Таварыства беларускай асьветы

Таварыства беларускай асьветы (ТБА) — культурна-асьветная арганізацыя ў Заходняй Беларусі ў 1932—1937 рр.

Створанае ў Вільні на аснове Цэнтральнага саюзу культурных і гаспадарчых арганізацыяў (Цэнтрасаюзу), зарэгістраванае 22 сьнежня 1932. Арганізатары і кіраўнікі А. Луцкевіч, Р. Астроўскі, А. Трэпка, Я. Шнаркевіч, С. Кароль, Я. Бартуль, В. Манкевіч і інш. 3 1933 выдавала газэту «Родны край».

Паводле статуту мэтай ТБА зьяўлялася «праца над разьвіцьцём беларускай культуры, пашырэньнем школьнай і пазашкольнай асьветы беларусаў на іх роднай мове, уздымам маральнага ўзроўню і вывучэньнем польскай культуры, культурных адметнасьцяў іншых народаў, якія жывуць на супольнай зь беларусамі тэрыторыі».

Таварыства беларускай асьветы знаходзілася пад арганізацыйным кіраўніцтвам беларускай санацыі. Першапачаткова было заяўлена, што таварыства ня будзе ставіць «вузкіх мэтаў той ці іншай партыі», а абмяжуецца адным культурніцтвам. У 1933 пачалі ўтварацца гурткі, адкрытыя 33 бібліятэкі-чытальні, наладжваліся лекцыі, спэктаклі вандроўных тэатраў, разгорнута выдавецкая дзейнасьць. ТБА дамагалася адкрыцьця беларускіх школ, умацаваньня ўцалелых Віленскай і Наваградзкай беларускіх гімназій, выступала супраць палянізацыі, хоць не адмаўляла супрацоўніцтва з польскімі культурна-асьветнымі арганізацыямі, асуджала палітычныя рэпрэсіі ў БССР.

Кіраўніцтва ТБА заклікала Таварыства беларускай школы (ТБШ) да сумесных школьных акцый, але імкнулася не дапусьціць заходнебеларускую моладзь да ўдзелу ў палітычнай барацьбе. Дзейнасьць ТБА жорстка крытыкавалі дзеячы КПЗБ і Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі (БХД). ТБА перасьледавалася польскімі ўладамі, адчувала фінансавыя цяжкасьці. Эфэктыўнай працы таварыства перашкаджалі ўзаемныя спрэчкі. А. Луцкевіч і А. Трэпка імкнуліся адстойваць незалежніцкія погляды, не ўхвалялі палянізацыю, настойвалі на збліжэньні ТБА з БХД; Р. Астроўскі выступаў за супрацоўніцтва з рэжымам санацыі, супраць паразуменьня зь беларускімі хрысьціянскімі дэмакратамі. Пасьля іх канчатковага разрыву ў 1934 дзейнасьць ТБА прыйшла ў заняпад. 3 палітычных меркаваньняў таварыства адмовілася далучыцца да заключанага ў лютым 1936 пагадненьня паміж ТБШ і Беларускім інстытутам гаспадаркі і культуры аб адзінстве дзеяньняў у школьнай справе, назваўшы яго «акцыяй Камінтэрну».

Арганізацыя забаронена польскімі ўладамі 20 жніўня 1937.

Літаратура

рэдагаваць