Трахімброд
Трахімбро́д (па-ўкраінску: Трохимбрід, па-габрэйску: טרוכנברוד) — колішняе жыдоўскае мястэчка на Валыні (цяпер на тэрыторыі Ківерцаўскага раёну Валынскай вобласьці Ўкраіны), якое існавала ў XVIII—XX стагодзьдзях. Знаходзілася за 10 км на ўсход ад Трасьцянцу, 50 кілямэтраў на паўночны ўсход ад Луцку, побач зь іншым жыдоўскім мястэчкам Лозішт. Таксама вядомае як Сафіеўка (па-ўкраінску: Софіївка, па-польску: Zofiówka) у гонар расейскай царэўны Сафіі, якая дазволіла заснаваць тут жыдоўскае паселішча[1]. У 1942 цалкам было зьнішчанае нацыстамі разам з насельніцтвам.
Трахімброд | |
укр. Трохимбрід | |
Дата заснаваньня: | 1835 |
Былая назва: | Сафіеўка |
Краіна: | СССР |
Плошча: |
|
Геаграфічныя каардынаты: | 50°56′26.16″ пн. ш. 25°43′45.12″ у. д. / 50.9406° пн. ш. 25.7292° у. д.Каардынаты: 50°56′26.16″ пн. ш. 25°43′45.12″ у. д. / 50.9406° пн. ш. 25.7292° у. д. |
Трахімброд | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |
http://www.heavensareempty.com/website/Synopsis.html |
Мінуўшчына
рэдагавацьСафіеўка была заснаваная ў 1835 року як сельскагаспадарчая калёнія, якя пазьней вырасла ў мястэчка. Насельніцтва павялічылася да 1200 асобаў (235 сем’яў) у 1889 і да 1580 асобаў у 1897 року[1]. Да 1918 року ўваходзіла ў склад Валынскай губэрні. У часе Першай сусьветнай вайны праз тэрыторыю паселішча праходзіла лінія фронту, што змусіла частку яе насельнікаў да эвакуацыі перад наступам аўстрыйскіх войскаў, якія занялі мястэчка ў жніўні 1915. У наступным року аўстрыйцы збудавалі ў Сафіеўцы вайсковы цьвінтар і каталіцкую каплічку.
У часе польска-савецкай вайны мястэчка ўвайшло ў склад гміны Сільна Луцкага павету Валынскага ваяводзтва Польшчы. Большасьць насельніцтва складалі жыды, якія называлі Сафіеўку Трахімбродам; акрамя таго, мешкала невялікая польская грамада (некалькі сем’яў). У 1929 тут пражывалі 1549 чалавек. Да 1938 року жыдоўскае насельніцтва вырасла да 3000 жыхароў. Большая частка жыхароў займалася сельскай гаспадаркай і дубленьнем скуры. Дзейнічалі сем сынагогаў. У 1921 року быў пабудаваны драўляны касьцёл парафіі сьвятой Сафіі і Маці Божай Добрай Рады.
У 1939 разам з усёю Заходняю Ўкраінаю мястэчка паводле пакту Молатава — Рыбэнтропа адышло ў склад Савецкага Саюзу. У той час рабінам быў Герш Вайсман. Бальшавікі саслалі яго ў Сыбір, абвінаваціўшы ва ўдзеле ў падпольным гандлі сольлю[1].
З пачаткам нацысцкай акупацыі Ўкраіны ў Трахімбродзе было створанае гета, куды зьвезьлі жыдоў з суседніх местаў і вёсак. Да 1942 року ў мястэчку дзейнічала сяміклясная агульная школа, у якой да 1941 працавалі настаўнікі галоўным чынам жыдоўскага, а таксама польскага і ўкраінскага паходжаньня.
У жніўні-верасьні 1942 року ўкраінскі батальён Шуцманшафт з удзелам немцаў з айнзацгрупы C ладзілі акцыі зачысткі насельніцтва мястэчка[2]. 9 жніўня падчас першае падобнае акцыі былі забітыя каля 4,5 тысячаў чалавек, а ў Ём-Кіпур (21 верасьня) — 1,5 тысячы[2]. Рэшта пакінутых жывымі рамесьнікаў (20 асобаў) былі замардаваныя 22 сьнежня 1942[2]. Забойствы адбываліся ў лесе побач з суседняй вёскай Ярамль. Паводле іншых крыніцаў колькасьць ахвяраў меншая: ад 2000[3] да 3000[4]. Маёмасьць жыдоў была канфіскаваная акупантамі, хаты спаленыя[2].
Ня больш за 200 жыдоў здолелі ўцячы ў лес[5], дзе большасьць загінула ў выніку аблаваў украінскіх паліцыянтаў і немцаў. Рэшта выжыла дзякуючы дапамозе савецкіх партызанаў і мясцовага насельніцтва[2]. За дапамогу гэтым партызанам і жыдам немцы і паліцаі расстралялі 137 жыхароў Клубочыну і каля 50 жыхароў польскай вёскі Абіркі разам зь дзецьмі[5].
1 ліпеня 1943 УПА спаліла касьцёл, а ў канцы ліпеня Трахімброд быў ужо незаселены[6]. 30 жніўня папялішчы мястэчка сталі базай для аддзелаў УПА перад атакаю на Пшэбраж(pl)[6]. Згодна з дакумэнтамі, рэшткі мястэчка былі спаленыя савецкім аддзелам з групоўкі Каўпака, у склад якога ўваходзілі й жыдоўскія партызаны з Трахімброду[2].
Напрыканцы вайны ў жывых засталося паводле розных зьвестак ад 33[1] да 40[5] жыхароў Трахімброду. Усе яны былі знойдзеныя ў ваколіцах Луцку. На месцы мястэчка засталіся толькі лес ды поле. У 1990 року былі пастаўленыя два помнікі — адзін на тэрыторыі мястэчка, а другі — у месцы расстрэлаў[4].
У мастацтве
рэдагавацьУпершыню ў мастацкай літаратуры Трахімброд зьявіўся ў 2002 року ў рамане Джонатана Сафрана Фоера «Усё асьветлена» (анг. Everything Is Illuminated). У 2005 на аснове раману Леў Шрайбэр зьняў аднайменны фільм.
Гісторыя Фоера апісвае падзеі ў вёсцы між 1791, да якога адносіцца першая згадка пра Трахімброд, да 1941 року. Герой раману прыехаў ва Ўкраіну, каб знайсьці ўкраінскую жанчыну па імі Аўгустына, якая ўратавала жыцьцё ягонага дзеда.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г Eleazar Barco (Bork). (22 красавіка 1999) Trochinbrod — (Zofiowka). Translated from the Hebrew by Karen Engel (анг.) Gary Sokolow’s Home Page Праверана 18 красавіка 2014 г.
- ^ а б в г д е Avrom Bendavid-Val. Niebiosa są puste. — Świat Książki, 2012. — 176 с. — ISBN 9788377995693
- ^ Władysław Siemaszko, Ewa Siemaszko 2000. С. 629.
- ^ а б Холокост на территории СССР. Энциклопедия. — М.: Российская политическая энциклопедия, Научно-просветительский центр «Холокост», 2009. — С. 988. — 1000 ас. — ISBN 978-5-8243-1296-6
- ^ а б в Ivan Katchanovski. NOT Everything is Illuminated (анг.) // The Prague Post. — October 7, 2004.
- ^ а б Cybulski 1990.
Літаратура
рэдагаваць- Henryk Cybulski. Wołyń – Przebraże i okolice, pow. Łucki i Horochowski (Kisielin) // Czerwone noce [«O powstaniu i przetrwaniu organizacji samoobrony ludności polskiej we wsi Przebraże na Wołyniu w latach 1943—1944»]. — wyd. I. — Warszawa: Wyd. MON, 1969. — 377 с.
- Władysław Siemaszko, Ewa Siemaszko. Zofiówka, m-ko, gm. Silno, pow. Łuck // Ludobójstwo dokonane przez nacjonalistów ukraińskich na ludności polskiej Wołynia 1939–1945. — Warszawa: Wydane przy pomocy finansowej Kancelarii Prezydenta Rzeczypospolitej Polskiej, 2000. — С. 558, 618, 621, 629, 653, 1193. — 1433 с. — ISBN 83-87689-34-3
- Zofiówka (8) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIV: Worowo — Żyżyn. — Warszawa, 1895. — S. 658
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьТрахімброд — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў