Аляксе́й Міха́йлавіч Ліцьві́н (нарадзіўся 12 студзеня 1951 г.; в. Семігосьцічы, Давыд-Гарадоцкі раён, Пінская вобласьць) — беларускі гісторык, прафэсар. Доктар гістарычных навук.

Аляксей Міхайлавіч Ліцьвін
Дата нараджэньня 12 студзеня 1951
Месца нараджэньня Семігосьцічы, Альшанскі сельсавет, Давыд-Гарадоцкі раён, Пінская вобласьць, БССР, СССР
Месца вучобы гістарычны факультэт БДУ
Занятак гісторык
Навуковая сфэра гісторыя
Месца працы Інстытут гісторыі партыі пры ЦК КПБ
Інстытут гісторыі НАНБ
Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт
Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт
Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўнівэрсытэт
Акадэмія Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусі
Сябра ў Беларуска-германская гістарычная камісія[d][1]
Навуковая ступень доктар гістарычных навук (2000)
Узнагароды
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Ліцьвін.

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Аляксей Міхайлавіч Ліцьвін нарадзіўся 12 студзеня 1951 году ў вёсцы Семігосьцічах Давыд-Гарадоцкага раёну Пінскае вобласьці (цяпер Столінскага раёну Берасьцейскае вобласьці) у сялянскай сям’і. Бацька, Міхаіл Іванавіч, працаваў бакеншчыкам на рацэ Прыпяці, а маці, Марыя Адамаўна, паляводам у калгасе. У сям’і Ліцьвіных было трое дзяцей: сын Аляксей і дочкі Натальля й Паліна.

Па сканчэньні Сямігосьціцкай сярэдняй школы ў 1968 годзе Аляксей Ліцьвін паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Дыплёмная работа, якую ён абараніў на выдатна, была прысьвечаная дзейнасьці камуністаў ва ўрадзе Сальвадора Альендэ ў Чылі.

У 1973—1975 гадах у годнасьці лейтэнанта Аляксей Ліцьвін праходзіў тэрміновую службу ва Ўнутраных войсках МУС СССР. Пакуль служыў, здаў кандыдацкія экзамэны, паколькі плянаваў займацца навуковай дзейнасьцю. Па дэмабілізацыі Аляксей Міхайлавіч пачаў працаваць у Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Да сьнежня 1984 году быў малодшым навуковым супрацоўнікам аддзелк Вялікай Айчыннай вайны, з 1977 году ўваходзіў у склад суполкі па вывучэньні Менскага падпольля. Аляксей Міхайлавіч прымаў удзел у падрыхтоўцы шэрагу фундамэнтальных працаў: трохтомніка «Всенародная борьба в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны» (па-беларуску: Усенародная барацьба ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны; 1983—1985), трэцяга тома зборніка дакумэнтаў «Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны» (па-беларуску: Усенародны партызанскі рух ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны; 1982).

З 1985 году Аляксей Ліцьвін працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР. У 1986 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю «Военно-оперативное руководство Компартии Белоруссии партизанским движением в годы Великой Отечественной войны (1941—1944 гг.)» (па-беларуску: Ваенна-апэрацыйнае кіраўніцтва Кампартыі Беларусі партызанскім рухам у гады Вялікай Айчыннай вайны (1941—1944 гг.)).

У 1987 годзе Аляксей Ліцьвін узначаліў у Інстытуце гісторыі АН БССР аддзел гісторыі Беларусі кругабегу Вялікай Айчыннай вайны (з 1991 г. — аддзел ваеннай гісторыі Беларусі; з 2005 г. — аддзел ваеннай гісторыі і міждзяржаўных дачыненьняў). Пад кіраўніцтвам Аляксея Міхайлавіча супрацоўнікі аддзелу ў рамках выкананьня тэмы «Беларусь у войнах і ваенных канфліктах ХХ ст.» упершыню заняліся вывучэньнем шэрагу пытаньняў ваеннай гісторыі, а менавіта — удзелу беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў вайне 1936—1939 гадоў у Гішпаніі, савецка-фінляндзкай вайне 1939—1940 гадоў, у лякальных ваенных канфліктах 1950—1970 гадоў.

У 2000 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю «Антысавецкія ваенна-паліцэйскія фарміраванні на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Вытокі. Структура. Дзейнасць».

Навуковую працу прафэсар А. М. Ліцьвін пасьпяхова спалучае з выкладчыцкай, дзеліцца сваімі ведамі са студэнтамі БДУ, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту, Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўнівэрсытэту, Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусі.

20 верасьня 2020 году быў затрыманы на Маршы Справядлівасьці[2].

Даследніцкая дзейнасьць

рэдагаваць

Гісторык адным зь першых зьвярнуўся да разгляду праблемы стварэньня беларускага нацыянальнага войска пад час Першае сусьветнае вайны, да дзейнасьці на тэрыторыі Беларусі ў гады Нямецка-савецкае вайны Арміі Краёвай, Расейскай Нацыянальнай Народнай Арміі, латыскіх і ўкраінскіх паліцыйных батальёнаў, раскрыў вычын удзельніка Асіповіцкага падпольля Фёдара Крыловіча.

Навуковец папоўніў скарбонку беларускае гістарыяграфіі арыгінальнымі дасьледаваньнямі, што атрымалі прызнаньне як у Беларусі, так і за ейнымі межамі. Ягонаму пяру належыць больш за 200 навуковых працаў, прысьвечаных вывучэньню актуальных праблемаў ваеннае гісторыі, у тым ліку каля 20-ці індывідуальных і калектыўных манаграфіяў.

Найбольшы рэзананс і цікавасьць у навуковай супольнасьці выклікалі працы, якія выйшлі цягам 2001—2016 гадоў. Так, у манаграфіі «Акупацыя Беларусі (1941—1944): пытанні супраціву і калабарацыі» аўтар паспрабаваў зрабіць комплексны аналіз праблемы, раскрыць прычыны ўзьнікненьня і сутнасьць калябарацыянізму. У кнізе «На той войне незнаменитой. Советско-финляндская война и Беларусь (1939—1940 гг.)» (па-беларуску: На той вайне незнакамітай. Савецка-фінляндзкая вайна й Беларусь (1939—1940 гг.)) ён упершыню ў айчыннай гістарычнай навуцы на аснове скрупулёзнага аналізу самых разнастайных крыніцаў паказаў удзел аб’яднаньняў, злучэньняў і часьцяў Беларускай асобай ваеннай акругі, беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў савецка-фінляндзкай вайне.

Аляксей Міхайлавіч адным зь першых у беларускай гістарычнай навуцы ў фундамэнтальным калектыўным двухтомным выданьні «Беларусь. 1941—1945: Подвиг. Трагедия. Память» (па-беларуску: Беларусь. 1941—1945: Вычын. Трагедыя. Памяць; 2010) усебакова паказаў абарончыя баі 1941 году на тэрыторыі Беларусі, раскрыў складаны мэханізм каардынацыі баявых дзеяньняў партызанскіх сілаў Беларусі.

А. М. Ліцьвін выступае навуковым рэдактарам наступных выданьняў: «Беларусь непокорённая: Воспоминания, документы, хроника партизанского движения и подпольной борьбы 1941—1944» (па-беларуску: Беларусь няскораная: Успаміны, дакумэнты, хроніка партызанскага руху й падпольнай барацьбы 1941—1944»; 2005); «Внутренние войска МВД Республики Беларусь: История и современность» (па-беларуску: Унутраныя войскі МУС Рэспублікі Беларусі: Гісторыя й сучаснасьць; 2006); «Разняволеная памяць. Прымусовая праца беларускіх грамадзян на акупаванай тэрыторыі Беларусі (1941—1944 гг.): зборнік навуковых артыкулаў» (2010). Аляксей Міхайлавіч — адзін зь ініцыятараў стварэньня й выданьня грунтоўнай працы «Гісторыя Мінска» (2006), а таксама аўтар разьдзела ў гэтай кнізе.

Узнагароды

рэдагаваць

За шматгадовую навуковую й арганізатарскую работу на ніве гістарычнае навукі, высокія паказьнікі, дасягнутыя пры правядзеньні навуковых дасьледаваньняў, Аляксей Міхайлавіч узнагароджаны гадавінным мэдалём «60 год вызваленьня Рэспублікі Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» (2005), мэдалём «90 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусі» (2008), двума Ганаровымі граматамі Старшыні Прэзідыюму НАН Беларусі, Ганаровымі граматамі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусі й Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусі.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць