Шэршні
Шэршні — род вусякоў сямейства сапраўдных восаў.
Шэршні | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Царства | Жывёлы |
Падцарства | Cапраўдныя шматвузавыя |
Разьдзел | Двухбакова-сымэтрычныя |
Падразьдзел | Першаснаротыя |
Тып | Суставаногія |
Надкляса | Шасьціногія |
Кляса | Вусякі |
Падкляса | Крылатыя вусякі |
Інфракляса | Навакрылыя вусякі |
Надатрад | Вусякі з поўным пераўтварэньнем |
Атрад | Перапончатакрылыя |
Падатрад | Джаланосныя |
Сямейства | Сапраўдныя восы |
Даччыныя таксоны | |
Бінамінальная намэнклятура | |
Vespa Карл Лінэй | |
Налічваецца каля 20 відаў. Пашыраныя паўсюдна. Пераважна сустракаюцца ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі. У Беларусі трапляецца эўрапейскі шэршань[1]. Найбольшай колькасьці дасягаюць у жніўні—верасьні. Зазнаюць поўнае пераўтварэньне. Сем'і аднагадовыя, бо зімуюць аплодненыя саміцы[2].
Выгляд і паводзіны
рэдагавацьДаўжыня шэршня дасягае 4 см, а эўрапейскага шэршня — 3-х см (матка). Мае бураватую або чырвона-бурую афарбоўку з буравата-жоўтым малюнкам на галаве і брушку. Крылы жаўтаватыя, а рот грызуча-ліжучы. Саміцы маюць джала і атрутныя залозы. Жывуць сем'ямі. Шарападобныя соты месьцяцца паземна ў дуплах дрэваў, шпакоўнях і на гарышчах дамоў да 6 слаёў. Гнёзды дасягаюць велічыні да 50 см і будуюцца з сапраўднай паперы, якую вырабляюць працоўныя шэршні з валокнаў драўніны, змочаных вадой і сьлінай. Дарослыя шэршні кормяцца нэктарам і сокамі дрэваў і пладоў. Лічынак кормяць вусякамі — восамі, мухамі і меданоснымі пчоламі. Таму шкодзяць пчалярству, а праз гэта лясным і пладовым гадавальнікам[1].
Гнёзды
рэдагавацьШэршні будуюць гнёзды некалькі месяцаў у цёмных, халаднаватых і зацішных месцах на галінах дрэваў. Часам яны ствараюць сваея пухірападобныя гнёзды шэрага адценьня ў прыватных дамах і гаспадарчых пабудовах на гарышчы, у падвале і іншым закутку. Шэршні забіраюцца туды праз шчыліны. У схаваных поласьцях яны ўтвараюць гнёзды пад падлогай або вагонкай. У шматпавярховых дамах шэршні будуюць гнёзды між стыкамі бэтонных плітаў. У адным кокане можа жыць да 700 шэршняў. Зрэдку яны могуць гнездавацца ў зямлі[3].
Атрутнасьць
рэдагавацьКаб прадухіліць пранікненьне шэршняў у будынак, дастаткова перакрыць шчыліны з дапамогай мантажнай пены і будаўнічай сумесі. Адпаведны агляд будынка найлепш рабіць у траўні да ўтварэньня гнязда ў ліпені або жніўні. Калі тыя ўжо збудавалі гняздо, то выдаляць яго варта пасьля заходу сонца позна ўвечары або ўначы, бо тады падае іх актыўнасьць. Пры гэтым варта шчыльна заправіць вопратку, каб закрыць усе ўчасткі цела, бо шэршань можа ўджаліць некалькі разоў і выклікаць тым анафіляктычны шок. На гняздо апранаюць мяшок і адразаюць яго ад паверхні будынка нажом або шпацелем. Затым мяшок топяць або спальваюць. У закрытым памяшканьні для прыбіраньня іх гнязда распыляюць атрутны дыхляфос[3].
Каб пазьбегнуць нападу шэршняў, варта ўстрымвацца ад дотыку да іх гнязда, а таксама ўнікаць размахваньня рукамі ў спробе адагнаць іх. Адыходзіць варта паціху, каб ня стаць рухомым прадметам для нападу. Калі ж напад адбыўся, то варта найхутчэй прыбраць джала са скуры пазногцем, тупым бокам ляза, плястыкавай карткай або пінцэтам. Да месца ўкусу варта прыкласьці халодны прадмет. Пацярпеламу спатрэбіцца прыняць супрацьалергенныя лекі, як то супрасьцін, цэтырызін, кетатыфэн або ляратадын. Інакш можа ўзьнікнуць анафіляктычны шок, пры якім падае артэрыяльны ціск, мяняецца адценьне скуры, выступае халодны пот, пачынаюцца сутаргі і адбываецца страта прытомнасьці. У такім выпадку варта выклікаць хуткую мэдычную дапамогу. Калі на соннай артэрыі магчыма прамацаць пульс, тады пацярпелага варта павярнуць на бок. Калі пульсу няма, патрэбна безадкладна правесьці сэрца-лёгачнае рэанімаваньне[3].
Беларусь
рэдагавацьУ Беларусі сустракаецца эўрапейскі шэршань[1]. У 2013 годзе задачу па выдаленьні гнёздаў небясьпечных вусякоў усклалі на падразьдзяленьні Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Беларусі. У той год 1/4 адпаведных выездаў прыпадала на выдаленьне гнёздаў шэршняў. Пры гэтым выезд ратаўнікоў быў бясплатны ў дзіцячы садок, лякарню, школу і іншую значную грамадзкую ўстанову[3].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в С.Л. Максімава. Шэршні // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — ЯЯ. — С. 33. — 472 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0295-4
- ^ Алена Шалапёнак. Шэршні // Энцыкляпэдыя прыроды Беларусі ў 5 тамах / гал.рэд. Іван Шамякін, маст. Аляксандар Шэвераў. — Менск: Беларуская савецкая энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1986. — Т. 5. Стаўраструм — Яшчур. — С. 410. — 583 с. — 10 000 ас.
- ^ а б в г Валяр'ян Шкленьнік. Крылатыя агрэсары // Зьвязда : газэта. — 7 траўня 2014. — № 83 (27693). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
Гэта — накід артыкула па біялёгіі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |