Фэрэнцвараш Будапэшт
«Фэрэнцва́раш» (па-вугорску: Ferencvárosi) — вугорскі футбольны клюб з гораду Будапэшту, базуецца ў сталічным раёне Фэрэнцвараш. Заснаваны ў 1899 годзе Фэрэнцам Шпрынгерам і групай мясцовых жыхароў дзявятага раёну Будапэшта. 35-разовы чэмпіён Вугоршчыны, 24-разовы ўладальнік Кубка Вугоршчыны, 6-разовы ўладальнік Супэркубка Вугоршчыны і 2-разовы ўладальнік Кубка вугорскай лігі.
Фэрэнцвараш | |||||
Заснаваны | 1899 | ||||
---|---|---|---|---|---|
Горад | Будапэшт, Вугоршчына | ||||
Стадыён |
Групама-арэна Умяшчальнасьць: 22 000 | ||||
Галоўны трэнэр | |||||
Чэмпіянат | Нацыянальны чэмпіянат I | ||||
· 2023—2024 | 1 месца | ||||
| |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы fradi.hu (вуг.) (анг.) |
Клюб мае ня толькі футбольную каманду, але і іншыя падразьдзяленьні, як то жаночы футбол, жаночы гандбол, мужчынскі футзал, мужчынскі хакей, мужчынскі гандбол, мужчынскае воднае пола, вэляспорт, гімнастыка, лёгкая атлетыка, барацьба, кэрлінг і плаваньне. Аднак, відавочна, што больш за ўсё заўзятары падтрымліваюць менавіта футбольную каманду, якая зьяўляеца самай папулярнай у краіне сярод усіх футбольных клюбаў[2]. Традыцынымі клюбнымі колерамі ёсьць зялёны і белы. Талісманам клюбу ёсьць зялёны арол, дзякуючы якому клюб мае мянушку «зялёныя арлы».
Гісторыя
рэдагавацьКлюб быў заснаваны 3 траўня 1899 году грамадзянамі дзявятага раёну Будапэшту[3]. Фэрэнц Шпрынгер, юрыст з гэтага ж раёну, быў вылучаны і абраны першым старшынём клюбу. Першай хатняй пляцоўкай клюбу сталася поле, пабудаванае на праспэкце Шаракшары ў тым жа дзявятым раёне. Футбольная каманда клюбу была скамплектаваная 3 сьнежня 1900 году[3]. Праз два месяцы, у лютым, быў праведзены першы матч вугорскае лігі паміж «Фэрэнцварашам» і клюбам «Будапэшт ТК». Аднак, паколькі матч ня быў праведзены пад эгідай вугорскай фэдэрацыяй футболу, ён ня лічыцца першым афіцыйным матчам клюбу. 21 красавіка 1900 году каманда згуляла свой першы афіцыйны матч супраць клюбу «Мюэд’етэмі», і «Фэрэнцвараш» трываў паразу ў ім зь лікам 5:3. Першы гол за клюб забіў Гашпар Барбаш[4]. Першы пункт у чэмпіянаце клюб атрымаў у гульні з тым жа «Мюэд’етэмі», а першая перамога была здабытая 16 чэрвеня 1901 году, калі «Фэрэнцвараш» перамог клюб «Будапэшт СК» зь лікам 5:1[4]. У 1902 годзе будапэшцы пацярпелі самую буйную паразу ў сваёй гісторыі, калі былі ўшчэнт разьбітыя ангельскім клюбам «Оксфард Юнайтэд» зь лікам 16:0[5].
У сэзоне 1902—1903 году «Фэрэнцвараш» атрымаў права ўзяць удзел у Кубку выкліку, турніры які праходзіў паміж клюбамі Аўстра-Вугоршчыны. У вугорскім фінале клюб перамог іншы будапэшцкі клюб «33» зь лікам 1:0. У паўфінале «Фэрэнцвараш» сустракаўся 3 траўня 1903 году з аўстрыйскім клюбам «Вінэр Атлетыкшпорт», але трываў паразу ў сваім першым міжнарожным матчы зь лікам 5:1[6]. У сэзоне 1903 году «Фэрэнцвараш» упершыню ў гісторыі стаў чэмпіёнам Вугоршчыны[7]. На наступны сэзон клюб заваяваў срэбныя мэдалі, а яшчэ праз год у сэзоне 1905 году «Фэрэнцвараш» зноўку стаў чэмпіёнам краіны другі раз[8]. Новы сэзон, які быў праведзены паводле сыстэмы восень-вясна, зноўку прынёс сталічнаму клюбу залатыя мэдалі айчыннага першынства[9]. У розыгрышу Кубка выкліку сэзону 1908—1909 гадоў «Фэрэнцвараш», дзякуючы добрым вынікам, атрымаў права на ўдзел у фінале, дзе перамог венскі «Вінэр Атлетыкшпорт» зь лікам 2:1 і здабыў міжнародны тытул. З 1908 па 1913 гады клюб пяць разоў запар станавіўся чэмпіёнам Вугоршчыны. У сэзоне 1911—1912 гадоў «Фэрэнцвараш» перамог клюб «Керулеці» зь лікам 11:3, а гулец Імрэ Шлёсэр адправіў у браму супернікаў 8 галоў. 12 лютага 1911 году быў адкрыты цяперашні стадыён клюбу, першы гол на якім забіў Імрэ Шлёсэр. У 1911 і 1912 гадох клюб зрабіў турнэ па Нямеччыне і Ангельшчыне.
У апошні сэзон перад Першай сусьветнай вайной «Фэрэнцвараш» ня здолеў абараніць тытул, прапусьціўшы на першы радок будапэшцкі клюб МТК. Шматлікія гульцы клюбу былі рэкрутаваныя ў войска, і шмат хто зь іх не вярнуўся з вайны. Пасьля вайны ў 1920-я гады посьпехі клюбу зьніклі, як то іхны супернік клюб МТК пяць разоў запар станавіўся чэмпіёнам краіны. Акрамя таго, у сэзоне 1924—1925 гадоў «Фэрэнцвараш» трываў самую буйную паразу ў айчынным першынстве ў матчы супраць клюбу МТК зь лікам 14:2[10]. Толькі ў 1926 годзе праз 13 гадоў пасьля апошняга посьпеху «Фэрэнцвараш» стаў чэмпіёнам Вугоршчыны[11]. Наступныя посьпехі чакалі клюб у сэзонах 1926—1927 і 1927—1928 гадоў.
«Фэрэнцвараш» здабыў права выступу ў Кубку Мітропы 1928 году. Чвэрцьфінал зьвёў вугорскую каманду зь югаслаўскім клюбам БСК. У першым матчы ў гасьцёх 19 жніўня будапэшцкія футбалісты перайгралі бялградцаў зь лікам 7:0. Матч у адказ адбыўся 26 жніўня, «Фэрэнцвараш» зноў здабыў перамогу, гэтым разам зь лікам 6:1. У паўфінале 9 верасьня на стадыёне ў Вене «Фэрэнцвараш» атрымаў перамогу над аўстрыйскім чэмпіёнам клюбам «Адміра» зь лікам 2:1. У другім матчы, які праходзіў у Будапэшце, «Фэрэнцвараш» перамог зь лікам 1:0. Першы фінальны матч прайшоў у Будапэшце, дзе «Фэрэнцварашу» супрацьстаяў іншы аўстрыйскі клюб — «Рапід». Матч скончыўся буйной перамогай вугорцаў зь лікм 7:1. 28 кастрычніка ў Вене «Рапід», атрымаў перамогу зь лікам 5:3, аднак, улічваючы першы матч, тытул здабыў «Фэрэнцвараш»[12][13]. У 1929 годзе клюб зьдзейсьніў падарожжа па Бразыліі, Уругваю і Аргентыне, дзе сустракаўся з рознымі мясцовымі клюбамі і зборнымі паўднёваамэрыканскіх гарадоў.
У 1930 годзе «Фэрэнцвараш» зноў выступаў у Кубку Мітропы. У чвэрцьфінале ў Празе клюб згуляў унічыю 2:2 зь мясцовай «Славіяй», але затым атрымаў хатнюю перамогу зь лікам 1:0. У паўфінале клюб сустракаўся з «Рапідам», але ў Вене трываў паразу зь лікам 5:0. Хатняя перамога зь лікам 1:0 у матчы ў адказ ужо не выратавала вугорскі клюб, то бок квіток у фінал атрымаў «Рапід». У 1930-х гадох клюб чатыры разы станавіўся чэмпіёнам Вугоршчыны. Пры гэтым у сэзоне 1931—1932 гадоў «Фэрэнцвараш» перамог ува ўсіх 22 матчах чэмпіянату, усталяваўшы, такім чынам, нацыянальны рэкорд, які трымаецца і да сёньня. У розыгрышу Кубка Мітропы 1932 году клюб трываў паразу ў Турыне ад італьянскага «Ювэнтуса» зь лікам 4:0. Матч у адказ скончыўся зь лікам 2:2 і клюб выляцеў з турніру. Паводле францускага часопісу «L’Auto», «Фэрэнцвараш» лічыўся сёмай самай лепшай камандай Эўропы ў 1933 годзе.
Асноўны склад
рэдагаваць- Актуальны на 13 верасьня 2024 году
|
|
Крыніцы
рэдагаваць- ^ https://www.transfermarkt.com/ferencvaros-budapest/mitarbeiterhistorie/verein/279
- ^ «Median’s survey». Median.
- ^ а б «Football development in Hungary». Ferencváros.
- ^ а б «Hungarian League 1901». RSSSF.
- ^ «Ferencváros». FIFA.
- ^ «Challenge Cup 1902-03». RSSSF.
- ^ «Hungarian League 1903». RSSSF.
- ^ «Hungarian League 1905». RSSSF.
- ^ «Hungarian League 1906-07». RSSSF.
- ^ «Hungarian League 1924-25». RSSSF.
- ^ «Hungarian League 1925-26». RSSSF.
- ^ «Mitropa Cup 1928». RSSSF.
- ^ «Mitropa Cup 1928». Wildstat.