіцьці мовы адпавядае раньняму жалезнаму веку на паўночным захадзе Індыі (жалеза ўпершыню згадваецца ў Атгарвавэдзе) і царству Куру ў гэтым жа рэгіёне, што прыпадала на часы ад ХІІ ст. да н.э. Ужо ў пэрыяд позьніх мантраў мова, хутчэй за ўсё, не функцыянавала як жывая;
- Мова прозы Самгіты. Гэты пэрыяд акрэсьліваецца прыкладна 1100—800 гг. да н.э., калі пачаўся працэс збору й кадыфікацыі вэдыйскага канону. Асноўныя зьмены ў граматыцы — зьнікненьне ладаў (у прыватнасьці, ін’юнктыву) у аорысьце;
- Мова прозы Брагманаў (блізу 900—600 гг. да н.э.). Маўленьне Брагманаў чатырох тагачасных Вэдаў, а таксама найстарэйшых Упанішадаў — Брыгадараньяка-ўпанішада, Чгандог’я-ўпанішада, Джаймінія-ўпанішад-брагмана.
Заняпад
рэдагавацьУжо ў пэрыяд стварэньня позьніх мантраў вэдыйская мова, хутчэй за ўсё, не функцыянавала як жывая мова, захоўваючыся ў рытуальнай і навуковай галінах, а ў паўсядзённым жыцьці будучы выцесьненай сярэднеіндыйскімі дыялектамі.
Каля 500 г. да н.э. пачынаецца працэс заняпаду вэдыйскае мовы, які быў выкліканы культурна-палітычнымі й лінгвістычнымі зьменамі. Кадыфікацыя зьвязаных з моваю рэлігійных рытуалаў дасягнула свайго піку, і па зьяўленьні новых рэлігійных плыняў сталі выкарыстоўвацца народныя формы маўленьня — пракрыты. Неўзабаве па ўварваньні пэрсаў у даліну Інду палітычны цэнтар індаарыйскіх царстваў перамясьціўся на ўсход, на раўніну Гангу. Прыкладна ў гэтую эпоху, у IV ст. да н.э. індыйскім мовазнаўцам Паніні й іншымі граматыстамі на аснове мовы вэдыйскае прозы (перадусім Брагманаў) ажыцьцяўляецца нармалізацыя граматыкі санскрыту.
Лінгвістычныя рысы
рэдагавацьФанэтыка, фаналёгія
рэдагавацьАсноўная зьмена ў фанэтыцы ў параўнаньні з праіндаіранскаю моваю — страта звонкага сьвісьцячага /z/.
Для вэдыйскае мовы былі ўласьцівыя білябіяльны фрыкатыў [ɸ] і вэлярны фрыкатыў [x] — абодва зычныя зьяўляліся аляфонамі /h/ і паўставалі перад p, ph і k, kh адпаведна. Зубны ḍ меў інтэрвакальны аляфон — рэтрафлексны [l], які ў дэванагары пазначаўся асобным сымбалем (ळ) і трансьлітаруецца як ḷ або ḷh. Для прыбраньня неадназначнасьці між вакалізаваным l і ягоным рэтрафлексным аналягам у стандарце ISO 15919 вакалізаваны l указваецца як l̥ (варта адзначыць, што пры трансьлітарацыі некаторых сучасных індаарыйскіх моваў вакалізаванае r таксама трансьлітаруецца з кольцам унізе з мэтаю пазьбяганьня блытаніны гэтага гуку з ṛ ды ṛh).
- Прасодыя:
У прасодыі вэдыйскае мовы адзначаўся вольны й музычны націск[8]. Невялікая колькасьць словаў у позьняй вэдыйскай мове магла мець цыркумфлексны тон, які падаў на кароткі галосны, што дазваляе сьцьвярджаць некаторым лінгвістам пра нязначны танальны характар вэдыйскае мовы (для параўнаньня, амаль усе славянскія мовы й большасьць моваў Эўропы да танальных моваў не адносяцца). Тым ня менш, у адноўленых тэкстах Рыгвэды амаль усе склады з цыркумфлексным тонам (вядомы ў мове як незалежная сварыта) мусяць вяртацца да пасьлядоўнасьці з двух, першы зь якіх утрымлівае акутны тон (удата) і залежную сварыту. Такім чынам, раньнія формы вэдыйскае мовы разглядаюцца як мова з музычным націскам. Сярод захаваных тэкстаў пасьлявэдыйскага пэрыяду націск не адзначаецца, але Паніні адзначаліся правілы пастаноўкі націску ў маўленьні ягонай эпохі (пасьлявэдыйскай, гл. вышэй). Удата была асноўным тонам, на склад пасьля ўдаты прыпадала сварыта (якая станавілася самастойным націскам, калі ў папярэднім складзе націск з удатай зьнікаў у выніку сандгі), на ўсе астатнія склады падаў цыркумфлексны тон (анудата)[9][10][11]. Неўзабаве пасьля пачатку нашай эры такая сыстэма акцэнтуацыі ў наступным этапе старажытнаіндыйскае мовы — санскрыце — была страчаная[12]. Для тэматычных і большасьці шматскладаных дзеясловаў мовы быў уласьцівы калюмнальны націск (то бок націск, замацаваны на адным складзе ў межах усёй парадыгмы слова), а рухомы націск існаваў у аднаскладаных і некаторых шматскладаных атэматычных назоўнікаў; тэматычныя дзеясловы мелі калюмнальны націск, атэматычныя — рухомы[13]. Наогул, як лічыцца, вэдыйская сыстэма націску зьяўляецца найбліжэйшай да сыстэмы націску праіндаэўрапейскае мовы[14]. Існуе гіпотэза (Е. Курыловіч), паводле якой вэдыйская мова — адзіная з індаэўрапейскіх, што захоўвае характар праіндаэўрапейскага націску[15], што, зрэшты, было адрынута іншымі мовазнаўцамі[16][17][18]. Прасадычныя ўласьцівасьці мовы шырока выкарыстоўваюцца ў параўнальна-гістарычным мовазнаўстве для рэканструкцыі націску ў праіндаэўрапейскай мове, і яны праяўляюць шмат паралеляў са старажытнагрэцкай мовай.
За часамі сярэдневэдыйскае мовы існавалі трохморныя галосныя, якія амаль завяршылі працэс набыцьця фаналягічнай якасьці, але ён спыніўся.
Марфалёгія, сынтаксіс
рэдагавацьНа цяперашні час вылучаецца наступны пералік адрозьненьняў між вэдыйскай мовай і санскрытам:
- Наяўнасьць у вэдыйскай мове глухога білябіяльнага фрыкатыву /ɸ/ і глухога вэлярнага фрыкатыву /x/, якія паўставалі на месцы прыдыханьня перад глухімі лябіяльнымі й глухімі вэлярнымі адпаведна (гл. вышэй). Абодва зычныя ў санскрыце страціліся, перайшоўшы ў прыдыханьне;
- Наяўнасьць у вэдыйскай мове рэтрафлекснага лятэральнага апраксыманту /ɭ/ і ягонага прыдыхальнага аналягу /ɭʰ/, якія ў санскрыце перайшлі ў /ɖ/ і /ɖʱ/ адпаведна;
- Вымаўленьне складовых /ɻ̩/, /l̩/ і іх доўгіх аналягаў страціла свой характар й перайшло ў /ɻi/ ды /li/ адпаведна;
- Рэалізацыя галосных e, o ў вэдыйскай мове як дыфтонгаў /ai/ ды /au/ і іх манафтангізацыя ў /eː/, /oː/ ў санскрыце;
- У сваю чаргу, галосныя ai і au ў вэдыйскай мове сталі рэалізоўвацца як /aːi/, /aːu/ адпаведна, у санскрыце ператварыліся ў дыфтонгі /ai/, /au/;
- У старажытнаіндыйскіх граматычных трактатах сьцьвярджалася, што артыкуляцыя зубных зычных адбывалася ля дзёснаў, якія, аднак, пазьней сталі рэалізоўвацца як звычайныя зубныя. Падобныя зьмены, у тым ліку, зьведаў /r/, які пазьней стаў рэалізоўвацца як рэтрафлексны;
- Вэдыйскай мове быў уласьцівы музычны націск, які меў сэнсаадрознае значэньне і захоўваўся нават у часы Паніні, пра што сьведчаць адпаведныя пісьмовыя абазначэньні. Пазьней гэты націск быў заменены сілавым націскам, абмежаваным з другога па чацьверты склады з канца слова;
- Дапушчэньне сьцячэньня двух галосных разам без уліку сандгі — зьмены гукаў у залежнасьці ад іх месца ў слове, сказе і г.д.
- Як лічыцца, у вэдыйскай мове існаваў умоўны лад, які ўжо зьнікнуў у часы жыцьця Паніні; усе часы маглі выкарыстоўвацца поруч з умоўным ладам і аптатывам (у адрозьненьне ад санскрыту, дзе існаваў толькі цяперашні час у аптатыве; аднак формы ўмоўнага ладу ў старых формах першай асобы санскрыту маглі выкарыстоўвацца з загадным ладам). Акрамя гэтага, існаваў пяты лад — ін’юнктыў;
- Адрозьніваліся словазьмены словаў жаночага роду з коранем, які сканчваўся на i, аднак гэтае адрозьненьне было страчанае ў санскрыце;
- Больш за дванаццаць спосабаў фармаваньня інфінітыву, зь якіх у санскрыце захаваўся толькі адзін;
- Больш разнастайныя мажлівасьці скланеньня ў вэдыйскай мове ў параўнаньні з санскрытам для назоўнікаў, займеньнікаў (першай, другой асобаў). У санскрыце дадзенае спрашчэньне стала вынікам імкненьня ўпарадкаваньня й стандартызацыі граматыкі, што, аднак, спрычынілася да прыбраньня шэрагу старажытных індаэўрапейскіх формаў.
- У імені прадукцыйныя каранёвыя асновы, рэдкія для санскрыту;
- Праіндаэўрапейская мова, як і мовы, што ўтварыліся ў выніку яе распаду, у істотнай ступені зьяўляліся флектыўнымі мовамі, у якіх прыстаўкі захоўвалі свой самастойны статус. Падобныя марфэмы, асабліва ў выпадку зь дзеясловамі, маглі паўставаць у любым месцы, але ў санскрыце яны сталі замацоўвацца перад дзеясловам і страцілі самастойны статус. Падобныя зьмены адбыліся таксама ў старажытнагрэцкай мове ў параўнаньні з моваю часоў Гамэра і г.зв. моваю клясычнага пэрыяду.
Адрозьніваліся тры часы — скончаны, няскончаны й аорыст. У маўленьні мантраў умоўны лад часта ўжываецца ў функцыі будучага часу, ускосныя лады маглі ўтварацца ня толькі ў сыстэме прэзэнсу, але таксама ад асноваў аорысту і, радзей, пэрфэкту (скончанага). Асновы пэрфэкту маглі далучаць другасныя, імпэрфэктныя (няскончаныя) канчаткі, утвараючы г.зв. плюсквампэрфэкт.
Для сынтаксісу характэрнае шырокае прымяненьне часьціцаў, якія нярэдка мелі функцыі злучнікаў або мадальныя функцыі; адносна вольны парадак словаў, а таксама асаблівы статус прэвэрбаў (гл. вышэй). У лексыцы й фразэалёгіі шырока прадстаўленыя архаізмы.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Karen Thomson, Jonathan Slocum. The Rigveda: Metrically Restored Text. — Linguistics Research Center, The College of Liberal Arts, UT Austin, 2013.
- ^ Mallory, J.P. In Search of the Indo-Europeans: Language, Archaeology, and Myth. — London: Thames & Hudson, 1989. — С. 38f.
- ^ J. P. Mallory, Douglas Q. Adams. Encyclopedia of Indo-European Culture. — Taylor & Francis, 1997. — С. 306. — 829 с.
- ^ Asko Parpola (1988)
- ^ J.P. Mallory (1998)
- ^ Parpola, Asko. ІІІ // The formation of the Aryan branch of Indo-European / Blench, Roger & Spriggs, Matthew, Archaeology and Language. — languages and texts, London and New York: Routledge, 1999.
- ^ (Witzel 1989)
- ^ Macdonell A. A. Vedic grammar. — Strassburg: Verlag von Karl J. Trübner, 1910. — С. 77.
- ^ Macdonell A. A. Vedic grammar. — Strassburg: Verlag von Karl J. Trübner, 1910. — С. 77-78.
- ^ Семереньи О. Введение в сравнительное языкознание. — М.: УРСС, 2002. — С. 89.
- ^ Olander Th. Balto-Slavic Accentual Mobility. — Berlin-New York: Mouton de Gruyter, 2009. — С. 55. — ISBN 978-3-11-020397-4
- ^ Барроу Т. Санскрит. — М.: Прогресс, 1976. — С. 109.
- ^ Olander Th. Balto-Slavic Accentual Mobility. — Berlin-New York: Mouton de Gruyter, 2009. — С. 58-61. — ISBN 978-3-11-020397-4
- ^ Erhart A. Indoevropské jazyky. — Praha: Academia, 1982. — С. 84.
- ^ Kuryłowicz J. L’accentuation des langues indo-européennes. — Wrocław-Kraków: Zakład imienia Ossolińskich — Wydawnictwo PAN, 1958. — С. 411-412.
- ^ Семереньи О. Введение в сравнительное языкознание. — М.: УРСС, 2002. — С. 92.
- ^ Erhart A. Indoevropské jazyky. — Praha: Academia, 1982. — С. 63.
- ^ Савченко А. Н. Сравнительная грамматика индоевропейских языков. — М.: УРСС, 2003. — С. 156.
Літаратура
рэдагаваць- A. A. Macdonell. Vedic Grammar. — Stras: 1910.
- Macdonell A. A. A Vedic grammar for students. — Oxf.: 1916.
- Bruno Lindner. Altindische Nominalbildung: Nach den S̆amhitas dargestellt. — Hermann Costenable, 1878. — 167 с.
- Renou L. Grammaire de la langue védique. — Lyon; P.: 1952.
- Michael Witzel. Tracing the Vedic dialects in Dialectes dans les litteratures Indo-Aryennes / ed. Caillat. — Paris: 1989. — С. 97-265.
- Елизаренкова Т. Я. Грамматика ведийского языка. — М.: 1982.
- Елизаренкова Т. Я. Ведийский язык. — М.: Наука (ГРВЛ), 1987. — 184 с. — (Языки народов Азии и Африки).
- Елизаренкова Т. Я. Язык и стиль ведийских риши. — М.: 1993.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Berthold Delbr ck, Ernst Wilhelm Oskar Windisch, Ernst Wilhelm Oskar Windisch. Syntaktische Forschungen: III. Die Altindische Wortfolge Aus Dem Catapathabrâhmaòa, Dargestellt Von B. Delbrück. — Adegi Graphics LLC, 1999. — 90 с.
- Індэкс вэдыйскіх тэкстаў анлайн (анг.), TITUS
- Нарыс пра гісторыю вэдыйскае мовы (анг.), Linguistics Research Center, The College of Liberal Arts, UT Austin