CD Projekt
Каардынаты: 52°16′4″ пн. ш. 21°1′20″ у. д. / 52.26778° пн. ш. 21.02222° у. д.
«ЦД Праект» — прадпрыемства відэагульняў Польшчы, заснаванае ў траўні 1994 году.
польск. CD Projekt | |
Тып | акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Лістынг на біржы | БКПВ: OPTTC |
Заснаваная | Травень 1994 |
Заснавальнікі | Марцін Івінскі, Міхал Кіцінскі |
Уласьнікі | Марцін Івінскі (12,64%), Міхал Кіцінскі (10,91%), Пётар Нелюбовіч (6,38%), Адам Кіцінскі (3,46%), «Нацыянальна-нідэрляндзкае» таварыства (5,2%)[1] |
Краіна | Польшча |
Разьмяшчэньне | Варшава |
Адрас | акруга Паўночная Прага, Ягелонская вул., д. 74, корп. Е[2] |
Ключавыя фігуры | Адам Кіцінскі[3], Кацярына Шварц[4] |
Галіна | сфэра паслугаў |
Прадукцыя | відэагульня |
Абарачэньне | ▼362,901 млн злотых (85,05 млн эўра; 2018 г.)[5] |
Апэрацыйны прыбытак | ▼112,392 млн злотых (26,34 млн эўра; 2018 г.) |
Чысты прыбытак | ▼109,334 млн злотых (25,624 млн эўра; 2018 г.) |
Лік супрацоўнікаў | 263 (2019 г.) |
Даччыныя кампаніі | ТАА «Старыя добрыя гульні», ТАА «Спокко» |
Аўдытар | «Грант-Торнтан Польшчы» (Познань)[6] |
На 2019 год холдынг «ЦД Праект» улучаў: ТАА «Старыя добрыя гульні» для сеціўнага збыту гульняў і ТАА «Спокко» для распрацоўкі мабільных гульняў. Звыш паловы супрацоўнікаў знаходзілася ў Варшаве. Студыі «ЦД Праект Рэд» для распрацоўкі сэрыі гульняў «Вядзьмак» месьціліся ва Ўроцлаве і Кракаве. Замежныя прадстаўніцтвы для збыту і перакладу гульняў месьціліся ў 8 краінах: у ЗША (Лос-Анджэлес, штат Каліфорнія), Бразыліі (Сан-Паўлу), 3 дзяржавах Усходняй Азіі — Кітаі (Шанхай), Паўднёвай Карэі (Сэул) і Японіі (Токіё), а таксама ў 3 краінах Заходняй Эўропы: Італіі (Мілян), Нямеччыне (Бэрлін) і Францыі (Парыж)[7].
Мінуўшчына
рэдагавацьУ траўні 1994 году 21-гадовыя Марцін Івінскі і Міхал Кіцінскі заснавалі таварыства «ЦД Праект», якое стала першым у Польшчы імпартэрам амэрыканскіх відэагульняў на кампакт-дысках. Першае пагадненьне аб збыце падпісалі з кампаніяй «Амэрыканскія лазэрныя гульні» (Албукерке, штат Нью-Мэксыка), якая выпускала стралялкі. У 1996 годзе гульні сталі суправаджаць інтрукцыяй на польскай мове, што прынесла прадпрыемству камэрцыйны посьпех. У 1999 годзе ўпершыню пераклалі ролевую відэагульню «Брама Бальдра», якую агучылі польскія акторы. Продажы гульні перавысілі 100 000 асобнікаў, зь якіх звыш 18 000 збылі ў першы ж дзень 24 траўня 1999 году. У 2002 годзе ў Лодзі заснавалі даччынае ТАА «ЦД Праект Рэд» для распрацоўкі ўласных відэагульняў. У верасьні 2003 году на вытворчасьць ролевай гульні «Вядзьмак» вылучылі 20 млн злотых і нанялі каля 100 чалавек. Дзею гульні распрацавалі паводле «Сагі пра Ведзьмара» Андрэя Сапкоўскага. 26 кастрычніка 2007 году гульню «Вядзьмак» выпусьцілі ў Эўразьвязе, а 30 кастрычніка — і ў Паўночнай Амэрыцы. У першыя 3 дні ў адной Польшчы прадалі звыш 35 000 асобнікаў гульні. Распрацоўнікаў «Ведзьмака» ўганаравалі больш як 100 замежнымі ўзнагародамі за лепшую ролевую відэагульню, у тым ліку ў ЗША[8].
У студзені 2008 году АТ «ЦД Праект» запусьціла інтэрнэт-краму «Старыя добрыя гульні», дзе іншыя выдаўцы сталі прадаваць канчатковыя вэрсіі сваіх відэагульняў з усімі дадаткамі і без ранейшай абароны ад капіяваньня. 1 траўня 2010 году АТ «Оптымус», якое да 2009 году вырабляла пэрсанальныя кампутары, набыло холдынг «ЦД Праект». 17 траўня 2011 году выпусьцілі гульню «Вядзьмак 2: забойцы каралёў» на ўласным рухавічку «Рэд», які «ЦД Праект» распрацоўваў з 2008 году. 25 ліпеня 2011 году акруговы суд Варшавы зьмяніў назву АТ «Оптымус» на АТ «ЦД Праект Рэд», якое з кастрычніка 2011 году паглынула ТАА «ЦД Праект Рэд». У выніку паямі «ЦД Праекту» сталі гандляваць на Варшаўскай біржы каштоўных папераў (БКПВ) замест паёў АТ «Оптымус». Паі апошняга ўпершыню разьмясьцілі на біржы ў 1994 годзе. 17 красавіка 2012 году гульню «Вядзьмак 2» партавалі на відэапрыстаўку «Xbox 360». У выніку да кастрычніка 2012 году продажы гульні перавысілі 2 млн асобнікаў, што ўдвая пераўзыходзіла пасьпяховасьць папярэдняй гульні «Вядзьмак». Адначасна ў кастрычніку АТ «ЦД Праект» пераўтварылі ў сеціўную краму «cdp.pl», якая пры канцы 2012 году прапаноўвала звыш 100 відэагульняў іншых выдаўцоў. У лістападзе 2012 году Агульны сход АТ «ЦД Праект Рэд» зьмяніў назву галаўнога прадпрыемства на АТ «ЦД Праект». У лістападзе 2014 году АТ «ЦД Праект» прадало 91,71 % паёў «cdp.pl»[8].
19 траўня 2015 году гульню «Вядзьмак 3: дзікае паляваньне» выпусьцілі на 15 мовах пад Windows, «Xbox One» і «PlayStation 4». За першыя 6 тыдняў да 30 чэрвеня прадалі 6 014 576 асобнікаў гульні. Да канца 2015 году распрацоўнікаў відэагульні ўганаравалі больш як 300 узнагародамі. Да канца 2017 году прадалі звыш 33 млн асобнікаў сэрыі гульняў «Вядзьмак». 16 сакавіка 2018 году паі АТ «ЦД Праект» увайшлі ў індэкс «ВБІ20» на БКПВ, што ўлучала 20 найбольшых паводле капіталізацыі прадпрыемстваў. У жніўні 2018 году стварылі даччыную студыю «Спокко» для распрацоўкі мабільных гульняў. 23 кастрычніка 2018 году ў інтэрнэт-краме «Старыя добрыя гульні» разьмясьцілі бясплатную карткавую гульню «Гвінт» і ролевую відэагульню «Кроўная варажнеча: вядзьмацкія аповесьці», якія распрацоўвалі з 2016 году. 9 лістапада апошняя гульня зьявілася і ў амэрыканскай сеціўнай краме «Стым»[8].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Пайшчыкі (пол.) // АТ «ЦД Праект», 2019 г. Праверана 25 красавіка 2019 г.
- ^ Кантакт (пол.) // АТ «ЦД Праект», 2019 г. Праверана 26 красавіка 2019 г.
- ^ Управа (пол.) // АТ «ЦД Праект», 2019 г. Праверана 25 красавіка 2019 г.
- ^ Наглядальная рада (пол.) // АТ «ЦД Праект», 2019 г. Праверана 25 красавіка 2019 г.
- ^ Адам Кіцінскі. Кансалідаваная фінансавая справаздача холдынга «ЦД Праект» за 2018 год (пол.) // АТ «ЦД Праект», 27 сакавіка 2019 г. Праверана 25 красавіка 2019 г.
- ^ Незалежны аўдытар (пол.) // АТ «ЦД Праект», 2019 г. Праверана 25 красавіка 2019 г.
- ^ Холдынг (пол.) // АТ «ЦД Праект», 2019 г. Праверана 25 красавіка 2019 г.
- ^ а б в Гісторыя (пол.) // АТ «ЦД Праект», 2019 г. Праверана 25 красавіка 2019 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Ключавыя фінансавыя зьвесткі (пол.) // АТ «ЦД Праект», 2019 г. Праверана 25 красавіка 2019 г.
- Карпаратыўныя дакумэнты (пол.)
- Крама «Старыя добрыя гульні» (рас.)
- Сэрыя гульняў «Вядзьмак» (пол.)
- Карткавая гульня «Гвінт» (пол.)
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |