Царква Сьвятога Ільлі Прарока (Велямічы)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Царква Сьвятога Ільлі Прарока
| |
Ільлінская царква
| |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Велямічы |
Каардынаты | 52°01′13.16″ пн. ш. 27°14′32.83″ у. д. / 52.0203222° пн. ш. 27.2424528° у. д.Каардынаты: 52°01′13.16″ пн. ш. 27°14′32.83″ у. д. / 52.0203222° пн. ш. 27.2424528° у. д. |
Канфэсія | Беларускі экзархат |
Эпархія | Пінская япархія |
Дата заснаваньня | XVIII ст. |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
± Царква Сьвятога Ільлі Прарока | |
Царква Сьвятога Ільлі Прарока на Вікісховішчы |
Царква Сьвятога Ільлі Прарока — помнік архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў у Велямічах. Пры пабудове была ў юрысдыкцыі Сьвятога Пасаду, цяпер — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Твор традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры з элемэнтамі стылю барока, мастацкае аблічча якога пацярпела ў выніку надбудовы купалоў-цыбулінаў. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Утварае адзіны ансамбль зь вежай-званіцай.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьПершую царкву ў Велямічах збудавалі ў 1724 годзе з дрэва.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьПа трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Велямічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, царква працягвала дзеяць. Аднак па гвалтоўнай ліквідацыі Ўніяцкай царквы ў 1839 годзе расейскія ўлады адабралі будынак царквы ў Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).
У 2-й палове XIX ст. царква пацярпела ад пажару. У 1881 годзе на месцы згарэлай збудавалі новую царкву, відаць, у формах папярэдняй. У 1888 годзе да асноўнага аб’ёму далучылі прыбудовы з васьмерыковымі вярхамі. У выніку царква атрымала 5-купальную крыжова-цэнтрычную кампазыцыю.
Найноўшы час
рэдагавацьУ 2000-я гады традыцыйныя купалы-бані замянілі на купалы-цыбуліны[1], уласьцівыя дойлідзтву Маскоўскай дзяржавы. Традыцыйныя каваныя 4-канцовыя сонцакрыжы замянілі на ўкосныя васьміканцовыя (маскоўскія) крыжы — уласьцівасьць культурнага ляндшафту Расеі[2].
Архітэктура
рэдагавацьПомнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры з элемэнтамі стылю барока. Квадратны ў пляне асноўны аб’ём, бабінец і 5-гранная алтарная апсыда зь дзьвюма невялікімі рызьніцамі абапал алтару ўтвараюць 3-зрубную глыбінна-прасторавую кампазыцыю. Асноўны аб’ём пры дапамозе парусаў пераходзіць у 2-ярусны верх (васьмярык на чацьверыку), апсыда і бабінец завяршаюцца 8-граннымі вярхамі з гранёнымі купаламі-банямі складанай формы. Сьцены маюць вэртыкальную шалёўку, умацоўваюцца лапаткамі, вокны прастакутныя (у апсыдзе ў форме крыжа). З боку галоўнага фасаду тры тамбуры ўваходаў у бабінец і бакавыя прыбудовы, накрытыя 2-схільнымі дахамі з франтонамі.
Цэнтральнае месца ў інтэр’еры займае галоўны 3-ярусны аб’ём, злучаны шырокімі праёмамі з 2-ярусным бабінцам, апсыдай і бакавымі прыбудовамі[3]. У царкве захоўваецца Эвангельле 1798 году.
3 паўднёва-заходняга боку ад царквы стаіць 3-ярусная (васьмярык на 2 чацьверыках) шатровая званіца зрубна-каркаснай канструкцыі[4].
Галерэя
рэдагаваць-
Царква і званіца
-
Званіца
-
Замена купалоў і крыжоў
-
Па замене купалоў і крыжоў
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Лістападаў В. Топ-5 старадаўніх храмаў, якія пацярпелі ад рэстаўрацыі, TUT.BY, 17.12.2010 г.
- ^ Бурштын Я. Ірына Дубянецкая: Дзякуючы намаганням РПЦ пачынае мяняцца культурны ландшафт Беларусі (Фота і відэа), Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі», 16 ліпеня 2016 г.
- ^ Якімовіч Ю. Веляміцкая Ільінская царква // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 110.
- ^ Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі. — Менск, 2001.
Літаратура
рэдагаваць- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2001. — 328 с.: іл. ISBN 985-11-0190-7.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 112Г000678 |