Фундацыя вывучэньня эспэранта

некамэрцыйная арганізацыя ЗША, заснаваная ў 1968 годзе ў Вашынгтоне для дасьледаваньня штучнай мовы эспэранта і моўнай палітыкі

Каардынаты: 35°47′28″ пн. ш. 78°40′31″ з. д. / 35.79111° пн. ш. 78.67528° з. д. / 35.79111; -78.67528

Фунда́цыя вывучэ́ньня эспэра́нта (эсп. Fondumo por Esperantologiaj Studoj) — некамэрцыйная арганізацыя ЗША, заснаваная ў 1968 годзе ў Вашынгтоне для дасьледаваньня штучнай мовы эспэранта і моўнай палітыкі[6].

Фундацыя вывучэньня эспэранта
анг. Esperantic Studies Foundation
Абрэвіятура ФВЭ
Дэвіз За моўную справядлівасьць у шматкультурным сьвеце
Дата ўтварэньня 1968
Юрыдычны статус некамэрцыйная арганізацыя
Мэта Разьвіцьцё міжмоўных зносінаў[1]
Штаб-кватэра штат Паўночная Караліна, Ралі, сьцежка Дыксі, д. 16[2]
Месцазнаходжаньне ЗША
Дзейнічае ў рэгіёнах Канада, ЗША
Афіцыйныя мовы ангельская
Старшыня Хамфры Тонкін
Намесьнік Грант Гудал
Сакратар Дэрэк Роф
Скарбнік Бэн Спікмон
Асноўныя асобы Ўолес дзю Тэмпл (кіраўнік укладаньнямі)[3]
Кіроўны орган Рада кіраўнікоў
Бюджэт $311 955 (2018 год)[4]
Колькасьць супрацоўнікаў 5[5]
Колькасьць валянтэраў 9
Сайт esperantic.org

На 2020 год ФВЭ падтрымлівала дасьледаваньне, захаваньне і адукацыю на эспэранта праз гранты і ўзнагароды. Фундацыя спрыяла стыпэндыямі для абнародаваньня дасьледаваньняў пра міжмоўныя зносіны і інтэрлінгвістыку, моўную справядлівасьць і эспэранта, моўную палітыку і плянаваньне. У галіне захаваньня ФВЭ супрацоўнічала зь бібліятэкамі, што зьмяшчалі гістарычныя запісы і мастацкія творы на эспэранта і ў галіне міжлінгвістыкі. У справе адукацыі Фундацыя падтрымлівала он-лайн-курсы ўнівэрсытэтаў, што прадугледжвалі навучаньне эспэранта і міжлінгвістыцы. У прыватнасьці ФВЭ праводзіла навучаньне ў рамках Паўночнаамэрыканскай летняй працоўні эспэранта, дзе выкладалі пісьменства, гісторыю і культуру праз заглыбленьне ў мову эспэранта[1].

На 2020 году Фундацыя вывучэньня эспэранта ставіла 5 задачаў у галіне дасьледаваньняў:

  1. падтрымка шматгаліновых, транснацыянальных і інавацыйных падыходаў;
  2. выданьне існых часопісаў «Моўныя праблемы і моўнае плянаваньне» і «Эспэранталёгія», а таксама кніжнай сэрыі «Вывучэньне моўных праблемаў сьвету»;
  3. удасканаленьне корпусаў маўленьня і тэксту, вылічальных прыладаў, бібліяграфіі і базы зьвестак;
  4. правядзеньне супольных мерапрыемстваў з дасьледчымі ўстановамі і ўнівэрсытэтамі;
  5. павышэньне заўважнасьці міжмоўных дасьледаваньняў праз узнагароды і нарады, распаўсюд іх выданьняў і прылюднае абмеркаваньне міжмоўнай палітыкі[1].

У справе захаваньня і адукацыі вызначалі па 4 задачы:

  • захаваньне — 1) дапамога бібіятэкам у набыцьці і захаваньні друкаваных матэрыялаў пра эспэранта і міжлінгвістыку; 2) забесьпячэньне даступнасьці гэтых запісаў дасьледчыкам; 3) вызначэньне вартых захаваньня матэрыялаў і бібліятэк, здольных іх набыць; 4) супраца зь лічбавымі бібліятэкамі і каталёгамі;
  • адукацыя — 1) падтрымка распрацоўнікаў курсаў і вэб-сайтаў; 2) падтрымка курсаў унівэрсытэтаў па эспэранта і міжлінгвістыцы; 3) абнародаваньне адукацыйных выгадаў і магчымасьцяў у выкладаньні і навучаньні эспэранта; 4) падтрымка практыкі магістрантаў і дактарантаў[1].

На 2020 год Фундацыя вывучэньня эспэранта фінансавала:

Мінуўшчына

рэдагаваць
 
Хамфры Тонкін — сузаснавальнік і старшыня ФВЭ (2008 год)

У 1968 годзе 3 амэрыканскія дактары навук — доктар гуманітарных навук Хамфры Тонкін з Пэнсыльванскага ўнівэрсытэту (Філадэлфія), доктар паліталёгіі Джонатан Пул з Вашынгтонскага ўнівэрсытэту (Сіетл) і доктар псыхіятрыі Джэймз Лібэрман з Унівэрсытэту Джорджа Вашынгтона (Вашынгтон) — заснавалі Фундацыю вывучэньня эспэранта (ФВЭ) у Вашынгтоне. У 1972 годзе ФВЭ выдала «Асноўны курс эспэранта» ў супрацы са Школай міжнароднай падрыхтоўкі (ШМП) ў штаце Вэрмонт (Брэтлборо). Цягам 1970-х гадоў доктар Тонкін выступіў рэдактарам шэрагу дасьледчых бібліяграфіяў пад назвай «Эспэранта і міжнародныя моўныя праблемы». У 1986 годзе ФВЭ накіравала на Сусьветны зьезд эспэрантыстаў у Пэкіне (Кітай) амэрыканскага журналіста Джэймза Фэлоўза і францускага мовазнаўцу Альбэрта Вальдмана ў галіне крэольскай мовы Гаіці. У 1991 годзе ў склад управы ФВЭ ўвайшоў антраполяг Давыд Джордан з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту Сан-Дыега і Фундацыя выдала 1-ы выпуск бюлетэня «Вывучэньне эспэранта». У 1992 годзе дактары навук Альвіно Фанціні з ШМП і Тымаці Рэйган з Унівэрсытэту Сярэдзіннага Канэктыкуту (Новая Брытанія) падрыхтавалі справаздачу «Эспэранта і адукацыя: да дасьледчага парадку дня». У 1995 годзе ФВЭ заснавала Дарадчую ўправу зь ліку мовазнаўцаў і запусьціла вэб-сайт. У 1996-м у Празе (Чэхія) правялі 1-ы Сымпозіюм імя Нітобэ «Да моўнага народаўладзьдзя». У 1999 годзе ФВЭ атрымала каля $3 млн паводле завяшчаньня пары амэрыканскіх эспэрантазнаўцаў Кацярыны і Ўільяма Шульцаў, якія вялі Паўночнаамэрыканскі летні курс эспэранта ў Сан-Францыскім унівэрсытэце (штат Каліфорнія). Пры канцы 1999 году доктар Марк Фэтэс з Унівэрсытэту Саймана Фрэйзэра ў Ванкувэры (Канада) стаў 1-м выканаўчым кіраўніком ФВЭ. Фундацыя заснавала грант на міжмоўнае дасьледаваньне і прафінансавала курс з 12 урокаў эспэранта «Пашпарт на ўвесь сьвет». Таксама ў 1999 годзе ў Бэрліне (Нямеччына) правялі 2-і Сымпозіюм імя Нітобэ «Глябалізаваньне і моўная разнастайнасьць»[6].

У 2001 годзе ў склад управы ФВЭ ўвайшоў доктар мовазнаўства Грант Гудал з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту Сан-Дыега. Пры канцы 2001 году ФВЭ заклала сайт навучаньня эспэранта «Edukado.net», які стала распрацоўваць доктарка Каталіна Ковац. Таксама прафінансавалі стыпэндыі для міжмоўнага навучаньня ва Ўнівэрсытэце імя Адама Міцкевіча ў Познані (Польшча). У 2002 годзе ў склад управы ўвайшоў доктар мовазнаўства Ян Рычманд, які дасьледаваў міжнародныя зносіны на францускай мове. У 2003-м заснавалі навучальны вэб-сайт «Lernu.net», які стала весьці Соня Пятровіч. Таксама на сайце «tekstaro.com» швэдзкі граматык Бэртыл Вэнэргрэн стварыў Корпус тэкстаў на эспэранта. У 2004 годзе ў Пэкіне (Кітай) правялі 3-і Сымпозіюм імя Нітобэ «Моўныя праблемы ў міжнародных дачыненьнях». Адначасна ў склад управы ўвайшоў прафэсар Тымаці Рэйган, які таксама стаў сябрам Дарадчай управы ФВЭ. У 2005 годзе ў Асяродку параўнальнага пісьменства пры Калюмбійскім унівэрсытэце (Нью-Ёрк) вылучылі грант на міжмоўнае дасьледаваньне для дактароў навук. Таксама ў 2005 годзе ў Вільні (Летува) правялі Сымпозіюм імя Нітобэ «Моўная палітыка і пашырэньне Эўрапейскага Зьвязу». У 2006-м ФВЭ прафінансавала заснаваньне Фонду падтрымкі інтэрлінгвістыкі ў Асяродку дасьледаваньня і дакумэнтаваньня моўных праблемаў сьвету (АДДМПС) ў Ратэрдаме (Нідэрлянды). У выніку 3-асабовы камітэт АДДМПС стаў штогод прысуджаць па 4 гранты на падарожжы ў замежныя бібліятэкі і выданьне кніг дасьледчыкамі. Таксама ў 2006 годзе ФВЭ выдала 1-ы грант на дакумэнтальны фільм «Утопія ў 4-х рухах», які зьняў амэрыканскі рэжысэр Сэм Грын. Яго прэм’ера адбылася на Сандэнскім кінафэстывалі ў штаце Юта. У 2007 годзе ў Токіё (Японія) правялі 5-ы Сымпозіюм імя Нітобэ «Эўрапейскія мовы і азіяцкія народы: гісторыя, палітыка, магчымасьці». У 2008-м у Амстэрдамскім унівэрсытэце (Нідэрлянды) правялі Нараду па навучаньні эспэранта ў ВНУ. У 2009 годзе на штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку правялі 1-ы штогадовы сымпозіюм пра мову і мэты ўстойлівага разьвіцьця. У 2010 годзе кіраўніком ФВЭ стаў Жоэль Амі з Манрэалю (Канада). У 2013 годзе Фундацыя атрымала звыш $0,5 млн па завяшчаньні ванкувэрскага эспэрантыста Браяна Каніна, які дасьледаваў моўную палітыку. Таксама ў 2013 годзе ў Рэйк’явік (Ісьляндыя) правялі 6-ы Сымпозіюм імя Нітобэ «Наступствы ангельскай, як мовы ўнівэрсытэцкага выкладаньня»[6].

  1. ^ а б в г Перавагі (анг.) // Фундацыя вывучэньня эспэранта, 2020 г. Праверана 16 траўня 2020 г.
  2. ^ Кантакты (анг.) // Фундацыя вывучэньня эспэранта, 2020 г. Праверана 16 траўня 2020 г.
  3. ^ Рада кіраўнікоў (анг.) // Фундацыя вывучэньня эспэранта, 2020 г. Праверана 14 траўня 2020 г.
  4. ^ Абарачэньне ў 2018 годзе паводле формы прыватнай фундацыі 990 (анг.) // Фундацыя вывучэньня эспэранта, 2019 г. Праверана 14 траўня 2020 г.
  5. ^ Пэрсанал і супольнікі (анг.) // Фундацыя вывучэньня эспэранта, 2020 г. Праверана 14 траўня 2020 г.
  6. ^ а б в Пра ФВЭ (анг.) // Фундацыя вывучэньня эспэранта, 2020 г. Праверана 14 траўня 2020 г.
  7. ^ Адукацыя (анг.) // Фундацыя вывучэньня эспэранта, 2020 г. Праверана 14 траўня 2020 г.
  8. ^ Выданьні (анг.) // Фундацыя вывучэньня эспэранта, 2020 г. Праверана 14 траўня 2020 г.
  9. ^ Гранты (анг.) // Фундацыя вывучэньня эспэранта, 2020 г. Праверана 14 траўня 2020 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць