9-я гарадзкая клінічная лякарня
Каардынаты: 53°51′34″ пн. ш. 27°29′41″ у. д. / 53.85944° пн. ш. 27.49472° у. д.
9-я гарадзкая клінічная лякарня — буйная лякарня Менску, заснаваная ў сьнежні 1976 году[2].
9-я гарадзкая клінічная лякарня | |
Абрэвіятура | 9-я ГКЛ |
---|---|
Дата ўтварэньня | 31 сьнежня 1976 (47 гадоў таму) |
Тып | лякарня |
Юрыдычны статус | установа аховы здароўя |
Месцазнаходжаньне | Менск, Маскоўскі раён, вул. Сямашкі, д. 8 |
Галоўны лекар | Валеры Кушнірэнка |
Намесьнік па хірургіі | Алег Румо |
Намесьнік па лекавай працы | Анатоль Вус |
Галоўная мэдсястра | Сьвятлана Зянько[1] |
Асноўныя асобы | Вадзім Мацюшка, Тацяна Камянецкая |
Матчына кампанія | Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт |
Колькасьць супрацоўнікаў | 1704 (2016 г.) |
Сайт | m9gkb.by |
На 1 жніўня 2016 году 9-я гарадзкая клінічная лякарня налічвала 1005 ложкаў: 519 тэрапэўтычнага напрамку (кардыялягічны, пульманалягічны, гематалягічны, рэўматалягічны і гастраэнтэралягічны), 245 хірургічнага, 198 нэўралягічнага і 43 у аддзяленьні інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі (АІТР). На 2018 год на аснове лякарні працавала 7 катэдраў Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту, катэдра кардыёхірургіі Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі і 6 Рэспубліканскіх цэнтраў: 1) трансплянтацыі органаў і тканак, 2) гематалёгіі і перасадкі касьцянога мозга, 3) гемафілічны, 4) рэўматалягічны, 5) экстракарпаральных мэтадаў карэкцыі гамэастазу, 6) нэфралёгіі і ныркава-замяшчальнай тэрапіі. 9-я лякарня прымае па накіраваньні пацыентаў 14 гарадзкіх паліклінік Менску. У склад лякарні ўваходзілі 5 клінічных аддзелаў: 1) трансплянталёгіі; 2) гепаталёгіі і малаінвазіўнай хірургіі; 3) нэфралёгіі, ныркава-замяшчальнай тэрапіі і трансплянтацыі ныркі; 5) анэстэзіялёгіі і рэанімацыі; 6) вузавых трансплянтатаў. Навуковы аддзел лякарні ўлучаў 4 групы: імунафэнатыповых спосабаў дасьледаваньня; малекулярна-цытагенэтычных дасьледаваньняў; вузавых біятэхналёгіяў; эпідэміялягічных дасьледаваньняў хваробаў крыві. У лякарні працавала адзіная ў Беларусі брыгада шматорганнага забору і 2 банкі вузаў і тканак: мезенхімальных ствалавых вузаў; кляпанных алаграфтаў (для кардыёхірургіі)[3].
Платныя паслугі
рэдагавацьНа 2018 год 9-я гарадзкая клінічная лякарня аказвала наступныя платныя паслугі:
- сцынтыграфія ўнутраных органаў;
- радыёграфічнае дасьледаваньне ныркі;
- ультрагукавое дасьледаваньне (УГД) ўнутраных органаў;
- кампутарная тамаграфія (КТ) без унутранага ўзмацненьня;
- электракардыёграма (ЭКГ), у тым ліку содневае;
- вэляэргамэтрыя (ВЭМ);
- рэаграфія ўнутраных органаў;
- дасьледаваньне зьнешняга дыханьня;
- электраэнцэфаляграфія (ЭЭГ);
- эзафагагастадуадэнаскапія (ФГДС) зь біяпсіяй;
- рэктаскапія;
- рэнтгенаграфія ўнутраных органаў;
- лячэньне зубоў;
- масаж;
- іглаўкалваньне, у тым ліку электрычнае, мікра-, магніталазэрнае і палыннымі цыгарамі;
- электрапунктура;
- агульны і біяхімічны аналізы крыві, у тым ліку групы і рэзуса, антыцелаў, бялкоў і тлушчоў, гемастазіёграма;
- аналіз брулёў;
- вызначэньне дэзоксырыбануклійных (ДНК) і рыбануклійных кісьляў узбуджальнікаў заразных хваробаў, у тым ліку віруса гепатыту, герпэса, папілёмы, цытамэгалявіруса, вагінальных трыхаманадаў і гарднэрэлаў, хлямідыяў, урэна- і мікаплязмаў.
- замарозка і захоўваньне пупавіннай крыві[4].
Аддзяленьні
рэдагавацьНа 2018 год 9-я гарадзкая клінічная лякарня налічвала 2 клінікі, клініка-дыягнастычную лабяраторыю і 12 агульналякарневых аддзяленьняў:
- прыёмнае;
- 5 аддзяленьняў анэстэзіялёгіі і рэанімацыі, у тым ліку № 2 — хірургічнае, № 3 — гематалягічнае, № 4 — з палатай прабуджэньня і № 5 — кардыёхірургічнае;
- мэдычнай рэабілізацыі;
- рэнтгенаўскай кампутарнай тамаграфіі;
- ультрагукавой дыягностыкі;
- функцыянальнай дыягностыкі;
- рэнтгенаўскае;
- эндаскапічнае[5].
Клініка-дыягнастычная лябараторыя 9-й лякарні ўлучала 6 участкаў: імунагематалягічны; імунафэрмэнтных дасьледаваньняў; дасьледаваньняў сыстэмы гемастазу; клінічнай гематалёгіі; клінічнай хіміі; агульнаклінічных дасьледаваньняў. Хірургічная клініка 9-й лякарні ўлучала ангіяграфічны кабінэт, апэрацыйны блёк і 8 аддзяленьняў: 1) кардыёхірургічнае; 2) каардынацыі; 3) партальнай гіпэртэзіі; 4) трансплянтацыі; 5) трансплянацыі шпіка; 6) эктракарпаральных спосабаў дэтаксікацыі; 7) экстранай хірургіі; 8) такаральнае. Тэрапэўтычная клініка 9-й лякарні мела 15 аддзяленьняў:
- гастраэнтэралягічнае;
- 3 кардыёлягічныя аддзяленьні, зь іх № 1 — для інфарктных хворых;
- 4 нэўралягічныя, зь іх № 1 і 3 — аддзяленьні хуткай мэдычнай дапамогі (АХМД);
- 4 гематалёгіі, зь іх № 4 — дзённы стацыянар;
- нэфралёгіі і гемадыялізу;
- пульманалягічнае;
- рэўматалягічнае[5].
Мінуўшчына
рэдагаваць31 сьнежня 1976 году ў Менску (Беларуская ССР) адчынілі 9-ю гарадзкую клінічную лякарню. У 1977 годзе ў лякарні адчынілі лябараторыю гема- і лімфасорбцыі для распрацоўкі спосабаў вылячэньня ад ныркавай і пячонкавай недастатковасьці і дэтаксыкацыйных спосабаў вылячэньня, якая была адзінай у лякарнях СССР. Адчыніліся аддзяленьні гепаталёгіі і гематалёгіі. У 1980 г. 9-я лякарня дасягнула поўнай магутнасьці ў 1380 ложкаў і мела найбольшую хірургічную службу ў Менску. У 1984 годзе ў лякарні працавала 10 рэспубліканскіх асяродкаў. У 1993 годзе пры лякарні пачаў працу Рэспубліканскі цэнтар гематалёгіі і трансплянтацыі шпіка, які з 1994 году стаў удзельнікам Эўрапейскага таварыства трансплянтацыі шпіка (Швайцарыя). У выніку сталі перасаджваць ствалавыя вузы пры лячэньні злаякасных новаўтварэньняў, лейкозу і расьсеяннага склерозу. У 2007 годзе ў прыёмным аддзяленьні лякарні стварылі першы ў Беларусі анэстэзіёляга-рэанімацыйны пост. У красавіку 2008 году ў 9-й лякарні правялі ўпершыню ў Беларусі перасадку печані. У 2009 годзе ў лякарні стварылі Гарадзкі рэгістар донараў шпіка і ствалавых вузаў, які ў 2014 г. пераўтварылі ў Цэнтральны рэестар донараў гемапаэтычных ствалавых вузаў. У 2009 годзе адбылася перабудова 9-й лякарні коштам $45 млн[2].
У 2010 годзе 9-я лякарня забясьпечыла 30% экпарту лекарскіх паслуг Менску. Перасадку органаў ажыцьцявілі жыхарам 11 краінаў Азіі і 6 краінаў Эўропы. У студзені 2010 г. на аснове лякарні стварылі Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар трансплянтацыі органаў і тканак, які ўзначаліў Алег Румо. За першыя 2 гады правялі 129 перасадак печані. За 2011 год перасадзілі 175 нырак, 43 печані і 2 падстраўнікавыя залозы. Падбор органаў і тканак забясьпечылі лябараторыя вызначэньня сумяшчальнасьці і лябараторыя вузавых біятэхналёгіяў, што зьяўлялася адзінай у Беларусі ўстановай для вылучэньня і падрыхтоўкі вузаў да выкарыстаньня для лячэньня пацыентаў. У 2011 годзе 9-я лякарня зарабіла $3 млн на лекаваньні замежных грамадзянаў. За 2011 год у 9-й лякарні аказалі стацыянарную дапамогу блізу 39 000 пацярпелым і выканалі звыш 11 000 хірургічных умяшаньняў, зь іх звыш 300 перасадак органаў і тканак. 30 чэрвеня 2011 году Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь выдала 9-й лякарні пасьведчаньне навуковай установы за № 10. На чэрвень 2012 году ў складзе 9-й лякарні налічвалася 26 клінічных і 19 параклінічных аддзяленьняў. Таксама на аснове лякарні працавалі 5 катэдраў Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту, катэдра Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі і 4 Рэспубліканскія цэнтры. Для іншаземцаў перасадка ныркі каштавала $20-$50 тыс., печані — $40-$80 тыс., шпіка — да $120 тыс.[2]
Галоўныя лекары
рэдагаваць- Аляксандар Скачко (31 сьнежня 1976 — сакавік 1996)
- Уладзімер Мількаманавіч (сакавік 1996 — лістапад 1999)
- Валеры Кушнірэнка (зь лістапада 1999 году)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Кіраўніцтва (рас.) // УАЗ «9-я гарадзкая клінічная лякарня», 30 сакавіка 2018 г. Праверана 2 красавіка 2018 г.
- ^ а б в Вольга Мядзьведзева. Мэдыцына насуперак // Зьвязда : газэта. — 23 чэрвеня 2012. — № 120 (27235). — С. 1, 3. — ISSN 1990-763x.
- ^ Гісторыя лякарні (рас.) // УАЗ «9-я гарадзкая клінічная лякарня», 30 сакавіка 2018 г. Праверана 2 красавіка 2018 г.
- ^ Пералік платных паслугаў (рас.) // УАЗ «9-я гарадзкая клінічная лякарня», 30 сакавіка 2018 г. Праверана 2 красавіка 2018 г.
- ^ а б Аддзяленьні (рас.) // УАЗ «9-я гарадзкая клінічная лякарня», 30 сакавіка 2018 г. Праверана 2 красавіка 2018 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Платныя паслугі для грамадзянаў Беларусі (рас.) // УАЗ «9-я гарадзкая клінічная лякарня», 30 сакавіка 2018 г. Праверана 2 красавіка 2018 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |