Браніслаў Туронак
Бранісла́ў Туро́нак (22 чэрвеня 1896, фальварак Пестуны, Дзісенскі павет — 19 верасьня 1938, Дукшты, Польшча) — лекар, публіцыст, беларускі грамадзкі дзеяч. Бацька гісторыка Юрыя Туронка.
Браніслаў Туронак | |
![]() | |
Род дзейнасьці | лекар, публіцыст, грамадзкі дзяяч |
---|---|
Дата нараджэньня | 22 чэрвеня 1896 |
Месца нараджэньня | Пестуны, Дзісенскі павет, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | 19 верасьня 1938 (42 гады) |
Месца сьмерці | Дукшты, Польшча |
Месца вучобы | |
Занятак | лекар |
Месца працы | |
Сябра ў | Беларускі студэнцкі саюз, Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны і Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры |
Жонка | Марыя Рэшаць |
Дзеці | Юры Туронак |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНараджэньне і вучоба
рэдагавацьБраніслаў Туронак нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Навучаўся ў народнай вучэльні ў Новым Пагосьце. У 1912 годзе паступіў у віленскую гімназію, дзе вучыўся, пакуль Вільню не занялі немцы. У 1915—1916 гадах навучаўся ў Віцебскай гімназіі, затым паступіў у гімназію ў Яраслаўлі, якую скончыў у 1917 годзе.
Пасьля завяршэньня гімназічнай адукацыі вярнуўся на Дзісьненшчыну. Тут завязаў кантакты з ксяндзом Адамам Станкевічам, праўдападобна пад яго ўплывам заняўся арганізацыяй беларускіх школаў. У 1917—1919 настаўнічаў на Дзісьненшчыне ў беларускіх пачатковых школах у Більдзюгах і Новым Пагосьце. У ліпені 1919 перабраўся ў Вільню.
Скончыў Віленскія беларускія настаўніцкія курсы (1919). У той жа год паступіў у Віленскі ўнівэрсытэт на мэдыцынскі факультэт. Падчас вучобы ва ўнівэрсытэце Браніслаў Туронак далучыўся да беларускага студэнцкага руху. Увайшоў у склад першай управы Беларускага студэнцкага саюзу (БСС, 1921), быў адказным сакратаром месячніка «Нашага шляху» (1922—1923) і «Крыніцы» (1923—1925). У 1923 у складзе новай управы БСС, таксама абраны сакратаром Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны.
Работа і грамадзкая дзейнасьць
рэдагавацьПасьля заканчэньня ўнівэрсытэту (1924) і двухгадовай практыкі Б. Туронак атрымаў дыплём доктара лекарскіх навук (1926). У жніўні 1925 году арыштаваны польскай паліцыяй як рэдактар «Крыніцы», дзе разьмяшчаліся матэрыялы ў абарону выкарыстаньня беларускай мовы ў каталіцкім касьцёле. Два тыдні пра яго не было ніякіх вестак. Туронак мог быць вызвалены пад заклад 500 злотых. Ксёндз Адам Станкевіч прасіў суд зьменшыць заклад, але суд павялічыў яго да 1000 злотых. Дзякуючы салідарнасьці грошы былі сабраныя, і да суду Туронак знаходзіўся на свабодзе. Б. Туронак быў пасаджаны асуджаны да 3-месячнага турэмнага зьняволеньня. У 1927—1928 гадах працаваў у віленскай клініцы. Адзін са стваральнікаў і дзеячаў Беларускага сялянскага саюзу і Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры (з 1926 году). Кіраваў Віленскім аддзелам БІГіК да свайго выезду ў 1928 годзе.
Выбары ў сойм
рэдагавацьУ сьнежні 1928 году вылучаны кандыдатам ад Блёку нацыянальных меншасьцяў на выбарах у польскі сойм, але пасольскага мандату не атрымаў. Займаўся папулярызацыяй аховы здароўя. Выступаў з артыкуламі па гэтай тэме ў газэце «Беларуская крыніца». У 1928 ягоная праца «Гігіена ўзгадаваньня дзіцяці» выйшла асобнай брашурай.
Сям'я
рэдагавацьУ студзені 1928 году ажаніўся з Марыяй Рэшаць — сястрой беларускага ксяндза і прафэсара Язэпа Рэшаця. 26 красавіка 1929 году нарадзіўся Юры Туронак. Празь некалькі месяцаў нарадзіўся сын Андрэй. 20 сакавіка 1935 году нарадзіўся сын Міхась.
Дзеці былі апранутыя, абутыя, дагледжаныя, рэгулярна сьнедалі, абедалі і вячэралі ў сталовым пакоі, прычым мясная ці іншая абедзенная страва падавалася як першая, суп — як другая. Быў гэта быццам бы расейскі звычай, да якога маці прывыкла ў Сібіры, дзе жыла пад час бежанства.
— За кардонам Бацькаўшчыны: успаміны[1].
Бацькі імкнуліся выхаваць сыноў у беларускім духу — прывіць ім веданьне беларускай мовы і нацыянальную сьвядомасьць[2].
Асноўную ролю ў выхаваўчым працэсе павінен быў адыграць родны дом, у якім бесперашкодна панавала беларуская атмасфэра. Толькі па-беларуску гаварылі бацькі між сабою і зь дзецьмі і патрабавалі, каб і сыны між сабою так гаварылі. З такой мэтай была запрошана з Браслаўшчыны служанка Яня, якая ня толькі дапамагала маме ў хатніх занятках, але і пашырала невялікі сямейны беларускамоўны круг.
— За кардонам Бацькаўшчыны: успаміны[2].
У Дукшты езьдзілі таварышы Браніслава Туронка: Марыян Пецюкевіч, Язэп Малецкі, Уладзіслаў Казлоўскі і іншыя, якія, ехалі зь Вільні на Браслаўшчыну, чакалі ў Дукштах перасадкі на вузкакалейку, якой ехалі далей на Браслаўшчыну. У 1937 годзе ў дому Туронкаў быў мастак Пятро Сергіевіч, які ў 1937 годзе рэстаўраваў фрэскі ў Старадукштанскім касьцёле. Захаваўся зроблены тады ім партрэт Юрыя Туронка.
Сьмерць
рэдагавацьУ сярэдзіне верасьня Браніслава Туронка паклікалі да хворага, які жыў у вёсцы за Дзісенскім возерам. Праз возера плыў туды і назад маторнай лодкай і моцна прастудзіўся. Тры дні хварэў, была высокая гарачка і ніякае мэдычнае дапамогі. Лячыўся сам. 19 верасьня 1939 году а 5 гадзіне 30 хвіліне памёр[3]. Пахавалі Браніслава Туронка ў Старых Дукштах каля касьцёлу. Тамаш Зан быў спраўнікам пахаваньня Браніслава Туронка.
Сабраная Браніславам Туронкам калекцыя кніг і часопісаў згарэла ў 1944 годзе.
Літаратура
рэдагаваць- Туронак Ю. Памяці Браніслава Туронка. Варшава — Нью-Ёрк, БІНіМ. 1990.
- Юры Туронак. За кардонам Бацькаўшчыны. Успаміны. Мінск: Медысонт, 2010, isbn: 978-985-6887.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Туронак Браніслаў(недаступная спасылка) // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- ^ Туронак, Юры За кардонам Бацькаўшчыны: успаміны / Г. Сагановіч. — Менск: Медысонт, 2010. — С. 21. — 276 с. — (Бібліятэка ч-су Беларускі гістарычны агляд). — ISBN 978-985-6887
- ^ а б Туронак, Юры За кардонам Бацькаўшчыны: успаміны / Г. Сагановіч. — Менск: Медысонт, 2010. — С. 23. — 276 с. — (Бібліятэка ч-су Беларускі гістарычны агляд). — ISBN 978-985-6887
- ^ Туронак, Юры За кардонам Бацькаўшчыны: успаміны / Г. Сагановіч. — Менск: Медысонт, 2010. — С. 34. — 276 с. — (Бібліятэка ч-су Беларускі гістарычны агляд). — ISBN 978-985-6887