Анёл Доўгерд[1][a] (2 сьнежня 1776, маёнтак Юркаўшчына Амсьціслаўскага павету — 26 красавіка 1835, Вільня) — філёзаф і пэдагог.

Анёл Доўгерд

Герб «Лебедзь»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 2 сьнежня 1776
Юркаўшчына Амсьціслаўскага павету
Памёр 26 красавіка 1835
Вільня
Род Доўгерды
Бацькі Андрэй
Дзейнасьць філёзаф, лёгік, псыхоляг

Біяграфія

рэдагаваць

З шляхецкага роду Доўгердаў, сын Андрэя[2]. З 1786 году навучаўся ў Амсьціслаўскім і Магілёўскім езуіцкім калегіюмах, дзе паказаў выдатныя здольнасьці. Працягваў навучаньне ў Дубровенскім піярскім калегіюме, дзе вывучаў рыторыку, лёгіку, фізыку, гісторыю, лацінскую і францускую мовы. У 1791 годзе ўступіў у ордэн піяраў у Любяшове (Пінскі павет). Навучаўся ў Дубровіцкім піярскім калегіюме і Віленскай акадэміі (1793—1796).

У 1796—1807 гадох выкладаў матэматыку, фізыку і рыторыку ў піярскіх калегіюмах у Лідзе, Віцебску, Шчучыне. У 1807 годзе пераехаў у Вільню і стаў працаваць у Галоўнай духоўнай сэмінарыі пры Віленскім унівэрсытэце. З 1809 году выконваў абавязкі капэляна, а ў 1816 году атрымаў прызначэньне на капэляна Галоўнай духоўнай сэмінарыі. У 1818—1832 гадох чытаў лекцыі зь лёгіцы, псыхалёгіі і філязофіі ў Віленскім унівэрсытэце. Па закрыцьці ўнівэрсытэту атрымаў прызначэньне на віленскага каноніка, з 1834 году працаваў прафэсарам Віленскай духоўнай сэмінарыі.

Напісаў дасьледваньне з філязофіі Імануіла Канта (польск. «Filozofia Kanta, czyli badania bezstronne nad jego układem», 1814 год, рукапіс загінуў), манаграфію «Аб лёгіцы, мэтафізыцы і маральнай філязофіі» (польск. «O logice, metafizyce i filozofii moralnej. Rozprawa na skutek konkursu ogłoszonego przez cesarski Uniwersytet Wileński r. 1820 dnia 1 marca do katedry rzeczonych przedmiotów napisana», Вільня, 1821 год). Падрыхтаваў тры тамы твораў з лёгікі (пры жыцьці з друку выйшаў толькі першы — «Выклад прыродных правілаў мысьленьня або тэарэтычная і практычная лёгіка», польск. «Wykład przyrodzonych myślenia prawideł, czyli logika teoretyczna i praktyczna», Полацк, 1828 год). Захаваліся яго рукапісы зь лёгікі, філязофіі, натуральнай тэалёгіі.

Быў прыхільнікам поглядаў Джона Лока і Эцьена Кандыльяка (распрацоўвалі эмпірыстычную тэорыю), якія спалучаў з аб’ектыўным ідэалізмам. Матэрыялістычныя моманты сьветаўспрыманьня выявіліся галоўным парадкам у тэорыі пазнаньня (прыняцьця аб’ектыўнага сьвету, які дзее на органы пачуцьцяў, законаў і фактараў прыродаўства як галоўных крытэрыяў ісьціны, адмаўленьне прыроджаных ідэяў).

Захапляўся паэзіяй, пісаў вершы, цікавіўся эстэтыкай і крытыкай. Прапаноўваў Віленскаму унівэрсытэту плян выкладаньня эстэтыкі, падзяліў яе на агульную (тэарытычную), прыватную (крытыка) і лінгвістычную (аналіз мовы). Дасьледваў ролю ўяўленьня і фантазіі ў творчасьці наогул і ў мастацтве ў прыватнасьці. Выдзяляў два віды пазнаньня рэчаіснасьці: мастацкі і філязофскі. Лічыў, што мастацкія ўяўленьні залежаць ад узроўню цывілізацыі[3].

  1. ^ Таксама Анёл Доўгірд (польск. Anioł Dowgird)
  1. ^ Трацяк І. Беларускае каталіцкае духавенства ля вытокаў сацыякультурнай ідэнтыфікацыі : манагр. — Горадня: ГрДУ, 2013. С. 256.
  2. ^ Болбас В. Усеагульны маральны закон А. Доўгірда // Адукацыя і выхаванне. № 2, 2001. С. 60.
  3. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мсьціслаўскага р-на / Рэдкал. У. Л. Гасянкоў і інш. — Мн.: Полымя, 1999. С. 78.

Літаратура

рэдагаваць
  • Болбас В. Усеагульны маральны закон А. Доўгірда // Адукацыя і выхаванне. № 2, 2001. С. 60—64.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мсьціслаўскага р-на / Рэдкал. У. Л. Гасянкоў і інш. — Мн.: Полымя, 1999. — 608 с.: іл. ISBN 985-07-0201-X.
  • Тамушанскі Р. Анел Доўгірд — філосаф з Вільні // Спадчына. № 5, 1994. С. 63—67.
  • Rudkouski P. Anioł Dowgird’s Problems with Reality // Studies in Logic, Grammar, and Rhetoric. Vol. 13 (26), 2008. P. 27—40.
  • Довгирдовские чтения III: философская антропология и социальная философия. Материалы международной научной конференции, г. Минск, 26—27 апреля 2012 г. — Минск: Право и экономика, 2012. — 628 с.
  • Дорошевич Э. К. Аниол Довгирд — мыслитель эпохи просвещения. — Минск: Наука и техника, 1967. — 156 c.