Флор Манцэвіч
Флор[a] Данатавіч Манцэвіч (30 жніўня 1890, Іказьнь — 30 ліпеня 1941) — беларускі пэдагог і грамадзкі дзяяч. Удзельнік Таварыства беларускай Школы. Флор Данатавіч быў першым настаўнікам беларускага музыказнаўца і этнографа Генадзя Цітовіча[1]. Дэпутат Народнага сходу Заходняй Беларусі (28—30 кастрычніка 1939, Беласток), сябра яго Паўнамоцнай камісіі для прадастаўленьня Дэклярацыі аб уваходжаньні Заходняй Беларусі ў БССР на 5-ю пазачарговую сэсію Вярхоўнага Савету СССР. Дакладчык на сходзе па пытаньні «Аб уваходжаньні Заходняй Беларусі ў склад Беларускай ССР».
Флор Манцэвіч | |
Род дзейнасьці | настаўнік, грамадзкі дзяяч |
---|---|
Дата нараджэньня | 30 жніўня 1890 |
Месца нараджэньня | Іказьнь, Браслаўскі раён |
Дата сьмерці | 30 ліпеня 1941 (50 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Месца вучобы | |
Занятак | настаўнік, грамадзкі дзяяч |
Сябра ў | Таварыства беларускай школы |
Бацька | Данат Манцэвіч |
Маці | Алена Паўлаўна |
Жонка | Аляксандра Міхайлаўна Манцэвіч (Герасімава) |
Дзеці | Барыс Флоравіч Манцэвіч[d] |
Біяграфія
рэдагавацьФлор Данатавіч Манцэвіч нарадзіўся ў сялянскай сям’і, бацька Флора быў удзельнікам Нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 рр. Скончыў Полацкую настаўніцкую сэмінарыю (1910). Настаўнічаў у Дзьвінскім павеце Віцебскай губэрні.
Зьбіраў беларускі песенны і музычны фальклёр, займаўся музыкай, дасылаў карэспандэнцыі ў газэту «Наша Ніва» (псэўданім Якім Пярэчка). У іх абараняў годнасьць селяніна, выступаў супраць нацыянальнага прыгнёту.
У часы Першай сусьветнай вайны працаваў санітарам пры шпіталях.
Ад 1917 году ўдзельнічаў у арганізацыі школьнага навучаньня на радзіме, з 1923 году настаўнік у польскай пачатковай школе ў Браслаўскай гміне й Мёрскай. Выступаў за адкрыцьцё беларускіх школаў у Заходняй Беларусі.
Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР, удзельнічаў у стварэньні новай сыстэмы народнай адукацыі. У Друі ўзначальваў курсы па перападрыхтоўцы настаўнікаў беларускіх школаў, працаваў настаўнікам у вёсцы Малая Кавалеўшчына Мёрскага раёну.
У пачатку акупацыі Беларусі нацыстамі па даносе арыштаваны гітлераўцамі і пасьля катаваньня расстраляны. Дакладнае месца сьмерці і пахаваньня невядомыя. Ёсьць непацьверджаныя зьвесткі, што Флор Манцэвіч загінуў у Полацку, па іншай вэрсіі быў забіты ў вёсцы Малая Кавалеўшчына.
Заўвагі
рэдагаваць- ^ таксама сустракаецца варыянт Флярыян
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Г.И.Цитович Мой первый учитель // Люди Нарочанского края. Воспоминания участников революционной борьбы и Великой Отечественной войны. — Мн.: Беларусь, 1975. — С. 94-101. — 592 с. — 75 000 ас.