Ум Кульсум

эгіпецкая сьпявачка

Ум Кульсу́м (па-арабску: أم كلثوم‎, сапраўднае імя Фатма Ібрагім аль-Бальтаджы, па-арабску: فاطمة إبراهيم البلتاجي‎‎‎; 4 траўня 1904, Тамай эс-Захайра — 3 лютага 1975, Каір) — эгіпецкая сьпявачка, аўтарка песьняў, акторка. Адна з найбольш вядомых выканаўцаў у арабскім сьвеце. Праз больш за тры дзесяцігодзьдзі пасьля ейнае сьмерці шматлікія[Хто?] лічаць яе найвыбітнейшым выканаўцам у арабскім сьвеце XX стагодзьдзя. Кульсум славілася вакальнымі здольнасьцямі і непаўторным стылем. Было прададзена больш за 80 мільёнаў пласьцінак па ўсім сьвеце, што робіць яе адной з самых прадаваных блізкаўсходніх сьпявачак усіх часоў[5]. У родным Эгіпце яе лічаць нацыянальнай іконай, ахрысьціўшы тытулам «Голас Эгіпту»[6] і «Чацьвёртай пірамідай Эгіпту»[7]. Была ўладальніцай голасу кантральта[8].

Ум Кульсум
Фатма Ібрагім аль-Бальтаджы
Дата нараджэньня 31 сьнежня 1898(1898-12-31)[1]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 3 лютага 1975(1975-02-03)[2][3][4] (76 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Занятак сьпявачка, акторка, кінаакторка
Гады дзейнасьці 1923—1973
Жанры эгіпецкая музыка[d]
Вакал кантральта[d]
Інструмэнты голас[d]
Лэйблы EMI Classics[d]
Узнагароды
ордэн Рэспублікі ордэн Цнотаў ордэн Двух Рэк Найвышэйшы ордэн Адраджэньня ордэн Рэспублікі ордэн Цывільных заслугаў Нацыянальны ордэн Кедра
Сайт omkolthoum.com

Біяграфія

рэдагаваць

Малалецтва

рэдагаваць
 
Кульсум разам з бацькам.

Ум Кульсум нарадзілася ў рэлігійнай сям’і, бо ейны бацька быў імамам[9]. Месцам ейнага нараджэньня была вёска Тамай эс-Загайра, якая месьцілася ў правінцыя Дакаглія[9]. Дата ейнага нараджэньня ёсьць не пацверджанай, бо ў той час рэгістрацыя нараджэньня не праводзілася па ўсім Эгіпце. Некаторыя крыніцы сьцьвярджаюць, што сьпявачка нарадзілася альбо 31 сьнежня 1898 году, альбо 31 сьнежня 1904 году, альбо 4 траўня 1904 году. Дзяўчынка навучылася сьпяваць, слухаючы, як бацька вучыць старэйшага брата Халіда. З маладых гадоў яна праяўляла выключны сьпеўны талент. Праз бацьку Кульсум навучылася чытаць Каран і, як паведамляецца, запомніла цэлую кнігу[9]. Калі ёй было 12 гадоў, бацька заўважыў ейную сілу ў сьпевах, таму папрасіў яе далучыцца да сямейнага ансамблю, напачатку проста паўтараючы тое, што сьпявалі іншыя[10].

У той час яна апраналася хлопчыкам па-бэдуінску, таму бацька пазьбягаў неадабрэньня іншых праз тое, што на сцэне была дзяўчынка[10]. У 16 гадоў яе заўважыў Магамэд Або Аль-Эла, ня вельмі вядомы сьпявак, які навучыў яе старому клясычнаму арабскаму рэпэртуару. Празь некалькі гадоў яна сустрэла вядомага кампазытара і аўдыста Закарыя Агмада, які запрасіў яе прыехаць у Каір. Хоць яна некалькі разоў наведвала Каір у пачатку 1920-х гадох, толькі ў 1923 годзе яна канчаткова пасялілася ў сталіцы. Тамака, сьпявачка наведвала дом Аміна Бэ Аль-Магдзі, які навучыў яе іграць на удзе, адной з варыяцыяў лютні. У яе склаліся блізкія адносіны з Раўгэяй Аль-Магдзі, дачкой Аміна, якая сталася Ум найбліжэйшай сяброўкай. Ум Кульсум нават прысутнічала на вясельлі дачкі Раўгэі, хаця звычайна аддавала перавагу пазьбягаць публічных мерапрыемстваў акрамя зьяўленьня на сцэне.

У першыя гады сваёй кар’еры Ум сутыкнулася з жорсткай канкурэнцыяй з боку іншых дзьвюх вядомых сьпевачак, як то Муніры Эль-Магдэі і Фатыі Агмад, якія мелі падобныя галасы. У той час бацька Ум запатрабаваў ад яе вярнуцца ў родную вёску да сваёй сям’і, аднак тая адмовілася. Каля 1923 году яна склала дамову з кампаніяй Odeon Records, якая да 1926 году абяцала выплочваць ёй за запісы больш, чым любому іншаму эгіпецкаму музычнаму выканаўцу[11].

Прафэсійная кар’ера

рэдагаваць

Амін Аль-Магдзі пазнаёміла яе з культурнымі коламі Каіра, дзе яна асьцярожна пазьбягала законаў багэмнага стылю жыцьця і сапраўды на працягу ўсяго жыцьця падкрэслівала сваё сьціплае паходжаньне і адстойваньне кансэрватыўных каштоўнасьцяў. У 1924 годзе яе пазнаёмілі з паэтам Агмэдам Рамі[12], які павінен быў напісаць для яе 137 песень, а таксама пазнаёміў яе з францускай літаратурай і, у рэшце рэшт, стаў ейным галоўным настаўнікам у арабскай літаратуры і літаратурным аналізе. У 1926 годзе яна адмовілася ад супрацоўніцтва з Odeon Records, якая плаціла ёй вялікія грошы і нават далі дадатковы ганарар у 10 тысяч даляраў на год[11]. Акрамя таго, Кульсум клапацілася пра свой імідж, што, несумненна, дадало ёй прывабнасьці з боку арабскае грамадзкасьці. У дадатак, яе пазнаёмілі зь вядомым віртуозам уда і кампазытарам Магамэдам Эль-Касабгі, які прасунуў яе ў Арабскі тэатральны палац, дзе яна атрымала свой першы сапраўдны грамадзкі посьпех. Іншыя музыкі, якія паўплывалі на ейныя музычныя выступы таго часу, былі Давуд Госьні альбо Абу аль-Іла Мугамад[12]. Апошні зь іх працаваў зь ёй над песьнямі ў стылі арабскага мувашага[13]. У 1932 годзе ейная вядомасьць як сьпявачкі павялічылася за кошт продажаў кружэлак да таго моманту, калі яна выправілася ў буйны тур па Блізкім Усходзе і Паўночнай Афрыцы, выступаючы ў вядомых арабскіх сталіцах, як то Дамаск, Багдад, Бэйрут, Рабат, Туніс і Трыпалі.

 
Афіша канцэрту Ум Кульсум у Ерусаліме ў 1930 годзе.

У 1934 годзе Ум Кульсум сьпявала на першае трансляцыі Радыё Каір, дзяржаўнай радыёстанцыі[14]. З гэтага часу яна выступала на канцэрце кожны першы чацьвер месяцу на працягу сарака гадоў[10]. Ейны ўплыў стала павялічваўся і пашыраўся, бо ейныя выступы часта замаўляла эгіпецкая каралеўская сям’я. У 1944 годзе кароль Эгіпту Фарук I узнагародзіў яе найвышэйшым ордэнам краіны[15], які да таго атрымлівалі выключна чальцы каралеўскае сям’і і выбітныя палітыкі. Незважаючы на гэткае прызнаньне, каралеўская сям’я аднак жорстка выступіла супраць ейнага патэнцыйнага шлюбу зь дзядзькам караля. Гэтая адмова глыбока параніла ейнае сэрца і закранула гонар сьпявачкі, што яна аддалілася ад каралеўскае сям’і і нават адмовілася выступаць на просьбу эгіпецкага легіёну, які апынуўся ў цяжкім становішчы падчас арабска-ізраільскай вайны 1948 году.

Пасьля рэвалюцыі эгіпецкая гільдыя музыкаў, чальцом якой Кульсум была, выключыла сьпявачку з сваіх шэрагаў, бо яна сьпявала зрынутаму каралю Эгіпта Фаруку. Калі Гамаль Абдэль Насэр, новы кіраўнік краіны, даведаўся пра гэты факт, і пра тое, што ейныя песьні былі забароненыя да трансьляваньня па радыё, ён адмяніў гэтае рашэньне, ведаючы пра неверагодную папулярнасьць Кульсум у краіне[16]. Некаторыя дасьледчыкі лічаць, што папулярнасьць Ум Кульсум спрыяла палітычнаму росквіту Насэра. Напрыклад, прамовы Насэра і іншых урадавыя паведамленьні часта трансьляваліся адразу пасьля штомесячных радыёканцэртаў сьпявачкі. Яна сьпявала шмат песень у падтрымку Насэра, зь якім у яе склалася прыязнае сяброўства. Адна зь ейных песень, як то «Даўно мінула, зброя мая», нават была прынята ў якасьці гімну Эгіпта з 1960 па 1979 гады, калі іншы прэзыдэнт Садат не зьмяніў гімн на іншы[17].

Штомесячныя канцэрты Ум Кульсум славіліся сваёй здольнасьцю расчышчаць вуліцы некаторых з самых густанаселеных гарадоў сьвету, калі людзі сьпяшаліся дадому, каб паслухаць выступ знакамітай сьпявачкі[18]. У ейных песьнях асноўнымі тэмамі былі ўнівэрсальныя тэмы каханьня, тугі і страты. Тыповы канцэрт Ум Кульсум складаўся з выкананьня дзьвюх-трох песень на працягу трох-чатырох гадзінаў. Гэтыя спэктаклі чымсьці нагадвалі структуру заходняе опэры, якая складаецца з доўгіх галасавых урыўкаў, якія зьвязваюцца з больш кароткімі аркестравымі інтэрмэдыямі. Аднак эгіпецкая зорка ня мела стылістычнага ўплыву опэры, і большую частку сваёй кар’еры сьпявала сольна.

На працягу 1930-х гадоў ейны рэпэртуар прыняў канкрэтны стылістычны напрамак. Ейныя песьні былі віртуознымі, што спалучалася зь вельмі належным і здольным голасам, а рэпэртуар быў рамантычным і сучасным ў музычным стылі, сілкуючыся пераважна плынямі эгіпецкае папулярнае культуры таго часу. Яна шмат працавала з тэкстамі паэта Агмада Рамі і музыкай кампазытара Магамада Эль-Касабгі, у чыіх песьнях таксама гучалі эўрапейскія інструмэнты, як то віялянчэль і кантрабас, а таксама выкарыстоўвалі гармонію. У 1936 годзе яна дэбютавала ў амплюа акторкі ў фільме Фрыца Крампа «Вэдад»[19]. За сваю кар’еру яна зьнялася яшчэ ў пяці фільмах, чатыры зь якіх паставіў Агмад Бадрахан, а «Салама» і «Фатма» былі найбольш вядомымі зь іх[20].

Залаты час

рэдагаваць
 
Ум Кульсум сьпявае на сцэне.

Музычныя кірункі Ум Кульсум у 1940-х і пачатку 1950-х гадоў, а таксама ейная сталая манера выкананьня прывялі да таго, што гэты час стаў вядомы як «залаты век» сьпявачкі. Ідучы ў нагу з зьмяненьнем густу публікі і сваімі мастацкімі схільнасьцямі, у пачатку 1940-х гадоў яна зьвярнулася да кампазытара Закарыі Агмада і паэта-дыялектыста Магмуда Байрама ат-Тунсі з просьбай стварыць песьні ў стылі, які лічыўся карэнна эгіпецкім. Гэта было рэзкім адыходам ад мадэрнісцкай рамантычнай музыкі 1930-х гадоў, якую пераважна ствараў Магамад аль-Касабгі. Але, з пачатку 1940-х гадоў Ум Кульсум зусім перастала выконваць ягоную музыку. Іхнай апошняй сцэнічнай супрацы стала песня «Сэрца каханага зьмякчаецца» ў 1941 годзе, якая ўважаецца адной зь ейных самых папулярных, складаных і добра складзеных кампазыцыяў.

Прычына сканчэньня іхняй супрацы не зусім зразумелая. Лічыцца, што аднім з магчымых чыньнікаў стаў камэрцыйны правал фільму «Аіда», у якім Ум Кульсум выконвала пераважна кампазыцыі Касабгі. Касабгі экспэрымэнтаваў з арабскай музыкай, дадаючы элемэнты клясычнай эўрапейскай музыкі. Пагатоў, ён часта складаў песьні для сырійскай сьпявачкі Асмаган, якая пераехала ў Эгіпет. Яна была адзінай сур’ёзнай канкурэнткай Ум Кульсум пакуль не загінула ў аўтамабільнай катастрофе ў 1944 годзе.

 
Ум Кульсум глядзіць на афішу з сваім імём у Парыжы.

Адначасна Ум Кульсум пачала ўсё больш абапірацца на супрацу з маладым кампазытарам, які далучыўся да ейнай творчай каманды. Ім быў Рыяд аль-Сунбаці. Хоць у гэтыя першыя гады Сунбаці відавочна быў пад уплывам Касабгі, ягоныя мэлёдыі былі больш лірычнымі і больш прымальнымі для аўдыторыі Ум Кульсум. Вынікам супрацы з Рамі/Санбаці і ат-Тунсі/Агмадам стаў папулярны рэпэртуар, які захаваў сваю прывабнасьць для эгіпецкай публікі. У 1946 годзе Ум Кульсум пайшла насуперак усім чаканьням, выканаўшы рэлігійную паэму на клясычнай арабскай мове «Спытайце маё сэрца», напісаную Агмадам Шаўкі і пакладзеную на музыку Рыядам ас-Сунбаці[6]. Посьпех быў імгненным, і гэта зноў злучыла Ум Кульсум зь ейнымі раньнімі гадамі сьпеўнай кар’еры. Пазьней яна выканала яшчэ некалькі паэмаў Шаўкі, якія былі пакладзеныя на музыку Сунбаці, у тым ліку «Прарок нарадзіўся» ў 1949 годзе. У гэтай кампазыцыі яна зьдзівіла манархістаў, прасьпяваўшы радок, у якім Мухамад апісваецца як «імам сацыялістаў».

На піку сваёй кар’еры, у 1950 годзе, Ум Кульсум выканала кампазыцыю Сунбаці на тэкст урыўкаў з твору, які Агмад Рамі лічыў галоўным дасягненьнем сваёй кар’еры, то бок перакладу з пэрсыдзкай мовы на клясычную арабскую рубаі Амара Хаяма. У песьні зьмяшчаліся чатырохрадкоўі, якія закраналі як эпікурэйства, гэтак і выратаваньне душы. Паэма Ібрагіма Наджы «Руіны», якую Ум Кульсум выканала ў 1966 годзе ў асабістай інтэрпрэтацыі і з мэлёдыяй, складзенай Сунбаці, лічыцца адной зь ейных візітовак[6]. Паколькі да таго часу вакальныя здольнасьці Ум Кульсум значна пагоршыліся, гэтую песьню можна разглядаць як апошні прыклад сапраўднай арабскай музыкі ў час, калі нават яна пачала ісьці на кампраміс, выконваючы творы з заходнім уплывам.

 
Сьпявачка ў 1967 годзе.

Калі Ум Кульсум выконвала песьні ўжывую, працягласьць кожнай не была фіксаванай. То бок, яна магла доўга паўтараць радкі, якіх патрабаваў слухач, а ейныя выступы звычайна доўжыліся да пяці гадзінаў, а за гэты час выконваліся толькі тры песьні[21]. Напрыклад, захавалыя жывыя запісы адной зь ейных самых папулярных песень доўжыліся ад 45 да 90 хвілінаў. Акрамя просьбаў слухачоў, працяглую імправізацыю вызначаў і ейны творчы настрой. Гэта ілюструе дынамічныя ўзаемаадносіны паміж сьпявачкай і аўдыторыяй, калі яны наўзаем узмацнялі эмацыйную энэргію. Адзін зь ейных прыёмаў імправізацыі палягаў на шматразовым паўторы аднаго радка або фразы з тонкімі зьменамі эмацыйнага акцэнту і інтэнсіўнасьці. Пры гэтым яна дасьледавала адзін або некалькі музычных мадальнасьцяў, каб увесьці слухачоў у стан экстатычнага захапленьня, вядомы ў арабскай музыцы як тараб[21].

Гэта было характэрна для клясычнага арабскага вакальнага выкананьня, і яна выкарыстоўвала гэтую тэхніку настолькі працягла, наколькі дазвалялі ейныя мажлівасьці. З узростам ейныя вакальныя здольнасьці пагаршаліся, а заходнія ўплывы ў арабскай музыцы ўзмацняліся, што стала перашкодай для такога мастацтва. Ейныя канцэрты трансьляваліся па радыё чацьвяргамі, пачынаючы а 21:30, і доўжыліся да самай раніцы пятніцы[6]. Спантанная крэатыўнасьць Ум Кульсум як сьпявачкі найбольш уражвае, калі слухач, праслухаўшы розныя варыяцыі адной і той жа песьні цягам пяці гадоў, атрымлівае зусім унікальны і непаўторны досьвед. Гэтая інтэнсіўная, глыбока асабістая сувязь з аўдыторыяй была, несумненна, адной з галоўных прычынаў ейнага грандыёзнага посьпеху як выканальніцы. Аднак варта адзначыць, што працягласьць выступаў не заўсёды адлюстроўвала ягоную якасьць ці імправізацыйнае майстэрства Ум Кульсум.

Апошнія гады

рэдагаваць

Каля 1965 году Ум Кульсум пачала супрацу з кампазытарам Магамэдам Абдул Вагабам. Першай песьняй, якую ён склаў для яе, сталася «Ты — маё жыцьцё», якая пазьней была адной зь ейных знакавых кампазыцыяў. У 1969 годзе за ёй рушыла ўсьлед яшчэ адная песьня — «Цяпер у мяне ёсьць стрэльба»[22]. Пасьля паразы Эгіпту ў Шасьцідзённай вайне 1967 году ейныя песьні набылі больш самарэфлексіўны характар. Кампазыцыя «Прамова душы», якая ёсьць перакладам верша Магамэда Ікбала, займела вельмі разважлівы тон. Паводле зьвестак, генэралы, прысутныя на выступах, не давалі рады, каб стрымаць сьлёзы.

Па ўтварэньні Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў у 1971 годзе сьпявачка дала некалькі канцэртаў на запрашэньне першага кіраўніка краіны шэйха Заіда бін Султана аль-Нагаяна, каб ушанаваць гэту падзею[23]. Ум Кульсум таксама сьпявала кампазыцыі, напісаныя Магамэдам эль-Муджы, Саідам Макаві і Балігам Гамдзі.

Сьмерць і пахаваньне

рэдагаваць
 
На пахаваньні сьпявачкі ў Каіры.

Ум Кульсум памерла 3 лютага 1975 году ў веку 76 гадоў з прычыны ныркавай недастатковасьці. Ейная пахавальная працэсія ладзілася ў мячэце Амара Макрама і стала нацыянальнай падзеяй, то бок блізу 4 мільёнаў[24] эгіпцянаў выйшлі на вуліцы, каб правесьці яе ў апошні шлях.

Колькасьць людзей, якія прысутнічалі на пахаваньні, перавысіла нават тую, што была на пахаваньні прэзыдэнта Эгіпту Гамаля Абдэль Насэра[6]. У раёне, дзе ладзілася працэсія, рух быў перакрыты за дзьве гадзіны да ейнага пачатку. Смуткуючыя некалькі разоў адбіралі труну ў тых, хто яе нёс, ды зьмянялі напрамак працэсіі і ў выніку прынесьлі яе ў знакаміты мячэт Аль-Азгар[25]. Ум Кульсум была пахаваная ў маўзалеі побач з маўзалеем імама аш-Шафіі ў «Горадзе мёртвых» у Каіры[26]. Сьмерць сьпявачкі сталася вялікай трагедыяй для краіны і прыцягнула ўвагу міжнародных СМІ.

  1. ^ Store norske leksikon (бук.) — 1978. — ISSN 2464-1480
  2. ^ Umm Kulthum // FemBio database (ням.)
  3. ^ Om Kalsoum // Store norske leksikon (бук.) — 1978. — ISSN 2464-1480
  4. ^ Fāṭima Ibrāhīm as-Sayyid al-Beltāǧī, Umm Kulṯūm // AlKindi
  5. ^ «Oum Kalthoum, a star still shining bright». France 24.
  6. ^ а б в г д Danielson, Virginia (1996). «Listening to Umm Kulthūm». Middle East Studies Association Bulletin. 30 (2). — С. 170—173. — doi:10.1017/S0026318400033976. ISSN 0026-3184. JSTOR 23061883.
  7. ^ «Umm Kulthum, homage to Egypt’s fourth pyramid». Qantara.
  8. ^ «Funeral for a Nightingale». Time.
  9. ^ а б в «Umm Kulthum: Queen Of The Nile». The Quietus.
  10. ^ а б в «'She exists out of time': Umm Kulthum, Arab music’s eternal star». The Guardian.
  11. ^ а б Danielson 2008. С. 54—55.
  12. ^ а б Danielson 2008. С. 56.
  13. ^ Danielson 2008. С. 56—57.
  14. ^ Danielson, Virginia (2001). «Umm Kulthum [Ibrāhīm Um Kalthum]». In Root, Deane L. (ed.). The New Grove Dictionary of Music and Musicians. Oxford University Press.‎
  15. ^ «Egypt’s Umm Kulthum hologram concerts to take place at the Abdeen Palace on November 20,21». EgyptToday.
  16. ^ «Umm Kulthum: A Voice Like Egypt». Dir. Michal Goldman. Narr. Omar Sharif. Arab Film Distribution, 1996.
  17. ^ «Umm Kulthum — Egyptian musician». Britannica.
  18. ^ «Umm Kulthum: 'The Lady' Of Cairo». NPR.org.
  19. ^ «Film card». Torino Film Fest.
  20. ^ «'Star of the East' — The Life of Umm Kulthum». Al-Bustan Seeds of Culture.
  21. ^ а б Faber, Tom (28.02.2020). «'She exists out of time': Umm Kulthum, Arab music’s eternal star». The Guardian.
  22. ^ «Liberating Songs: Palestine Put to Music». The Institute for Palestine Studies.
  23. ^ «Umm Kulthum brought back to life in unique Dubai 3D concert treatment». The Daimani Journal.
  24. ^ «Kumbh together». The Economist.
  25. ^ «Egyptians Throng Funeral of Um Kalthoum, the Arabs’ Acclaimed Singer (Published 1975)». The New York Times.
  26. ^ «In search of Umm Kulthum’s grave: where the lady rests». The National.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць