Сяргей Скандракоў

Сярге́й Вячасла́вавіч Скандрако́ў (21 кастрычніка 1876, Мглін, цяпер Бранская вобласьць, Расея2 жніўня 1953, Караганда) — беларускі навуковец-аграном, журналіст, краязнавец; псэўданімы: Сяргей Мглінскі; Янка зь Вялікага Поля.

Сяргей Скандракоў
Siarhiej Skandrakoŭ.png
Імя пры нараджэньні Сяргей Вячаслававіч Скандракоў
Род дзейнасьці навуковец, журналіст
Дата нараджэньня 21 лістапада 1876
Месца нараджэньня Мглін, Чарнігаўская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 2 жніўня 1953
Месца сьмерці Караганда, Казаская ССР
Месца вучобы
Занятак журналіст, палітык, сельскагаспадарнік

БіяграфіяРэдагаваць

Вучыўся ў Слуцкай і Менскай гімназіях, скончыў Маскоўскі сельскагаспадарчы інстытут (1906). Удзельнічаў у працы Менскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў. У рэвалюцыю 1905—1907 гг. сябра Менскага камітэту Беларускай сацыялістычнай грамады, рэдактар-выдавец газэты «Голос Белоруссии» (выйшаў 1 нумар 1 студзеня 1906 г. у Менску, забароненая ўладамі), дзе зьмясьціў свой рэвалюцыйны твор «Казка пра голых і сабаліныя футры», вершы на беларускай мове Францішка Багушэвіча й Янкі Лучыны. Адзін з заснавальнікаў кніжнага таварыства «Мінчук». У 1907—1910 у менскіх газэтах друкаваў палітычныя казкі. З 1911 г. дырэктар досьледнага поля ў Палтаўскай губэрні, з 1921 г. — беларускай агранамічнай станцыі ў Банцараўшчыне, прафэсар БДУ, БСГА. Працаваў у Інбелкульце (1923—1925 гг. адказны сакратар Цэнтральнага бюро краязнаўства) і Беларускага НДІ сельскай і лясной гаспадаркі.

6 ліпеня 1930 г. арыштаваны ДПУ БССР па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі»[1]. Асуджаны паводле пастановы калегіі АДПУ СССР 10 красавіка 1931 г. за «шкодніцтва і антысавецкую агітацыю» да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Пакараньне адбываў у Яраслаўлі. Вызвалены 15 лістапада 1934 г[2]. Пасьля вызваленьня на навуковай і пэдагагічнай рабоце ў Яраслаўлі, Мічурынску, Душанбэ, Алмаце, Карагандзе. Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суду БССР 15 лістапада 1957 г[2].

Аўтар апавяданьня «Аграном Сэрадэля» (1924), навукова-папулярных нарысаў па аграноміі, артыкулаў па краязнаўстве. Зьбярог жывапісныя творы Каруся Каганца «Тып беларуса» й «Зімовы пэйзаж». Быў знаёмы зь Янкам Купалам і Якубам Коласам, перапісваўся з Уладзімерам Караленкам.

Сяргей Скандракоў — прататып Кандаковіча ў трылёгіі Якуба Коласа «На ростанях»

Быў жанаты, меў дзіця[2].

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  2. ^ а б в Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.

ЛітаратураРэдагаваць

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць