Смотрыцкі каньён (Каньён ракі Смотрыч) — геалягічны помнік прыроды агульнадзяржаўнага значэньня. Разьмешчаны ў межах Камянец-Падольскага раёну Хмяльніцкай вобласьці Ўкраіны.

Каньён паміж Старым горадам і астатняй часткай Камянца-Падольскага (выгляд з маста)

Смотрыцкі каньён — гэта глыбокая вузкая даліна ракі Смотрыч са стромкімі схіламі, якія дасягаюць вышыні 50 м, і ўнікальнымі выхадамі на дзённую паверхню сылюрскіх вапнякоў. Утвораны плыньню ракі скрозь тоўшчу Тоўтраў (рэшткі старажытных каралавых рыфаў у выглядзе пагоркаў, што востра выступаюць). У межах каньёна ёсьць пастаянныя і сэзонныя вадаспады.

Празь цясьніну перакінута колькі мастоў, у тым ліку мост «Стромкая лань», які, акрамя прамога прызначэньня — злучэньне берагоў для перасячэньня абрыву, выкарыстоўваецца таксама для экстрэмальных скокаў з маста.

Прыродаахоўныя тэрыторыі рэдагаваць

Нацыянальны парк рэдагаваць

Нацыянальны прыродны парк «Падольскія Тоўтры», створаны Ўказам Прэзыдэнта Ўкраіны № 476 \ 96 ад 27 чэрвеня 1996 году, уключае ў свой склад Смотрыцкі каньён, як адзін з 129 аб’ектаў прыродазапаведнага фонду на тэрыторыі Хмяльніцкай вобласьці. помнік прыроды

Скальныя выхады вэнду-сылюру — стратыграфічны, палеанталягічны, геамарфалягічны помнік прыроды. Узаконена пастановай Савета Міністраў УССР № 139 ад 21 сакавіка 1984. Агульная плошча геалягічнага помніка прыроды агульнадзяржаўнага значэньня «Смотрыцкі каньён» складае 80,0 га. Разьмешчаны ў Камянец-Падольскім раёне, бярэ пачатак у сяла Галаскоў, праходзіць па тэрыторыі гораду Камянец-Падольскі i закончваецца ў сяле Цыбулеўка.

Водна-балотныя угодзьдзі рэдагаваць

Смотрыцкі каньён — водна-балотныя ўгодзьдзі міжнароднага значэньня, ахоўваюцца згодна з Рамсарскай канвэнцыяй, у адпаведнасьці з Законам Украіны ад 29 кастрычніцкай 1996 г № 437/96-ВР «Аб удзеле Ўкраіны ў Канвэнцыі аб водна-балотных угодзьдзях, якія маюць міжнароднае значэньне, галоўным чынам у якасьці месцапражываньня вадаплаўных птушак». Агульная плошча 1,480 га. Ўзровень вады — ад 121 м да 114 м над узроўнем мора.

Геалёгія ды геамарфалёгія рэдагаваць

У асобных месцах ад выветрываньня горных парод утварыліся астанцы і скальныя ўтварэньні. Карставыя масты — Райскія брамы (каля жылога масыву Жоўтневы), астанцы «Галава рымскага воіна» (каля турбазы «Падалянка») і «Сава» (паблізу вёскі Цыбулеўка).

Стратыграфія рэдагаваць

Падольскі разрэз вэнду ды ніжняга палеазою ў прывусьцевай вобласьці каньёна мае сусьветнае значэньне. Вэндзкая частка, пачынаючы з 70-х гадоў мінулага стагодзьдзя, характарызавалася як найбольш прадстаўлены разрэз нэапратэразою. Значэньне гэтага разрэзу захавалася й па сёньняшні дзень, хоць статус плянэтарнай сыстэмы набыў Эдыякарый Аўстраліі. Дзякуючы добраму агаленьню, паўнаце, простым умовам заляганьня, разнастайнасьці прысутных выкапняў жывёл і расьлінных рэшткаў, Падольскі разрэз гуляе ролю гіпастрататыпу вэндзкай сыстэмы, не губляючы пры гэтым свайго значэньня як інструмэнта міжрэгіянальных і глябальных стратыграфічных карэляцый.

Палеафаўны рэдагаваць

Каля гарадзкога масту, на скалах і агаленьнях, геоляг P. Вержыкоўскі ў 1926 годзе сабраў 111 відаў выкапнёвай фаўны (пераважна малюскаў), якія былі апісаныя ім у кнізе «Геалягічны даведнік па Заходнім Падоле». Тут сустракаюцца плечаногія (Brachiopoda), ругозы або чатырохпромневыя каралы (Rugosa †); скалекодонты, канадонты (Conodonta †), імшанкі (Bryozoa), каралы, марскія лілеі (Crinoidea) і іншыя прадстаўнікі выкапнёвай фаўны й флёры. Старажытнае цёплае сылюрскае мора пакрывала мясцовасьць 440 млн. гадоў таму, спрыяла разьвіцьцю разнастайнага арганічнага жыцьця.

Флёра рэдагаваць

Каньён мае важнае значэньне ў флярыстычных адносінах. Флёра цясьніны і яе схілаў налічвае больш за 350 відаў расьлінаў.

На стромкіх схілах захавалася нямала відаў надзвычай рэдкіх расьлінаў, занесеных у Чырвоную кнігу Ўкраіны. Каштоўным зь іх зьяўляецца трацічны рэліктавы эндэмік шывярэкія Падольская (Schivereckia podolica), якая ва Ўкраіне расьце толькі ў дзесяці месцах. Сустракаюцца тут касач вугорскі, сон вялікі, кавыль валасісты. Сярод іншых рэдкіх расьлінаў: наперстаўка буйнакветная, малачай валынскі, куравай манпелійскі, астра стэпавая, казялец ілірыйскі, кмен пясчаны, першацьвет веснавы, сьветнік веснавы і іншыя.

Сярод тыповых прадстаўнікоў тут сустракаюцца Падольскі й Малдаўскі чабор, палын Аўстрыйскі, цыбуля Падольская, горная цыбуля, расходнік, аўрынія скальная.

Фаўна рэдагаваць

Выяўлена 22 віды павукоў сям’і Linyphiidae. Зь іх два віды параўнальна рэдкія ва Ўкраіне, напрыклад, Pocadicnemis juncea.

На гэтым адрэзку ракі Смотрыч выяўлена 17 відаў рыб: плотка, пячкур, верхаводка, гарчак, карась сярэбраны, карп, акунь рачной. Рэдкімі відамі іхтыяфаўны зьяўляюцца лешч, марэна звычайная.

Выяўлена 10 відаў амфібій. Два зь іх належаць да атраду хвастатых. Распаўсюджаныя ў межах каньёну трытон звычайны й трытон грабеньчаты. Сярод бясхвостых: жаба шэрая, жаба сажалкавая, жаба травяная. Рэдкія: часночніца звычайная, рапуха зялёная ды квакша звычайная. У ручаях, якія ўпадаюць у Смотрыч, сустракаецца жарлянка чырвонабрухая.

Паўзуноў ўсяго 6 відаў: зялёная і порсткая яшчарка, вуж звычайны, вуж вадзяны. Гадзюка звычайная  — вельмі рэдкі від, яе бачылі ў Смотрыцкім каньёне толькі каля Жоўтневага мікрараёну.

Галерэя рэдагаваць