Апенька[1] — род базыдыяльных шапкавых грыбоў сямейства радоўкавых.

Апенька
Кошык восеньскіх апенек (2018 год)
Клясыфікацыя
НадцарстваПоўнаядравыя
ЦарстваГрыбы
ПадцарстваНайвышэйшыя грыбы
АддзелБазыдыяльныя грыбы
АтрадПечурыцападобныя
СямействаРадоўкавыя
Бінамінальная намэнклятура
Armillaria Паўль Кумэр

Сярод 17 вядомых на 1983 год відаў апенек у Беларусі сустракаўся 1 від — сапраўдная або восеньская апенька. Апенька паразытавала на больш як 200 відах аслабленых і старых найвышэйшых расьлінаў і таксама была сапратрофам. Расла найчасьцей у лісьцевых і хвойных лясах вялікімі скапленьнямі на ламаччы і пнях, каранях і ствалах дрэваў. Пладаносіла ў жніўні—кастрычніку да маразоў. Была ядомым грыбам. Спажывалася сьвежай, марынаванай і салёнай[2], а таксама варанай, смажанай і сушанай. На 1996 год у Беларусі таксама сустракаліся марнеючая апенька і хуткасьпелая або раньняя апенька[3]. Назва апенька ад месца росту на пні[4].

Пукатая і бураватая шапка апенькі зь невялікім бугарком і шматлікімі лусачкамі мела прамер 3—10 см і станавілася з узростам амаль пляскатай. У маладой шапкі гімэнафор быў закрыты прыватным пакрывалам у выглядзе плеўкі з рыхлага спляценьня гіфаў. Белаватая мякаць мела прыемны пах і смак. Прырослыя зубцом пласьцінкі мелі белавата-жаўтаватае адценьне і пазьней пакрываліся дробнымі бураватымі плямамі. Цыліндрычная і цьвёрдая ножка з плеўкавым кольцам у верхняй частцы ад рэштак прыватнага пакрывала была роўнай або пашыранай да асновы, уверсе сьветлай, а ўнізе аліўкава-бураватай. Гладкія і бясколерныя споры былі яйцападобна-эліпсаідальнымі. Споравы парашок меў белы колер. Грыбніца давала рызаморфы, з дапамогай якіх апенькі пашыраліся ад дрэва да дрэва[2].

У харчаваньні

рэдагаваць
 
Тушаныя апенькі (2018 год)

Пераважна спажываюць капялюшыкі (шапкі) апенек у вараным і марынаваным, смажаным і соленым, а таксама ў сушаным выглядзе, бо ножкі бываюць занадта кудзелістымі. Апенькі служаць нізкакалярыйнай ежай, бо зьмяшчаюць 22 кілякалёрыі на 100 грамаў. Валодае супрацьмікробным дзеяньнем, бо ўтрымлівае прыродныя антыбіётыкі, што дапамагаюць супраць кішачнай палачкі і стафілякокаў. Найбольшым багацьцем вітамінаў валодалі апенькі, што расьлі на бярозавых пнях[5].

  1. ^ Галіна Сяржаніна, Іван Яшкін. Беларускія назвы грыбоў // Грыбы і грыбная кулінарыя. — Менск: Беларуская асацыяцыя кулінараў, 2005. — С. 351. — 392 с.
  2. ^ а б Вольга Гапіенка. Апенька // Энцыкляпэдыя прыроды Беларусі ў 5 тамах / гал.рэд. Іван Шамякін. — Менск: Беларуская савецкая энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1983. — Т. 1. Ааліты — Гасьцінец. — С. 107. — 575 с. — 10 000 ас.
  3. ^ Вольга Гапіенка. Апенька // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 1: А — Аршын. — С. 423. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0036-6
  4. ^ Галіна Сяржаніна. Тлумачэньні навуковых родавых найменьняў // Грыбы і грыбная кулінарыя: энцыкл. даведнік / адказн. В.М. Радзевіч. — Менск: Беларуская асацыяцыя кулінараў, 2005. — С. 53. — 392 с. — 1000 ас. — ISBN 985-6081-34-3
  5. ^ Юлія Ваўчок. Што шукаць у лесе // Партал «Слушна», 21 верасьня 2022 г. Праверана 8 кастрычніка 2022 г.