Інстытут тэхналёгіі мэталаў

установа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Каардынаты: 53°54′52″ пн. ш. 30°16′16″ у. д. / 53.91444° пн. ш. 30.27111° у. д. / 53.91444; 30.27111

Інстытут тэхналёгіі мэталаў (наркам. Інстытут тэхналогіі металаў) — дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заснаваная ў кастрычніку 1970 году ў якасьці Магілёўскага аддзяленьня Фізыка-тэхнічнага інстытуту (ФТІ)[2].

Інстытут тэхналёгіі мэталаў
рас. Институт технологии металлов
Абрэвіятура ІТМ
Дата ўтварэньня 6 кастрычніка 1970 (53 гады таму)
Тып навуковая
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта распрацоўка кіраваньня ўтварэньнем стопкаў мэталаў
Месцазнаходжаньне Магілёў, Ленінскі раён, вул. Бялыніцкага-Бірулі, д. 11
Афіцыйныя мовы расейская
Кіраўнік Аляксандар Бранавіцкі
Намесьнік па навуковай працы Уладзімер Груша
Навуковы сакратар Уладзімер Пумпур
Загаднік лябараторыі кінэтыкі крышталізацыі Яўген Маруковіч
Асноўныя асобы Валер Ільлюшэнка, Юры Лебядзінскі, Уладзімер Беўза і Ўладзімер Стацэнка[1]
Матчына кампанія Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Сайт itm.by
Колішняя назва Магілёўскае аддзяленьне Фізыка-тэхнічнага інстытуту (да 1992 г.)

На 2018 год уваходзіў у Аддзяленьне фізыка-тэхнічных навук Акадэміі. Ажыцьцяўляў:

  • распрацоўку тэарэтычных асноваў кіраваньня ходам утварэньня будовы і ўласьцівасьцяў мэталаў і стопкаў пры іх крышталізаваньні і зацьвердзяваньні;
  • дасьледаваньне цеплафізыкі і гідрадынамікі адмысловых відаў ліцьця;
  • стварэньне новых матэрыялаў з адмысловымі ўласьцівасьцямі і рэсурсазьберагальных спосабаў іх атрыманьня, апрацоўкі і ўмацаваньня;
  • распрацоўку спосабаў атрыманьня высокаякасных ліцейных вырабаў з другасных рэсурсаў[3].

Сумесныя распрацоўкі зь Інстытутам вялі Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт і 9 установаў у 7 дзяржавах:

  • 4 дзяржавах Азіі — Індыя (ТАА «Высокаэнэргетычныя батарэі», Пэрунгудзі, штат Тамілнад), Іран (Іранскі інстытут навукі і тэхналёгіяў), Кітай (Інстытут сілавых крыніцаў тока), Паўднёвая Карэя (Карэйскі інстытут матэрыялаў, Карэйскі інстытут машынаў і матэрыялаў, Карэйскі інстытут прамысловых тэхналёгіяў);
  • 3 дзяржавах Эўропы — Польшча (Інстытут ліцьця, Кракаў), Расея (Маскоўскі інстытут ліцьця і стопкаў), Украіна (Фізыка-тэхналягічны інстытут мэталаў і стопкаў)[4].

Падразьдзяленьні рэдагаваць

На 2018 год Інстытут тэхналёгіі мэталаў улучаў:

  • 6 лябараторыяў — 1) кінэтыкі крышталізацыі, 2) кантактнага цеплаабмену, 3) мадыфікаваньня сплаваў, 4) паверхневых зьяваў, 5) бесьперапынна-цыклічнага ліцьця, 6) мэталаў і сплаваў;
  • 2 аддзелы — 1) інавацыяў і навукова-тэхнічных распрацовак, 2) тэхнічны[3].

Таксама Інстытут тэхналёгіі мэталаў ажыцьцяўляў набор у:

Спадарожна Інстытут тэхналёгіі мэталаў вырабляў на сваім абсталяваньні: гільзы цыліндраў для фарсаваных рухавікоў; загатоўкі прастакутнага, круглага і складанага папярэчнага профілю з чыгуну і стопкаў на аснове медзі; полыя адліўкі з чыгуну і стопкаў на аснове медзі; бімэталічныя загатоўкі; адліўкі з нанаструктурным эўтэктычным крэмнам; адліўкі з ультрадробнадыспэрснай будовай; скульптурныя працы з бронзы і алюміну ў выглядзе арыгінальных прызоў, сувэніраў, барэльефаў, статуэтак і памятных дошак; устаноўкі электрашлакавага пераплаву; устаноўкі бесьперапыннага гарызантальнага ліцьця; канальныя печы для плаўкі латуні і бронзы; лініі бесьперапыннага ліцьця хлёрыстамеднай стужкі; крышталізатары са струмянёвай сыстэмай ахаладжэньня для ўстановак бесьперапыннага ліцьця мэталаў і стопкаў. Таксама Інстытут аказваў наступныя платныя паслугі: дасьледаваньне будовы і ўласьцівасьцяў мэталаў і стопкаў; вызначэньне хімічнага складу мэталаў і стопкаў, спрэсаваных парашкоў, дроту; вызначэньне фізыка-мэханічных уласьцівасьцяў мэталаў і стопкаў; мадэляваньне працэсаў ліцьця; рашэньне цеплавых і тэрмадэфармацыйных задачаў зацьвердзяваньня адлівак і зьліткаў адвольнай канфігурацыі; рашэньне задачаў крышталізацыі мэталаў і стопкаў; шматкрытэрыяльная аптымізацыя тэхналягічных працэсаў (вытворчасьці)[3].

Мінуўшчына рэдагаваць

6 кастрычніка 1970 году Акадэмія навук БССР заснавала Магілёўскае аддзяленьне Фізыка-тэхнічнага інстытуту (ФТІ). За савецкім часам супрацоўнікі Інстытуту ўзнагароджваліся за свае распрацоўкі Дзяржаўнай прэміяй БССР, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сьцягу БССР, мэдалямі Выставы дасягненьняў народнай гаспадаркі СССР (ВДНГ) у Маскве і званьнямі «Заслужаны дзяяч навукі і тэхнікі БССР». У 1992 годзе Магілёўскае аддзяленьне ФТІ пераўтварылі ў Інстытут тэхналёгіі мэталаў (ІМТ). Да 1997 году ў Інстытуце працаваў акадэмік Генадзь Анісовіч. На 1998 год у ІМТ працавала 6 лябараторыяў, аддзел і асьпірантура[2].

Ад часу здабыцьця Беларусьсю незалежнасьці супрацоўнікаў Інстытуту ўзнагароджвалі Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь, прэміяй Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, 2-ма мэдалямі Францішка Скарыны і званьнямі «Заслужаны вынаходнік Рэспублікі Беларусь». У 2006 і 2008—2010 гадах Інстытут займаў 1-е ў Беларусі месца па выніковасьці навуковых дасьледаваньняў з занясеньнем на Рэспубліканскую дошку пашаны. У ходзе выкананьня навукова-тэхнічнай праграмы Магілёўскай вобласьці 1999—2010 гадоў Інстытут тэхналёгіі мэталаў выпусьціў 111 новых відаў вырабаў на $30,8 млн пры выдатках рэспубліканскага каштарысу каля $2,5 млн (больш як 12-кратная рэнтабэльнасьць): 42 спосабы апрацоўкі, 25 відаў плыладаў і абсталяваньня, 22 віды рэчываў, 16 мэтодыкаў, 4 кампутарныя сыстэмы і 2 прэпараты. Укараньне распрацоўвак зьнізіла матэрыялаёмістасьць вытворчасьці ў 1,5 разы[5].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Кантакты (рас.) // Інстытут тэхналёгіі мэталаў, 2018 г. Праверана 3 жніўня 2018 г.
  2. ^ а б Віктар Баранаў. Інстытут тэхналёгіі мэталаў // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 272. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3
  3. ^ а б в г Арганізацыі Аддзялення фізіка-тэхнічных навук // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 7 ліпеня 2018 г. Праверана 3 жніўня 2018 г.
  4. ^ Супраца (рас.) // Інстытут тэхналёгіі мэталаў, 2018 г. Праверана 3 жніўня 2018 г.
  5. ^ Рэгіянальная навукова-тэхнічная праграма (рас.) // Інстытут тэхналёгіі мэталаў, 2018 г. Праверана 3 жніўня 2018 г.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  • Публікацыі (рас.) // Інстытут тэхналёгіі мэталаў, 2018 г. Праверана 3 жніўня 2018 г.