Быхаўцы — беларускі шляхецкі род гербу «Магіла», прадстаўнікі якога займалі дзяржаўныя пасады ў ВКЛ, Рэчы Паспалітай і Расейскай імпэрыі.

Быхаўцы
Краіна паходжаньня Вялікае Княства Літоўскае
Прызнаныя ў Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расейская імпэрыя
Першы з роду Міцька Быхавец

Вядомыя з XVI стагодзьдзя. Заснавальнік роду Міцька Быхавец меў сыноў Васіля, Васька і Андрэя. Вялікі князь ВКЛ і кароль Польшчы Жыгімонт І Стары дараваў «баярам смаленскім» Васілю і Ваську 12 неаседлых вёсак у Дарсуніскім павеце. Васько ў 1514 стаў уладальнікам яшчэ 8 вёсак. Андрэй у 1536 атрымаў землі ў Троцкім павеце.

Быхаўцы таксама валодалі маёнткамі ў Менскай, Гарадзенскай, Віленскай губэрнях. Найбольш буйныя зь іх Лыскаў і Магілёўцы з фальваркамі Лібярполь, Гута, Разалін з хутарамі Копан, Палько, Сасенкі і Крупа. У 1822 у гэтых маёнтках было 1470 сялянаў. Быхаўцы былі ўладальнікамі папяровай мануфактуры ў Лыскаве (1711—1724), шклозаводу, лесаапрацоўчых заводаў, бровараў. У 1835 у кнігі шляхты Гарадзенскай губэрні ўпісаныя Быхаўцы: Ян (сын Ігнація), стрыечны брат Яна Язэп з сынам Адамам, Янам і Аляксандрам. У 1858 у кнігі шляхты Віленскай губэрні ўпісаныя Казімер (сын Тадэвуша) з сынам Яўхімам і ўнукамі Ежы, Язэпам і Казімерам і Яўхім з сынам Фэрдынандам.

У Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Беларусі ў Горадні захоўваецца фонд Быхаўцаў, які ўключае 893 адзінкі захоўваньня.

Вядомыя прадстаўнікі

рэдагаваць
  • Мікалай (? — ?), дэпутат Трыбуналу ВКЛ (1589).
  • Крыштаф (? — ?), намесьнік троцкі (1615).
  • Зьміцер (? — ?), сын Мікалая, пісар гродзкі троцкі (1615), падчашы троцкі.
  • Язэп (? — ?), дэпутат Троцкага ваяводзтва на Люблінскім трыбунале (1627).
  • Ян (?-1655), сын Зьмітра, стольнік троцкі, палк. ВКЛ, загінуў у бітве.
  • Войцех (? — ?), пасол троцкі. Падпісаў элекцыю (пагадненьне пра галасаваньне на элекцыйным сойме) Ўладзіслава Вазы з Троцкім ваяводзтвам (1632).
  • Міхал (? — ?), падстолі і падчашы троцкі, маршалак Трыбуналу ВКЛ (1646).
  • Самуэль (? — ?), падстароста слонімскі (1658).
  • Мацей (? — ?), пісар земскі троцкі (1671).
  • Міхал (? — ?), харужы і пасол троцкі (1678), цівун, харужы і пасол троцкі (1688).
 
Надмагільле Станіслава Юзэфа Даніэля Быхаўца, сына Аляксандра, у Барысіках (Пружанскі раён)
  • Мікалай з Цывіна (? — ?), харужы і пасол троцкі, маршалак Трыбуналу ВКЛ, пасол сойму (1680), стольнік інфлянцкі (1716).
  • Самуэль (? — ?), староста люцынскі (1716). У 1689 указам караля Рэчы Паспалітай Яна ІІІ Сабескага асуджаны на вечнае выгнаньне (баніцыю). У 1693 меў дом у Горадні. Быў жанаты з Хрысьцінай з роду Кунцэвічаў-Дэнгоф.
  • Дамінік (? — ?), падпісаў элекцыю Аўгуста ІІ Моцнага з Браслаўскім ваяводзтвам (1697).
  • Якуб (? — ?), разам зь Янам падпісаў элекцыю Аўгуста ІІ Моцнага з Троцкім ваяводзтвам (1697).
  • Ян (? — ?), скарбнік троцкі. У 1697 разам зь Якубам падпісаў элекцыю Аўгуста ІІ Моцнага з Троцкім ваяводзтвам.
  • Уладзіслаў (? — 10.8.1761), сын Самуэля, падчашы менскі (1715), судзьдзя земскі ваўкавыскі, падстароста Ваўкавыскага павету (1738—1746).
  • Ян (каля 1732 — ?), сын Ігнацыя, дэпутат Трыбуналу ВКЛ (1797—1802), судзьдзя земскі слонімскі (1802—1808), межавы судзьдзя слонімскага межавога апэляцыйнага суду (1814—1830), старшыня слонімскага межавога суду (1830—1832).
  • Язэп (? — ?), сын Яна, падстолі ваўкавыскі (1780), камэргер караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, крайчы літоўскі (1793). Кавалер ордэна сьвятога Станіслава.
  • Язэп Уладзіслаў (1778 — 5.07.1845), францускі вайсковец, ад’ютант нэапалітанскага караля Юрата[1].
  • Адам Ян Віктар (23 сьнежня 1796 — ?), сын Язэпа, сябра ваўкавыскага апэляцыйнага суду. За ўдзел у паўстаньні 1863—1864 арыштаваны ў 1863 і асуджаны ваенна-сьледчай камісіяй да ссылкі. У 1866 жыў пад наглядам паліцыі ў г. Нараўчат Пензенскай губэрні.
  • Аляксандар (? — 1863), старшыня ваўкавыскага межавога апэляцыйнага суду. У яго бібліятэцы ў 1820-я захоўвалася Хроніка Быхаўца.

Крыніцы і заўвагі

рэдагаваць