Аблысеньне

выпадзеньне валасоў з галавы ці цела

Аблысеньне (пляшывасьць; стар.-грэц. ἀλωπεκία — «аляпэцыя») — парадзеньне і выпадзеньне валасоў, што адбываецца празь ператварэньне мужчынскага плоцевага гармону тэстастэрону ў дыгідратэстастэрон пад узьдзеяньнем фэрмэнту 5-альфа-рэдуктазы(en). Пераважна адзначаецца на галаве ў старэчым узросьце (інвалюцыя). Яму спрыяюць атручаньне, радыёактыўнае апрамяненьне, пашкоджаньне скуры, нэрвова-псыхічныя і эндакрынныя хваробы. Віды: 1) гнездавое — на абмежаваным участку скуры, 2) татальнае — на ўсёй галаве і іншых участках скуры, 3) рубцаватае — на зьмененых участках скуры (праз грыбок і фурункулёз)[1].

Папярэджаньне

рэдагаваць
 
Гнездавое аблысеньне

Росту валасоў спрыяе масаж валасістай часткі галавы і багатае на бялок (бабовыя, нятлустая кураціна і ялавічына), жалеза (арэх, гранат і крупа) і цынк (гарбузовае насеньне, вустрыцы, рачная рыба, сачавіца і соя) харчаваньне.

Чыньнікі

рэдагаваць

Сілкаваньне валасяных цыбулінаў парушае паленьне і алькаголь, няўстойлівы расклад харчаваньня, начное няспаньне, штодзённае мыцьцё галавы жорсткай і хляраванай вадой, стрэс (праз адліў крыві ад галавы пры спазьме сасудаў). Таксама шкодзіць абыходжаньне без галаўнога ўбору ўзімку, захапленьне лазьняй і саўнай, як і багатая на халестэрын (ікра, яйка), вострая, вэнджаная, салёная, салодкая і тлустая ежа[2].

  1. ^ Георгі Шанько. Аблысенне // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя, 1996. — Т. 1. — С. 27. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0036-6
  2. ^ Вольга Кулінковіч. Выпадаюць валасы? Лічыце, колькі выпала // Зьвязда : газэта. — 27 лістапада 2010. — № 229 (26837). — С. 15. — ISSN 1990-763x.