Інкунабула
Інкунабула (ад па-лацінску: Incunabula — калыска, пачатак) — кнігі, выдадзеныя ў Эўропе ад пачатку кнігадрукаваньня і да 1 студзеня 1501 г. Выданьні гэтага пэрыяду вельмі рэдкія, бо іхні наклад складаў 100—300 асобнікаў, радзей — 1000 і больш.
Апісаньне і мінуўшчынаРэдагаваць
Гісторыя тэрмінуРэдагаваць
Тэрмін упершыню выкарыстаны Бэрнардам фон Малінкротам ў 1639 року ў памфлеце «De ortu et progressu artis typographicae» («Разьвіцьцё прагрэсу друкарскага мастацтва») і замацаваўся ў XVIII стагодзьдзі.
Першапачаткова інкунабулы вонкавым выглядам нагадвалі рукапісныя кнігі (адсутнасьць тытульнага аркушу, выходныя зьвесткі ў канцы тэксту ў каляфоне, рукапіснае афармленьне ініцыялаў, рубрык-заставак). Паступова яны набылі рысы друкаванай кнігі. Друкавалі інкунабулы пераважна гатычным шрыфтам. Пры наборы выданьняў антычных аўтараў і пісьменьнікаў-гуманістаў карысталіся шрыфтам лацінскай альфабэтнай сыстэмы, у 1480—1490-я гг. — глаголіцай і кірыліцай[1].
Інкунабулы дзеляць на два тыпы: ксыляграфічныя і друкарскія. Друкарскім чынам была выкананая Біблія Гутэнбэрга. Некаторыя аўтары лічаць інкунабуламі выданьні, выкананыя толькі друкарскім чынам.
Асноўнымі пакупнікамі інкунабул былі навукоўцы, шляхта, адвакаты і сьвятары. Як правіла, інкунабулы друкаваліся гатычным шрыфтам без абзацаў.
Пералік бібліятэк са зборамі інкунабулРэдагаваць
Самымі вялікімі зборамі інкунабул валодаюць:
- Баварская дзяржаўная бібліятэка (19 900)[2]
- Брытанская бібліятэка (12 500)
- Француская нацыянальная бібліятэка (12 000)
- Ватыканская апостальская бібліятэка (8000)
- Аўстрыйская нацыянальная бібліятэка (8000)
- Штутгарцкая дзяржаўная бібліятэка (7076)
- Расейская нацыянальная бібліятэка (7000)
- Бібліятэка Ганцінгтана ў ЗША (5600)
- Бібліятэка Кангрэса ЗША (5600)
- Бадліянская бібліятэка (5500 у 7000 копіях)[3]
- Расейская дзяржаўная бібліятэка (5300)
- Бібліятэка Кембрыдзкага ўнівэрсытэту (4600)
- Бібліятэка Джона Райланда (4500)
- Бэрлінская дзяржаўная бібліятэка (4400)
- Ягелонская бібліятэка ў Кракаве (3671)[4]
- Гарвардзкі ўнівэрсытэт (3627 у 4389 копіях)
- Ельскі ўнівэрсытэт (3525)
- Нацыянальная бібліятэка Ўкраіны імя У. І. Вярнадзкага (524)
- Нацыянальная бібліятэка Беларусі (43)
БеларусьРэдагаваць
Інкунабулаў беларускага паходжаньня няма, але яны вядомы на Беларусі з XV—XVI стст. Найчасьцей іх прывозіла зь іншых краін моладзь, якая вучылася ў Кракаве, Ляйпцыгу, Падуі, Балёньні й інш. Паводле каталёгаў XVI—XVIII стст. інкунабулы меліся ў бібліятэках манастыроў, навучальных устаноў, кнігазборах прыватных асоб. Захаваліся інкунабулы зь бібліятэкі Радзівілаў (11 зь іх у бібліятэцы Расейскай АН), зь бібліятэкі Храптовічаў у Шчорсах (З). У бібліятэках Вільні захоўваецца больш за 100 інкунабул з розных гарадоў Беларусі, у тым ліку з Горадні (зь бібліятэк кляштараў дамініканцаў і кармэлітаў, езуіцкага калегіюму), зь Нясьвіжу, Слоніму, Дзярэчыну, Жыровіцкага манастыра базылянаў (Слонімскі раён), з манастыроў Полацку, Маладзечанскай настаўніцкай сэмінарыі й інш. Шмат інкунабул зьберагалася ў прыватных калекцыях магнатаў[1].
42 экзэмпляры інкунабул зьберагаюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, 4 — у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай АН Беларусі[1].
КрыніцыРэдагаваць
- ^ а б в Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. — Менск: БелЭн, 1998. — 604 с.: іл. ISBN 985-11-0130-3
- ^ Баварская дзяржаўная бібліятэка. Лічбы і факты 2008(недаступная спасылка)
- ^ Інкунабулы ў Бадліянскай бібліятэцы
- ^ Калекцыя бібліятэкі Ягелонскага ўніверсітэта