Інстытут фізыялёгіі

Каардынаты: 53°54′32″ пн. ш. 27°36′37″ у. д. / 53.90889° пн. ш. 27.61028° у. д. / 53.90889; 27.61028

Інстытут фізыялёгіі (наркам. Інстытут фізіялогіі, анг. Institute of Physiology) — дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, створаная ў 1940 годзе ў якасьці Інстытуту тэарэтычнай і клінічнай мэдыцыны.

Інстытут фізыялёгіі
рас. Институт физиологии

2019 год
Абрэвіятура ІФЛ
Дата ўтварэньня 1940
Тып навуковая
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта распрацоўка новых спосабаў і прыладаў фізыятэрапіі
Месцазнаходжаньне Менск, Першамайскі раён, вул. Акадэмічная, д. 28
Сяброўства Рэспубліканскі цэнтар трансфэру тэхналёгіяў
Афіцыйныя мовы расейская
Кіраўнік Сяргей Губкін(be)
Намесьніца па навуковай ды інавацыйнай працы Сьвятлана Манькоўская
Навуковая сакратарка Натальля Паўлава
Матчына кампанія Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Сайт physiology.by
Колішняя назва Інстытут тэарэтычнай і клінічнай мэдыцыны (да 1947 г.), Інстытут тэарэтычнай мэдыцыны (да 1953 г.)

На 2018 год Інстытут знаходзіўся ў складзе Аддзяленьня мэдычных навук НАНБ. Інстытут фізыялёгіі ажыцьцяўляў набор у асьпірантуру па 4 спэцыяльнасьцях: 1) фізыялёгія, 2) біяхімія, 3) паталягічная фізыялёгія, 4) аднаўленчая мэдыцына, спартовая мэдыцына, лекавая фізкультура, курорталёгія і фізыятэрапія. У дактарантуру набіралі па 2 спэцыяльнасьцях: 1) фізыялёгія, 2) паталягічная фізыялёгія. Інстытут ажыцьцяўляў: 1) распрацоўку і выпрабаваньне фізыятэрапэўтычнага абсталяваньня, 2) досьледы ў галіне функцыянальных асаблівасьцяў біялягічна актыўных дадаткаў і харчовых вырабаў, 3) дасьледаваньне значэньня будовы і хімічнага стану вузаў у парушэньнях сардэчна-ссудзіннай сыстэмы; 4) ацэнку курортаўтваральных чыньнікаў і абгрунтаваньне магутнасьці і напрамку здраўніцы, 5) біяхімічнае дасьледаваньне крыві і імунітэту ў лябараторыі[1].

На 2018 год Інстытут фізыялёгіі ўлучаў цэнтар электроннай і сьветлавой мікраскапіі і 6 лябараторыяў: 1) мадуляцыі функцыяў арганізма, 2) вузавых тэхналёгіяў, 3) нэўрафізыялёгіі, 4) навукова-тэхнічнага суправаджэньня, 5) фізыялёгіі харчаваньня і спорту, 6) шматпрофільную дыягнастычную[1].

Мінуўшчына

рэдагаваць
 
Уваход у Інстытут фізыялёгіі (2019 г.)

У 1940 годзе Акадэмія навук БССР утварыла Інстытут тэарэтычнай і клінічнай мэдыцыны, які ў 1947 годзе перайменавалі ў Інстытут тэарэтычнай мэдыцыны. У 1953 годзе яго пераўтварылі ў Інстытут фізыялёгіі і стварылі асьпірантуру. Асноўнымі кірункамі дасьледаваньняў былі: цэнтральныя і пэрыфэрыйныя спосабы тэрмарэгуляцыі, тэмпэратурная ўстойлівасьць арганізма; прызначэньне афэрэнтных сыстэмаў твару і іх сувязі з нэрвовымі асяродкамі; спосабы і будова жыцьцяздольнасьці арганізмаў у залежнасьці ад фізыка-хімічных чыньнікаў асяродзьдзя. У выніку ў Інстытуце распрацавалі ўзор нэўроннай сеткі (дзейнасьці нэрвовых асяродкаў) на аснове растарможваньня нэўронаў. Таксама вывучылі хваравітыя станы пры парушэньні спалучэньні тэрмарэгуляцыі і абмену складаных ліпідаў у арганізьме. Дасьледнікі Інстытуту выявілі ахоўныя ўласьцівасьці чыньніка росту нэрваў і эпідэрмісу пры цеплавым і акісьляльным стрэсе, узьдзеяньні іянізавальнай радыяцыі. У Інстытуце працавалі акадэмікі Іван Булыгін(be), Андрэй Дзьмітрыеў(ru), Васіль Лявонаў(be) і Даніл Маркаў(be), а таксама сябар-карэспандэнт Аляксандар Бранавіцкі(be)[2].

 
Таблічка Інстытуту фізыялёгіі (2019 г.)

На 1998 год у Інстытуце фізыялёгіі дзейнічала 5 лябараторыяў: 1) фізыялёгіі функцыянальных сыстэмаў, 2) рэгуляратных бялкоў і пэптыдаў, 3) фізыялёгіі афэрэнтных сыстэмаў, 4) дастасоўнай фізыялёгіі, 5) фізыялёгіі ствала галаўнага мозгу. Таксама працавала 3 групы: 1) функцыянальнай нэўрамарфалёгіі, 2) экстракардыяльных мэханізмаў рэгуляцыі кровазвароту, 3) эколяга-фізыялягічных праблемаў. На 1998 год у Інстытуце працавалі акадэмікі Давыд Голуб(be), Валер Гурын(be) і Ўладзімер Мацюхін(be), сябры-карэспандэнты Мікалай Арынчын(be) і Ўладзімер Салтанаў(be), 9 дактароў навук[2].

Кіраўнікі

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць