Ве́чны мі́р (у польскай гістарыяграфіі вядомы як Мі́р Гжымулто́ўскага (па-польску: pokój Grzymułtowskiego)) — дамова аб разьдзеле Гетманшчыны, заключаная Рэччу Паспалітай і Рускай дзяржавай у Маскве 6 траўня 1686 году. Тэкст дамовы складаўся з прэамбулы й 33 артыкулаў.

Рэч Паспалітая пасьля падпісаньня «Вечнага міру»

Перамір’е скончыла вайну Расеі з Рэччу Паспалітай, якая працягвалася з 1654 году на тэрыторыі сучасных Беларусі й Украіны і часткова была выкліканая ў тым ліку падзеямі ва Ўкраіне.

Дамова пацьвярджала пастановы Андрусаўскага замірэньня 1667 году, акрамя наступнага: Кіеў ужо назаўжды прызнаваўся прыналежным да Рускай дзяржавы (у адрозьненьне ад часовага характару папярэдняе дамовы) з выплатай 146 тысячаў рублёў кампэнсацыі Рэчы Паспалітай, якая таксама адмаўлялася ад сумеснага пратэктарату над Запароскай Сеччу.

З боку Рэчы Паспалітай дамова падпісаная ваяводам Познанскім, дыпляматам Кшыштафам Гжымултоўскім, з рускага — канцлерам і начальнік Пасольскага прыказу князем Васілём Галіцыным.

Руская дзяржава анулявала папярэднія дамовы з Асманскай імпэрыяй (якая разьвязала вайну з Рэччу Паспалітай у 1672 годзе) і Крымскім ханствам і ўступіла ў антытурэцкую Сьвятую лігу, а таксама абавязвалася арганізаваць ваенны паход супраць Крымскага ханства (крымскія паходы ў 1687 і 1689 гадах).

Хоць умовы Вечнага міру ўступалі ў сілу адразу пасьля падпісаньня дамовы, Сойм Рэчы Паспалітай ратыфікаваў яго толькі ў 1764 годзе. Нягледзячы на перадачу ўсходніх зямель ВКЛ, у дзяржаве фармальна працягвалі існаваць органы мясцовае ўлады перададзеных земляў (напрыклад, павятовыя соймікі).

Дамова замацавала за Рускай дзяржавай Смаленшчыну, Левабярэжную Ўкраіну з Кіевам, Запарожжа і Северскую зямлю з Чарнігавам і Старадубам. Падпісаньне «вечнага міру» адкрывала магчымасьць для аб’яднаньня дзяржаваў супраць татара-турэцкай агрэсіі й стала асновай зьвязу Расеі й Рэчы Паспалітай у Паўночнай вайне 1700—1721 гадоў. Масква далучылася да антытурэцкай «Сьвятой лігі» — зьвязу Аўстрыі, Рэчы Паспалітай і Вэнэцыі.

Літаратура

рэдагаваць