Уладзі́мер Мікала́евіч Шы́маў (нар. 29 лістапада 1948, Радолаўка, Прыморскі раён, Запароская вобласьць, Украіна) — беларускі дзяржаўны й эканамічны дзяяч, навуковец-эканаміст, рэктар БДЭУ з чэрвеня 2002.

Уладзімер Шымаў
Міністар эканомікі РБ
1 ліпеня 1996 — 14 чэрвеня 2002
Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка
Прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі
Наступнік Андрэй Кабякоў
Рэктар БДЭУ
2002 — 2019
Наступнік Вячаслаў Шуцілін
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся29 лістапада 1948 (76 гадоў)

Сьцяг Украінскай ССР Радолаўка, Прыморскі раён, Запароская вобласьць, Украіна
Адукацыя
Узнагароды

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся ва Ўкраіне, паводле паходжаньня этнічны баўгарын.

У 1967 паступіў у Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт ім. М. В. Ламаносава на геаграфічны факультэт. Скончыўшы ўнівэрсытэт у 1972 з спэцыяльнасьцяй географ-эканаміст, паступіў у асьпірантуру Рады па вывучэньню прадукцыйных сілаў пры Дзяржпляне СССР, дзе ў 1976 абараніў дысэртацыю на сушуканьне навуковае ступені кандыдата эканамічных навук на тэму «Пытаньні мэтодыкі рэгіянальнае эканамічнае адзнакі прыродных рэсурсаў». Пасьля вучобы ў асьпірантуры быў накіраваны на працу ў Навукова-дасьледчы інстытут эканомікі й эканоміка-матэматычных мэтадаў плянаваньня Дзяржпляну БССР у Менску.

У 1977 з мэтай укамплектаваньня Гомельскага аддзелу інстытуту высокакваліфікаванымі навуковымі кадрамі пераведзены на працу ў Гомель, дзе працаваў старэйшым навуковым супрацоўнікам, загадчыкам сэктару. У 1982—1989 працаваў у Гомельскім каапэратыўным інстытуце Цэнтрасаюзу ў якасьці дацэнта, загадчыка катэдры, прарэктара па вучэбнай працы.

У 1988 у МДУ ім. М. В. Ламаносава абараніў дысэртацыю на сушуканьне навуковай ступені доктара эканамічных навук на тэму «Вымярэньне й плянаваньне рэгіянальнае эканамічнае эфэктыўнасьці грамадзкае вытворчасьці (пытаньні мэтадалёгіі)». З 1989 працаваў намесьнікам дырэктара па навуковай працы Навукова-дасьледчага эканамічнага інстытуту Дзяржпляну БССР.

У 1995 быў прызначаны на пасаду Першага намесьніка Міністра эканомікі Рэспублікі Беларусь, а ў 1996—2002 — міністар эканомікі Рэспублікі Беларусь. У 2001—2002 сябар Прэзыдыюму Рады Міністраў Рэспублікі Беларусь, у 1999—2002 — сябар ураду Саюзнае дзяржавы Расеі й Беларусі.

Кіраваў распрацоўкай і непасрэдна распрацоўваў шматлікія рэспубліканскія праграмы стратэгічнага характару, у т.л: Праграма пераходу эканомікі рэспублікі да рынкавых адносінаў, Праграма структурнае перабудовы эканомікі Беларусі, Асноўныя кірункі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 1996—2000 гг., Праграма сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь на 2001—2005 гг. і інш.

2002—2019 — рэктар БДЭУ.

Сябар рэдкалегіі навукова-тэарэтычнага часопісу «Беларуская думка» (1991), заснавальнік і галоўны рэдактар навукова-практычнага часопісу «Белорусский экономический журнал».

Ціск на грамадзкіх актывістаў

рэдагаваць

У канцы 2005 г. Шымаў падпісаў загад аб адлічэньні студэнткі-выдатніцы Тацяны Хомы з факультэту міжнародных эканамічных адносінаў БДЭУ пасьля ўдзелу ў канфэрэнцыі Эўрапейскага саюзу студэнтаў (European Students' Union, ESIB), на якой яна была абраная ў склад кіраўніцтва гэтай арганізацыі.[1] Гэта выклікала актыўныя міжнародныя пратэсты і заяву міністра адукацыі Швэцыі. Эўрапейская ўнівэрсытэцкая асацыяцыя (European University Association) замарозіла супрацоўніцтва з БДЭУ ў сувязі з гэтым скандалам.[1][2][3] На студэнтаў БДЭУ, блізкіх да Тацяны Хомы, аказваўся ціск з боку адміністрацыі БДЭУ і КДБ[4].

Шымаў публічна матываваў адлічэньне Хомы яе самавольным выездам за мяжу падчас навучальнага працэсу[5] і адмовіўся сустракацца з дэлегацыяй амбасадараў эўрапейскіх краінаў, якія хацелі абмеркаваць зь ім сытуацыю[6]. Падчас паездкі Шымава на навуковую канфэрэнцыю ў Вену ў 2008 г. яго сустрэла дэманстрацыя студэнтаў, якія пратэставалі супраць адлічэньня Хомы[7].

Пасьля пратэстаў, зьвязаных з прэзыдэнцкімі выбарамі 2006 г., студэнтаў БДЭУ, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, пад пагрозай выключэньня прымушалі публічна каяцца за гэта[8].

У 2008 годзе розгалас у СМІ атрымалі пагрозы адлічэньня з БДЭУ студэнткі Маўлюды Атакулавай, актывісткі «Маладога Фронту», якая неаднаразова арыштоўвалася за ўдзел у пратэсных акцыях[9]. Студэнты пачалі зьбіраць подпісы ў падтрымку Атакулавай, Шымаў вырашыў не падпісваць рашэньне аб яе выключэньні[10].

У тым жа 2008 годзе праваабаронцы ўключылі Ўладзімера Шымава як рэктара аднаго зь беларускіх унівэрсытэтаў, адкуль студэнты выключаліся па палітычных матывах, у сьпіс дзеячоў рэжыма Лукашэнкі, якім прапаноўвалася забараніць уезд у Польшчу[11].

Сын Яраслаў Шымаў — журналіст расейскай службы Радыё Свабода[12][13].

Сын Усевалад Шымаў — палітоляг, публіцыст, аўтар «СБ - Беларусь Сегодня»[14] і шэрагу расейскіх нацыяналістычных сайтаў[12].

  • Национальная экономика Беларуси: Потенциалы. Хозяйственные комплексы. Направления развития. Механизмы управления — Мн.: БГЭУ, 2005;
  • Региональная эффективность общественного производства: проблемы, методы измерения, пути повышения. — Мн., 1986;
  • Теоретические и методологические основы структурной перестройки экономики Беларуси. — Мн.,1996 (у сааўтарсьцьве, адказны рэдактар);
  • Прогнозирование социально-экономического развития Республики Беларусь: вопросы теории и методики.- Мн.,1996 (у сааўтарсьцьве, адказны рэдактар);
  • Словарь современных экономических и правовых терминов. — Мн., 1999; 2002 (кол. авторов, отв. редактор);
  • Экономическое развитие Беларуси на рубеже веков: проблемы, итоги, перспективы.- Мн., 2003.
  • Национального атласа Республики Беларусь. — Мн., 2003. (галоўны рэдактар)
  1. ^ а б Таццяна Хома: "Я ўсё роўна скончу Беларускi эканамiчны ўнiверсiтэт" Generation.by, 9 сьнежня 2005 г.
  2. ^ Riding Roughshod Over Rights in Belarus - US COMMISSION ON SECURITY AND COOPERATION IN EUROPE]
  3. ^ Тацяна Хома: "Імідж БДЭУ ад гэтага пацярпеў – гэта дакладна" - Радыё Свабода, 5 сьнежня 2005 г.
  4. ^ [1] - Радыё Свабода, 27.03.2008
  5. ^ Што думаюць студэнты БДЭУ пра выключэньне Т.Хомы? - Радыё Свабода, 8.12.2005
  6. ^ Рэктар БДЭУ адмовіўся сустрэцца з эўрапейскімі амбасадарамі - Generation.by, 7.12.2005
  7. ^ Аўстрыйскія студэнты сустрэнуць рэктара БДЭУ Шымава акцыяй пратэсту - Generation.by, 27.03.2008
  8. ^ Дэкан БДЭУ патрабаваў публічнага пакаяньня студэнткі (фота) - Радыё Свабода, 19.04.2006
  9. ^ Людвісе Атакулавай пагражаюць адлічэньнем з вучобы - Вясна (цэнтар), 11.04.2008
  10. ^ Рэктар БДЭУ не рашыўся выключыць Атакулаву - Наша Ніва, 23 красавіка 2008 г.
  11. ^ 472 Belarusian officials may face Polish travel ban - Вясна (цэнтар), 19.03.2008
  12. ^ а б Сышоў з пасады Уладзімір Шымаў, які 17 гадоў узначальваў БДЭУ - Наша Ніва, 16.05.2019
  13. ^ Дзе вучацца дзеці беларускіх рэктароў? - Generation.by, 30.09.2011
  14. ^ Публікацыі Ўсевалада Шымава на sb.by

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць