Цэнтральны саюз беларускіх культурна-асьветных арганізацыяў і інстытуцыяў

Цэнтральны саюз беларускіх культурна-асьветных арганізацыяў і інстытуцый, Цэнтральны саюз культурных і грамадзкіх арганізацыяў (Цэнтрасаюз) — грамадзка-палітычная арганізацыя беларускага нацыянальнага руху правацэнтрысцкага кірунку ў Заходняй Беларусі.

Створаны ў сярэдзіне 1930 ў сувязі з абвешчанымі польскімі ўладамі выбарамі ў сэйм. Цэнтральны друкаваны орган — газэта «Беларускі звон».

Стварэньне Цэнтрасаюзу азначала канчатковы раскол у беларускім нацыянальна-вызвольным руху, які адбыўся ва ўмовах рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму санацыі і распачатых палітычных рэпрэсій супраць беларускай інтэлігенцыі ў БССР, а таксама курсу КПЗБ на фарсаваньне рэвалюцыйнага працэсу ў краі.

Лідэры саюза Радаслаў Астроўскі, Антон Луцкевіч, Фабіян Акінчыц, Янка Станкевіч лічылі адзіна магчымым шляхам культурна-нацыянальнага разьвіцьця пошук кампрамісаў з урадам Пілсудзкага. У накіраваным імі на імя прэзыдэнта Польшчы І. Масьціцкага мэмарыяле было заяўлена пра неабходнасьць «маральнага раззбраеньня з абодвух бакоў», дасягненьня згоды і разгляду сукупнасьці беларуска-польскіх праблем. У якасьці першага практычнага кроку ўносілася прапанова вылучыць 3 паўночна-ўсходнія ваяводзтвы (Віленскае, Наваградзкае, Палескае) у асобную адміністрацыйную адзінку.

Пад арганізацыйным уплывам Цэнтрасаюзу знаходзілася Таварыства беларускай асьветы, Беларускае навуковае таварыства ў Вільні, Беларускае дабрачыннае таварыства, Беларускі студэнцкі саюз, іншыя культурна-асьветныя таварыствы і суполкі.

Для ўдзелу ў выбарах быў створаны выбарчы камітэт пад назвай «Беларускі сялянска-рабочы блёк», у які ўвайшлі Фабіян Акінчыц, Кузьма Крук, Мікола Ільяшэвіч і Вінцэнт Жук-Грышкевіч. Аднак выбары ў польскі сэйм у лістападзе 1930 скончыліся правалам Цэнтрасаюзу: ён не атрымаў ніводнага мандату. Няўдача на выбарах, узмацненьне рознагалосься ў Цэнтрасаюзе прывялі да яго расколу.

Першым арганізацыю пакінуў Янка Станкевіч, потым Фабіян Акінчыц, які ініцыяваў стварэньне Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі.

3 мэтаю ўмацаваньня становішча Цэнтрасаюзу частка яго кіраўніцтва (Антон Луцкевіч, Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Антон Неканда-Трэпка) выказалася за супрацоўніцтва з буйнейшай на той час беларускай партыяй — Беларускай хрысьціянскай дэмакратыяй. Радаслаў Астроўскі выступіў супраць. Пазьнейшыя рознагалосьсі прывялі да канчатковага расколу Цэнтрасаюзу ў пачатку 1934.

Літаратура

рэдагаваць