Яўгенія Янішчыц

беларуская паэтка

Яўге́нія Ёсіфаўна Яні́шчыц (20 лістапада 1948, в. Рудка, Пінскі раён — 25 лістапада 1988, Менск) — беларуская паэтка.

Яўгенія Янішчыц
лац. Jaŭhienija Janiščyc
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Яўгенія Ёсіфаўна Янішчыц
Псэўданімы Ластаўка Палесься
Нарадзілася 20 лістапада 1948(1948-11-20)
Памерла 25 лістапада 1988(1988-11-25) (40 гадоў)
Пахаваная
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэтка
Гады творчасьці 1963—1988
Жанр верш
Мова беларуская мова
Узнагароды
Творы на сайце Knihi.com

Нарадзілася Яўгенія Янішчыц у сялянскай сям’і, бацька — бондар, цясьляр, маці — працаўніца калгасу. Сям’я жыла спачатку ў вёсцы Рудка, потым пабудавалі новы дом у вёсцы Велясьніца. Першы муж маці Марыі Андрэеўны, Ёзас Янішчыц, загінуў на вайне ў 1944 годзе, ад яго Яўгеніі засталося прозьвішча (аб гэтым яна пісала ў вершы «Памяці Ёзаса Янішчыца»). Другі муж маці, Ёсіф Сьцяпанавіч Патапчук — бацька Яўгеніі Янішчыц — памёр у 1975 годзе. Маці стала двойчы ўдавой і пакінула гэты сьвет у 2006 годзе[1].

Біяграфія

рэдагаваць

Дзяцінства будучай паэтэсы прайшло на вёсцы[2]. Вучылася Яўгенія Янішчыц спачатку ў Мерчыцкай васьмігодцы, 9—10 клясы скончыла ў Парэцкай сярэдняй школе (Пінскі раён). У юнацкія гады пачала пісаць вершы. Самы першы твор прачытала на школьнай вечарыне, прысьвечанай Якубу Коласу. Вершы 17-гадовай дзяўчыны друкаваліся ў пінскай раённай газэце, у рэспубліканскіх газэтах і часопісах.

У 1966, пасьля заканчэньня сярэдняй школы, Яўгенія Янішчыц паступіла на аддзяленьне беларускай мовы і літаратуры філялягічнага факультэту БДУ. Стала дыплямантам беларускага фэстывалю творчасьці моладзі (1970).

Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту (1971) пайшла працаваць загадчыцай бібліятэкі ў ЦК ЛКСМБ. У гэтым жа годзе выйшла замуж за беларускага паэта Сяргея Панізьніка. Праз пэўны час зьехала ў Чэхаславаччыну, дзе муж служыў ваенным журналістам. Аднак хутка вярнулася на радзіму, да маці, і ў 1972 годзе нарадзіла сына Андрэя. Без дапамогі мужа гадавала сына, шлюб у студзені 1976 быў афіцыйна скасаваны.

Бытавая і жыцьцёвая неўладкаванасьць працягвалася каля пяці гадоў. Паэтэса пісала ў адным зь лістоў да Міхася Забэйды-Суміцкага:

 

Хаця б хутчэй далі кватэру ў Менску, ды пераехаць. Бо па натуры я вельмі мяккая, а ад таго, мабыць, лёгка ранімая. Кажуць, што для поўнага шчасьця паэт павінен быць неўладкаваным. Але калі гэтай неўладкаванасьці празь меру, то горш ня трэба…

 

У 1976 Яўгенія Янішчыц уладкавалася працаваць літкансультантам у «Сельскую газэту». Атрыманая ў 1977 у Менску на вуліцы Ўльянаўскай кватэра дазволіла канчаткова замацавацца ў сталіцы. У 1981 Я. Янішчыц удзельнічала ў працы XXXVI сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН. У 1983 яна становіцца загадчыкам аддзелу паэзіі часопісу «Маладосьць». У 1988 атрымоўвае новую трохпакаёвую кватэру на вуліцы Старажоўскай, на Нямізе.

Марудна Яўгенія Янішчыц папраўлялася пасьля аварыі ў Магілёве ў 1976, калі атрымала мноства пераломаў і была надоўга прыкаваная да бальнічнага ложка. Яна так і ня здолела перамагчы фізычны боль і пакуты, што, у сваю чаргу, паўплывала на дэпрэсіўныя настроі ў апошнія гады жыцьця. Па афіцыйнай вэрсіі, паэтэса трагічна загінула.

Творчасьць

рэдагаваць

У сьнежні 1962 году першыя вершы былі надрукаваныя ў пінскай раённай газэце «Палеская праўда»[3]. У 1964 годзе — у часопісе «Бярозка»[4]. Аўтар зборнікаў лірыкі «Сьнежныя грамніцы» (1970), «Дзень вечаровы» (1974), «Ясельда» (1978), «На беразе пляча» (1980), «Пара любові і жалю» (1983), «Каліна зімы» (1987). Выйшаў зборнік выбраных твораў «У шуме жытняга сьвятла» (1988), у які вершы адбірала сама паэтэса. Ейнай паэзіі ўласьцівы роздум пра жыцьцё, бацькоўскі край, гераічнае мінулае і сучаснасьць, тэмы сяброўства, каханьня, мацярынства.

З самага першага зборніка тэма роднага краю становіцца візыткай паэзіі Яўгеніі Янішчыц. Палесьсе, Велясьніца — вобразы «малой радзімы» праходзяць праз усю яе творчасьць. Ціхая беларуская вёска, навакольная прырода ўплывалі на абуджэньне таленту і фармаваньне сьветапогляду паэтэсы. Вёска зь яе ўстойлівымі традыцыямі і ладам жыцьця выклікала ўяўленьне аб трываласьці і надзейнасьці абжытага сьвету. Прырода паўстала казачнай краінай. У вершы «Прыедзь у край мой ціхі…» паэтэса запрашала пабачыць хараство і самабытнасьць палескіх краявідаў:

 

Прыедзь у край мой ціхі,
Тут продкаў галасы,
Тут белыя бусьліхі
І мудрыя лясы.

 

3 душэўнай пранікнёнасьцю і пачуцьцём павагі Я. Янішчыц намалявала паэтычныя партрэты землякоў, аднавяскоўцаў («Дзед Сымон», «Насьця», «Усьціньня», «Сава і Марыя», «Павел і Нікан», «Зінька», «У бабулі Паланеі», «Салдаткі» і інш.). Яна ўспрымала працавітых, сумленных палешукоў як амаль сьвятых, называла іх «апосталамі», «інтэлігентамі ад зямлі».

Характэрнай рысай вершаў, прысьвечаных палескай прыродзе, было імкненьне перадаць хараство і таямнічасьць навакольнага сьвету. Я. Янішцыц глядзіць на сьвет вачыма рамантыка. У вершы «Чаму ніколі не баюся я…» паэтэса гаворыць пра сваю духоўную еднасьць з радзімай:

 

Ёсьць у мяне зялёная зямля,
Яна магутней слабасьці і сьмерці.

 

Паэтэса ўспрымае сьвет у абуджэньні, росквіце, прыліве прыродных сіл. Яе «зялёная зямля» — гэта ня толькі «малая радзіма», гэта таксама эстэтычная рэальнасьць, пазбаўленая недахопаў і недасканаласьці, крыніца творчага натхненьня, гаючы эліксір душы. Любоў да радзімы ня толькі сузіральная, але і дзейсная, «з мазалямі на руках».

У вершы «Не воблака, а проста аблачынка…» паэтэса думкай пераносіцца ў мінулае. У яе памяці ўсплывае вобраз вясёлай дзяўчынкі:

 

…яшчэ бяжыць дзяўчынка
Па кладцы той, якой даўно няма.

 

3 вышыні жыцьцёвага вопыту яна глядзіць на юнацкую бесклапотнасьць. Паблажліва, бяскрыўдна ўзіраецца ў сваё мінулае, дзе «лета» і «зіма» незаўважна перайшлі адно ў другое. Кладка, якая злучала два сьветы: сьветлага дзяцінства, багатага на выдумкі юнацтва і шматабяцальнай сталасьці, — стала памяцьцю. Верш насычаны сымбалічнымі вобразамі: воблака (увасабленьне сталасьці), аблачынкі (увасабленьне юнацтва), матылька (лёгкасьці і нязмушанасьці пазнаньня жыцьця), кладкі (злучэньне, сумяшчэньне ў лёсе двух сьветаў).

Супрацьпастаўленьне (антыномія) вёскі і гораду ў вершы «Помню, помню праз гады…» не выказваецца адкрыта, а выяўляецца ў падтэксьце тужлівых роздумаў. Горад уражвае, хвалюе, зьдзіўляе, але не выклікае таго захапленьня і паэзіі, якую нараджае вёска. Разлад узьнікае з-за немагчымасьці пераходу з «вясковага» ўзроўню існаваньня душы на іншы. Лірычнай гераіні цяжка знаходзіцца ў гэтым памежным становішчы, на раздарожжы паміж горадам і вёскай. І як толькі ўзьнікаюць жыцьцёвыя праблемы, яна шукае апірышча ў знаёмым, родным, ратуецца думкай пра свой вясковы сьвет. У вершы гучаць фальклёрныя матывы: тэкст мае песенную мэлядычную структуру, па рытмічнай арганізацыі нагадвае сумныя народныя песьні. Паэтэса ўжывае звароты і прыдаткі з ацэнкава-мэтафарычным значэньнем (золатца, сябра-сокала, сьцежкі-птушкі), характэрныя для фальклёру.

Лірычная гераіня Я. Янішчыц так сказала пра сябе: «Я — поле, я сьціхлая ў горадзе вёска…» («Наконт гарадзкога мысьленьня»). Паэтэса чуйна рэагавала на зьмены, што адбываюцца на вёсцы, у традыцыйным укладзе жыцьця, хвалявалася за будучыню роднай зямлі. У сваім сэрцы яна імкнулася зьяднаць, прымірыць два сьветы — вясковы і гарадзкі («Я вас люблю»).

Паэтычны сьвет Я. Янішчыц напоўнены пачуцьцём любові: да маці, радзімы, жыцьця, кветак, саду, сонца, аблокаў… У вершы «Ты пакліч мяне. Пазаві…» паэтэса гаворыць:

 

Пачынаецца ўсё зь любві,
А інакш і жыць немагчыма.

 

Матыў болю праходзіць праз увесь верш «Ля ложка хворай маці». Сэрца дачкі перапоўнена хваляваньнем. З чуласьцю і пяшчотай яна зьвяртаецца да самага дарагога ў жыцьці чалавека: «Так ніколі твая не балела мне доля».

Радасьць і смутак суіснуюць побач у вершы «Любоў мая…». «Песьня і маркота» адухаўляюцца любоўю, а з пачуцьця любові пачынаецца песьня, як аснова жыцьця і сьвету. Паэзію Я. Янішчыц адрозьніваюць мэлядычная танальнасьць выказанага слова, у патасны ўзьлёт эмоцыі, драматызм пачуцьця. Лірыка каханьня кранае глыбінёй перажываньняў. У інтымнай лірыцы паэтэса гаворыць мовай шчырай, даверлівай споведзі (верш «Разлука ўпала на траву…»). У жаночым сэрцы боль і туга па страчаным каханьні, «Мой боль — на вышыні сьвятла…» — гучыць прызнаньне ў вершы «А як хацелася цяпла…». Лірычная гераіня кахае і пакутуе, а, пакутуючы, усе роўна жыве дзеля каханьня і любові.

Лірычны струмень вызначальны ў зборніках паэзіі, дзе адлюстраваўся сьвет пачуцьцяў чулай і ранімай душы. Чалавек, людзі, прырода, паводле паэтычнай філязофіі Я. Янішчыц, — галоўная і найвышэйшая каштоўнасьць на зямлі. «Жывіце і любіце, // Свой беражыце дом», — такі духоўны запавет пакінула паэтэса.

Я. Янішчыц стварыла некалькі паэмаў. Справы вясковых працаўнікоў у паэме «Ягадны Хутар» (1980), якая вызначаецца спалучэньнем верша і вершаванай прозы. У «Зорнай паэме» спалучаюцца лірычныя і публіцыстычныя інтанацыі.

Аўтар літаратурна-крытычных артыкулаў, рэцэнзій і інш. Перакладала на беларускую мову з расейскай і ўкраінскай. Асобныя вершы Я. Янішчыц пакладзеныя на музыку.

У 2000 пабачыла сьвет кніга «Выбранае» (укладаньне Алы Канапелькі і Валянціны Коўтун), дзе былі ўпершыню апублікаваныя паэма «Галалёд» і апавяданьні Яўгеніі Янішчыц.

Прэміі і ўзнагароды

рэдагаваць

Ляўрэат прэміі Ленінскага камсамолу БССР (1978) за кнігу лірыкі «Дзень вечаровы», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1986) за кнігу лірыкі «Пара любові і жалю».

Літаратурная спадчына

рэдагаваць

Творы Яўгеніі Янішчыц перакладаліся на ангельскую (1976), баўгарскую (1975; 2000; 2005), башкірскую, вугорскую (1984), гішпанскую (1983), грузінскую (1978), італьянскую (2020), казаскую (1971), латыскую (1967), летувіскую (1972; 2008), малдаўскую (1975), мальтыйскую, нямецкую (1983)[5], польскую (1970, 1997; 2013), расейкую (1966), сэрбскую (2012), украінскую (1968), францускую (2017), чуваскую (1985), чэскую (1985) й іншыя мовы. Яны ўключаліся ў калектыўныя зборнікі і друкаваліся ў пэрыядычных выданьнях краін. У 1985 годзе выйшла кніга паэзія Яўгеніі Янішчыц «Спроси у чебреца» на рускай мове ў перакладзе Рымы Казаковай; у 1998 годзе – кніга «Твоето присъствие» на баўгарскай мове (укладальнік Христо Попов); ў 2025 выйдзе «Анталёгія паэзіі Яўгеніі Янішчыц» на гішпанскай мове Франсіска Руіс Сарыяна[6].

Кампазытары Р. Давыдаў, Ігар Комар, Юры Семяняка, М. Юрко, Зьміцер Яўтуховіч напісалі музыку на словы яе вершаў[7].

Паэтычная спадчына Яўгеніі Янішчыц — адна з самых яскравых і таленавітых старонак беларускай літаратуры другой паловы XX стагодзьдзя[8].

У рэцэнзіі на яе першую кнігу Рыгор Бярозкін пісаў:

 

Першая кніга — кніжка ясная, сьвежая, росная, быццам тая раніца, зь якое яна, Жэня Янішчыц, і выбегла (іменна выбегла) у літаратуру.

 

Паводле выказваньня Васіля Жуковіча, у літаратуру прыйшла «асоба зь імем Беларусі», якая прысьвяціла сваёй зямлі натхнёныя вершы-оды.

Па словах Васіля Быкава,

 

Жэня была самая таленавітая з усіх самых таленавітых паэтэс Беларусі, самая цнатлівая і дасканалая. Гэта вялікае няшчасьце, што яна так рана пайшла з жыцьця. Але ў тым і нейкае наканаваньне — даўно і ня намі сказана, што Бог бярэ да сябе найлепшых. Але шкада — месца Жэні ў нашай паэзіі засталося пустое, мабыць, яго доўга ня будзе каму заняць. Бо гэта — дужа годнае месца.

 

Бібліяграфія

рэдагаваць

Перыёдыка

рэдагаваць
  • Жэня Янішчыц. Паэтычная паверка. Вершы // ЛіМ : газэта. — 1970, 10 красавіка. — № 28 (2490). — С. 9.
  • Яўгенія Янішчыц. Ялта—1917. (У вянок Максіму Багдановічу) // Полымя : часопіс. — 1981. — № 12 (632). — С. 7.
  • Яўгенія Янішчыц. Вершы. // Полымя : часопіс. — 1982. — № 1 (633). — С. 114—118.
  • Яўгенія Янішчыц. Вершы. // Полымя : часопіс. — 1983. — № 3 (647). — С. 83—85.
  • Яўгенія Янішчыц. Новыя Вершы. // Полымя : часопіс. — 1984. — № 3 (659). — С. 121—126.
  • Яўгенія Янішчыц. Вершы. // Полымя : часопіс. — 1984. — № 4 (660). — С. 190.
  • Яўгенія Янішчыц. Жывому паклонімся паэту. (Да 170-годдзя з дня нараджэньня Тараса Шаўчэнкі) // Полымя : часопіс. — 1984. — № 4 (660). — С. 190—191.
  • Яўгенія Янішчыц. З кнігі лірыкі «Каліна зімы». // Полымя : часопіс. — 1985. — № 3 (671). — С. 3—8.
  • Яўгенія Янішчыц. «Стол мой пісьмовы ўзрос да пагорка». Уступнае слова Валянціны Коўтун. // Полымя : часопіс. — 1993. — № 5 (769). — С. 139—149.
  • Тамара Аўсяннікава. «Я пісала табе пісьмо…» Я пісала табе пісьмо: Першы ліст вырваў вецер, Другі ліст заліла чарніламі, Трэці ліст застаўся чыстым. Я. Янішчыц. З неапублікааванага. // Полымя : часопіс. — 2007, сьнежань. — № 12 (938). — С. 166—177.

Зборнікі паэзіі

рэдагаваць

Выбраннае

рэдагаваць

  • Яўгенія Янішчыц. Выбранае: вершы, паэмы. (Зьмест. Паэмы: Ягадны хутар; Акно ў дождж; Зорная паэма; цыклы: Снежныя грамніцы; Ясельда; На беразе пляча; Пара любові і жалю; Каліна зімы) / прадмова Аляксандра Бельскага. — Менск: Мастацкая літаратура, 2009. — 246 с. — (Школьная бібліятэка). — 15 019 ас. — ISBN 978-985-02-1074-6
  • Яўгенія Янішчыц. Кахання сад і ластаўка вясны / укладанне Віктара Шніпа; мастак Мікола Казакевіч. — Менск: Мастацкая літаратура, 2018. — 109 с. — (100 вершаў). — 500 ас. — ISBN 978-985-02-1826-1
  • Яўгенія Янішчыц. Непрыручаная птушка: вершы (Зьмест. Цыклы: з кнігі «Снежныя грамніцы» (1970); з кнігі "Ясельда» (1978); з кнігі «На беразе пляча» (1980); з кнігі «Пара любові і жалю» (1983); з кнігі «Каліна зімы» (1987)) / укладальнік Алесь Бадак. — Менск: Мастацкая літаратура, 2023. — 143 с. — (Новая бібліятэка беларускай паэзіі). — 700 ас. — ISBN 978-985-02-2156-8
  • Яўгенія Янішчыц. Непрыручаная птушка: вершы (Зьмест. Цыклы: з кнігі «Снежныя грамніцы» (1970); з кнігі "Ясельда» (1978); з кнігі «На беразе пляча» (1980); з кнігі «Пара любові і жалю» (1983); з кнігі «Каліна зімы» (1987)) / укладальнік Алесь Бадак. — Менск: Мастацкая літаратура, 2024. — 143 с. — (Новая бібліятэка беларускай паэзіі). — 700 ас. — ISBN 978-985-02-2249-7

Збор твораў

рэдагаваць
  • Яўгенія Янішчыц. Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі: у 4 т. / укладальнікі: С. У. Калядка, Т. П. Аўсяннікава. — Менск: Беларуская навука, 1916—1919. — 300 с. — ISBN 978-985-08-2032-7[9][10][11]
    • Яўгенія Янішчыц. Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі. Першы том / укладальнікі: С. У. Калядка, Т. П. Аўсяннікава; рэдактар тома Л. Г. Кісялёва. — Менск: Беларуская навука, 2016. — Т. 1 (Змест: Жыццё маё ― загадкавы палёт…: з біяграфіі Я. Янішчыц; зборнікі вершаў: Снежныя грамніцы; Дзень вечаровы; Ясельда; На беразе пляча; Пара любові і жалю). — 600 с. — 500 ас. — ISBN 978-985-08-2033-4
    • Яўгенія Янішчыц. Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі. Другі том / укладальнікі: С. У. Калядка, Т. П. Аўсяннікава; рэдактар тома Л. Г. Кісялёва. — Менск: Беларуская навука, 2017. — Т. 2 (Змест: зборнік вершаў «Каліна зімы»; паэмы: Завеі снежаньскай пялёсткі; Ясельда; Ягадны Хутар; Акно ў дождж; Зорная паэма; Галалёд; апавяданні і замалёўкі: На памяць; Гарбуз; З адзінаццатага года; Нерв; Паляўнічы сезон; Трое сутак надзеі; Адно толькі ліха, што вароны каркаюць; Усё і пачалося з крэслаў; Антаніна? Не-э, Антон Сцяпанавіч; Бомбачка і інш.; Навуковыя каментарыі; Дадаткі: Творы, прысвечаныя Я. Янішчыц; Успаміны аднакурснікаў, калег па працы, пісьменнікаў (34 аўтары). — 600 с. — 500 ас. — ISBN 978-985-08-2219-2
    • Яўгенія Янішчыц. Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі. Трэці том / укладальнікі: С. У. Калядка, Т. П. Аўсяннікава; рэдактар тома Л. Г. Кісялёва. — Менск: Беларуская навука, 2019. — Т. 3 (Зьмест: «Раўнівы крытык, не капайся ў долі…» — Сьвятлана Калядка; Вершы і песьні(1963—1988) . Эпіграмы. Чарнавыя накіды. Кароткія выказваньні. Двухрадкоўі; Творы, якія публікаваліся; Творы з архіваў, музэя; Вучнёўскія і недапрацаваныя творы; Навуковыя камэнтары. У дадатку: Успаміны; Зьмест запланаваных паэтычных зборнікаў, якія не апублікаваны пры жыцьці паэтэсы. — 816 с. — 500 ас. — ISBN 978-985-08-2436-3[12]

Пераклады на іншыя мовы

рэдагаваць
на расейскую мову
  • Евгения Янищиц. Спроси у чебреца / перевела с белорусского Римма Казакова. — Москва: Советский писатель, 1985. — 86 с. — 1000 ас.
на баўгарскую мову
  • Явгения Янишчиц. Твоето присъствие: книга се посвещава на 50-год от рождението на Явгения Янишчиц / стиховете прев. oт бел. Н. Вълчев и др.; послеслов Р. Евтимова; съставител Христо Попов; художник В. Пауно. — София: Панорама, 1998. — 87+9 с. — ISBN 954-9655-03-2
на гішпанскую мову
  • Eugenia Janischits. «Antología de poesía de Eugenia Janischits» / Traducido del bielorruso por Francesc Ruiz Soriano. — Colección de Poesía Visor, 2025. — 130 с.[6]
  1. ^ Зьміцер Бартосік. (23 жніўня 2012) «Якім быў апошні прыезд Яўгеніі Янішчыц на радзіму?» Падарожжы Свабоды. Радыё Свабода.
  2. ^ Да 70-годдзя з Дня нараджэньня паэткі Яўгеніі Янішчыц.
  3. ^ Біяграфія Яўгеніі Янішчыц
  4. ^ Незгасальнае сьвятло таленту
  5. ^ Ferdinand Neureiter Weißrussische Anthologie. Ein Lesebuch zur weißrussischen Literatur. — München: Verlag Otto Sagner, 1983. — С. 228, 229. — 230 с. — (Slavistiche Beiträge). — ISBN 3-87690-252-5 (ням.)
  6. ^ а б Тамара Аўсяньнікава. Паэзія Яўгеніі Янішчыц загучыць па-іспанску // Пінскі веснік : часопіс. — 2024, 23 сьнежня. — С. —.
  7. ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 20 лістапада 2013. — № 218 (27583). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  8. ^ С. Калядка (2009)
  9. ^ Прэзентацыя выдання «Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі». Беларускае Радыё Рацыя.
  10. ^ Калядка С.У. Збор твораў Максіма Танка ў 13 тамах і чатырохтомнае выданне «Яўгеніі Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі». З гісторыі падрыхтоўкі // Сучасная беларуская тэксталогія — актуальныя праблемы і перспектывы развіцця: : матэрыялы Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі. — Менск: БДПУ Права і эканоміка, 2016. — С. 1—5. — ISSN 2518-7902.
  11. ^ Тамара Аўсяньнікава. «Адзіны на зямлі». Пра перапіску Яўгеніі Янішчыц і Сяргея Панізніка. // Новы час, (Літаратурная Беларусь) : газэта. — 2020, 30 траўня. — № 20 (679); (№ 5 (165)). — С. 11 (17).
  12. ^ Выйшаў трэці том выдання «Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі». Беларускае Радыё Рацыя.

Літаратура

рэдагаваць

  • Калядка С. Яўгенія Янішчыц // Беларуская літаратура: дапам. для вучняў 11-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / пад рэд. А. Бельскага, М. Тычыны. — Мн.: Адукацыя і выхаванне, 2009. ISBN 978-985-471-320-5
  • Арнольд Макмілін. Пісьменства ў халодным клімаце. Беларуская літаратура ад 70-х гг. XX ст. да нашых дзён. — Białystok: Orthdruk, 2011. — 910 с. — ISBN 978-83-89396-55-6
  • Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю // Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982.
  • Янішчыц Яўгенія. / біяграфічныя зьвесткі Гарэлік Л. М.; бібліяграфія Грышкевіч В. М. // пад рэдакцыяй А. В. Мальдзіса. Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік: у 6 т.. — Менск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1995. — Т. 6, Талалай—Яфімаў. — С. 492—497. — ISBN 5-85700-061-0.
  • Маргарыта Яфімава. Будзе вечна блізкім рэхам звінець твой голас малады! (Яўгенія Янішчыц). // Бібліятэка прапануе : часопіс. — 2003. — № 6. — С. 14—17.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць