Алéна Івано́ўская (часам Хэлена, Галена, Гэлена; па мужу Скіндар; 3 траўня 1885, Лябёдка, Лідзкі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя — 10 траўня 1973, Казяніцы, гміна Казяніцы, Казеніцкі павет, Келецкае ваяводзтва, Польская Народная Рэспубліка) — папулярызатарка ведаў па беларусазнаўстве, перакладніца, публіцыстка, удзельніца беларускага народнага руху, спэцыялістка ў галіне конегадоўлі; з роду Іваноўскіх.

Алена Іваноўская
Дата нараджэньня 3 траўня 1885(1885-05-03) або 1 траўня 1885(1885-05-01)[1]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 10 траўня 1973(1973-05-10) (88 гадоў)
Месца сьмерці
Грамадзянства Польшча
Месца вучобы Кембрыдзкі ўнівэрсытэт
Занятак навукоўца, хатняя гаспадыня
Навуковая сфэра беларусіка, фальклёр
Псэўданімы Г. Ів., Алена
Бацька Леанард Іваноўскі
Маці Ядвіга Іваноўская
Узнагароды
Праведнік народаў сьвету

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзілася 3 траўня 1885 году ў Лябёдцы (Лідзкі павет, Віленская губэрня)[2].

Дачка Леанарда і Ядвігі Іваноўскіх, сястра Вацлава, Тадэўша, Станіслава і Юрыя (Ежы) Іваноўскіх. Выхоўвалася ў Варшаве, у дзяцінстве часта бывала ў фальварку Іваноўскіх Лябёдка (цяпер у межах вёскі Галавічполе, Шчучынскі раён)[3].

Каля 1905 году Алена Іваноўская прыехала на навучаньне ў Ньюнам каледж Кембрыдзкага ўнівэрсытэту. Там зь ейным ўдзелам склаўся гурток студэнтаў пераважна з ангельскай арыстакратыі, якую дасьледнік Гай Пікарда назваў «Кембрыдзкая хеўра». У ёй бралі ўдзел паэт Рупэрт Брук, біяхімікі Мюрыэл Уэлдэйл і Гуя Онслаў і інш. Удзельнікі суполкі сур’ёзна цікавіліся беларускім фальклёрам, сяброўка Рупэрта Брука Кэтрын Кокс у 1912 годзе некалькі месяцаў правяла ў Лябёдцы. У 1914 г. Алена Іваноўская зьмясціла ў лёнданскім часопісе «Folk-Lore» («Фальклёр») тэксты пятнаццаці беларускіх песень з нотамі, запісаных у ваколіцы Лябёдкі. Публікацыя суправаджалася вялікім уступам, дзе брытанскіх чытачоў знаёмілі з Беларусьсю і ейнымі праблемамі. Упершыню ў ангельскай тэрміналёгіі пры гэтым быў выкарыстаны тэрмін «White Ruthenia» замест «Wite Russia». Новая назва дапаўнялася тлумачэньнем: «No White Ruthenian wold ever allow him self to by called by a name would imply tha the was Russian» («Ніводны беларус ніколі не дазволіць называць сябе імем, якое значыць, што ён — рускі»). У 1914—1922 гадах часопіс «Folk-Lore» выдрукаваў 38 беларускіх песень з ваколіцаў Лябёдкі[4]. Падзеі Першай сусьветнай вайны разбурылі Кембрыдзкую суполку[5]. Алена Іваноўская зьехала на радзіму, дзе ў 1915 годзе спрабавала адкрыць у Васілішках беларускую школу. Займалася конегадоўляй, захаплялася коннай яздой, гадавала хартаў[6].

Супрацоўнічала з земляробчым часопісам «Саха» як спэцыялістка ў конегадоўлі, пісала гаспадарчыя парады для земляробаў-беларусаў. За 1912—1913 гады ў першых васямнаццаці нумарах часопіса «Саха» Алена Іваноўская друкуе дзесяць артыкулаў, і ўсе яны напісаныя на вельмі добрай, жывой беларускай мове[7].

З канца 1914 году Алена Іваноўская ў Лідзкім павеце зьяўлялася прадстаўніцай Віленскага адзьдзелу таварыства дапамогі ахвярам вайны[8].

На скачках у Лодзі ўпала з каня, доўгі час лячылася ў шпіталі.

З прыходам у 1939 годзе савецкай улады ейнага мужа вывезлі на ўсход, сама яна хавалася ў Вільні. Затым у родным фальварку перажыла нямецкую акупацыю. Тут схавалі ад нацыстаў дзвюх жанчынаў жыдоўскага паходжаньня — Эму Альтбэрг (1889—1983) і яе сястру Марыю Арнольд (1893—1995)[9].

У 1944 годзе перабралася ў Варшаву. Пэўны час жыла ў Любліне. З 1946 году працавала перакладніцай для місіі ангельскіх квакераў у Казяніцах, пражыла тут 26 гадоў[10].

Апошнія гады жыла ў Казяніцах, на поўдзень ад Варшавы. Памерла ў 1973 годзе[11].

 
Сядзіба Іваноўскіх у Лябёдзцы, 1933 год.

22 кастрычніка 2001 году за ўратаваньне жыдоў званьне «Праведнікаў народаў сьвету» было нададзенае: Сабіне Іваноўскай з Ячыноўскіх, Алене Скіндар з Іваноўскіх, Ганне Карнецкай з Іваноўскіх і Адольфу Данілевічу[12].

Выбраная бібліяграфія

рэдагаваць

• Iwanowska I., Onslow H. Some White Russian Folksongs // Folk lore. Vol. 25. London,1914. Р. 91—109; 212—226; Vol. 35. London, 1922. Р. 64—82[13].

  1. ^ Skinderowa Helena (1885 - ? ) // The Righteous Among the Nations Database (анг.)
  2. ^ Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. — Мінск: Медысонт, 2006.
  3. ^ Лаўрэш Леанід. Алена Іваноўская // Маладосць. 2019. № 8. С. 20-33.
  4. ^ Лаўрэш Леанід. Алена Іваноўская // Маладосць. 2019. № 8. С. 20-33.
  5. ^ Пікарда Г. Раньняя англа-беларуская вясна (1915) Гуя Онслаў, Галена Іваноўская і Кембрыдзкая «хеўра» // Беларус. № 511. 2005.
  6. ^ Лаўрэш Л. Алена Скінадар з Іваноўскіх // НАША СЛОВА № 38 (1345), 20 верасня 2017. // на pawet.net, http://pawet.net/library/history/city_district/data_people/zother/helena_skinder/%D0%90%D0%BB%D0%B5%D0%BD%D0%B0_%D0%A1%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%D0%B4%D0%B0%D1%80_%D0%B7_%D0%86%D0%B2%D0%B0%D0%BD%D0%BE%D1%9E%D1%81%D0%BA%D1%96%D1%85.html
  7. ^ Скінадар з Іваноўскіх // НАША СЛОВА № 38 (1345), 20 верасня 2017. // на pawet.net, http://pawet.net/library/history/city_district/data_people/zother/helena_skinder/%D0%90%D0%BB%D0%B5%D0%BD%D0%B0_%D0%A1%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%D0%B4%D0%B0%D1%80_%D0%B7_%D0%86%D0%B2%D0%B0%D0%BD%D0%BE%D1%9E%D1%81%D0%BA%D1%96%D1%85.html
  8. ^ Iwanowski K., Iwanowska Kornecka A.[pl] Skinderowa Helena z Iwanowskich // Ziemianie polscy XX wieku. Słownik biograficzny. Cz. 6. Warszawa, 2002. — S.170—171.
  9. ^ Skinderowa Helena (Iwanowska), The Righteous Among the Nations Database, https://righteous.yadvashem.org/?searchType=righteous_only&language=en&itemId=4321726&ind=NaN
  10. ^ 15 фактаў пра Алену Скіндар Іваноўскую // Новы Час, 25-03-2020, https://novychas.online/asoba/15-faktau-pra-alenu-skindar-ivanouskuju
  11. ^ Лаўрэш Леанід. Алена Іваноўская // Маладосць. 2019. № 8. С. 20-33.
  12. ^ Historia rodziny Iwanowskich, sprawiedliwi.org.pl, https://sprawiedliwi.org.pl/pl/historie-pomocy/historia-rodziny-iwanowskich
  13. ^ Гардзіенка Н. Беларусы ў Вялікабрытаніі / Наталля Гардзіенка; пад рэд. А. Гардзіенкі. — Мінск: Медысонт, 2010. — 620 с