Грамадзянская вайна ў Сырыі

(Перанакіравана з «Сырыйская грамадзянская вайна»)

Грамадзянская вайна ў Сырыі[1][2] — шматбаковы ўзброены канфлікт, які распачаўся ў 2011 року й працягваецца па сёньняшні дзень.

Грамадзянская вайна ў Сырыі
Становішча на 23 верасьня 2017 г. (Урад Асада чырвоным, Свабоднае войска зялёным, Сырыйскі Курдыстан жоўтым, Ісламская дзяржава Іраку шэрым)
Дата: з 15 сакавіка 2011 году
Месца: Сырыя
Прычына: злоўжываньне надзвычайным становішчам
Вынік:
Супернікі
Урад Башара АсадаСвабоднае войска
Камандуючыя
Фахэд ФрэйжБашар Зубі
Колькасьць
178 тыс. (2017 г.)41,5 тыс. (2017 г.)
Страты
61 808 забітых (на 2017 г.)115 307 забітых (на 2017 г.)
Агульныя страты
96 073 загінулых цывільных (на 2017 г.)

Асноўныя ўдзельнікі

рэдагаваць

Асноўнымі ўдзельнікамі канфлікту выступаюць: Сырыйская арабская армія, якая падтрымлівае існага прэзыдэнта Башара Асада, умераная сырыйская апазыцыя (Вольная сырыйская армія), курдзкія сілы, ісламская тэрарыстычная групоўка ІДІЛ ды тэрарыстычная супольнасьць Фронт ан-Нусра.

Храналёгія падзеяў

рэдагаваць

У сакавіку 2011 року распачаліся буйныя мітынгі па ўсёй тэрыторыі краіны супраць існай улады, якія прывялі да масавых беспарадкаў. Улета таго ж року пратэсты пераўтварыліся ў паўнамасштабны ўзброены канфлікт. Галоўнымі патрабаваньнямі пратэстоўцаў былі: адстаўка прэзыдэнта Башара Асада, скасаваньне рэжыму надзвычайнага становішчу, які быў чынны ад 1962 року, ды ажыцяўленьне дэмакратычных пераўтварэньняў у краіне.

Першапачаткова ваенныя дзеяньні ішлі паміж урадавым Сырыйскім арабскім войскам і апазыцыйным Свабодным сырыйскім войскам, у які ўваходзілі ўсе апазыцыйныя фармаваньні. 25 траўня 2012 году праўрадавыя атрады «Прывідных» (арабск. Шабіха) абстралялі з гарматаў мястэчка Талду на раўніне Хула (Хомская вобласьць). У выніку абстрэлу 116 мірных жыхароў загінулі і яшчэ каля 300 атрымалі раненьні[3]. 6 чэрвеня 2012 году Сырыйскае арабскае войска абстраляла з гарматаў і ўвайшло ў вёску Кубэйр (Хамская вобласьць), дзе сумесна з праўрадавым атрадам «Прывідных» учыніла разьню 78 вяскоўцаў (звыш паловы жыхароў) з выкарыстаньнем пальнай і халоднай зброі. Сярод забітых было каля 20 жанчынаў і 20 дзяцей[4]. У чэрвені 2012 году ўрады Катару, Саудаўскай Арабіі і Турэччыны пачалі пастаўляць паўстанцам зброю праз сырыйска-турэцкую мяжу пры дапамозе пасярэднікаў. Пастаўкі ўлучалі аўтаматы, гранатамёты, процітанкавую зброю і боепрыпасы да іх. У адказ афіцэры Цэнтральнай разьведвальнай управы ЗША прыбылі на поўдзень Турэччыны, каб прадухіліць разьмеркаваньне зброі паўстанцам зь ліку ўдзельнікаў тэрарыстычнай арганізацыі «Аль-Каіда»[5]. Ранкам 21 жніўня 2013 году адбыўся ракетны абстрэл паўднёва-ўсходняга прадмесьця Дамаску — Гуты, якая знаходзілася пад уладай Свабоднага сырыйскага войска зь лютага 2013 году. У выніку хімічнай атакі нэрвова-паралітычным газам зарынам, які зьмяшчалі ракеты, ад удушша загінула прынамсі 650 чалавек[6].

Пазьней адбыўся раскол Свабоднага сырыйскага войска, у выніку якога апазыцыйны блёк распаўся. Першымі выйшлі курды, якія сфармавалі свой уласны ўрад, а далей, у 2013 року, радыкальныя ісламісты сфармавалі едны «Ісламскі фронт». Пасьля расколу апазыцыі, якая адыйшла на другі плян, галоўную ролю ў супрацьстаяньні сталі адыграваць радыкальныя ісламісцкія тэрарыстычныя групоўкі, такія як «Фронт ан-Нусра» (аддзел Аль-Каіды) ды «Ісламская дзяржава» (ІД).

З прычыны імклівага наступу Ісламскай дзяржавы і ейны захоп значнай тэрыторыі Сырыі ды Іраку ўлета 2014 року Злучаныя Штаты зь іхнымі хаўрусьнікамі ў верасьні таго ж року распачынаюць вайсковую апэрацыю супраць тэрарыстаў. 30 верасьня 2015 року Расея таксама распачала бамбоўкі Сырыі пасьля афіцыйнага дазволу прэзыдэнта Башара Асада.

Асноўныя ўдзельнікі вайны атрымоўваюць вайсковую дапамогу ад іншых краінаў. Рэжым Асада падтрымлівае Расея ды Іран, а сырыйская апазыцыя атрымлівае дапамогу ў першую чаргу ад краінаў НАТО ды арабійскіх манархіяў Пэрсыдзкага заліву.

Злачынствы супраць чалавечнасьці

рэдагаваць

Паводле зьвестак ААН, падчас канфлікту загінула больш за 220 тысячаў чалавек. Нанесены вельмі сур’ёзныя страты эканоміцы ды інфраструктуры краіны. Міратворцы рэгулярна рэгіструюць абстрэлы населеных пунктаў, масавыя забойствы мірнага насельніцтва й шматлікія вайсковыя злачынствы супраць чалавечнасьці. На падкантрольных Ісламскаю Дзяржаваю тэрэторыях чынны законы шарыяту, дазволена законам рабаўладаньне, уціскаюць рэлігійныя меншасьці, зьнішчаюцца аб’екты культурнае спадчыны.

У сакавіку 2014 году Ўправа вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў абнародавала даклад, павоодле якога праз грамадзянскую вайну ў Сырыі яе грамадзяне падалі 56 400 заявак на атрыманьне прытулку ў 44-х разьвітых краінах. У выніку сырыйцы занялі 1-е месце ў сьвеце паводле ліку такіх заявак[7].