Шалфей
Шалфе́й (Salvia) — род кветкавых расьлінаў сямейства ясноткавых.
Шалфей | |
Кветкі лекавага шалфею (2006 г.) | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Надцарства | Эўкарыёты |
Царства | Расьліны |
Падцарства | Зялёныя |
Група | Стрэптафіты |
Разьдзел | Стрэптафітныя |
Тып | Вышэйшыя |
Падтып | Судзінныя |
Нададдзел | Насенныя |
Аддзел | Кветкавыя |
Кляса | Двухдольныя |
Атрад | Ясноткакветныя |
Сямейства | Ясноткавыя |
Трыба | Мятныя |
Бінамінальная намэнклятура | |
Salvia L. | |
Апісаньне
рэдагавацьМае выгляд адна- і шматгадовай травы, хмызьняка і паўхмызьняка вышынёй 20—130 см Лісьце простае або перыстае. Кветкі жоўтыя, фіялетавыя, бэзавыя, белыя і чырвоныя ў коласападобных суквецьцях. Плод — арэшак.
Распаўсюджаньне
рэдагавацьНалічвае звыш 700 відаў. Пашыраны паўсюдна ў хваёвых лясах, па сухіх схілах і ўздоўж дарог. Шэраг відаў вырошчваюць у якасьці лекавай культуры — лекавы шалфей, этэраалейнай — мускатны шалфей, дэкаратыўнай — цудоўны шалфей, а таксама меданоснай.
У Беларусі сустракаюцца 4 віды: адагнуты шалфей, дуброўны шалфей, кальчаковы шалфей і лугавы шалфей, што мае народную назву жаўрэц і занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Вырошчваецца 15 відаў[1].
Выкарыстаньне
рэдагавацьПарасткі шалфею зьмяшчаюць горкія і дубільныя рэчывы, смалу, этэрны алей, сапанін і фітанцыд. У кулінарыі высушанае лісьце шалфею ўжываюць у якасьці вострай і горкай рэзкай прыправы ў салаце, падліве, паштэце і страве з фаршу. Таксама шалфеем запраўляюць першую страву. Лісьце ўжываюць для прыгатаваньня вострага напою. У парфумэрыі выкарыстоўваюць алей шалфею ў якасьці замацавальніка паху. Таксама шалфей карысны пры сухотах, запаленьні лёгкіх, горла (танзіліт), печані (гепатыт) і нырак (піеланэфрыт), насавым крывацёку і ў клімактэрычны пэрыяд. Расьліна мае зьвязвальнае дзеяньне і дапамагае пры болях і сэпсісе[2].
Вырошчваньне
рэдагавацьШалфей вырошчваюць 5—6 гадоў. Дзялянку ўскопваюць. Насеньне высяваюць на грады для атрыманьня расады. Праз 35—40 дзён расаду перасаджваюць пры наяўнасьці 3—5 сапраўдных лістоў на адлегласьці 10 см у шэрагі, між якімі па 20 см. Праз 3—4 тыдні пасьля перасадкі грады паліваюць, рыхляць міжрадзьдзе і праполваюць. Увосень уносяць арганічныя і калійна-фосфарныя ўгнаеньні, увесну — азотныя. У першы год лісьце зьбіраюць на пачаку квітненьня. Зрэзку робяць на вышыні 15—20 см ад глебы, пасьля чаго расьліну падкормліваюць і паліваюць. Улетку зьбіраюць 2—3 ураджаі парасткаў, якія аднаўляюцца за 40—50 дзён[2].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Дз.І. Трацьцякоў. Шалфей // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 17. — С. 363-364. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0279-2
- ^ а б Ірына Тамковіч. Шматаблічны прыгажун // Крынічка. — 26 верасьня 2013. — № 29 (487). — С. 8.
Гэта — накід артыкула пра батаніцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |