Уладзімер Кульчыцкі

беларускі нэўрафізыёляг

Уладзімер Адамавіч Кульчыцкі (нар. 1948, Даўрыя, Борзінскі раён, цяпер Забайкальскі край, Далёкаўсходняя фэдэральная акруга, Расея) — беларускі нэўрафізыёляг.

Уладзімер Кульчыцкі
Дата нараджэньня 6 сакавіка 1948 (75 гадоў)
Месца нараджэньня Даўрыя, Борзінскі раён, Чыцінская вобласьць, Расейская СФСР, Савецкі Саюз
Месца вучобы Куйбышаўскі мэдычны інстытут (1972)
Занятак навуковец, прафэсар унівэрсытэту
Навуковая сфэра фізыялёгія
Месца працы Інстытут фізыялёгіі НАНБ
Навуковая ступень доктар навук (1989)
Узнагароды прэмія Ленінскага камсамолу (1979)

Дасьледнік структурнай і функцыянальнай перабудовы нэўронных сетак мозга. Вывучаў цэнтральныя мэханізмы сындрому раптоўнай сьмерці. Доктар мэдычных навук (1989) і прафэсар (1998). Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2017). Ляўрэат прэміі Ленінскага камсамолу (1979) за вывучэньне бульбарных мэханізмаў утварэньня дыхальнага рытму. На 2014 год напісаў звыш 350 навуковых працаў[2], у тым ліку 9 манаграфіяў і 18 патэнтаў[3].

ЖыцьцяпісРэдагаваць

У 1972 годзе скончыў Куйбышаўскі мэдычны інстытут (Расейская СФСР). У 1972—1975 гадох працаваў траўматолягам Шар'інскай раённай лякарні Кастрамской вобласьці. У 1975 годзе ўладкаваўся старэйшым лябарантам катэдры Куйбышаўскага мэдычнага інстытуту, дзе пазьней стаў асыстэнтам. У 1976—1986 гадох спадарожна працаваў лекарам хуткай дапамогі[3].

У 1989 годзе працаўладкаваўся навуковым супрацоўнікам у Інстытут фізыялёгіі Акадэміі навук Беларускай ССР. У 1991 годзе стаў загаднікам лябараторыі. Напісаў навуковыя працы пра рэтыкулярную фармацыю ствала галаўнога мозга і мэханізмы ўтварэньня ноцыцэптыўных рэфлексаў[4]. У 2000 годзе стаў сябрам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 2006 годзе заняў пасаду намесьніка кіраўніка па навуковай працы Інстытуту фізыялёгіі НАНБ[3].

Навуковая працаРэдагаваць

Даказаў, што функцыянальны стан вузаў вэнтралятэральных аддзелаў даўгаватага мозгу вызначае утварэньне дыхальнага рытму і сымптаактывавальных уплываў, якія ўпарадкуюць тонус крывяносных судзінаў і сэрца. Пацьвердзіў досьледам сумесна з навукоўцамі нямецкай Установы імя Кэркгофа (Бад Наўгайм, зямля Гэсэн) мадэлявальны ўплыў простагляндынаў на тэрмаадчувальнасьць нэўронаў пярэдняга гіпаталямуса, што дазволіла абгрунтаваць удзел простагляндынаў у нэўроннай плястычнасьці. У даўгаватым мозгу выявіў нэрвовыя вузы, якія залучаюцца ў нармалізацыю крывянога ціску пры артэрыяльнай гіпэртаніі і рэгуляцыі болевай адчувальнасьці. Распрацаваў ацэнку выніковасьці лячэньня разбурэньня ствала галаўнога мозгу пасьля пашкоджаньня галінак трайніковых і блукальных нэрваў, папярэджаньне арытміі сэрца і мадэляваньне міжнэўронных сувязяў, а таксама спосабы вывучэньня функцыянальных асаблівасьцяў нэрвовай сыстэмы дзяцей на забруджаных радыёнуклідамі землях[3].

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ https://zviazda.by/sites/default/files/pdf/2014/03/ZV_20140306_16.pdf
  2. ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 6 сакавіка 2014. — № 42 (27652). — С. 12. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ а б в г Кульчыцкі Ўладзімер Адамавіч // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2022 г. Праверана 21 верасьня 2022 г.
  4. ^ Кульчыцкі Ўладзімер Адамавіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — С. 16. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0155-9