188-я інжынэрная брыгада
Каардынаты: 53°56′34″ пн. ш. 30°16′15″ у. д. / 53.94278° пн. ш. 30.27083° у. д.
188-я гвардзейская інжынэрная брыгада — вайсковае злучэньне Ўзброеных сілаў Беларусі, створанае ў кастрычніку 1991 году ў Новым Пашкаве (Магілёўскі раён) ў якасьці 188-й інжынэрна-сапэрнай брыгады.
188-я інжынэрная брыгада | |
Нарукаўны знак брыгады (2024 год) | |
Гады існаваньня | ад 1 кастрычніка 1991 (33 гады таму) |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Падпарадкаваньне | Міністэрства абароны Беларусі |
Уваходзіць у | Сухапутныя войскі Беларусі |
Тып | інжынэрныя войскі |
Функцыя | абсталяваньне пераправы і разьмінаваньне |
Дысьлякацыя | Новае Пашкава (Магілёўскі раён) |
Узбраеньне | водаачышчальня «ВФС-2,5», разьмінавальнік «УР-77» і экскаватар «ЭАВ-4421» |
Вядомыя камандзіры | палкоўнік Аляксандар Цагойка (зь 2021 году) |
Вайсковая часьць 72471 мела машынадром[1].
Прызначэньне
рэдагавацьНа 2024 год 188-я інжынэрная брыгада выконвала наступныя задачы ў складзе інжынэрных войскаў Беларусі:
- абсталяваньне пунктаў водазабесьпячэньня са здабычай і ачысткай вады;
- разьмінаваньне пабудовы і мясцовасьці, пераробліваньне і ўтрыманьне праходу ў разбурэньнях і інжынэрнай загародзе;
- абсталяваньне і ўтрыманьне пераправы праз водную перашкоду;
- інжынэрнае маскаваньне пабудовы і войска;
- падрыхтоўка і ўтрыманьне шляху падвозу і вывазу, руху і манэўру войска;
- выкананьне разбурэньня, абсталяваньне і ўтрыманьне інжынэрнай загароды;
- умацаваньне раёну разгортваньня пункту кіраваньня, займанай войскам пазыцыі і рубяжу;
- інжынэрная выведка пабудовы, мясцовасьці і праціўніка[2].
Тэхніка
рэдагавацьНа 2024 год 188-я інжынэрная брыгада мела наступную тэхніку:
- 8-тонную фільтравальную станцыю «ВФС-2,5» прадукцыйнасьцю 2,5 кубамэтры за гадзіну для абясшкоджваньня, абеззаражваньня, дэзактывацыі і ачысткі вады ад прыроднага забруджваньня (час разгортваньня да атрыманьня чыстай вады складаў 40 хвілінаў, спажываная магутнасьць 8 кіляват і 40 гадзінаў працы на запасе рэагентаў);
- колавы шляхапракладнік «ПКТ-2» для расчысткі ад сьнегу, хмызьняку і драбналесься, а таксама для ўладкаваньня пераезду праз роў;
- шляхапракладнік «БАТ-2» для падрыхтоўкі дарогі і плакладваньня калённага шляху;
- плавальны транспартэр «ПТС-2» для перавозкі грузу і людзей праз водную перашкоду;
- устаноўку разьмінаваньня «УР-77» для выбуховага праробліваньня праходу ў мінным полі дзеля пропуску па ім тэхнікі;
- інжынэрную машыну разгароджваньня «ІМР-2» для забесьпячэньня прасоўваньня праз зону разбурэньня;
- палкавкую землярыйную машыну «ПЗМ-2» для рыцьця траншэі і катлавану пры абсталяваньні пункту кіраваньня і пазыцыі войска;
- вайсковы гідраўлічны аднакоўшавы экскаватар «ЭАВ-4421» для пагрузкі і разгрузкі пры абсталяваньні пункту кіраваньня і пазыцыі войска[3].
Мінуўшчына
рэдагаваць1 кастрычніка 1991 году ў Новым Пашкаве (Магілёўскі раён) стварылі 188-ю гвардзейскую інжынэрна-сапэрную брыгаду, якую 11 студзеня 1992 году падпарадкавалі ўраду Беларусі. 20 сакавіка 1992 году 188-я брыгада ўвайшла ў склад Узброеных cілаў Беларусі, якія 6 траўня перайшлі ў падпарадкаваньне Міністэрства абароны Беларусі. 1 ліпеня 2004 году 188-ю брыгаду пераўтварылі ў 188-ю гвардзейскую цэнтральную базу разгортваньня інжынэрных войскаў. 1 сакавіка 2008 году база стала 188-й гвардзейскай інжынэрнай брыгадай. У 2012—2013 гадох 188-я брыгада праводзіла 6—8 разьмінаваньняў падводных выбуховак, якія не разарваліся, за год. Штогод вадалазы брыгады праводзілі 50—60 гадзінаў падводных трэніровак для пацьверджаньня кваліфікацыі. Навучаньне для атрыманьня доспуску да падводнай працы праходзілі ў навучальным цэнтры ў Пінску (Берасьцейская вобласьць)[4].
На 2019 год 188-я брыгада была адзінай у Беларусі, дзе рыхтавалі вадалазаў для Ўзброеных сілаў Беларусі, а таксама іншых сілавых ведамстваў краіны, у тым ліку для спэцпадразьдзяленьня «Алмаз». За 2019 год пад вадой разьмінавалі 15 знаходак часоў Нямецка-савецкай вайны. Агулам абясшкодзілі звыш 300 выбуховых прадметаў[5]. Улетку 2020 году да палявых збораў у брыгадзе на 42 дні прыцягнулі 36 жаўнераў-рэзэрвістаў, зь якімі адпрацоўвалі ўсталёўку мэханізаванага моста[6]. Ад траўня па ліпень 2021 году на базе 188-й брыгады пад загадам яе камандзіра Аляксандра Цагойкі вялі падрыхтоўку да Армейскіх міжнародных гульняў[7]. За 2020—2022 гады сіламі брыгады абясшкодзілі каля 700 мінаў і снарадаў Нямецка-савецкай вайны[8].
12 студзеня 2024 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 20 «Аб забесьпячэньні дзейнасьці палігонаў і вайсковых стрэльбішчаў Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь», якой вызначыў межы і зону бясьпекі стрэльбішча «Пашкава» на поўдзень ад Новага і Старога Пашкава. Межы зоны бясьпекі, якія выклалі ў рамках Сусьветнай геадэзічнай сыстэмы (СГС-84), сумясьцілі зь межамі лясьніцтваў, аўтадарог, вадаёмаў і лініяў электраперадачы. Межы стрэльбішча і зоны бясьпекі вакол яго мелі пазначаць папераджальнымі знакамі пра забарону праходу і праезду. Згодна зь 7-м пунктам Палажэньня аб усталяваньні межаў вайсковых стрэльбішчаў, уздоўж іх прадугледжвалася зрабіць супрацьпажарныя разрывы ў выглядзе мінэралізаванай паласы шырынёй прынамсі 30 мэтраў. У 9-м пункце згадвалася, што ў межах зоны бясьпекі забаранялася знаходжаньне насельніцтва. Паводле 10-га пункту, начальнік стрэльбішча і яго камандзір мелі прынамсі за 10 дзён да пачатку падрыхтоўкі войска давесьці пра яе да кіраўніцтва Магілёўскага раённага выканаўчага камітэту і «Магілёўскай лясной гаспадаркі». У сваю чаргу Магілёўскі райвыканкам меў апавясьціць пра тое насельніцтва за 5 дзён да пачатку на ўласнай вэб-бачыне і згадаць пра забарону праходу ў зону бясьпекі стрэльбішча. Сярод іншага, Пастанова зьмяшчала схему зоны бясьпекі[9].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ БелТА. Бясьпечны маршрут, адкрытая вайда і інжынэрная формула - у Магілёўскі раёне рыхтуюцца да АрМГ // Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, 23 чэрвеня 2021 г. Праверана 12 ліпеня 2024 г.
- ^ Прызначэньне інжынэрных войскаў // Міністэрства абароны Беларусі, 2024 г. Праверана 12 ліпеня 2024 г.
- ^ Тэхніка і ўзбраеньне інжынэрных войскаў // Міністэрства абароны Беларусі, 2024 г. Праверана 12 ліпеня 2024 г.
- ^ Мікалай Макарэвіч. Пад вадой як дома // Зьвязда : газэта. — 27 траўня 2014. — № 96 (27706). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
- ^ Андрэй Ястрабаў, тэлеканал «Беларусь 1». 188-я гвардзейская інжынэрная брыгада прапанавала школьнікам Магілёва акунуцца ў вайсковае жыцьцё // Белтэлерадыёкампанія, 7 сьнежня 2019 г. Праверана 12 ліпеня 2024 г.
- ^ Палявыя зборы ў 188-й гвардзейскай інжынэрнай брыгадзе // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 22 ліпеня 2020 г. Праверана 12 ліпеня 2024 г.
- ^ Беларускія інжынэрныя войскі рыхтуюцца да АрМГ-2021 // БелТА, 26 ліпеня 2021 г. Праверана 12 ліпеня 2024 г.
- ^ Віншаваньне асабоваму складу 188-й гвардзейскай інжынэрнай брыгады з 80-годзьдзем // Прэзыдэнт Беларусі, 15 верасьня 2022 г. Праверана 12 ліпеня 2024 г.
- ^ У Беларусі вызначыліся з зонамі бясьпекі каля вайсковых палігонаў // Беларуская служба Радыё «Свабода», 19 студзеня 2024 г. Праверана 12 ліпеня 2024 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |