Васіль Іванавіч Бернік (нар. 1947; в. Слабада-Пырашаўская, Узьдзенскі раён, цяпер Беларусь) — беларускі матэматык. Доктар фізыка-матэматычных навук (1986), прафэсар матэматыкі (1992). Навуковыя працы аб тэорыі лікаў. Распрацаваў новы спосаб ацэнак памернасьці Гаўсдорфа мностваў рэчаісных і камплексных лікаў з зададзенай мерай трансцэндэнтнасьці[2].

Васіль Бернік
Дата нараджэньня 9 студзеня 1947(1947-01-09) (77 гадоў)
Месца нараджэньня вёска Слабада-Пырашаўская, Узьдзенскі раён, Менская вобласьць, Беларуская ССР, СССР
Месца вучобы Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1970)
Занятак матэматык
Навуковая сфэра Матэматыка
Месца працы Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Вядомы як Распрацоўнік новага спосабу ацэнкі памернасьці Гаўсдорфа(en) (1986), галоўны рэдактар «Матэматычнай энцыкляпэдыі» (2001)
Сябра ў Беларуская перспектыва[d]
Навуковая ступень доктар фізыка-матэматычных навук[d]
Навуковы кіраўнік Уладзімер Спрынджук (1936—1987)
Узнагароды Прэмія НАН Беларусі (1999)[1], Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь (2004)
Сайт bsu.by/en/main.aspx?guid=121331

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

У 1965 годзе паступіў на мэханіка-матэматычны факультэт БДУ, які скончыў у 1970 годзе. У 1970 г. працаўладкаваўся ў Інстытут матэматыкі Акадэміі навук БССР, дзе ўзьняўся ад малодшага да галоўнага навуковага супрацоўніка (з 2010 г.) і кіраўніка аддзела. У 1973 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю «Аб мэтрычнай тэорыі Дыяфантавых(en) набліжэньняў залежных(en) велічыняў» пад кіраўніцтвам Уладзімера Спрынджука. У 1986 г. атрымаў званьне доктара навук за дысэртацыю «Мэтрычная тэорыя Дыяфантавых набліжэньняў залежных велічыняў і памернасьць Гаўсдорфа(en)», выдадзеную ў 1988 годзе[2].

У 2000 годзе выдаў па-беларуску разам зь Віктарам Берасьневічам (нар. 1971, Узда), Морысам Додсанам і Х. Дыкінсанам навуковы артыкул «Аб лінейных мнагастайнасьцях, для якіх мае месца апраксымацыйная тэарэма Хінчына(en)»[3]. У 2001 годзе выступіў галоўным рэдактарам беларускамоўнай «Матэматычнай энцыкляпэдыі»[4]. У 2004 г. атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі.

На 2012 г. быў сябрам матэматычнага аддзелу Навукова-мэтадычнай рады Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, сябрам Рады ў абароне дысэртацыяў пры Інстытуце матэматыкі НАН Беларусі і прафэсарам катэдры вышэйшай альгебры і абароны інфармацыі ў БДУ. На 2012 г. выдаў 101 навуковую публікацыю, у тым ліку 60 — па-расейску (за мяжой — 19, з ангельскім перакладам — 17), 39 — па-ангельску (за мяжой — 34), 1 — па-ўкраінску (Кіеў: 1978), 1 — па-беларуску (Менск: 2000)[5].

  1. ^ Бернік Васіль Іванавіч // Матэматычная энцыкляпэдыя / гал.рэд. Васіль Бернік. — Менск: Тэхналёгія, 2001. — С. 413. — 496 с. — 1000 ас. — ISBN 985-458-059-8
  2. ^ а б Бернік // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 3. — С. 120. — 511 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0068-4
  3. ^ Віктар Берасьневіч, Васіль Бернік, Морыс Додсан, Х. Дыкінсан. Аб лінейных мнагастайнасьцях, для якіх мае месца апраксымацыйная тэарэма Хінчына // Весьці Акадэміі навук Беларусі : часопіс. — 2000. — № 2. — С. 14-17. — ISSN 0002-3574.
  4. ^ Матэматычная энцыкляпэдыя / гал.рэд. Васіль Бернік. — Менск: Тэхналёгія, 2001. — 496 с. — 1000 ас. — ISBN 985-458-059-8
  5. ^ Бернік Васіль Іванавіч (рас.) // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 2012 г. Праверана 24 верасьня 2015 г.