Тадэвуш Лада-Заблоцкі
Тадэвуш Гіляравіч Лада-Заблоцкі (27 жніўня 1811, в. Лугінавічы, Магілёўская губэрня — жнівень 1847, с. Кульпы, Каўказ) — паэт і перакладчык.
Тадэвуш Лада-Заблоцкі | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 27 жніўня 1811 в. Лугінавічы, Сеньненскі павет, Магілёўская губэрня (цяпер Сеньненскі раён Віцебскай вобласьці) |
Памёр | жнівень 1847 с. Кульпы, Эраванская губэрня, Каўказ |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, перакладчык, |
Мова | польская мова[1], украінская мова[1] і ангельская мова[1] |
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся ў сям’і польскага шляхціча па імені Ваўжынец. Меў брата (служыў у палку сапёраў на Каўказе) і сястру. Выхоўваўся пад апекай свайго дзядзькі Рыгора Мацьвеевіча Заблоцкага[2]. Першапачатковую адукацыю атрымаў у Віцебскай сэмінарыі пры кляштары базыльян, потым у Віцебскай гімназіі, якую скончыў у 1831 годзе. У 1829 годзе быў хатнім настаўнікам дзяцей пана Дышлеўскага ў вёсцы Вышадкі Сураскага павету.
У 1831 годзе з хадайніцтва куратара Беларускай навучальнай акругі Г. І. Карташэўскага залічаны казённакоштным студэнтам на славеснае аддзяленьне Маскоўскага ўнівэрсытэту. Наведваў шэраг курсаў па расейскай славеснасьці і лацінскай мове. Пазнаёміўся зь Вісарыёнам Бялінскім і ўвайшоў у створанае ім у студэнцкім інтэрнаце «літаратурнае таварыства 11 нумара»[3]. Разам зь Янам Савінічам арганізаваў у асяродку польскіх студэнтаў Маскоўскага ўнівэрсытэту таемнае «Таварыства аматараў айчыннай славеснасьці»[3]. У 1833 годзе выключаны з унівэрсытэту і неўзабаве арыштаваны за недазволеную ўладамі дзейнасьць, а найбольш за знойдзены віцебскай паліцыяй ліст да гімназіста Зянона Міхайлоўскага[2], які, незважаючы на просьбу Лады-Заблоцкага схаваць ліст, перадаў яго настаўніку лацінскае мовы Віцебскае гімназіі Гаўдэнты Шапялевічу, дзе паліцыя і знайшла ліст[4] наступнага зьместу:
Я жадаў бы ператварыцца ў пошасьць, каб адным подыхам мог атруціць і зьнішчыць творцаў няшчасьцяў нашае зямлі | ||
Пасьля арышту быў высланы ў Віцебск. Паўтара году ўлады вялі сьледзтва, у выніку якога некалькі чалавек былі прыцягнутыя да судовай адказнасьці. Зь невядомай прычыны да суда іх выпусьцілі на волю, пра што сьведчаць прыпісы да вершаў 1834—1835 гг. паэта, напісаных у розных мясьцінах Віцебшчыны[4].
Паводле канчатковага выраку суду быў адпраўлены ў выгнаньне на поўдзень — спачатку ў Таганрог (1837), а затым (1838) на Каўказ шараговым сапёрам. Даслужыўся да падпаручніка; быў кіраўніком Кульпінскіх саляных капальняў[5]. Незважаючы на вайсковую службу, працягваў літаратурную дзейнасьць. Заводзіць сяброўства з грузінскім паэтам Ніколам Бараташвілі, дочкамі Аляксандра Чаўчавадзэ — Нінай Грыбаедавай і Кацярынай Дадзіяні, азэрбайджанскім пісьменьнікам А. Бакіханавым, расейскім паэтам Аляксандрам Адоеўскім[6].
У пачатку 1840 году Тадэвуш Лада-Заблоцкі пасылае свае творы ў Санкт-Пецярбург, але з прычыны недакладна напісанага адрасу вершы, прызначаныя для альманаха Яна Баршчэўскага «Niezabudki», вярнуліся назад, а дасланыя ў альманах «Zorza Połnocna», ня ўбачылі сьвету, бо выдаць яго Юзэфу Працлаўскаму не ўдалося[6].
Вершы, якія ён пісаў на польскай мове публікаваліся ў польскіх часопісах «Atheneum», «Rocznik literacki», «Rubon» і інш. Пры падтрымцы Юзэфа Крашэўскага і Рамуальда Падбярэзкага ў 1845 выдаў зборнік «Poezje Tadeusza Łady Zabłockiego». Перакладаў на польскую мову творы заходнеэўрапейскіх аўтараў; пераклаў на францускую мову ўкраінскія народныя песьні («Украінскія песьні», Парыж, 1845); на расейскую — «Гісторыю Азэрбайджана» А. Бакіханава[5]
З 1839 году збольшага знаходзіўся ў Тыфлісе, дзе сустракаўся зь Якавам Палонскім, сябраваў з грузінскімі паэтамі М. Туманішвілі і Н. Бараташвілі, пэрсыдзкім паэтам і гісторыкам Абас Кулі-ханам Бакіханавым.
Пазьней быў вызвалены з арміі і стаў упраўляючым Кульпінскімі салянымі капальнямі[3].
У 1847 Тадэвуш Лада-Заблоцкі памёр у часе пошасьці халеры.
Творчасьць
рэдагавацьСхільнасьць да вершатворчасьці выявілася ў Тадэвуша ў дзесяцігадовым узросьце, калі ён быў яшчэ ў першым клясе гімназіі. Як адзначае Рамуальд Падбярэскі, вершапісаньню Тадэвуш Лада-Заблоцкі вучыўся «на ўзорах эўрапейскай паэзіі», указваючы на паэтычную пераемнасьць з Дж. Байранам, Ф. Шылерам і Томасам Мурам[2].
У часе судовага сьледзтва 1834—1835 гг. паэт прысьвяціў віцебскіх мясьцінам шэраг паэтычных твораў: «Ваколіцы Віцебска», элегіі «Да Дзьвіны», «Даўжанскае возера», «Вілія», «Зачараваная дзяўчына» і інш. На матэрыялах «Хронікі» Мацея Стрыйкоўскага напісаў баляду «Ляшка»[5].
Веданьне народных звычаяў і беларускай мовы яскрава выявілася ў балядзе «Зачараваная дзяўчына», створанай на аснове паданьня, пачутага аўтарам яшчэ ў дзяцінстве: мужны сын полацкага князя, маючы намер трапіць у зачараваны замак, дзе спала непрасыпным сном дзяўчына, перамагае цёмныя сілы цудадзействам крыжа. Калі ж абуджаная дзяўчына выклікае ў княжыча палкае пачуцьцё, нябесныя сілы губяць яго[4]. У гэтай балядзе выяўляецца характэрны для рамантычнае баляды прыём — канфлікт героя з Богам.
У 1833 годзе ў прыпісе да гэтае баляды паэт пісаў:
Мне толькі застаецца пашкадаваць, што народныя песьні беларускага люду, ягоныя аповесьці і паданьні яшчэ дасюль не зьвярнулі ўвагі адукаваных маіх землякоў. Я перакананы (і, можа, слушна), што калі будуць сабраныя гэтыя матэрыялы, дык беларуская паэзія будзе мець сваю ўласьцівую адзнаку і здольная будзе абудзіць такую ж самую цікавасьць і прывабнасьць, як польская ці літоўская[7]. | ||
На поўдні паэтычная творчасьць Лады-Заблоцкага вызначалася яго становішчам выгнаньніка. Найбольш характэрным у гэтых адносінах зьяўляецца верш «Да бярозы на Каўкаскіх гарах», напісаны 29 ліпеня 1839 году ў крэпасьці Куба[8].
На беларускую мову творы Т. Лады-Заблоцкага перакладалі Пятро Бітэль, Уладзімер Мархель, Кастусь Цьвірка.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ а б в Лада-Заблоцкі Тадэвуш. Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина. Праверана 24 жніўня 2011 г.
- ^ а б в Тадеуш Лада (Фаддей) Заблоцкий Поэзия Московского университета: от Ломоносова и до... Праверана 24 жніўня 2011 г.
- ^ а б в Хаўстовіч, М. Душа вярталася на бераг Лучосы. Лёс і творчасць Тадэвуша Лады-Заблоцкага // Роднае слова. — 1994. — № 10. — С. 10.
- ^ а б в Лада-Заблоцкі Тадэвуш Гіляравіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- ^ а б Хаўстовіч, М. Душа вярталася на бераг Лучосы. Лёс і творчасць Тадэвуша Лады-Заблоцкага // Роднае слова. — 1994. — № 10. — С. 12.
- ^ Rubon. 1846. T. VI. — S. 150
- ^ Хаўстовіч, М. Душа вярталася на бераг Лучосы. Лёс і творчасць Тадэвуша Лады-Заблоцкага // Роднае слова. — 1994. — № 10. — С. 11.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Вершы Тадэвуша Лады-Заблоцкага катэдра гісторыі беларускай літаратуры БДУ
- Тадэвуш Лада-Заблоцкі. Вершы