Прыродаахоўная тэрыторыя
Прыродаахо́ўная тэрыто́рыя — дзялянка з адмысловым парадкам выкарыстаньня дзеля захаваньня раўнавагі навакольнага асяродзьдзя і зьберажэньня прыродных багацьцяў мясьціны, што мае гістарычную, культурную, навуковую і эстэтычную каштоўнасьць.
Віды: заказьнік, запаведнік, нацыянальны і прыродны парк, а таксама помнік прыроды, як асабліва ахоўная прыродная тэрыторыя (ААПТ); аздараўленчы (гарадзкі і курортны), водаахоўны (на беразе вадасховішча, возера і ракі), каштоўны, проціэразійны, прыдарожны і санітарна-гігіенічны (прадмесьцевы і прыкрынічны) лес[1]. У такой мясьціне забараняюць гаспадарчую дзейнасьць адпаведным заканадаўствам або міжнародным пагадненьнем. Паводле прызначэньня бывае: адпачывальная, асяродзьдзеўтваральная, багацьцеахоўная, запаведнаўзорная і прадметаахоўная. Можа ахопліваць водную прастору і сушу[2].
Беларусь
рэдагавацьЗаконам Рэспублікі Беларусь ад 1994 году «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях і аб’ектах» увялі дзяржаўны статус такіх дзялянак мясцовай, рэспубліканскай і міжнароднай значнасьці. За кіраваньне такімі мясцовымі дзялянкамі адказвалі выканаўчыя камітэты мясцовых Саветаў дэпутатаў. За кіраваньне іншымі — Кабінэт міністраў Рэспублікі Беларусь. Нагляд за мясцовымі прыродаахоўнымі дзялянкамі ажыцьцяўлялі мясцовыя Саветы дэпутатаў. За іншымі такімі мясьцінамі — Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Рэспублікі Беларусь. На 1995 год у Беларусі налічвалася 187 помнікаў прыроды і 76 заказьнікаў мясцовай і рэспубліканскай значнасьці, тры запаведнікі — Бярэзінскі, Палескі і Прыпяцкі, а таксама 2 нацыянальныя паркі — «Белавеская пушча» і «Браслаўскія азёры». Агульная плошча асабліва ахоўных прыродных земляў Беларусі складала 7942 км² (3,8 % тэрыторыі дзяржавы)[3]. У 1996 годзе Прыпяцкі запаведнік пераўтварылі ў нацыянальны парк. У 1999 годзе заснавалі Нарачанскі нацыянальны парк. На 2020 год у Беларусі налічваўся 931 помнік прыроды, у тым ліку 605 мясцовай значнасьці[4], і 381 заказьнік, у тым ліку 281 мясцовай значнасьці[5]. Таксама дзейнічала 2 запаведнікі і 4 нацыянальныя паркі Беларусі.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Ахоўныя прыродныя тэрыторыі // Энцыкляпэдыя прыроды Беларусі ў 5 тамах / гал.рэд. Іван Шамякін. — Менск: Беларуская савецкая энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1983. — Т. 1. Ааліты — Гасьцінец. — С. 190. — 575 с. — 10 000 ас.
- ^ Ахоўныя прыродныя тэрыторыі і акваторыі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — С. 157. — 480 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0061-7
- ^ З.Ф. Мураўёў, Генадзь Вынаеў. Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — С. 17. — 480 с.
- ^ Помнікі прыроды мясцовай значнасьці (рас.) // Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 25 чэрвеня 2020 г.
- ^ Заказьнікі рэспубліканскай і мясцовай значнасьці (рас.) // Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 25 чэрвеня 2020 г.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |