Балцкая міталёгія
Ба́лцкая міталёгія — сыстэма дахрысьціянскіх міталягічных уяўленьняў балцкіх плямёнаў. Гэтыя плямёны захоўвалі паганскія вераваньні ажно да XV стагодзьдзя — пакуль, нарэшце, не былі зьвернутыя ў хрысьціянства падчас Паўночных крыжовых паходаў і хрышчэньня Літвы 1387 году.
Гістарычныя зьвесткі
рэдагавацьНайстаражытнейшыя зьвесткі пра міталёгію й рытуалы балцкіх плямёнаў, апроч археалягічных крыніцаў, адносяцца да канца І ст. н. э. Апісваючы эстыяў, якіх атаясамліваюць са старажытнабалцкімі плямёнамі, Тацыт паведамляе, што яны пакланяюцца прамаці багоў і ў якасьці адметнай рысы свайго культу, носяць на сабе знакі дзікоў. Некаторыя зьвесткі пра рэлігію прусаў зьмяшчае англа-саксонскі вопіс падарожжа Вульфстана (канец ІХ ст.) і жыцьцяпісы біскупа Адама Брэмэнскага, які спрабаваў распаўсюдзіць сярод прусаў хрысьціянства. Арабскі географ Ідрысі паведамляе аб пакланеньні агню, була папы рымскага Інакенцыюса III ад 5 кастрычніка 1199 року згадвае ўшанаваньне балтамі дрэваў, траваў, крыніцаў, жывёлаў. Пазьнейшыя пісьмовыя крыніцы — «Хроніка Прускай зямлі» П. Дусбурга (XIV ст), працы польскага гісторыка Яна Длугаша (XV ст), нямецкага манаха С. Грунаў, летувіскіх пісьменьнікаў Мажвідаса, Даўкшы, Брэткунаса, польскіх гісторыкаў М. Стрыйкоўскага, Я. Ласіцкага (XVI ст). Яны, аднак, падаюць шмат сумнеўных зьвестак, а таксама вольна дапаўняюць вобразы багоў беспадстаўнымі паралелямі з антычнай міталёгіяй. Ранейшыя нямецкія хронікі паведамляюць аб існаваньні ў тагачасных усходніх балтаў і прусаў агульнага правадыра Крывэ, які нібыта меў над імі найвышэйшую палітычную ўладу, але сучасныя дасьледнікі (іх частка, якая дапускае існаваньне рэальнага Крывэ) разглядае яго як нейкага рэлігійнага правадыра. Урэшце, хронікі паведамляюць аб існаваньні ў прусаў сьвяцілішча Ромува, якое па здушэньні прускіх паўстаньняў было перанесена ў Жамойць, дзе яго культ згас па хрысьціянізацыі.
У XVI ст. хрысьціянізацыя балцкіх народаў пасьпяхова завяршылася, але рэшткі паганства захаваліся ў сфэры неафіцыйнай культуры, фальклёры, традыцыях, мове. Да крыніцаў рэканструкцыі мітаў належаць народная разьба, вышыўкі, арнамэнты.
Асноўныя боствы
рэдагаваць- Дзевас — бог яснага неба;
- сыны Дзеваса;
- Саўле — багіня-Сонца;
- дочкі Саўле;
- Мэну — бог-Месяц;
- Пяркунас — бог маланак, навальніцы, дажджу;
- Жаміна — багіня ўрадлівасьці, жанчынаў і зямлі;
- Вяльняс, Велс — хтанічнае боства, заступнік свойскай жывёлы;
- Лайма, Дэкла і Карта — тры багіні, зьвязаныя зь лёсам;
- Аўшра або Аўстра — багіня сьвітанку, зьвязаная з плянэтай Вэнэрай;
- Мэдэйна — багіня лясной жыўнасьці;
- Сові — заснавальнік традыцыі трупаспаленьня і правадыр у замагільны сьвет.
Духі і істоты
рэдагаваць- дэйвы-пралі;
- гномы-бардзукі;
- вілкаціс — ваўкі-пярэваратні;
- айтварас — лятучы дух, які зьяўляецца ў вобразе яркага агнявога пошугу;
- каўкас — аналяг славянскага дамавіка.
Глядзіце таксама
рэдагавацьВонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Балтийская мифология (рас)
- Иванов В. В., Топоров В. Н. Балтийская мифология // Мифы народов мира. — М., 1991
- Гуревич Ф.Д. Древние верования народов Прибалтики по данным «Хроники Ливонии» Генриха Латвийского. — 1948. — № 4.