Ян Серада

(Перанакіравана з «Іван Серада»)

Ян Мікі́тавіч Серада́ (Іван, Янка; 13 траўня [ст. ст. 1 траўня] 1879, с. Задзьвея, Наваградзкі павет, сучасны Баранавіцкі раён — пасьля 19 лістапада 1943) — беларускі грамадзкі і палітычны дзяяч, пэдагог, публіцыст. Першы Старшыня Рады БНР.

Ян Серада
лац. Jan Sierada
Старшыня Рады БНР
сакавік 1918 — 14 траўня 1918
Папярэднік: пасада заснавана
Наступнік: Язэп Лёсік
Міністар гаспадаркі БНР
21 лютага 1918 — ліпень 1918
Папярэднік: пасада заснавана
Наступнік: Тодар Вернікоўскі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 1 (13) траўня 1879
в. Задзьвея, Наваградзкі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр: не раней за 19 лістапада 1943
СССР, дакладна невядома
Партыя: Беларуская сацыялістычная грамада
Сужэнец: Ксенія Сьцяпанаўна[1]
Дзеці: Мікалай (1908—1993)[Крыніца?], Натальля (1909—1991)
Адукацыя: Варшаўскі вэтэрынарны інстытут (1903)

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся (13 траўня [ст. ст. 1 траўня] 1879 году ў Задзьвеі Наваградзкага павету Менскай губэрні. У 1903 годзе скончыў Варшаўскі вэтэрынарны інстытут. У 1905—1906 гадах служыў у арміі ў Маньчжурыі. Працаваў вэтэрынарам у Менскай губэрні (1907—1911), тады ж выкладаў у Мар’іна-Горскім сельскагаспадарчым вучылішчы. Быў мабілізаваны ў час Першай сусьветнай вайны, працаваў вэтэрынарам на фронце[2].

Сябра Беларускай сацыялістычнай грамады. Старшыня прэзыдыюму Ўсебеларускага кангрэсу (1917). Старшыня Рады БНР (1918). Сябра ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-фэдэралістаў (1918). Уваходзіў у Часовы Беларускі нацыянальны камітэт, прэзыдыюм Найвышэйшай рады БНР (1919—1920).

Працаваў у Наркамаце земляробства БССР. Навуковы супрацоўнік і загадчык бібліятэкі (1925—1927) Інбелкульту, выкладчык Менскага беларускага пэдагагічнага тэхнікуму (1921—1925). Арганізатар і дырэктар Менскага вэтэрынарна-заатэхнічнага тэхнікуму (1923—1924). Дацэнт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горы-Горках (ліпень 1925 — сьнежань 1929). Навуковы супрацоўнік Беларускага НДІ сельскай і лясной гаспадаркі (з 1927).

Быў арыштаваны ДПУ БССР 4 ліпеня 1930 году ў сувязі са справай «Саюзу вызваленьня Беларусі». Пастановай Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 году сасланы ў Яраслаўль тэрмінам на 5 гадоў. Паўторны прыгавор вынесены 27 сьнежня 1941 году; атрымаў 10 гадоў пазбаўленьня волі. Датэрмінова вызвалены 19 лістапада 1943 году з Краслага (Краснаярскі край). Далейшы лёс невядомы. Па першым прыгаворы рэабілітаваны 10 ліпеня 1988 году, па другім — 16 студзеня 1989 году.

Публікаваўся з 1914 году (часопіс «Саха»). Выступаў у друку з навуковымі, навукова-папулярнымі і публіцыстычнымі артыкуламі на сельскагаспадарчыя тэмы.

  • Як трэба каваць коні. Мн., 1926
  • Вэтэрынарыя і зоагігіена. Кн. 1—2. Мн., 1927—1928
  • Пабудова сіласаў у калгасах і саўгасах. Мн., 1930
  1. ^ Прэзыдэнт Рады БНР — першы Прэзыдэнт Беларусі
  2. ^ Васілеўскі, Ю. В. Серада Янка // БЭ. — Мн.: 2002 Т. 14. с. 342

Літаратура

рэдагаваць