Беларуская міталёгія

Белару́ская міталёгія — комплекс вераваньняў насельніцтва Беларусі. Уключае сыстэму дахрысьціянскіх мітаў (аб якой амаль не засталося крыніц), а таксама «народная біблія» — апакрыфічныя народныя ўляўленьні пра хрысьціянскага Бога, інтэрпрэтацыі розных біблейскіх падзеяў і пэрсанажаў. Пры гэтым сюжэтная аснова Народнай Бібліі з большасьці язычніцкая, пэрсанажам Бога, Д’ябла, Хрыста ў ранейшых вэрсіях маглі адпавядаць постаці паганскіх багоў. Сьвятыя (Юрай, Пятро, Ільля) у гэтых сюжэтах кіруюць прыроднымі зьявамі і па сваіх функцыях, атрыбутыцы фактычна адпавядаюць пэўным дахрысьціянскім божышчам. Сёньня тэма беларускай міталёгіі вельмі мала вывучаная, цікавасьць да яе фармуецца, яна кладзецца ў аснову мастацкіх твораў («Аб багох крывіцкіх сказы» Сяргея Хмары і іншыя), але гэты працэс ідзе пакуль што вельмі павольна.

Балотны цмок

Праблема крыніцРэдагаваць

У адрозьненьне ад грэцкай, эгіпецкай, шумерскай міталёгіяў, беларуская не пакінула аб сабе ніякіх рэлігійных тэкстаў, ніякіх пісьмовых зьвестак ад асобы людзей, якія ў яе верылі. Акрамя таго, амаль не захавалася і артэфактаў, што можа сведчыць, па-першае, аб вялікшай нецярпімасьці, зь якой тутэйшыя князі і царква ставіліся да паганскіх вераваньняў, па-другое, аб шкодным уплыве шматлікіх войнаў. Усе наяўныя сёньня зьвесткі пачэрпнутыя з хрысьціянскіх павучэньняў супраць язычніцтва, з тэкстаў іншаземных гісторыкаў (Пракопій Кесарыйскі), а таксама з дасьледаваньняў фальклярыстаў і этнографаў ХІХ—ХХ стагодзьдзяў. Болей за тое, верыфікацыя многіх крыніц складаная. Фальклярыст Павал Шпілеўскі быў вядомы сваім легкадумным стаўленьнем да міталёгіі, ён беспадстаўна вылучаў імёны багоў з народных прыказак, дыялектных словаў, песень. Этнаграфічныя дасьледаваньні М. С. Кацара і У. Васілевіча таксама крытыкаваліся за магчымую неаб’ектыўнасьць. Матэрыялам дзеля фальклярыстаў былі народныя песьні, казкі, вышыўкі адзеньня, загадкі і інш.

Карціна сьвету ў беларускай міталёгііРэдагаваць

Няма адзінай думкі наконт таго, як уяўлялі сусьвет старажытныя беларусы-язычнікі. Некаторыя народныя песьні і загадкі даюць падставу сьцьвярджаць, што восьсю сусьвету было касмічнае дрэва, падобнае да скандынаўскага Ігдрасіля. На ім месьцілася Зямля, у кароне было неба і прытулак дзеля птушак, а ў каранях знаходзіўся падземны сьвет. У пачатку ХХ ст. палешукі, паводле А. Сержпутоўскага, лічылі, што Зямля стаіць на вялікай рыбіне. Паводле П. П. Дземідовіча, беларусы думалі, нібыта Зямля — гэта тонкая скура, якая пакрывае зьверху бяздонны акіян. У полі часам сустракаюцца яміны, якія з’яўляюцца «брамамі» ў гэтую водную бездань, і там быццам жыве Д’ябал.

На краі сьвету ці ў яго цэнтры (міталягічнаму мысьленьню наогул уласьцівае атоесамліваньне ўскраіны і цэнтру) знаходзіцца вялікая гара, у якой жыве Сатана, альбо на якой расьце дрэва (магчыма, рэха міта пра Сусьветнае Дрэва). Ці то на ўскраіне сьвету, ці то ў кароне Дрэва месьціцца Вырай — зімовы прытулак дзеля птушак і душ памерлых.

Стварэньне сьвету ў беларускай міталёгііРэдагаваць

Паганскі касмаганічны міт не захаваўся. Але шэраг валачобных песень, народных балад, паданьняў, апокрыфаў «народнай бібліі» утрымлівае рэшткі нехрысьціянскіх касмаганічных матываў. Але гэтыя матывы часта супярэчаць адзін аднаму, адзіная касмаганічная сыстэма з іх не выбудоўваецца.

  • Разьбіваньне камня. У паданьні «Адкуль пайшлі беларусы» паведамляецца, што бог Пярун пачаў кідаць маланкі ў камень, што стаяў пасярод мёртвай вады. Ад камня адскочылі яскаркі, ад якіх нарадзіліся Зямля і ўсё жывое. У веснавых песьнях конь сьвятога Юрая (пазьнейшы заменьнік бога Ярылы) разьбівае валун.
  • Рассыпаньне пяску па марской паверхні. У паданьні «Пра паходжаньне Д’ябала і балот» Бог рассыпае марскі глей па акіянскай паверхні, глей цьвярдзее, і зь яго ўтвараецца Зямля. Аналягічным чынам ствараюць Зямлю балцкі бог Дзевас і сыбірскі Нум. Гэты ж міт пераклікаецца і са зьвесткамі П. П. Дземідовіча аб тым, што Зямля, ва ўяўленьнях беларусаў, — тонкая скура на паверхні касьмічнага акіяну.
  • Птушка губляе жалуд. У валачобнай песьні «два галубочкі» губляюць «два жалудочкі», зь якіх растуць два дубы (магчыма, рэшта вобразу Сусьветнага дрэва), на дубах гараць сьвечкі (верагодна, зоркі), а вакол іх разьліваецца мора. У іншай валачобнай песьні сава губляе жалуд, і зь яго вырастае дуб.

БожышчыРэдагаваць

Дундар (Пярун)Рэдагаваць

Агульны дзеля ўсходніх славян бог маланак, дажджу, вайны і княжацкай улады. На Слонімшчыне і Мядзельшчыне насіў імя Дундар (Дундаль).

Макош (альбо Мокаш)Рэдагаваць

Багіня ніжэйшага сьвету, жаночай працы.

ВялесРэдагаваць

Бог паляваньня, гадоўлі скаціны, багацця, гандлю. Неаднарозова прысоўваліся і крытыкаваліся гіпотэзы аб магчымым міце пра ворагаваньне Вялеса і Пяруна (Дундара).

ЯрылаРэдагаваць

Боскі статус спрэчны, мог быць духам вясны, каханьня, цеплыні. Яго імя ў старажытных крыніцах адсутнічае, вобраз цалкам адноўлены па матэрыялах фалькларыстаў і этнографаў. Пазней у народным кульце сьвятых яму адпавядалі па функцыях сьвяты Юрай, а таксама, верагодна, Пятро.

ЯшчарРэдагаваць

Божышча ніжэйшага сьвету, магчыма меў зьмяіныя рысы. Як мяркуецца, упершыню згаданы ў польскіх крыніцах ХV ст. пад імем Iаsse, Iesse[1] (скарочаная форма — jaze — «змей»)[2].

МараРэдагаваць

Верагодна, багіня сьмерці. Назва гораду Мар’іна Горка можа паходзіць ад прыгорка, які быў калісьці культавым аб’ектам багіні Мары.

ДаждзьбогРэдагаваць

Магчыма, бог сонца.

СтрыбогРэдагаваць

Магчыма, бог вятроў,

Зара-ЗараніцаРэдагаваць

У старажытных крыніцах не згадваецца, але фігурыруе ў замовах: да яе зьвяртаюцца, каб дапамагла ад хваробаў. У старажытнай рэлігіі ёй магло адпавядаць жаночае божышча.

Існуе таксама шмат гіпатэтычных божышчаў, якіх хутчэй за ўсё выдумалі дасьледчыкі, беспадстаўна вылучылі іх з пазьнейшых уяўленьняў пра духаў, дэманаў, з лексічных абаротаў і фальклёрных твораў. Гэта Лада, Лёля, Каляда, Купала, а таксама шматлікія «багі», якіх згадвае П. Шпілеўскі: Сева, Лазавік, Зюзя, Талака, Жыжаль, Жыцень, Жытняя Баба, Чур, Паляндра, Дзявоя, Пахвіст і інш. Крытыкуецца і постаць бога Бялуна, пра якога паведамляе фалькларыст Адам Кіркор.

КрыніцыРэдагаваць

ЛітаратураРэдагаваць

  • Беларуская міфалогія. Энцыклапедычны слоўнік — Мінск: Беларусь, 2004
  • Веснавыя песні / Уклад. Г. А. Барташэвіч, Л. М. Салавей, В. І. Ялатаў. Мн., 1979.
  • Васілевіч У. Зямная дарога ў Вырай. Беларускія народныя прыкметы і павер’і. — Мінск : Беларусь, 2010.- 717 с : іл.
  • Вуглік, І. Р. Міфалогія беларусаў : навучальна-метадычны дапаможнік / І. Р. Вуглік. — Мінск : Сучасныя веды, 2005. — 151 с.
  • Казакова, І. В. Беларускі фальклор: вучэбны дапаможнік/ І. В. Казакова. — Мінск: выдав. Цэнтр БДУ, 2007. — С.10-25
  • Кацар М. С. Беларускі арнамент. Ткацтва, вышыука / пер. з рус. мовы, літ. апрац. і навук. рэд. Я. М. Сахута. — 2-е выд. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009. — 223 с.: іл.
  • Крук Я. Сімволіка беларускай народнай культуры. Мінск : Беларусь, 2011. — 430 с: іл.
  • Малашук І. М. Сонца ў эпічных жанрах вуснапаэтычнай творчасці / І. М. Малашук // Гістарычны альманах. — 2002. — № 8
  • Малашук, І. М. Архетып сонца ў беларускім фальклоры / І. М. Малашук — Мінск: Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі, 2003, — С.10-14
  • Міфалогія беларусаў: энцыкладпедычны слоўнік / склад. І. Клімковіч, В. Аўтушка; навук. рэд. Т. Валодзіна, С. Санько. — Мн.: Беларусь, 2011. — 607 с.: іл.
  • Новак В. С. Міфалагічныя ўяўленні беларусаў / пад рэдакцыяй В. С. Новак — Мн.: «Право и экономика», 2010
  • Пашкоў, Г. П. Беларускі фальклор: Энцыклапедыя. Т. 2 /Г. П. Пашкоў. — Мінск: БелЭн, 2006. — 832 с
  • Стаіць зямля пасярод свету… Беларускія народныя прыкметы і павер’і. Кн.1. Укладальнік У.Васілевіч. Мн., 1996.
  • Санько, С. Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько, І. Клімовіч. — Мінск: Беларусь, 2006. — 599 с