Але́сь Белако́з (11 верасьня 1928 в. Ляткі, Ваўкавыскі павет, цяпер в. Гудзевічы Мастоўскага раёну Гарадзенскай вобласьці — 1 сьнежня 2016, в. Гудзевічы Мастоўскага раёну, Гарадзенскай вобласьці) — беларускі настаўнік, краязнаўца, музэязнаўца.[1]

Алесь Белакоз
Імя пры нараджэньні Алесь Мікалаевіч Белакоз
Род дзейнасьці беларускі настаўнік, краязнаўца, музэязнаўца
Дата нараджэньня 11 верасьня 1928
Месца нараджэньня в. Ляткі, Польшча (цяпер — Беларусь)
Дата сьмерці 1 сьнежня 2016
Месца сьмерці в. Гудзевічы, Беларусь
Месца пахаваньня
Грамадзянства Беларусь
Месца вучобы
Занятак гісторык
Бацька Мікалай Белакоз
Узнагароды
мэдаль Францішка Скарыны

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Нарадзіўся ў сям’і малазямельнага селяніна. Бацька ў сярэдзіне 1920-х гадоў езьдзіў на працу ў Бразылію, па вяртаньні адкуль на заробленыя грошы пабудаваў дом у в. Ляткі і адчыніў сваю краму. Алесь амаль усё жыцьцё пражыў у роднай вёсцы, якая з часам зьлілася з больш вялікімі Гудзевічамі. У роднай вёсцы атрымаў пачатковую адукацыю: да нямецкай акупацыі скончыў 5 клясаў Гудзевіцкай няпоўнай сярэдняй школы. Пад час вайны вучыўся з дапамогай сястры Веры. У 1943 годзе бацька загінуў пад час нападу партызанаў на хату.[2]

У кастрычніку 1944 году пачаў вучыцца ў расейскай школе № 1 Ваўкавыску, якую скончыў у 1947 годзе. Няўдалыя спробы паступіць у Менскі мэдычны інстытут прымусілі часова адмовіцца ад плянаў атрымаць вышэйшую адукацыю і ўладкавацца ў 1948 годзе на працу ў якасьці настаўніка другіх і чацьвёртых клясаў у Гудзевіцкай школе. З 1949 году распачаў завочнае навучаньне на беларускім аддзяленьні Гарадзенскага пэдагагічнага інстытуту. Падчас вучобы працаваў у розных школах: 1953—1954 — настаўнік пачатковых клясаў у Струзе, у 1954—1955 гадох — выкладчык фізыкі і матэматыкі ў Тупічанскай семігодцы, у 1955—1959 гадох — выкладчык беларускай, нямецкай моваў у Радзявіцкай семігодцы. Па заканчэньні інстытуту ў 1958 годзе ўладкаваўся выкладчыкам беларускае мовы і літаратуры ў Гудзевіцкай сярэдняй школе.[2]

Грамадзкая дзейнасьць рэдагаваць

У 1948 годзе ўласнаручна вырабіў улёткі кароткага зьместу з заклікам «Змагайцеся за незалежную Беларусь!» і раскідаў іх зь цягніка па шляху ў Менск. Пазьней раскідваў улёткі і ў Менску. У 1949 годзе здолеў здабыць шрыфт і надрукаваў улётку антысавецкага зьместу, якую распаўсюджваў разам зь сябрамі ў Горадні. Цудам пазьбег арышту, калі пры наклейваньні ўлёткі на будынак міліцыі хлопцаў заўважылі. Пасьля гэтага выпадку ў Горадні пачаліся арышты, у прыватнасьці, ва ўнівэрсытэце.[2]

Што для вас свабода?

Для мяне свабода — гэта магчымасьць рабіць усё, што патрэбна для Беларусі.

Што для вас шчасьце?

Для мяне шчасьце — гэта працаваць для Беларусі, рабіць людзям дабро.

Што вы найбольш любіце рабіць?

Найбольш люблю апісваць жыцьцё патрыётаў свайго рэгіёну, невядомых людзей-патрыётаў…

Які ваш улюбёны дэвіз?

Мой дэвіз пра ўсё жыцьцё адзін — УСЁ ДЛЯ БЕЛАРУСІ!

З адказаў Алеся Белакоза на пытаньні «Радыё Свабода»[3].

У 1965 годзе наладжвае ліставаньне сваіх вучняў зь вядомымі беларускімі пісьменьнікамі, арганізоўвае школьны кабінэт беларускай літаратуры. Вучні захапіліся літаратурнай і дасьледніцкай дзейнасьцю, іх працы пачалі друкавацца ў беларускіх газэтах і часопісах. У 1965 годзе зарганізаваў акцыю лістоў слухачоў курсаў удасканаленьня настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры ў Менску на адрас ЦК КПБ з выкладаньнем праблемаў статуса беларускай мовы. Загітаваў на гэтую акцыю Арсень Ліс. Акцыя выклікала незадаволенасьць уладаў. Надалей настаўніцкая дзейнасьць Белакоза знаходзілася пад пастаянным кантролем.[2]

У Менску 14 траўня 1965 году са сцэны актавай залі Саюзу пісьменьнікаў БССР на сустрэчы кіраўнікоў раённых сэкцый беларускай мовы і літаратуры з 46-цю пісьменьнікамі Беларусі і студэнтамі Менску запатрабаваў, каб 80% школаў у Беларусі былі беларускімі, каб усе вышэйшыя і спэцыяльныя навучальныя ўстановы былі беларускія, каб беларуская мова была адзінай дзяржаўнай мовай у Беларусі. Іван Шамякін, якому Пятрусь Броўка даручыў весьці сустрэчу, жахнуўся і закрычаў: «Хопіць! Хопіць! Тушыце сьвятло, паказвайце фільм, сустрэча скончылася»[3].

У 1966 годзе разам з вучнямі выдаў першы нумар машынапіснага літаратурна-краязнаўчага альманаху «Праменьчык». Выданьне выходзіла раз на два гады. Усяго да канца 1980-х гадоў было выдадзена 14 нумароў, па 4 асобнікі кожны. У 1968 годзе ініцыяваў адкрыцьцё на базе кабінэта беларускай мовы і літаратуры літаратурна-краязнаўчага музэю. Музэй складаўся зь літаратурнага, этнаграфічнага аддзелаў, аддзела гісторыі Гудзевіцкай школы, а таксама «небясьпечных» аддзелаў гісторыі Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады і КПЗБ. З 1990 году Гудзевіцкі літаратурна-этнаграфічны музэй набыў статус дзяржаўнага. Музэй налічвае больш за 12 тысячаў экспанатаў, сабраных Белакозам разам з вучнямі. Распрацаваў спэцыяльную мэтодыку далучэньня вучняў да літаратурна-краязнаўчага пошуку, музэйнай справы і праз гэта да каштоўнасьцяў беларускай гісторыі і культуры.[2]

За актыўную дзейнасьць па зьбіраньні нацыянальнай спадчыны і распаўсюджаньні беларускай мовы неаднойчы адчуваў уціск з боку кіраўніцтва мясцовых аддзелаў адукацыі, а таксама КДБ.[2]

Бібліяграфія рэдагаваць

  • Школьны літаратурна-краязнаўчы музей // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — Мн., 1973. — № 4.
  • Як стварыць этнаграфічны музей у школе // Беларуская мова і літаратура ў школе. — Мн.,1990. — № 8.
  • Гудзевіцкі літаратурна-этнаграфічны музей // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 3. — Мн, 1996.
  • ANH. F-3 (аўтабіяграфія А.Белакоза)

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Вялікія і жывыя: інтэрвю з Алесем Белакозам (частка 1) Беларусь — наша зямля Праверана 25 траўня 2012 г.
  2. ^ а б в г д е Белакоз Алесь Электронная бібліятэка Праверана 25 траўня 2012 г.
  3. ^ а б Анкета Свабоды: Алесь Белакоз Радыё Свабода

Літаратура рэдагаваць

  • ANH. F-4 (запіс успамінаў А.Белакоза).
  • «Я ўвесь час думаю, што зрабіў мала». З А.Белакозам размаўляе А.Пяткевіч // Свіцязь. Гісторыка-культурны часопіс Гарадзеншчыны. — Горадня, 1994, № 2;
  • Алесь Белакоз // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 1. Мн., 1994.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць