Шы-ан Вру
Грабніца | |
Выгляд сьпераду (сакавік 2006 г.)
| |
Краіна | Ірляндыя |
урочышча | Нью-Грэйндж (графства Міт, правінцыя Ленстэр) |
Каардынаты | 53°41′40″ пн. ш. 6°28′30″ з. д. / 53.69444° пн. ш. 6.475° з. д.Каардынаты: 53°41′40″ пн. ш. 6°28′30″ з. д. / 53.69444° пн. ш. 6.475° з. д. |
Першае згадваньне | 1142 г. |
Дата заснаваньня | каля 3200 г. да н.э. |
Статус | Ахоўваецца |
Стан | Дзейны |
Сайт | Афіцыйны сайт |
Шы-ан Вру | |
Шы-ан Вру на Вікісховішчы |
Шы-ан Вру (па-ірляндзку: Sí an Bhrú — «штурхальня») — насыпны курган плошчай 0,5 га, дыямэтрам 85 мэтраў і вышынёй 13,5 мэтраў ва ўрочышчы Нью-Грэйндж (графства Міт, правінцыя Ленстэр, Ірляндыя), што за 60 км на поўнач ад Дубліна. Углыб кургана вядзе 19-мэтровы праход з валуноў, які вядзе ў каменны пакой з 3 нішамі. У аснаваньні курган абкладзены 97 валунамі зь белага кварцу. На валунах выразаныя 10 відаў лінейных рысункаў: 5 крывалінейных (кругі, сьпіралі, дугі, завітушкі, кропкі ў колах) і 5 просталінейных (шаўроны, ромбы, радыялы, раўналежнікі і раўналежныя крывыя). Пабудаваны з валуноў і пяску каля 3200 году да нараджэньня Хрыстова, то бок раней за эгіпэцкія піраміды. Пры будаўніцтве выкарысталі 547 плітаў з шэрай вакі і 4 пліты з карычневага пяшчаніку, агульная вага якіх склала каля 200 тыс. тонаў. Зьяўляецца адной з 40 калідорных грабніцаў нэалітычных могілак Палац-на-Бойне(be) (ірл. Brú na Bóinne; Бру-на-Бойн).
Дасьледаваньне
рэдагавацьУ 1142 г. Шы-ан Вру ўвайшоў у склад зямельных уладаньняў новазаснаванага Вялікага манастыра(ga) за 10 км на паўночны захад ад Дрогеды (графства Лаўт, правінцыя Ленстэр), які стаўся першым манастыром хрысьціянскага Ордэна цыстарыянаў у Ірляндыі. Ваколіцы Шы-ан Вру, аддадзеныя пад земляробства, сталі называцца дворышчам (анг. grange; грэйндж). У 1151 г. у рукапісе Кніга Ленстэра, які пачаў абат Аэд Ўа Крымтаін у хрысьціянскім Тыр-Да-Гласкім манастыры (графства Тыперэры, правінцыя Манстэр), згадваецца паданьне аб падарунку Шы-ан Вру язычніцкім бажаством Дагда свайму сыну Энгусу. Да 1378 г. ваколіцы Шы-ан Вру сталі называцца новым дворышчам (анг. new grange; нью грэйндж).
У 1688 г. Чарлз Кэмпбэл стаўся земляўласьнікам ваколіцаў Шы-ан Вру. У 1699 г. Чарлз Кэмпбэл загадаў сваім сялянам раскапаць курган Шы-ан Вру дзеля здабычы каменя. У выніку работнікі адкрылі ўваход у магілу ўнутры кургана. Ўэйлскі антыквар Эдвард Луйд (1660—1709) напісаў аб знойдзенай у кургане магіле, дзе знаходзіліся таксама парэшткі жывёлаў. Затым Чарлз Кэмпбэл паведаміў прафэсару Томасу Муліно з Дублінскага ўнівэрсытэту аб знаходцы ў магіле трупаў 2 людзей. Труп мужчыны знаходзіўся ў адной з бочак. Другі труп знайшлі ў праходзе. У 1769 г. сябар Брытанскага парлямэнту Томас Паўнэл (1767—1780) падлічыў валуны ў Шы-ан Вру і апісаў выразаныя на іх рысункі. У жніўні 1882 г. Парлямэнт Вялікабрытаніі і Ірляндыі зацьвердзіў Закон аб ахове старажытных помнікаў, паводле якога Шы-ан Вру перайшоў пад кіраўніцтва Ўправы грамадзкіх працаў.
У 1962—1975 г. археоляг Майкл Окелі (1915—1982) правёў раскопкі Шы-ан Вру. У 1982 г. выйшла справаздача аб раскопках «Ньюгрэйндж: археалёгія, мастацтва і паданьне» (анг. Newgrange: Archaeology, Art and Legend). Падчас раскопак у каменным пакоі ўнутры кургана знайшлі 2 падвескі з залатых рымскіх манэтаў 320-337 гадоў і старажытнарымскія залатыя ювэлірныя вырабы, у тым ліку 2 бранзалеты, 2 пярсьцёнкі і каралі.
21 сьнежня 1967 г. Майкл Окелі выявіў, што ў дзень зімовага сонцастаяньня падчас усходу сонца прамяні трапляюць праз 19-мэтровы праход на выявы патройных сьпіраляў пасярод пярэдняй сьцяны пакоя ўнутры кургана. Сонечнае асьвятленьне пакоя ў той дзень доўжыцца 17 хвілінаў[1].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Тадэвуш Кандрусевіч. Уваскрэснуць у Хрысьце // Зьвязда : газэта. — 19 лютага 2012. — № 68 (27183). — С. 1-2. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьШы-ан Вру — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў