Старажытнаіндыйская мова

Старажы́тнаінды́йская мова (старажы́тнаінды́йскія мовы) — мова старажытных арыяў, узьніклых у Паўночна-Заходняй Індыі ў сярэдзіне ІІ тыс. да н.э., якая пасьля гэтага распаўсюдзілася па паўночных і цэнтральных рэгіёнах паўвостраву Індастан. Адна з раньніх прадстаўніцаў індаэўрапейскіх моваў, знаходзілася ў блізкай роднасьці са старажытнаіранскімі мовамі (авэстыйскай і старажытнапэрсыдзкай), складаючы зь імі індаіранскую моўную супольнасьць.

Лічыцца, што старажытнаіндыйская мова стала першым сьведчаньнем вылучэньня індаарыйскае групы моваў з індаіранскае галіны індаэўрапейскае сям’і моваў. Пазьней разьвілася ў сярэднеіндыйскія мовы, якія, у сваю чаргу, пазьней эвалюцыянавалі ў новаіндыйскія мовы (напрыклад, гіндзі, нэпальская, бэнгальская і г.д.).

Гісторыя

рэдагаваць

Старажытнаіндыйская мова прадстаўленая дзьвюма літаратурнымі формамі, адрознымі паводле свайго часу ўзьнікненьня, што спрычыняецца да шэрагу разыходжаньняў між імі, а менавіта вэдыйскай мовай (найперш вядомая як мова Рыгвэды) і санскрытам (узьнікнуў у V ст. да н.э. у выніку спробы нармалізацыі позьняе вэдыйскае мовы). У сваю чаргу, кожны з гэтых этапаў разьвіцьця меў уласныя формы ў залежнасьці ад храналягічнае стадыі разьвіцьця.

Аб моўнай раздробленасьці ў старажытнаіндыйскі пэрыяд невядома практычна нічога. Вядома, што вэдыйская мова склалася на аснове дыялектаў гістарычнага рэгіёну Панджаб (усход сучаснага Пакістану ды паўночны захад сучаснай Індыі), а кадыфікацыя санскрыту адбывалася ўжо ў цэнтральнай Індыі, у даліне Гангу. Існыя, верагодна, на той час іншыя старажытнаіндыйскія дыялекты або мовы былі хутчэй за ўсё выцесьненыя другасным пашырэньнем цэнтральных сярэднеіндыйскіх дыялектаў з прычыны таго, што паводле зьвестак лексыкастатыстыкі ўсе кантынэнтальныя індаарыйскія мовы падзяліліся на рубяжы эраў. Адзіным выняткам зьяўляецца сынгальская мова (а таксама ўтвораная на ейным грунце мальдыўская), продак якой аддзяліўся ад цэнтральных дыялектаў на пяць стагодзьдзяў раней.

Пэрыяд міграцыі арыяў да ўварваньня ў Індыю адлюстраваўся ў шэрагу старажытнаіндыйскіх уласных назваў, у тэонімах, у некаторых конегадоўчых тэрмінах у мовах старажытных народаў Малой і Пярэдняй Азіі. Акрамя вэдыйскае мовы й санскрыту існавалі й іншыя старажытнаіндыйскія дыялекты, не адлюстраваныя ў тэкстах. Пра іх можна меркаваць дзякуючы тым сярэднеіндыйскім мовам, што зафіксаваныя ў тэксьце, але паходзілі ад незафіксаваных старажытнаіндыйскіх дыялектаў.

Каля IV ст. да н.э. старажытнаіндыйскія дыялекты (мовы) разьвіваюцца ў сярэднеіндыйскія мовы, што, у прыватнасьці, спрычынілася да патрэбы кадыфікацыі санскрыту. Таксама сярэднеіндыйскія мовы ў гістарычным дачыненьні будуць прадстаўленыя, напрыклад, пракрытамі і значна пазьней атрымаюць разьвіцьцё ў выглядзе новаіндыйскіх моваў — сучасных моваў індаарыйскае групы. Размоўныя старажытнаіндыйскія дыялекты атрымліваюць сярэднеіндыйскія рысы ўжо ў пэрыяд позьняй вэдыйскай мовы, таму г.зв. пракрытызмы сустракаюцца ўжо ў ёй.

Старажытнаіндыйскія мовы маюць два незалежныя працягі: жывыя сярэднеіндыйскія мовы, пакладзеныя ў аснову пракрытаў, палі і да т.п., і санскрыт, у якім агулам адбылося ўпарадкаваньне й кансэрвацыя стану старажытнаіндыйскага пэрыяду. З гістарычнага або тыпалягічнага пункту гледжаньняў санскрыт не зьяўляўся строга папярэднім сярэднеіндыйскім мовам, а суіснаваў зь імі праз шырокія гістарычныя й культурныя функцыі санскрыту ў тагачаснай Паўднёвай Азіі, пры гэтым ішло ягонае паралельнае разьвіцьцё (параўнальна медлена, галоўным чынам лексычна). Гэты пэрыяд выкарыстаньня санскрыту можна параўнаць з шырокім выкарыстаньнем лаціны да Рэфармацыі або ўжываньнем царкоўнаславянскае мовы ў шэрагу краінаў Усходняй Эўропы і г.д.

Наогул, для індаарыйскіх моваў усіх трох пэрыядаў (старажытны, сярэдні, новы) прынцыповым зьяўляецца існаваньне трох узроўняў моваў:

  • Жывое размоўнае маўленьне — уласьцівае для ўсіх трох пэрыядаў, але толькі для новаіндыйскіх моваў можа быць адэкватна дасьледаванае; размоўнае маўленьне папярэдніх пэрыядаў можа быць толькі часткова адноўленае паводле зьвестак літаратурных моваў і рэдкіх надпісаў. Менавіта паводле зьменаў у гэтым узроўні індаарыйскіх моваў часьцей за ўсё вызначаецца мяжа таго ці іншага пэрыяду;
  • Звычайныя літаратурныя мовы — наддыялектныя літаратурныя або паэтычныя мовы (за выключэньнем санскрыту), у той ці іншай ступені ўяўляюць сабою апрацаванае размоўнае маўленьне, на якое яны працягваюць арыентавацца ды абапірацца. Увогуле сьледуюць храналягічным рамкам, зададзеным размоўным маўленьнем, але зь некаторым спазьненьнем ці інэрцыяй, што існуе ва ўсіх літаратурных мовах. Гэтым тлумачыцца існаваньне пракрытызмаў ужо ў вэдыйскай мове — на народным узроўні адбыліся значныя тыпалягічныя зьмены, якія, аднак, яшчэ не пасьпелі ўкараніцца ў літаратурнай мове (дадзеную акалічнасьць у некаторай ступені можна параўнаць з паступовым збліжэньнем пісьмовае старабеларускае мовы зь яе рэальным фаналягічным абліччам, якое стала найбольшым толькі ў XVIII ст.).
  • Санскрыт — «звышапрацаваная» літаратурная мова, у якой многія правілы даведзеныя да лягічнае дасканаласьці. Структурна прадстаўляе сабою старажытнаіндыйскую мову, якая ўзьнікла ў сярэднеіндыйскі пэрыяд, але збольшага пазахраналягічная (гл. вышэй).

Тыпалягічная характарыстыка

рэдагаваць

Кантакты з пракрытамі спрычыніліся, з аднаго боку, да ўзьнікненьня шматлікіх пракрытызмаў (у позьняй вэдыйскай і асабліва ў санскрыце), зь іншага — да стварэньня гібрыдных варыянтаў на базе пракрыцкіх дыялектаў, якія зазналі моцны ўплыў будыйскага й джайнскага санскрытаў. У сваю чаргу, такую форму маўленьня як будыйскі санскрыт ня варта зьмешваць са звычайным санскрытам: тэрмінам будыйскі санскрыт акрэсьліваецца тыпалягічна адна зь сярэднеіндыйскіх моваў, якой карысталіся будыйскія манахі і якія імкнуліся спалучыць яе з пэўнымі традыцыямі санскрыту.

Распаўсюджваючыся па Індыі, старажытнаіндыйская мова засвоіла шэраг асаблівасьцяў з моваў даіндаэўрапейскага насельніцтва рэгіёну (гл. давэдыйскі субстрат).

Блізкай да старажытнаіндыйскай лічыцца мова мітанійскіх арыяў, адлюстраваны ў шэрагу ўласных імёнаў, тэонімаў (імёнаў божышчаў), конегадоўчых тэрмінаў у мовах старажытных народаў тагачаснае Мэсапатаміі, перадусім гурыцкай (якая пры гэтым не належала да індаэўрапейскіх наогул). Індаарыйскі характар мовы мітанійскіх арыяў таксама засьведчаны дзякуючы такім істотным пластам лексыкі, як, напрыклад, парадкавыя лічэбнікі.

Наогул у фанэтычным і фаналягічным дачыненьнях для старажытнаіндыйскіх дыялектаў былі ўласьцівыя наяўнасьць клясаў змычных шумных прыдыхальных і цэрэбральных фанэмаў, фаналягічнае супрацьпастаўленьне простых галосных паводле даўжыні—кароткасьці; існаваньне зычных зыходаў словаў побач з галоснымі, шматлікіх спалучэньняў зычных (асабліва складаных) у сярэдзіне слова. У аснове марфалёгіі былі пакладзеныя сыстэма якасных чаргаваньняў галосных у корані й суфіксе, а таксама разьвіты сынтэтычны лад: граматычныя значэньні перадаваліся спалучэньнем шматлікіх тыпаў асноваў назоўнікаў, прыметнікаў і дзеясловаў з той ці іншай сэрыяй канчаткаў. Назоўнік і прыметнік зьмяняліся паводле васьмі склонаў, трох лікаў; дзеяслоў — паводле трох асобаў і лікаў, шасьці-сямі часоў, 4-6 ладоў і трох станаў, парадыгма дзеяслову прадстаўленая многімі дзясяткамі асабовых флектыўных формаў. У словаўтварэньні былі прадукцыйнымі прэфіксацыя і суфіксацыя, прычым шэраг суфіксаў патрабавалі пэўнай ступені чаргаваньня каранёвага галоснага; увогуле марфалягічная структура слова зьяўлялася даволі прадказальнай. Сынтаксіс зьяўляўся галоўным чынам вольным, пры гэтым, як правіла, дзеяслоўны выказьнік меў канцавую пазыцыю, азначэньне — прэпазыцыйную.

Літаратура

рэдагаваць