Але́сь Міхале́віч (Аляксе́й Анато́льевіч Міхалевіч; нарадзіўся 15 траўня 1975 году, Менск) — беларускі грамадзкі й палітычны дзяяч.

Алесь Міхалевіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 15 траўня 1975 (48 гадоў)
Менск, Беларуская ССР, СССР
Партыя:
Сужэнец: Разьведзены
Дзеці: Дочкі: Леся (нар. 2000), Алёна (2009)
Бацька: Анатоль Міхалевіч
Адукацыя: Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1997)
Узнагароды:

Біяграфія рэдагаваць

Нарадзіўся ў Менску ў сям’і навуковых супрацоўнікаў Беларускай Акадэміі навук. Вучыўся ў матэматычнай школе №19 г. Менску, Беларускім гуманітарным ліцэі. Выпускнік юрыдычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці «палітоляг-юрыст». Падчас вучобы ва ўнівэрсытэце ўзначальваў Задзіночаньне беларускіх студэнтаў — грамадзкую арганізацыю, якая абараняе правы навучэнцаў беларускіх ВНУ. Стажыраваўся ў Варшаўскім і Оксфардзкім унівэрсытэтах. У 1997 годзе, па сканчэньні ўнівэрсытэту, стварыў ды ачоліў арганізацыю, якая займалася моладзевымі абменамі й турызмам і дзякуючы якой больш за 2000 маладзёнаў здолелі наведаць краіны Заходняй і Цэнтральнай Эўропы.

Ад 2000 году працаваў намесьнікам дырэктара, генэральным дырэктарам СП «Аркадыя», якое спэцыялізавалася на турыстычным бізнэсе. У сувязі з удзелам кіраўніка прадпрыемства ў парлямэнцкіх выбарах 2004 году сама кампанія сталася аб’ектам шматлікіх праверак і інспэкцыяў. Сёмая праверка прывяла Алеся Міхалевіча да рашэньня пакінуць пост генэральнага дырэктара СП «Аркадыя».

Ад 2005 году — антыкрызісны мэнэджар, акрэдытаваны Міністэрствам эканомікі РБ. У 2007—2008 гг. — юрысконсульт Асацыяцыі інвалідаў вайны ў Аўганістане. З 2008 году — юрыст Беларускага незалежнага прафсаюзу.

Палітычная дзейнасьць рэдагаваць

Пасьля вылучэньня на пост старшыні партыі БНФ у 2008 годзе і прапановы праграмы па яе рэфармаваньні выключаны з арганізацыі за публічную крытыку кіраўніцтва[1].

Ад 2003 па 2007 гг. — дэпутат Пухавіцкага раённага савету Менскай вобласьці, каардынатар Асамблеі дэпутатаў мясцовых саветаў. У той жа час — выдавец газэты «Рэгіён» (Мар’іна Горка), ініцыятар шэрагу рашэньняў па пашырэньні паўнамоцтваў органаў мясцовага самакіраваньня.

Прэзыдэнцкія выбары 2010 году рэдагаваць

27 студзеня 2010 году публічна абвясьціў аб пачатку сваёй кампаніі па вылучэньні на пост прэзыдэнта Беларусі ў якасьці незалежнага кандыдата.

27 траўня 2010 году прадставіў тэзісы сваёй перадвыбарнай праграмы «Беларусь: стратэгія эвалюцыі». Праграма складаецца з трох істотных разьдзелаў: эканамічны рост, эфэктыўная дзяржава і актыўнае грамадзтва[2].

24 жніўня 2010 году ўзначаліў аб’яднаньне «За мадэрнізацыю»[3].

27 верасьня 2010 году Цэнтральнай Выбарчай Камісіяй РБ зарэгістраваная ініцыятыўная група па вылучэньні Міхалевіча ў прэзыдэнты. Колькасьць ініцыятыўнай групы палітыка склала 1795 чалавек[4]. 25 кастрычніка ініцыятыўная група пераадолела мяжу ў 100 000 подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты[5]. Выніковая колькасьць сабраных подпісаў склала 120 531, зь якіх ЦВК прыняў 111 399[6]. Паводле афіцыйных вынікаў на выбарах 2010 году набраў 1,02% галасоў[7].

Раніцай 20 сьнежня 2010 году арыштаваны па абвінавачаньні ў масавых беспарадках 19 сьнежня[8]. Паводле словаў палітыка, адразу пасьля арышту ад яго запатрабавалі, каб ён выступіў па БТ з тэкстам, які асуждаў іншых кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта[9]. 11 студзеня 2011 году Amnesty International прызнала Міхалевіча вязнем сумленьня[10]. Да 19 лютага 2011 году знаходзіўся ў турме сьледчага ізалятара КДБ і некаторы час у СІЗА на вул. Валадарскага[8], зь якіх быў адпушчаны на падпіску пра нявыезд і неразгалошваньне таямніцы сьледзтва.

  Вонкавыя відэафайлы
  Відэа-інтэрвію Алеся Міхалевіча газэце «Наша Ніва» пра катаваньні ў ізалятары КДБ РБ

Праз тыдзень пасьля выхаду былы кандыдат у прэзыдэнты зрабіў гучную заяву пра катаваньні, якія ажыцьцяўляюцца над вязьнямі ізалятара Камітэта дзяржаўнай бясьпекі, апісваючы некаторыя зь іх у зладжанай з гэтай нагоды прэс-канфэрэнцыі[9]. Алесь Міхалевіч заявіў, што быў адпушчаны толькі пасьля таго, як была дадзена падпіска пра супрацоўніцтва з КДБ[11]. Пасьля агучанай заявы Алесь Міхалевіч падаў заяву пра катаваньні ў КДБ у Генэральную пракуратуру Беларусі і ўпаўнаважанаму ААН па катаваньнях[9].

28 лютага 2011 у адказ на заяву былога кандыдата ў прэзыдэнты начальнік Цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Аляксандар Антановіч заявіў, што заява экс-кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Алеся Міхалевіча аб прымяненьні катаваньняў у СІЗА КДБ не адпавядае рэчаіснасьці і гэтым выказваньням нельга верыць[12]:

Па-першае, гэта не адпавядае рэчаіснасьці. Па-другое, таму, што, мякка кажучы, вывальваецца ў інтэрнэце, верыць нельга.

Шанаваньні Алесю Міхалевічу выказалі жонка прэзыдэнта Польшчы Ганна Камароўская[13] і міністар замежных справаў Чэхіі Карал Шварцэнбэрг, які патэлефанаваў былому кандыдату 28 лютага 2011 у другой палове і спытаў пра магчымыя шляхі дапамогі Эўрапейскага Зьвяза, які той можа аказаць вязьням у дадзенай сытуацыі[14].

Асабістае рэдагаваць

Алесь Міхалевіч зь юнацтва захапляецца рок-музыкай («The Beatles», «The Doors», «Deep Purple», «ДДТ», «N.R.M.», «Крама», «Нейра Дзюбель») і гістарычнай літаратурай. Гуляе ў сквош і настольны тэніс. Акрамя родных беларускай і расейскай таксама вольна валодае польскай і ангельскай мовамі, вывучае нямецкую.

Радавы запасу УС РБ (не праходзіў тэрміновую службу з прычыны блізарукасьці сярэдняй ступені).

Быў жанаты на настаўніцы ангельскай мовы Мілане (з 26 жніўня 1999 да 4 лістапада 2022[15]). Бацька дзьвюх дачок: Леся, 2000 году народжаньня, і Алёна, 2009 году народжаньня.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Анастасія Зелянкова. Алесь Міхалевіч: «Супраць мяне ў Партыі БНФ ужываюцца правераныя камуністычныя мэтады» // Салідарнасьць : газэта. — 13 траўня 2008. — № 61. — С. 6-7.
  2. ^ Сяргей Каралевіч. Алесь Міхалевіч прадставіў тэзісы сваёй перадвыбарнай праграмы // БелаПАН, 27 траўня 2010 г. Праверана 11 сакавіка 2014 г.
  3. ^ Сяргей Пульша. Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Алесь Міхалевіч узначаліў саюз «За мадэрнізацыю» // БелаПАН, 24 жніўня 2010 г. Праверана 11 сакавіка 2014 г.
  4. ^ Список членов инициативной группы граждан по выдвижению Михалевича Алексея Анатольевича кандидатом в Президенты Республики Беларусь
  5. ^ Алесь Михалевич собрал 100 тысяч подписей (рас.). TUT.BY (25 кастрычніка 2010). Праверана 1 сакавіка 2011 г.
  6. ^ Сяргей Каралевіч. Кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі зарэгістраваныя 10 чалавек // БелаПАН, 18 лістапада 2010 г. Праверана 11 сакавіка 2014 г.
  7. ^ Предварительные сведения о результатах голосования по выборам Президента Республики Беларусь ЦВК РБ
  8. ^ а б Валер Каліноўскі. Алесь Міхалевіч разарваў дамову пра супрацоўніцтва з КДБ // Радыё «Свабода», 28 лютага 2011 г. Праверана 11 сакавіка 2014 г.
  9. ^ а б в Валер Каліноўскі. Міхалевіч: «Я зраблю ўсё, каб зьнік канцлягер у цэнтры Менску» // Радыё «Свабода», 28 лютага 2011 г. Праверана 11 сакавіка 2014 г.
  10. ^ БЕЛАРУСЬ ПРИЗЫВАЮТ ОСВОБОДИТЬ УЗНИКОВ СОВЕСТИ, ЗАДЕРЖАННЫХ В СВЯЗИ С ПРОТЕСТАМИ ПОСЛЕ ВЫБОРОВ (рас.). Amnesty International (2011-01-11). Праверана 2021-03-08 г. Архіўная копія ад 2012-01-08 г.
  11. ^ Алесь Пілецкі. Міхалевіч: Мяне катавалі ў турме КДБ // Наша Ніва : газэта. — 2 сакавіка 2011. — № 9 (703). — С. 8. — ISSN 1819-1614.
  12. ^ КДБ заклікае ня верыць Міхалевічу // Радыё «Свабода», 28 лютага 2011 г. Праверана 11 сакавіка 2014 г.
  13. ^ Мікола Бугай. Жонка прэзыдэнта Польшчы затэлефанавала Мілане Міхалевіч: Перакажыце мужу шанаваньне // Наша Ніва : газэта. — 2 сакавіка 2011. — № 9 (703). — С. 8. — ISSN 1819-1614.
  14. ^ Мікола Бугай. Міхалевічу затэлефанаваў міністар замежных справаў Чэхіі // Наша Ніва : газэта. — 2 сакавіка 2011. — № 9 (703). — С. 9. — ISSN 1819-1614.
  15. ^ Пэрсанальны блёг Алеся Міхалевіча: "Развод :("

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць