Астроская акадэмія
Нацыяна́льны ўнівэрсытэ́т «Астро́ская акадэ́мія» (па-ўкраінску: Національний університет «Острозька академія») — нацыянальны аўтаномны дасьледніцкі ўнівэрсытэт Украіны, разьмешчаны ў Астрогу (Ровенская вобласьць, Украіна).
Нацыянальны ўнівэрсытэт «Астроская акадэмія» | |
Національний університет «Острозька академія» | |
Заснаваны | 1576 (Астроская школа) 1994 (Нацыянальны ўнівэрсытэт) |
---|---|
Тып | нацыянальны, аўтаномны, дасьледніцкі |
Рэктар | Ігар Пасічнік |
Месцазнаходжаньне | |
Горад | Астрог |
Вобласьць | Ровенская |
Краіна | Украіна |
Былыя назвы | Астроская школа Астроская акадэмія |
Вэб-сайт | www.uosa.uar.net |
Гісторыя
рэдагавацьЗаснаваны каля 1576 году на сродкі князя Канстантына-Васіля Астроскага ў яго родавым маёнтку Астрог як славяна-грэка-лацінская школа. Астроская школа стала першай вышэйшай навучальнай установай ва Ўсходняй Эўропе. 7 лютага 1577 году ўпершыню згадваецца ў прадмове да кнігі Пятра Скаргі «Пра еднасьць касьцёлу Боскага».
Мела трохступенны характар, спалучала ў сабе элемэнтарную (пачатковую) і сярэднюю школы, з пачаткамі вышэйшай. У аснову праграмы навучаньня была пакладзена заходнеэўрапейская сыстэма «сямі вольных навук»: вывучаліся граматыка, рыторыка, дыялектыка, арытмэтыка, геамэтрыя, астраномія, музыка. Студэнты засвойвалі пяць моваў: царкоўнаславянскую, польскую, грэцкую, лацінскую і старагабрэйскую(en). Выкладаліся таксама філязофія і багаслоўе.
Першым рэктарам быў бацька Мялеція Сматрыцкага Герасім Сматрыцкі(uk). Падручнікі для навучаньня рыхтаваліся і друкаваліся ў Астроскай друкарні. Непасрэдна пры школе і друкарні Астроскі стварыў гурток адукаваных людзей, якія займаліся перакладамі, распрацоўвалі і выдавалі вучэбную, богаслужбовую, павучальную літаратуру. Да гуртку належалі вядомы друкар Іван Федаровіч, пісьменьнік Герасім Сматрыцкі, перакладнікі і выдаўцы Васіль Сураскі(uk) і Цімафей Міхайлавіч; браты Дзям'ян(uk) і Ігнацій Налівайкі. У Астрог часта наведваліся грэцкія навукоўцы — Дыянісій Палеалог(uk), будучы Канстантынопальскі патрыярх Кірыл Лукарыс(uk), патрыяршы экзарх сьвяшчэннамучанік Нікіфар Кантакузін. Усе гэтыя высокаадукаваныя людзі прымалі ўдзел у навучаньні, што сьведчыць пра яго высокі ўзровень.
Са сьценаў Астроскай акадэміі выйшлі вядомыя царкоўныя і грамадзка-культурныя дзеячы — пісьменьнікі-палемісты і перакладнікі. Сярод іх: Клірык Астроскі(uk) — аўтар пісьмаў-адказаў Іпацію Пацею; Мялецій Сматрыцкі — эпіскап і вядомы пісьменьнік-палеміст; Захарыя Капысьценскі — пісьменьнік-палеміст; Яў Барэцкі — Кіеўскі мітрапаліт, перакладнік і пісьменьнік; Стэфан Зізаній — пэдагог і царкоўны прапаведнік; Андрэй Рымша — вядомы паэт, заснавальнік панэгірычнага жанру; Пятро Сагайдачны(uk) — казацкі гетман, і інш.
З заснаваньнем у Астрогу езуіцкай калегіі ў 1624 годзе школа прыйшла ў заняпад і ў 1640 спыніла сваё існаваньне.
Сучаснасьць
рэдагаваць12 красавіка 1994 году загадам прэзыдэнта Ўкраіны дзейнасьць унівэрсытэту была ўзноўленая, а 30 кастрычніка 2000 году ён атрымаў статус нацыянальнага.
У 1999 годзе дзейнасьць Астроскай акадэміі была адзначана XXVII Міжнародным прызам «За якасьць», што ўручаўся ў Парыжы.
22 чэрвеня 2007 году на базе Астроскай акадэміі была адчыненая віртуальная навуковая бібліятэка, аналягаў якой ва Ўкраіне пакуль што не існуе. У 2009 годзе ўнівэрсытэту нададзены статус самакіроўнае дасьледніцкае ВНУ.
Факультэты
рэдагаваць- Гуманітарны
- Рамана-германскіх моваў
- Правазнаўчы
- Эканамічны
- Палітычна-інфармацыйнага мэнэджмэнту
- Міжнародных адносінаў
Інстытуты
рэдагаваць- Даўнівэрсытэцкага, завочнага і дыстанцыйнага навучэньня
- Дасьледваньня ўкраінскай дыяспары
- Права і правасудзьдзя імя А. Маліноўскага
- Сацыяльных дасьледваньняў
Літаратура
рэдагаваць- Гайдай Л. Історія України в особах, термінах, назвах і поняттях. — Луцьк: Вежа, 2000.
- Довідник з історії України / За ред. І.Підкови та Р.Шуста. — К.: Генеза, 1993.