Сымон Балівар

вэнэсуэльскі вайсковы і палітычны дзяяч

Сымо́н Балі́вар (поўнае імя — Сымон Хасэ Антоніё дэ ля Сантысіма Трынідад Балівар-і-Понсэ-і-Палясіёс-і-Блянка, па-гішпанску: Simón José Antonio de la Santísima Trinidad Bolívar y Ponce y Palacios y Blanco; 24 ліпеня 1783, Каракас — 17 сьнежня 1830, Санта-Марта, Калюмбія) — змагар за незалежнасьць Лацінскае Амэрыкі ад Гішпаніі. Найбольш уплывовы й вядомы з кіраўнікоў вайны за незалежнасьць гішпанскіх калёніяў у Амэрыцы. Нацыянальны герой Вэнэсуэлы, у 1813 годзе Нацыянальным кангрэсам Вэнэсуэлы быў абвешчаны Вызваленцам. Акрамя таго, вызваліў Новую Гранаду (сучасная Калюмбія й Панама), правінцыю Кіта (сучасны Эквадор) і Пэру. У 1819—1830 гадох прэзыдэнт Вялікай Калюмбіі, створанай на тэрыторыі вызваленых ад гішпанскай улады. У 1825 годзе стаў на чале Рэспублікі Балівія, якая была названая ў ягоны гонар.

Сымон Балівар
па-гішпанску: Simón José Antonio de la Santísima Trinidad Bolívar Palacios
1-ы Прэзыдэнт Вялікай Калюмбіі
верасень 1821 — 4 траўня 1830
Папярэднік: няма
Наступнік: Хаакін дэ Маскера
6-ы Прэзыдэнт Пэру
17 лютага 1824 — 28 студзеня 1827
Папярэднік: Хасэ Бэрнарда дэ Талье
Наступнік: Мануэль Салясар-і-Бакіхана
1-ы Прэзыдэнт Балівіі
11 жніўня 1825 — 29 сьнежня 1825
Папярэднік: няма
Наступнік: Антоніё Хасэ дэ Сукрэ
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 24 ліпеня 1783
Каракас
Памёр: 17 сьнежня 1830
Санта-Марта, Калюмбія
Сужэнец: Мануэла Саэнс
Дзеці: няма
Бацька: Хуан Вісэнтэ Балівар-і-Понтэ[d]
Маці: Марыя дэ ля Кансэпсьён Палясыяс-і-Блянка[d]
Узнагароды:

Біяграфія

рэдагаваць

Раньнія гады

рэдагаваць

Сымон нарадзіўся 24 ліпеня 1783 году ў шляхетнай крэольскай сям’і Хуана Вінцэнта Балівара, які быў басконскага паходжаньня. Род Балівараў паходзіў зь мястэчка Ля-Пуэблё-дэ-Балівар у Біскаі, у Гішпаніі, які знаходзіўся тады ў акрузе Маркіна, а з пачаткам каляніяльнага жыцьця сям’я прыняла найактыўны ўдзел у жыцьці Вэнэсуэлы. Хлопчык рана пазбавіўся бацькоў. На выхаваньне й фармаваньне сьветапогляду Балівара вялікі ўплыў зрабіў ягоны настаўнік і старэйшы сябар, бачны асьветнік Сымон Радрыгес. Юнацтва Балівар правёў у Эўропе, вандраваўшы ў 1799—1806 гадох у Гішпаніі, Францыі, Італіі), дзе рана ажаніўся, але неўзабаве аўдавеў. 15 жніўня 1805 году на ўзгорку Монтэ-Сакра ў Рыме, у прысутнасьці Радрыгеса, ён пакляўся змагацца за вызваленьне Паўднёвай Амэрыкі ад каляніяльнага прыгнёту.

Вэнэсуэльская рэспубліка

рэдагаваць

Сымон Балівар прыняў актыўны ўдзел у зьвяржэньні гішпанскага панаваньня ў Вэнэсуэле ў красавіку 1810 году й абвяшчэньні яе незалежнай рэспублікай у 1811 годзе. Пасьля разгрому апошняй гішпанскім войскам, у 1812 годзе абгрунтаваўся ў Новай Гранадзе, дзе напісаў «Маніфэст з Картахены», а ў пачатку 1813 году вярнуўся на радзіму. У жніўні 1813 году ягоныя войскі занялі Каракас; была створана 2-я Вэнэсуэльская рэспубліка на чале з Баліварам. Аднак, ня вырашыўшыся правесьці рэформы накіраваныя на інтарэсы народных нізоў, ён ня здолеў заручыцца іхняй падтрымкай і ў 1814 годзе атрымаў паразу. Вымушаны шукаць прытулак на Ямайцы, у верасьні 1815 году апублікаваў там адкрыты ліст, дзе выказваў упэўненасьць у хуткім вызваленьні гішпанскай Амэрыкі.

Стварэньне Калюмбіі

рэдагаваць

Усьвядоміўшы нарэшце неабходнасьць вызваленьня рабоў і вырашэньня іншых сацыяльных праблемаў, Балівар пераканаў прэзыдэнта Гаіці Пэтыёна на аказаньне паўстанцам ваеннай дапамогі й у сьнежні 1816 году высадзіўся на ўзьбярэжжы Вэнэсуэлы. Скасаваньне рабства ў 1816 годзе й выдадзены ў 1817 годзе дэкрэт аб надзяленьні жаўнераў вызваленчай арміі зямлёй дазволілі яму пашырыць сацыяльную базу. Усьлед за пасьпяховымі дзеяньнямі ў Вэнэсуэле ягоныя войскі ў 1819 годзе вызвалілі Новую Гранаду. У сьнежні 1819 году ён быў абраны прэзыдэнтам абвешчанай Нацыянальным кангрэсам у Ангастуры (зараз Сьюдад-Балівар) рэспублікі Калюмбіі, куды ўвайшлі Вэнэсуэла й Новая Гранада. У 1822 годзе калюмбійцы выгналі гішпанскія войскі з правінцыі Кіта (зараз Эквадор), якая далучылася да Вялікай Калюмбіі.

Распад калюмбійскай фэдэрацыі

рэдагаваць

Імкнучыся да аб’яднаньня гішпанамоўных-амэрыканскіх дзяржаваў, Балівар склікаў у Панаме кангрэс іхных прадстаўнікоў у 1826 годзе, але не дамогся посьпеху. Па сканчэньні вызваленчай вайны ў процівагу ягонай цэнтраліскай палітыцы ў рэгіёне ўзмацніліся сэпаратыскія тэндэнцыі. У выніку выступленьняў Балівар пазбавіўся ўлады ў Пэру й Балівіі ў 1827—1830 гадох. У пачатку 1830 году ён сышоў у адстаўку й неўзабаве памёр блізу калюмбійскага гораду Санта-Марта 17 сьнежня 1830 году. Перад сьмерцю Балівар адмовіўся ад сваіх зямель, дамоў і нават дзяржаўнай пэнсіі й цэлыя дні праводзіў, сузіраючы з акна жывапісныя пэйзажы мясцовых «сьнежных гор» — Сьера-Нэвады[1].

17 сьнежня 1830 году ва ўзросьце сарака сямі гадоў, Сымон Балівар памёр пасьля хваробы на сухоты ў Кінта-дэ-Сан-Пэдра-Алехандрына ў горадзе Санта-Марта, які сёньня месьціцца ў Калюмбіі. Перад сьмерцю, Балівар папрасіў свайго ад’ютанта генэрала Даніеля Флярэнсіё О’Ліры спаліць ягоны захавалы архіў твораў, лістоў і прамоваў. Аднак О’Ліры ня зьдзейсьніў апошняе пажаданьне Сымона й захаваў гэтыя працы, забясьпечваючы гісторыкаў велізарнай колькасьцю інфармацыі пра лібэральную філязофію Балівара, ягоныя думкі, а таксама падрабязнасьці ягонага асабістага жыцьця, як то ягоны доўгі раман з Мануэлай Саэнс. Незадоўга да сваёй сьмерці ў 1856 годзе Саэнс дапоўніла гэтую калекцыю, дадаўшы ў архіў сваі лісты ад Балівара[2].

Спадчына

рэдагаваць
 
Помнік Балівару ў Каракасе

У Лацінскай Амэрыцы імя Балівара вельмі папулярнае. Яно сустракаецца ў назвах дзяржавы Балівія, правінцыяў, гарадоў, вуліцаў, грашовых адзінак (балівіянаБалівія, баліварВэнэсуэла). Сымону Балівару прысьвечаны біяграфічныя нарысы, мастацкія творы, гістарычныя працы, а таксама шматлікія помнікі. Наймацнейшы футбольны клюб Балівіі носіць назву «Балівар». З 1822 году вернай сяброўкай і спадарожніцай жыцьця Балівара, нягледзячы на ўсе мэтамарфозы ягонага лёсу, была ўраджэнка гораду Кіта крэолка Мануела Саенс. Паводле неафіцыйных дадзеных, Сымон Балівар перамог у 472 бітвах.

Балівар зьяўляецца галоўным героем ў рамане калюмбійскага пісьменьніка Габрыеля Гарсіі Маркеса «Генэрал у сваім лабірынце», дзе падзеі разьвіваюцца ў апошні год жыцьця генэрала. Біяграфіі Балівара напісалі Эміль Людвіг і ўкраінскі клясык Іван Франка.

Балівар у масонцтве

рэдагаваць

Вядома, што пасьвячэньне ў масонства Балівар прайшоў у Гішпаніі, у Кадысе. З 1807 году ён быў чальцом Шатляндзкага Статута. У 1824 годзе ў Пэру заснаваў ложу «Парадак і Свабода» № 2[3].

  1. ^ «Хронікі Харона. Энцыкляпэдыя сьмерці», Слоўнік абраных сьмерцяў. Новасыбірск ISBN 978-5-379-00562-7
  2. ^ Bolívar, Simón (1983). Hope of the universe (print ed.). Paris: UNESCO.
  3. ^ Simon Bolivar. Free Masonry

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць